Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодні сьмех


Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Свой першы Новы год у Савецкім Саюзе Освальд сустракаў у Маскве адзін, у нумары гатэлю “Мэтраполь” – быў у ложку а 10-й вечара, пасьля паходу ў амбасаду, дзе ён заявіў пра адмову ад амэрыканскага грамадзянства.

Другі Новы год Освальд правёў у Менску ў сям’і Элы Герман, у якую быў закаханы – і калі яна не прыняла прапановы, ажаніўся з Марынай Прусаковай, “каб насаліць Эле”.

Напярэдадні трэцяга і апошняга Новага году ў СССР у Освальда зьмяніўся паштовы адрас – у сьнежні вуліца Калініна была перайменаваная ў Камуністычную.

Освальд, нехта Анатоль і Аляксандар Зігер
Разам з жонкай яны былі запрошаныя на суседнюю вуліцу Чырвоную, 14 да Зігераў. Менавіта Аляксандар Зігер быў першым, хто параіў Освальду вяртацца ў Амэрыку – і Новы год Освальды сустракалі з важнай навіной.

Дзёньнік ЛГО
25 сьнежня 1961

Раство, аўторак. Марыну выклікаюць у пашпартны стол і аддзел візаў. Ёй кажуць, што нам далі савецкія выязныя візы. Яна запаўняе анкеты і вяртаецца дадому з гэтай навіной. Выдатна (я лічу)! Новы год сустракаем апоўначы за сталом у Зігераў, яшчэ шэсьць гасьцей.


Як вынікае з тэксту, запіс зроблены не 25 сьнежня, а найраней у студзені, пасьля сьвяткаваньня – але галоўная навіна пра візы прыйшла менавіта перад Новым годам, і ўпершыню за шмат часу ў Освальдаў добры настрой.

Расшыфроўка падслухоўваньня КДБ
31.12.61

ЛГО: У гэтай сукенцы ты ня будзеш добра выглядаць.

Жонка: Чаму?

ЛГО: Занадта адкрытая.

Жонка: Дзе яна адкрытая? Прыгожа.

ЛГО: Не пасуе.

Жонка: А вось мае туфлі – іншая справа! Яны зусім не пасуюць.

ЛГО: Ты сапраўды ня ўмееш апранацца, далібог!

Жонка: Купі мне іншыя туфлі.

ЛГО: Гэта прыгожыя туфлі.

Жонка: Гэта так. Але яны не пасуюць на зіму. Яны белыя. Ёсьць зімовыя туфлі і летнія туфлі.


(ЛГО ідзе на кухню і адразу вяртаецца)

ЛГО: Ты зьбіраесься надзець пінжак?

Жонка: Які пінжак? У мяне няма ніякіх пінжакоў. Ты думаеш, што ім якая-небудзь розьніца, калі яны пабачаць, што гэта дрэнна выглядае?

ЛГО: Так!

Жонка: Гэта проста сукенка.

ЛГО: Не, яна непрыгожая!

Жонка: Ну, гэту я не магу надзець. Яна ўся ў дзірках. Ня ведаю, што надзець.

ЛГО: Усё будзе добра. Усё будзе цудоўна.

Жонка: Ты ведаеш, што я нікому не патрэбная.

ЛГО: Езус, а што наконт Освальда?
(цалуе яе) Людзі будуць на нас глядзець і казаць, вось прыгожая пара!

Жонка: Прыгожая!
(сьмяецца) Тады я пайду ў спадніцы і свэтры. Табе проста стане сорамна. (паўза) Калі б было што насіць, я апраналася б лепш за цябе, лепш за тваіх амэрыканцаў!

(яны сьмяюцца)

Жонка: Калі б на мне былі гэтыя туфлі, калі мы ўпершыню сустрэліся, ты са мной нават ня стаў бы танцаваць.

(яны сьмяюцца)

Пасьля доўгага перапынку ў расшыфроўках КДБ замест сварак і сьлёз зьяўляюцца сьмех і пацалункі.

Можа, гэтак бывала і раней, а Мэйлеру проста не паказалі, можа, назіраньне празь дзірачку ў сьцяне ў навагодні вечар вёў іншы чалавек – напрыклад, жанчына. Так ці іначай, але сьвяточны настрой на той Новы год быў і нават патрапіў у архіў КДБ.

Стужку расшыфроўвалі, пэўна, ужо пасьля Новага году, хаця ў КДБ у навагоднюю ноч, напэўна, працаваў апэратыўны дзяжурны. І ня толькі ў КДБ і ракетных войсках. Паводле практыкі, якая засталася ад сталінскіх часоў, ва ўсіх органах улады, ад ЦК партыі і Савету Міністраў да райкамаў і райвыканкамаў, ад заводаў да калгасаў на сьвяточную ноч падвышалі пільнасьць – на казённых скураных канапах і драўляных лаўках варочаліся да раніцы адказныя дзяжурныя, а раптам дзе што здарыцца ці хто пазвоніць?

Так было і з Освальдам – хаця апэратыўнікі не працавалі зь ім 24 гадзіны запар, пільнасьць ніхто не адмяняў – да самага ад’езду.

І нават пасьля.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG