Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады БНР узнагародзіла мэдалём «Пагоні» беларусаў, якія загінулі падчас пратэстаў і ва Ўкраіне


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла са зваротам да Дня герояў, які традыцыйна адзначаецца ў гонар гадавіны Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

Поўны тэкст звароту публікуецца на фэйсбуку Рады БНР.

«Так доўга, як памятаю, мая сям’я і ўся нашая беларуская грамада, часткай якой мы былі ў краінах, куды нас загнаў лёс, з захапленьнем адзначалі ў лістападзе гераічны Слуцкі збройны чын, — піша Івонка Сурвіла. — Мы прыпаміналі тых адважных маладых людзей, якія пайшлі бараніць сваю нядаўна абвешчаную незалежную Беларускую Народную Рэспубліку ад нашага адвечнага ўсходняга ворага, пра якога наш нацыянальны герой, Кастусь Каліноўскі, паўстагодзьдзя раней ужо казаў, што наш край толькі тады зажыве шчасьліва, калі маскаля над ім ня будзе. Мы захапляліся адвагай і любоўю да свае зямелькі нашых герояў, але перадусім іхным пачуцьцём прыналежнасьці да свае Бацькаўшчыны. Яны ведалі, пасьля больш стагодзьдзя чужой залежнасьці, хтó яны. Яны разумелі, што значаць словы «Воля» і «Незалежнасьць».

Сурвіла прыгадвае, што давялося перажыць беларусам пасьля здушэньня Слуцкага чыну: «Яшчэ адно стагодзьдзе хлусьні і зьдзеку, здавалася, перамагло ідэалы 25 Сакавіка ў нашым народзе.

Уяўляю, як цяжка было гэта ўсё бачыць удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, якія яшчэ былі між жывымі. Я асабіста ведала двух слуцкіх змагароў, Лявона Рыдлеўскага і Алеся Змагара, якія да канца свайго жыцьця верылі ў лепшую будучыню свайго народу. Веру ў яе і я».

«Памятаючы запаветы гэтых сапраўдных герояў, — працягвае Старшыня Рады БНР, — хачу сёньня зьвярнуцца да тае часткі нашага народу, якая жыве ўсё яшчэ пад ботам чужакоў ды іх калябарантаў у зноў акупаванай нашай дзяржаве. Чым даўжэй мы будзем ігнараваць ідэалы нашых вольных дзядоў, тым цяжэй будзе нашай дзяржаве вярнуць сваё пачэснае месца між іншымі волялюбнымі нацыямі нашага кантынэнту».

Таксама Івонка Сурвіла абвясьціла пра заснаваньне новай узнагароды Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — мэдаля «Пагоні». «Гэтым мэдалём Рада БНР да складаньня сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларусьсю і беларускім народам», — патлумачыла старшыня Рады.

Ад імя Рады БНР Сурвіла абвесьціла пра першае ўзнагароджаньне мэдалём. Ім адзначаныя «героі, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі, — уласным жыцьцём»:

Беларускія актывісты і пратэстоўцы, якія загінулі ў сувязі зь беларускімі пратэстамі 2020–2021 гг.:

  • Вітольд Ашурак
  • Раман Бандарэнка
  • Мікіта Крыўцоў
  • Аляксандар Тарайкоўскі
  • Генадзь Шутаў
  • Канстанцін Шышмакоў

Беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне ў 2022 г.:

  • Зьміцер Апанасовіч
  • Аляксей Вешчавайлаў
  • Павал Волат
  • Васіль Грудовік
  • Канстанцін Дзюбайла
  • Іван Марчук
  • Васіль Парфянкоў
  • Зьміцер Рубашэўскі
  • Аляксей Скобля
  • Ільля Хрэнаў
  • Вадзім Шатроў

Беларускія добраахвотнікі і ваяры, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці і на вайне ва Ўкраіне з 2014 г.:

  • Міхаіл Жызьнеўскі
  • Мікалай Ільлін
  • Алесь Чаркашын
  • Віталь Ціліжэнка

«Наш абавязак — шанаваць памяць гэтых герояў і працягнуць іхную барацьбу», — заявіла Івонка Сурвіла.

  • Мэдаль «Пагоні» — ужо другая ўзнагарода Рады БНР. Папярэднім мэдалём у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі былі адзначаныя больш як сто чалавек як зь Беларусі, гэтак і з замежжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG