Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Той, хто даў свабоду. Міхаіл Гарбачоў на Свабодзе


У Маскве на 92-м годзе жыцьця памёр Міхаіл Гарбачоў — апошні генэральны сакратар ЦК КПСС і адзіны прэзыдэнт СССР.

Міхаіл Гарбачоў нарадзіўся ў 1931 годзе. Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у камсамольскіх і партыйных органах, зрабіўшыся адным з самых маладых першых сакратароў абкамаў у СССР. У 1985 годзе стаў генэральным сакратаром ЦК КПСС, у 1990 — прэзыдэнтам СССР. Падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта ў выніку падпісаньня Белавескіх пагадненьняў у сьнежні 1991 г.

Міхаіл Гарбачоў быў ініцыятарам пераменаў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назовам перабудовы.

Напачатку новаабраны генэральны сакратар ЦК КПСС меў намер толькі падкарэктаваць савецкую сыстэму, якая ў момант ягонага прыходу да ўлады вясной 1985-га вызначалася глыбокім эканамічным крызісам, абвостраным у выніку падзеньня коштаў на нафту. Ніякія асновы марксісцка-ленінскай ідэалёгіі і неабмежаванага панаваньня камуністычнай партыі закранаць не меркавалася.

Праўда, ужо пасьля сыходу з кіруючых пасадаў, Гарбачоў казаў, што меў на мэце правесьці дэмантаж усёй сыстэмы, але ягоныя выступы 1985-88 гг гэтага не пацьвярджаюць: практычна ўсе яны пачыналіся з клятваў у вернасьці «ідэям вялікага Леніна».

Тым ня менш, Гарбачоў крыху аслабіў ланцугі, якія былі на прэсе, даў магчымасьць крыху больш выказваць крытыку спачатку дзяржаўных, а потым і партыйных органаў.

Галоснасьці аказалася дастаткова, каб «працэс пайшоў» (фраза самога Гарбачова), і неўзабаве зьмены і ў палітыцы, і ў грамадзкім жыцьці, і ў эканоміцы выйшлі з-пад кантролю ініцыятара перабудовы.

У красавіку 1986 году адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі, які пакрыў радыяцыяй ня толькі тэрыторыі ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі, але і ў краінах Эўропы. Аднак Гарбачоў выступіў са зваротам да савецкага народа толькі 15 траўня — больш чым праз тры тыдні пасьля катастрофы.

Аднак калі і ў палітыцы ці эканоміцы Гарбачоў і ягоныя паплечнікі, хай і зь цяжкасьцямі, знаходзілі нейкія спосабы ўтрымліваць сытуацыю (варта прыгадаць і фінансавую дапамогу Захаду, удзячнага за спыненьне гонкі ўзбраеньняў), дык сфэра міжнацыянальных адносінаў апынулася абсалютна непадуладнай.

Савецкі Саюз, сабраны сілаў пры тыране Леніне — рассыпаўся пры гуманісьце Гарбачове, і ніякая пасланыя генэраламі дэсантнікі ў Тбілісі ці танкі ў Вільні ўратаваць імпэрыю ўжо не маглі.

У 1986 годзе Гарбачоў, атрымаўшы ліст беларускай інтэлігенцыі пра крытычны стан беларускай мовы, накіраваў у Менск адмысловую камісію. Кіраўніцтву ЦК КПБ давялося карэктаваць сваё стаўленьне да моўнай палітыкі.

Заява пра ўтварэньне Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне» у кастрычніку 1988 году пачыналася з узгадкі пра перабудову" распачатую лепшымі сіламі КПСС". Аналягічныя адсылкі рабіліся і ініцыятарамі Народных Франтоў тагачасных рэспублік Балтыі.

Міхаіл Гарбачоў прыязна ставіўся да Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, спрабаваў абараніць іх (няўдала) ад артадаксальнага камуністычнага кіраўніцтва БССР. Ён наведаў цырымонію разьвітаньня з Адамовічам у студзені 1994 году і даў вялікае інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода пра Васіля Быкава на 40-ы дзень сьмерці.

Апошнія гады жыцьця Гарбачоў правёў у тым самым доме, у які ўсяліўся пасьля свайго абраньня сакратаром ЦК КПСС у канцы 1970-х гадоў. Ён напісаў некалькі кніг успамінаў, якія шырока разышліся на Захадзе, але не набылі асаблівай папулярнасьці сярод расейскага народа, якому ён даў свабоду і які, у большасьці сваёй, не ацаніў ні яе ініцыятара, ні самой свабоды.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG