Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адрэагаваў на сьмерць першага кіраўніка незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча.
Ён напісаў у Twitter, што ў Вашынгтоне «з жалем» успрынялі гэтую вестку з Менска.
Шушкевіч «прывёў Беларусь да незалежнасьці», адзначае Блінкен.
«Нашы думкі з яго блізкімі і народам Беларусі, які працягвае барацьбу за дэмакратычную, квітнеючую і мірную краіну», — дадае дзяржсакрар ЗША.
Станіслаў Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня на 88-м годзе жыцьця. Разьвітаньне з ім пройдзе ўвечары ў пятніцу і днём у суботу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.
Шушкевіч у 1991-1994 гадах быў кіраўніком беларускага парламэнту. У снежні 1991-га ён падпісаў Белавескія пагадненні, якія пахавалі Савецкі Саюз і адкрылі шлях да незалежнасці былых савецкіх рэспублік.
Кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіцэ 4 траўня напісала:
«Засмучана сьмерцю Станіслава Шушкевіча, першага і пакуль адзінага кіраўніка незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Яго подпіс пад дэклярацыяй аб распадзе Савецкага Саюза будзе жыць у гісторыі, памяць аб ім — у нашых сэрцах. Спачуваньні сям’і #СвабоднаяБеларусь».
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч напісаў:
«Мае глыбокія спачуваньні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка дзяржавы Беларусь. Мы ў Латвіі шануем яго спадчынай стварэньня незалежнай Беларусі і разбурэньня імпэрыі зла — Савецкага Саюза».
Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў напісаў:
«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларусі, якую ён увёў на шлях незалежнасьці і дэмакратыі пасьля распаду СССР. З глыбокім сумам разьвітваюся з праведнікам, адданым свайму народу, сваёй Айчыне, справе свабоды, сябрам Польшчы і вольнага сьвету».