Хоць на Месяц узвый

  • Аляксандар Лукашук

Марына і Джун

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У менскую вандроўку па сьлядах Освальда варта было б узяць кнігу журналісткі Прысцылы МакМілан “Марына і Лі” – 527-старонкавы том у цьвёрдай вокладцы, які выйшаў у 1977 годзе.

У 1959-м МакМілан працавала ў Маскве як няштатны рэпарцёр на амэрыканскі газэтны сындыкат, жыла, як і Освальд, у гатэлі “Мэтраполь” і па падказцы знаёмага з амбасады пайшла браць інтэрвію ў перабежчыка. Освальд пагадзіўся, надзеў касьцюм з гальштукам, прыйшоў да яе ў нумар і адказваў на ўсе пытаньні. Ён уразіў яе тым, што хваліўся першым самастойным дзеяньнем у Маскве – адзін прайшоў да ўнівэрмагу “Дзіцячы сьвет”, купіў марозіва і вярнуўся.

Яна адзначыла дзіўнае спалучэньне інфантыльнасьці і рашучасьці – усё ж далёка ня кожны быў здольны на такі крок, як адмова ад грамадзянства і пераезд у чужую невядомую краіну.

Потым яна напіша:

Калі наша гутарка падыходзіла да канца, у мяне ўзьнікла жахлівае адчуваньне марнасьці. Яго чакала, я была ўпэўненая, расчараваньне. Калі ён сыходзіў, я запрасіла заходзіць. Расейцы мяне папярэдзілі, сказаў Освальд, каб я не размаўляў з амэрыканцамі. Але перад тым, як зачыніць дзьверы, ён паабяцаў не рабіць рашучых крокаў, не паведаміўшы мне. Праз два дні я пайшла на другі паверх і спытала ў дзяжурнай, дзе Освальд. Ён зьехаў, адказала яна.
Марына Освальд Портэр і Прысцыла Джонсан МакМілан

Пасьля забойства МакМілан здолела пабудаваць даверлівыя адносіны з удавой Освальда і ў 1964-65 гадах запісала больш за 700 старонак інтэрвію зь ёй. Яна называла Марыну “вельмі сумленным чалавекам”, які гаворыць праўду.

“Марына і Лі” стала клясыкай, яе высока ацаніў Мэйлер, які, аднак, адразу заявіў, што не з усім пагаджаецца, і патлумачыў – іначай навошта яму было б пісаць сваю кнігу.

Сапраўды.

Увогуле, калі паставіць за мэту захапіць з сабой усе дакумэнты, прысьвечаныя Освальду і забойству Кенэдзі, дык каб цягнуць 18 тон паперы, запатрабуецца воз і пара добрых коней, напрыклад, выведзенай у 1950-я пароды “савецкі цяжкавоз”.

Аднак кнігі, прысьвечаныя менскаму пэрыяду, можна і ў руках панесьці, што зразумела: МакМілан па сьвежых сьлядах распытала Марыну, апроч Мэйлера ніхто ня меў доступу да дакумэнтаў КДБ і большасьці менскіх знаёмых Освальда, а зь іх толькі адзін Эрнст Цітавец напісаў свае ўспаміны.

Але адна амэрыканская кніга пра Освальда вылучаецца – па-першае, таму што была напісаная яшчэ да таго, як Освальд стаў пасьмяротна ўсясьветна знакамітым, а па-другое, таму, што ўгадала будучыню освальдазнаўства.

Кніга, дзе прататыпам быў Освальд, называлася “Ідэальны ваяр”. Яе напісаў сябра Освальда па службе ў марской пяхоце нехта Керы Торнлі. Торнлі вонкава быў падобны да Освальда і потым шмат гадоў у шматлікіх інтэрвію ён заяўляў, што яны з Освальдам былі “прадуктамі генэтычных выпрабаваньняў, якія рабіла сэкта эўгенікаў, нацысцкіх прыхільнікаў з таварыства “Вірыл”, што ў яго і Освальда пры нараджэньні ўжывілі прыстасаваньні для падслухоўваньня, за імі сачылі і маніпулявалі зь дзяцінства ўсемагутныя кіраўнікі “Вірылу”.

Торнлі быў ахвярай неўміручай традыцыі, якая пачалася, верагодна, неўзабаве пасьля першай размовы Евы са Зьміем, і ня спыніцца, пакуль будзе існаваць чалавецтва. Гэта – пошук тайных спружынаў там, дзе іх няма, сакрэтных змоваў там, дзе іх не існавала, пабудова пірамідаў аргумэнтацыі, якія ні на што не абапіраюцца, непрыняцьце фактаў пасьля таго, як яны былі спраўджаныя належным чынам.

Мяжа, дзе здаровы скепсіс ператвараецца ў псыхічную хваробу, даволі шырокая. Часам вельмі. І, як у выпадку з гісторыяй Освальда, можа доўжыцца дзесяцігодзьдзямі.

