Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паходы ў манастыр


У Менску часоў Освальда
У Менску часоў Освальда
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Новае месца было зусім блізка ад плошчы Перамогі. Адрас -- Омскі завулак, 13, на шыльдзе было пазначана – інтэрнат.

Дзёньнік ЛГО
15 лістапада 1960

У лістападзе я пазнаёміўся з чатырма дзяўчатамі, якія жывуць у інтэрнаце Інстытуту замежных моваў. Нэлі вельмі цікавая, таксама як і Томка, Томіс і Ала. Я звычайна хаджу ў інстытуцкі інтэрнат зь сябрам, які вельмі добра гаворыць па-ангельску. Эрнст Цітавец на чацьвёртым курсе мэдінстытуту. Вельмі здольны хлопец. У інтэрнаце мы шасьцёра сядзім і гаворым гадзінамі па-расейску і па-ангельску.*


Каб прайсьці ў інтэрнат, пропуск патрабаваўся нават насельнікам, гасьцей запісвалі ў адмысловую кнігу, патрабавалі дакумэнты ў заклад, па пакоях хадзілі праверкі, не дазвалялі заставацца позна.

Калі пра гэтую працэдуру расказалі Мэйлеру, ён быў так уражаны, што напісаў наступную фразу:

Да дзяўчат, якія вучыліся ў ін’язе, ставіліся як да юных лэдзі ў манастыры.
У Менску часоў Освальда

Юныя лэдзі, аднак, манашкамі зусім не былі, а іх кавалераў не спынялі жалезныя краты на вокнах першага паверху: пруткі можна было разагнуць, мацаваньні расхістаць, былі пажарныя лесьвіцы, вадасьцёкавыя трубы, па якіх можна было залезьці адразу на другі паверх.

Освальд зайшоў у інтэрнат праз уваход.

Адна дзеўчына сказала, што на вахце працуе яе сваячка і прапусьціць, у пакоі замкнулі дзьверы – сапраўдны амэрыканец, як цікава. За першым візытам пайшлі новыя.

Генэрал КДБ “Ігар Гузьмін” так тлумачыў Мэйлеру бесьперашкодныя паходы Освальда ў інтэрнат:

Мы былі таксама гатовыя шукаць людзей у нашым Інстытуце замежных моваў. Як Вы можаце здагадацца, дзяўчаты з інстытуту былі ў стане інфармаваць нас пра паводзіны Освальда. Контрразьведка манітаравала ўвесь гэты працэс і была пра ўсё паінфармаваная.

Размаўлялі, распытвалі, жартавалі, часам зьбіралася па шэсьць дзяўчат, стараліся гучна не сьмяяцца. Адкрывалі тлумачальны слоўнік ангельскай мовы, выбіралі любое слова – і калі дзяўчаты не маглі здагадацца пра яго значэньне, Освальд заўсёды сьмяяўся – ён ведаў!
У Менску часоў Освальда

Сустрэчы працягваліся пару месяцаў, часам з удзелам Цітаўца, часам без. Аднойчы Освальд патрапіў у сытуацыю, пра якую потым напіша ў рукапісу “Калектыў”:

У 1961 годзе кітайская дэлегацыя прыехала ў Менск, і яе павезьлі з вакзалу ў гатэль. Хаця было ўжо 10:30 ночы, па ўсім шляху супрацоўнікі МУС (бясьпекі) забягалі ў дамы й інтэрнаты і загадвалі людзям выходзіць на вуліцу вітаць гасьцей. Хаця загадзя не было ніякага паведамленьня пра дэлегацыю, яшчэ адзін спантанны прывітальны камітэт сустрэў кавалькаду чорных лімузынаў і паслухмяна памахаў рукамі зацямнёным машынам, зь якіх крыху высоўваліся жаўтаватыя далоні. Я сам быў у гасьцях у сяброў у інтэрнаце, калі супрацоўнік бясьпекі выклікаў нас дзеля гэтага. Я адразу пайшоў разам з усімі ў натоўп і ведаю, што гэта ня проста праўда, а стандартная працэдура.

Дзяўчаты да Освальда прывыклі і нават пачыналі нудзіцца – яго гісторыі паўтараліся, жарты былі ўжо ня сьмешныя, сам ён нягеглы, нехта нават сказаў, што ён ходзіць сюды, бо дзяўчаты больш нідзе зь ім не захочуць сустракацца.

Мэйлер, аднак, прыйшоў да высновы, што менавіта ў ін’язаўскім манастыры Освальд знайшоў сабе каханку.

Як бы гэта далікатней удакладніць: ня першую.

------------------------------------
*Ня ведаю, наколькі зразумелае гэтае жаданьне сёньня, але за савецкім часам студэнты ін’язу аж млелі ад магчымасьці пагаварыць з “носьбітам мовы”, як называлі замежнікаў. Ін’язаўцаў цікавілі не біяграфія, не прафэсія, ня сам чалавек і нават ня тое, што ён кажа – а як гаворыць, яго вымаўленьне, ідыёмы, слэнг. Студэнтаў вучылі выдатныя выкладчыкі, але свае, замежнікі былі вялікай рэдкасьцю нават у 1970-80-я гады, а што казаць пра ранейшыя дзесяцігодзьдзі. Цэлыя выпускі потым вучылі дзяцей замежным мовам, так ніколі ў жыцьці й не паразмаўляўшы з жывым “носьбітам”.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG