Людзі супраціву сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Cвабоды – 2022».
Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.
Папярэднія ляўрэаты:
- 2021 Палітвязьні і тыя, хто іх чакае
- 2020 Ніна Багінская, «чые сьцягі застануцца ў гісторыі Беларусі».
- 2019 «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу
- 2018 Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у беларускім войску.
- 2017 Беларусы, якія «ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю»
«У год расейскай вайны супраць Украіны, у якой на баку агрэсара дзейнічаюць улады Беларусі, у часе беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, мэдыя, любога іншадумства, у змрочную пару, калі за кратамі тысячы найлепшых сучасьнікаў — палітвязьняў, свабодная Беларусь не памерла, — кажа дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. — Барацьба Алеся Бяляцкага і ў яго асобе беларускіх праваабаронцаў адзначаная Нобэлеўскай прэміяй міру. Сваякі, блізкія, сябры палітвязьняў прыцягваюць увагу да катастрофы законнасьці, да турмаў і турэмнікаў, да лёсу вязьняў, рызыкуючы сваёй свабодай.
Беларускія добраахвотнікі са зброяй у руках адстойваюць свабоду Ўкраіны і супрацьстаяць хціваму агрэсару, аддаючы свае жыцьці за свабоду.
Беларускія партызаны перашкаджаюць мясцовым уладам і расейскаму войску выкарыстоўваць зямлю Беларусі для вайны.
Людзі ў Беларусі і за мяжой дапамагаюць адно аднаму выстаяць і захаваць чалавечую годнасьць.
„Людзі свабоды 2022 году“ — „Людзі супраціву“.
Пакуль працягваецца супраціў — Беларусь жыве».