Пра ягоную сьмерць паведаміў у Фэйсбуку літаратар Сяргей Чыгрын.
Анатоль Валюк нарадзіўся на Зэльвеншчыне, вучыўся ў Бабруйскай мастацкай вучэльні і на філялягічным факультэце Гарадзенскага ўнівэрсытэту, працаваў на Ваўкавыскім заводзе ліцейнага абсталяваньня, у МПМК-66, настаўнічаў на Зэльвеншчыне і Сьвіслаччыне, быў журналістам Сьвіслацкай раённай газэты. Выбіраўся дэпутатам райсавету. А ў пачатку 2000-х праз сваю грамадзкую дзейнасьць страціў працу ў школе.
Тады Анатоль Валюк у бюлетэні «Свой лад» надрукаваў артыкул пра тое, як у Сьвіслачы ўлады паставілі бюст Сталіна, назва публікацыі «Нэкрафілія ці «рэстаўрацыя сталінізму». Адразу ў школу прыйшла праверка. Прадстаўніца райана запатрабавала, каб Валюк прыбраў са сьцяны чаканку з гербам «Пагоня». Ён адмовіўся. Яму сказалі: працаваць у школе ты больш ня будзеш.
Давялося працаваць на будоўлях Масквы.
У Сьвіслачы яны зь сябрамі штогод ушаноўвалі памяць паўстанцаў 1863 году, іх судзілі, давалі штрафы, ягоным паплечнікам у гэтых акцыях быў пазьнейшы палітвязень Вітольд Ашурак.
Анатоль Валюк выдаў толькі адзін зборнік вершаў і перакладаў «Музыка вятроў» (2008). Аднак друкаваўся ў розных выданьнях. У вершы «Інсургенты» паэт напісаў:
Не, мы не разьбіты, мы шаблі, пістолі,
Яшчэ не паклалі ў апошнім баі.
Заўжды нагатову стаяць нашы коні,
Хапае запалу ў гарачай крыві.