У Беларусі, напрыклад, пасьля выхаду кнігі Мэйлера крытыкі як зь лягеру дэмакратычнай апазыцыі, гэтак і з афіцыёзу будуць абвінавачваць Станіслава Шушкевіча ў супрацоўніцтве з КДБ.

Так, галоўны рэдактар газэты адміністрацыі прэзыдэнта заявіць:

Ёсьць яшчэ адна цікавая рэч: у Менск з ЗША прыехаў Лі Гарві Освальд. Ня ведаю, навошта яго сюды прыслалі, але ўвесь час яго вучылі страляць. І настаўнікам расейскай мовы ў яго быў Шушкевіч, паверце мне, КДБ нічога не рабіла бяз сэнсу. Пра тое, каб яго вучыў Шушкевіч, было вырашана ў Маскве, на Лубянцы, Станіслаў Станіслававіч многа ведае, але ня скажа.*

Наконт таго, што КДБ нічога не рабіў “бяз сэнсу”, спрачацца сэнсу ня мае, кожнаму сваё. Мае сэнс нагадаць, што ў 1960-м, пасьля хрушчоўскага выкрыцьця сталінскіх злачынстваў, усю ўладу забрала партыйная намэнклятура, якая ў мэтах сваёй бясьпекі і пад лёзунгам аднаўленьня “ленінскіх прынцыпаў сацыялістычнай законнасьці” значна абмежавала ўсемагутныя органы. І сакратар парткаму, які на буйным заводзе быў фігурай ня менш важнай за дырэктара, мог арганізаваць урокі расейскай мовы без пэрсанальных падказак з Лубянкі.

Прэзыдэнцкі рэдактар таксама закідае Шушкевічу рэпрэсаванага бацьку – як так, чаму сына ворага народу падпусьцілі да сакрэтнай працы. Таксама варта нагадаць – афіцыйнае стаўленьне да ахвяраў рэпрэсіяў і іх сваякоў было ў тыя некалькі гадоў антысталінісцкай адлігі хутчэй спрыяльным – іх аднаўлялі ў партыі, а заслужаных чэкістаў-ардэнаносцаў, наадварот, выключалі. Ішла выбарачная люстрацыя.**

Недарэчнае таксама сьцьверджаньне, быццам Освальда “ўвесь час вучылі страляць” – насамрэч вядома толькі пра два стрэлы, якія зрабіў Освальд на паляваньні ў Беларусі – і абодва міма, і аднойчы паўдзельнічаў у стральбе зь пісталета ў заводзкім клюбе ДТСААФ – “на троечку”, як ацаніў інструктар (што ні пра што ня сьведчыць – вядомая гісторыя аднаго шматразовага чэмпіёна сьвету па стральбе зь пісталета, якога абрабавалі дома. Ён страляў у рабаўнікоў некалькі разоў з блізкай дыстанцыі і ні разу не патрапіў).

Увогуле, колькасьць журналісцкіх публікацыяў і ўспамінаў пра Освальда ў беларускім і расейскім друку (пра ананімных віртуалаў у Інтэрнэце лепш памаўчаць) вядзецца на сотні. І цяжка знайсьці хоць адну, дзе б не было фактычных памылак, ня кажучы ўжо пра дзікія дапушчэньні і фантастычныя высновы.

Ня ўсё яшчэ вычарпана, канечне. У Менску Освальд мог сустракацца і, зусім магчыма, бачыўся на вуліцах зь людзьмі, дасьведчанымі ў тэрактах. Напрыклад, з партызанкай Марыяй Осіпавай, арганізатаркай зьнішчэньня цывільнага кіраўніка нямецкай улады ў акупаванай Беларусі Вільгельма Кубэ, што справакавала масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва. Ці са старшынём прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Сяргеем Прытыцкім, што, як герой “Бесаў”, па заданьні сваёй арганізацыі спрабаваў забіць сьведку на судзе.

Але найбольш блізкі Освальду ўзростам, поглядамі і маштабам зьдзейсьненага злачынства быў мясцовы сучасьнік Дастаеўскага Ігнат Грынявіцкі, які забіў Аляксандра Другога, самага лібэральнага расейскага цара, які вызваліў рабоў у Расеі, што амаль у той самы час зрабіў амэрыканскі прэзыдэнт Эйб Лінкальн.

