Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П’еса «Маладыя». Акт 1


Кніга Прысцылы МакМілан «Марына і Лі»
Кніга Прысцылы МакМілан «Марына і Лі»
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Калі Марына Освальд пагадзілася на інтэрвію для кнігі Мэйлера, яна ведала, што пытаньні будуць пра мужа, пра Менск, пра сям’ю – зрэшты, менавіта гэтаму была прысьвечаная цэлая кніга Прысцылы МакМілан «Марына і Лі».

Але, напэўна, яна не магла прадбачыць пытаньня, якое пачуе падчас новай сустрэчы.

Інтэрвіюер: Ці вы калі сварыліся з-за мыцьця падлогі?

Марына: Не.

Інт.: А ён калі-небудзь скардзіўся пра падлогу?

М.: Ня памятаю. Але ня думаю.

Інт.: Вы калі-небудзь спрачаліся пра ўборку дому?

М.: Мы, верагодна, спрачаліся нават пра катоў на даху.


Пытаньне было падказанае архіўнымі дакумэнтамі КДБ.

З расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ

03.08.61
18:24
(уваходзяць у пакой)

Жонка (крычыць): Я стамілася ад усяго гэтага! А што ты? Ты ня можаш сам памыць? Ты, відаць, хочаш, каб я мыла падлогу кожны дзень?

ЛГО: Так, мый падлогу штодня!

Жонка: Ты нічога ня робіш, а я мушу прыбіраць цэлы дзень. Прыстойны чалавек дапамог бы. Памятаю, як ты казаў: я буду дапамагаць! Аднойчы ты сапраўды памыў, і цяпер бясконца пра гэта гаворыш, а я мыю наша адзеньне кожны раз і гэта зусім ня лічыцца.

ЛГО: Ты мусіш прыгатаваць нешта зьесьці!


Жонка (крычыць): Я не магу. Я не зьбіраюся гатаваць.

ЛГО: Ты можаш зрабіць катлеты, паставіць ваду на чай. Я кажу, я ж купіў усё, усё.

Жонка: Я ня буду.

ЛГО: Ты нічога не зрабіла.

Жонка: Ну, а што ты для мяне зрабіў?

ЛГО: Ціха!

Жонка: Я ня буду жыць з табой.

ЛГО: Дзякуй Богу!


Жонка: Паглядзі на сябе! Акуратны! Ды ты ў дваццаць разоў бруднейшы за мяне. Паглядзі на сваю падушку; ты толькі раз на ёй спаў, а яна ўжо брудная.

ЛГО: Ты ніколі нічога ня робіш!

Жонка: Правільна, я толькі хаджу на гулянкі, прапіваю сваё здароўе.

ЛГО: Ты нічога ня робіш.

Жонка: Ты хоць раз прыбраў гэтую кватэру? Я гэта рабіла дваццаць адзін раз. Ты сам зрабі, а потым гавары пра гэта цэлы дзень.

ЛГО: Гэты дом трэба прыбіраць кожны дзень. На кухні бруд, брудна ўсюды. Што тут добрага? Ты сьпіш да 10-й раніцы і нічога ня робіш. Магла б у гэты час прыбіраць.


Жонка: Мне трэба спаць. Калі табе не падабаецца, можаш ехаць у сваю Амэрыку.

ЛГО
(спакойна): Калі ласка, дзякуй.

Жонка: Ты заўсёды знаходзіш хібы; цябе нічога не задавальняе, усё дрэнна.

ЛГО: Ты дурная. Лянівая і грубая.

Жонка: Я хачу, каб ты адчуў, што такое быць адзін дзень на маім месцы.


(пасьля паўзы яна пачынае плакаць)

ЛГО: Ну, што здарылася?

Жонка: Ідзі прэч! Я табе не прыслуга. Дай мне нармальныя ўмовы.

ЛГО: Ня плач. Я толькі кажу, што ты нічога ня хочаш рабіць.

Жонка: Так? Я ніколі ня мыла падлогу?

ЛГО: Ты – нядобрая хатняя гаспадыня, не, нядобрая хатняя гаспадыня.

Жонка: Трэба было ажаніцца з добрай.


(яны маўчаць)

Жонка: Калі табе не падабаецца, можаш каціцца ў сваю Амэрыку.

ЛГО: Я даўно табе казаў, што ты нічога ня робіш.

Жонка: Я мыю падлогу кожны дзень.

ЛГО: Яна брудная.

Жонка: Табе брудная, а мне чыстая. Я ўчора памыла падлогу, а ты ўсюды топчасься ў чаравіках.

ЛГО: Там бруд і пыл, бо ты адчыняеш дзьверы на балькон.

Жонка
(крычыць): Ён быў зачынены ўвесь дзень. Ты нічога не разумееш.

ЛГО: Ня плач.


Жонка: Няўжо ты ня бачыш, што я выціраю пыл штодня?

ЛГО: Ты не выціраеш там, на стале.

Жонка: Ага, ага, я там пэцкаю. Я двойчы яго мыла, а ты нават аднаго разу не памыў.

ЛГО: Супакой свае нэрвы.

Жонка: Скажы проста: “Марына, гэта трэба зрабіць”. Не крычы; гэта крыўдна. Алька, ты мяне ненавідзіш, калі крычыш на мяне?

ЛГО: Так.


Жонка: Так?

ЛГО: Так.

Жонка: Чаму ты баісься людзей? Што цябе напалохала?

ЛГО
(крычыць злосна): Заткніся, заткніся. Ты толькі й ведаеш, што балбатаць.

Жонка: Ты ўсіх баісься!

ЛГО: Заткніся!

Жонка: Ты баісься, што ў цябе ўсё скрадуць, твой гаршчок золата?
(сьмяецца) У такія моманты ты мяне можаш забіць. Табе трэба мець моцную сілу волі.

ЛГО: Як наконт трохі бульбы?


Жонка: Яна яшчэ не гатовая, што я зраблю?

22:37
(яны ідуць на кухню)

22:40 (жонка прымушае ЛГО вымыць ногі)

23:00 (у пакоі ціха; размовы няма)

У КДБ, калі чыталі сьвежы запіс п’есы “Маладыя”, як называе гэтую расшыфроўку Мэйлер, зьвярнулі ўвагу і падкрэсьлілі тры фразы Марыны:

– Я ня буду жыць з табой.

– Калі табе не падабаецца, можаш ехаць у сваю Амэрыку.

– Ты ўсіх баісься!..


У Освальда – толькі адну фразу:

– Ня плач.*

Словы Марыны “у такія моманты ты мяне можаш забіць” нічыёй увагі не прыцягнулі.

-----------------------------------------
*Падкрэсьліваньні КДБ у далейшых тэкстах расшыфровак пазначаныя ў тэксьце.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG