Слынны беларускі літаратуразнаўца, перакладчык і спэцыяліст у культуры беларускага маўленьня Андрэй Каляда памёр 13 кастрычніка ў Менску. Сваякі вырашылі перавезьці ягоны прах у Брытанію. 18 лістапада яго пахавалі на Бромптанскіх могілках у Лёндане, піша «Новы Час».
Цырымонія разьвітаньня адбылася ў капліцы пры могілках. Службу правёў сьвятар Сяргей Стасевіч.
Акрамя Андрэя Каляды на Бромптанскіх могілках пахаваныя такія вядомыя асобы як лідэрка брытанскага суфражысцкага руху Эмэлін Панкгерст, пісьменьнік і стваральнік слова «фальклёр» Уільям Томс, мастак Валянцін Прынсэп, палярны дасьледчык Эдвард Бэлчэр, геалягіня Шарлёта Мэрчысан і іншыя людзі.
Андрэй Каляда — вучоны і пэдагог, знаўца беларускага тэатру і беларускай мовы, які навучыў правільнаму сцэнічнаму маўленьню цэлыя пакаленьні беларускіх актораў. Прафэсар Каляда і сам зрабіў узорныя аўдыёзапісы многіх выдатных твораў беларускай літаратуры.
Пасольства Вялікай Брытаніі ў Рэспубліцы Беларусь фінансавала стварэньне пры Беларускім свабодным тэатры студыі гуказапісу, адукацыйнага праекту Fortinbras, а таксама выданьне зборнікаў п’ес і аўдыёспэктакляў на кампакт-дысках. Дзякуючы гэтаму Андрэй Каляда зрабіў аўдыёзапісы раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце», Уладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» і «Каласы пад сярпом тваім», аповесьці Вольгі Іпатавай «Прадслава».