І як тут абмінуць паралелі забойства Лінкальна і Кенэдзі. Першы быў абраны ў Кангрэс ў 1846-м, другі – ў 1946-м. Першы стаў прэзыдэнтам ў 1860-м, другі – у 1960-м, імёны абодвух па-ангельску налічваюць па сем літараў, абодвух забілі ў пятніцу, абодвух стрэлам у галаву, абодвух ззаду, побач з абодвума былі іх жонкі, Лінкальн быў забіты ў “Тэатры Форда”, Кенэдзі ў аўтамабілі “Форд” мадэлі “Лінкальн”, абодва наступныя прэзыдэнты мелі прозьвішча Джонсан і абодва былі з поўдня, першы Джонсан нарадзіўся ў 1808-м, другі ў 1908-м – але гэта толькі кветачкі.

Забойца Лінкальна Джон Вілкес Бут нарадзіўся ў 1839-м, Лі Гарві Освальд – у 1939-м, абодва былі з поўдня, у абодвух трохслоўнае імя, у абодвух імёны па-ангельску налічваюць 15 літараў, абодва былі забітыя перад судом...

Гэты сьпіс падабенстваў зьявіўся неўзабаве пасьля забойства Кенэдзі і паўстагодзьдзя зачароўваў амэрыканскую публіку, якая не давала веры скептыкам, якія сьцьвярджалі, што нічога неверагоднага з пункту гледжаньня статыстыкі тут няма, што адрозьненьняў паміж пэрсанажамі нашмат больш, чым супадзеньняў, што некаторыя зьвесткі недакладныя (Бут нарадзіўся на год раней) , паралелі нацягнутыя...***

Неяк, адразу пасьля выхаду кнігі Мэйлера, я спытаўся ў аднаго менскага літаратара, чаму ён казаў знаёмым, быццам я агент КДБ. Крыху сумеўшыся, той патлумачыў – ты ж пісаў пра Освальда. Паводле гэтай лёгікі ён сам зьяўляўся сэксуальным маньякам, заафілам, нэкрафілам, сэрыйным забойцам і зрэдку іншаплянэтнікам.

Як казаў у падобных выпадках беларускі клясык Уладзімер Караткевіч:

“Хоць ты ўзвый на Месяц, стаўшы ракам!”

-----------------------------------------------
*Зрабаваны народ. Размовы зь беларускімі інтэлектуаламі. Гутарка з П. Якубовічам. Гарадзенская бібліятэка, 2009.

**У 1958-м быў звольнены з пасады чэкіст прызыву 1931 году, намесьнік старшыні КДБ Міхаіл Дзечка – “паводле фактаў, якія дыскрэдытуюць высокае званьне афіцэра” за тое, як сказана ў пастанове бюро ЦК КПБ, што “браў удзел у неабгрунтаваных арыштах савецкіх грамадзянаў і дапускаў грубыя парушэньні сацзаконнасьці пры дасьледаваньні крымінальных справаў”. З 19 гадоў ён быў катам Мазыршчыны, пасьля вайны даслужыўся да міністра. Адну такую гісторыю пра ката Меншчыны Гарбанеўскага я падрабязна апісаў у кнізе “За кіпучай чэкісцкай работай”. Пакараньні былі сьмешныя – адбіралі партбілет, але нікога не судзілі і не пасадзілі.

***Адзін з самых цытаваных аўтараў у сьвеце, радыкальны крытык амэрыканскай палітыкі зьлева, прафэсар Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту Ноам Чомскі, які нічога ніколі ня браў на веру, так выказаўся з нагоды тэорыяў змовы: “Ёсьць шмат супадзеньняў, нявытлумачаных зьяваў, чаму нешта здарылася, а нешта не. Калі паглядзець на кіраваны, кантраляваны навуковы экспэрымэнт у найлепшай лябараторыі – там таксама так. Там таксама шмат невытлумачальных рэчаў, дзіўных супадзеньняў. Паглядзіце на лісты, якія друкуюць у навукова-тэхнічных часопісах, такіх як “Nature”, “Science” – пішуць пастаянна пра невытлумачальныя праявы ў тэхнічных экспэрымэнтах, як шмат рэчаў застаюцца без вытлумачэньня. Так створаны сьвет. Шмат розных рэчаў здараецца, пазьней можна іх аб’яднаць у якую-небудзь заканамернасьць, але раней нельга было. Але й гэтая заканамернасьць можа цалкам ня мець сэнсу. Проста такая прырода складаных падзеяў. Сьведчаньні, якія зь іх вынікаюць, ня маюць каштоўнасьці. Перакананьне, што гэта магло быць зроблена спэцыяльна, выклікае надзвычай малы давер... Велізарная энэргія кідаецца на пошукі, хто забіў Кенэдзі... Сотні людзей забіваюць увесь час, і што з таго, што адзін зь іх быў Кенэдзі? Калі б была падстава меркаваць, што існавала якая-небудзь змова ў вярхах, было б цікава, але доказы пра аднаго забойцу аглушальна пераканаўчыя”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Памылка Мэйлера
Кніга без ілюстрацыяў
Далсты
Освальд – чытач “Гісторыі Освальда”
Цягнік, які не спазьніўся