Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асоба з сусьветнай гісторыі. Выйшла кніга «Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе»


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе», якая складаецца з інтэрвію, дыскусій, рэпартажаў з удзелам першага кіраўніка незалежнай Беларусі.

Спампаваць кнігу можна тут (PDF).

«Самае вялікае дасягненьне Шушкевіча — гэта падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, якія паставілі канец у існаваньні СССР, — лічыць укладальнік кнігі Сяргей Навумчык. — Беларусь да Віскулёў дэ-юрэ ўжо была незалежнай дзяржавай, як і большасьць іншых савецкіх рэспублік, але фармальна існаваў «саюзны цэнтар», які, сярод іншага, вызначаў і замежную палітыку ад імя рэспублік, кіраваў Узброенымі сіламі, спэцслужбамі.

Падпісаныя ў тым ліку і Шушкевічам Белавескія пагадненьні паставілі кропку ў існаваньні савецкай імпэрыі. У гэтым сэнсе ён асоба, упісаная ня толькі ў беларускую, але і ў сусьветную гісторыю.

Яшчэ адна заслуга Шушкевіча — гэта спрыяньне прыняцьцю Вярхоўным Саветам бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Гэта быў першы дзень Шушкевіча ў якасьці правамоцнага старшыні Вярхоўнага Савету, і ад таго, як сьпікер правядзе сэсію, залежалі вынікі галасаваньня. Шушкевіч правёў сэсію бліскуча.

А самая вялікая памылка, на мой погляд — адмова падтрымаць ідэю Народнага Фронта правесьці рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, у 1992 годзе. Бо пры новым, дэмакратычным Вярхоўным Савеце беларусы маглі мець дэмакратычную ўладу і ня мець Лукашэнкі ў якасьці кіраўніка краіны.

Пра гэта і многае іншае з палітычнай біяграфіі Шушкевіча ёсьць у кнізе.

І ўсё ж, гэтае выданьне — не біяграфія. Яна дае магчымасьць чытачу скласьці ўражаньне пра палітычны шлях Шушкевіча праз ягоныя інтэрвію, дыскусіі, рэпартажы журналістаў пра падзеі, у якіх ён удзельнічаў. Пачуць ягоныя меркаваньні і ацэнкі тых, хто ведаў яго дзесяцігодзьдзямі альбо сустракаўся толькі аднойчы пайменны паказьнік імёнаў, якія фігуруюць у тэксьце, налічвае сотні пазыцый).

Сталы чытач узгадае, а малады даведаецца пра падзеі і дзевяностых, і нулявых, і дзясятых гадоў — цікава прасачыць, як успрымаліся яны ўдзельнікамі і камэнтатарамі, вызначыць, хто меў рацыю, а хто памыляўся. Гэта тое, што называецца палітычным працэсам, і ў ім Станіслаў Шушкевіч удзельнічаў, пакуль яму дазваляла здароўе.

Асобны разьдзел прысьвечаны дням разьвітаньня са Станіславам Шушкевічам. Перакананы, будучыя гісторыкі скарыстаюць гэтыя старонкі для ілюстрацыі характару цяперашняй улады, у якой не хапіла прыстойнасьці аддаць хаця б элемэнтарныя знакі павагі першаму кіраўніку незалежнай Беларусі. Гэта адлюстраваньне і самога стаўленьня цяперашняй улады да незалежнасьці.

Кніга «Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе» — першае пасьмяротнае выданьне, прысьвечанае першаму кіраўніку незалежнай Беларусі, але я ўпэўнены, што ў Беларусі вольнай і па-сапраўднаму незалежнай біёграфы і палітолягі працягнуць гэтую справу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG