Цягнік, які не спазьніўся

  • Аляксандар Лукашук

Джон Кенэдзі

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Я пайшоў у першы кляс праз пару месяцаў пасьля таго, як цягнік з Освальдам, які вяртаўся ў Амэрыку пасьля двух з паловай гадоў жыцьця ў Менску, пастаяў некалькі гадзінаў недалёка ад нашага дому ў Берасьці, пакуль мянялі колы, сьвіснуў на разьвітаньне і пагрукатаў празь мяжу.

Мы зь сябрамі падкладалі на рэйкі манэты – для цягніка пяць капеек былі ня больш адчувальныя, чым матылёк, які сеў на бліскучую адпаліраваную сталь, атрымлівалася тонкая авальная бляха, залаціста-жоўтая, з крылападобнымі вострымі краямі, за якую ўжо нічога нельга было купіць і, праўду кажучы, якой асабліва нічога нельга было й зрабіць. Пятак аніяк не ўплываў і на чыгуначны рух.*

Пасьля 12:30 у суботу 22 лістапада 1963 году ў сьвеце стала менш сьмеху, больш сьлёз. Але ўплыў стрэлаў у Даласе на палітычную гісторыю быў неістотны.

Ва ўнутранай палітыцы Ліндан Джонсан працягваў рэформы, якія Дэмакратычная партыя ЗША пачала рэалізоўваць пры Кенэдзі: пашырэньне грамадзянскіх правоў, канец расавай сэгрэгацыі, падтрымка корпусу міру, які даў магчымасьць ідэалістычнай моладзі паспрабаваць зьмяніць да лепшага жыцьцё ў краiнах трэцяга сьвету і больш уведаць пра сьвет самім.

Удзел амэрыканцаў у віетнамскім канфлікце пачаў драматычна нарастаць яшчэ пры Кенэдзі і перарос у поўнамаштабную вайну пасьля яго, дагэтуль дзейнічае падпісаная ім дамова аб забароне ядзерных выпрабаваньняў у атмасфэры, космасе і пад вадой (многія лічаць гэта найважнейшым дасягненьнем яго тысячы дзён у Белым доме), словы Кенэдзі ў Бэрліне пасьля ўзьвядзеньня сьцяны (“Ich bin ein Berliner!”**) паўтаралі наступныя прэзыдэнты, пакуль сьцяна не развалілася ўшчэнт. Палітыка ў адносінах да Кубы засталася нязьменнай цягам наступнага паўстагодзьдзя, урокі карыбскага крызісу засвоілі абодва бакі.

Празь пяць з паловай гадоў пасьля забойства прэзыдэнта Амэрыка выканала задачу палёту на Месяц, якую паставіў Кенэдзі.

Самыя моцныя рэжымы пэрсанальнай улады рассыпаюцца пасьля сьмерці дыктатараў, іх помнікі трушчаць, а імёны ганяць. Дэмакратыі па сваёй прыродзе гістарычна сэйсмастойкія. Невядома, канечне, што б яшчэ зрабіў Кенэдзі для Амэрыкі і сьвету, але гэта так і застанецца невядомым.

Заўважныя зьмены адбыліся ў працы прэзыдэнцкай службы аховы: перасталі загадзя друкаваць маршруты паездак і агучваць іх даты, адкрытыя кабрыялеты былі выведзеныя з парку прэзыдэнцкіх машын.

Наступныя паўстагодзьдзя ляўры Освальда не давалі спакою яшчэ тузіну асобаў, а сканчалася ўсё, як для матылькоў на рэйках: іх альбо лавілі і саджалі за краты, альбо яны гінулі самі. Больш амэрыканскіх прэзыдэнтаў не забівалі, толькі псыхічна хворы нападнік здолеў параніць прэзыдэнта Рэйгана ў 1981 годзе.


Чалавечая трагедыя, якая разыгралася 22 лістапада 1963 году ў Даласе, абарвала жыцьці адных людзей, непазнавальна зьмяніла лёсы іншых, але ня мела гістарычнага вымярэньня.

Освальд зрабіў ня большы ўплыў на хаду падзеяў ХХ стагодзьдзя, чым матылёк пад коламі цягніка на яго прыбыцьцё на станцыю паводле раскладу.

Рэй Брэдбэры, хоць і прычыніўся да нараджэньня матыльковай тэорыі хаосу, усё ж пісаў фантастыку.

А лепідаптэралёгія – навука.

---------------------------------------------
*Прыхільнікі «эфэкту матылька» могуць запярэчыць, напрыклад, што з таго расьціснутага пятака пачалася інфляцыя ці дэфляцыя, якая вядома чым скончылася ў 1991-м. Тэрмін “эфэкт матылька” зрабіў папулярным дасьледнік тэорыі хаосу Эдвард Лорэнц. У 1961 годзе ён рабіў матэматычныя разьлікі мадэлі надвор'я і нязначна, на адну дзесяцітысячную долю, зьмяніў адзін складнік у формуле – і раптам атрымаў радыкальна іншы прагноз. На гэтым назіраньні было пабудаванае паведамленьне на адной амэрыканскай мэтэаралягічнай канфэрэнцыі: “Ці выклікае ўзмах крылцаў матылька ў Бразіліі тарнада ў Тэхасе?” Памяняць дзьве літары ў назьве паўднёваамэрыканскай краіны – і будзе Беларусь. А Тэхас у справе Освальда і так ёсьць.

**Цалкам гэтыя словы салідарнасьці, зь якімі Кенэдзі зьвярнуўся да жыхароў Бэрліну за чатыры месяцы да забойства, гучаць так: “Дзьве тысячы гадоў таму найвышэйшым гонарам былі словы civis Romanus sum (я – рымскі грамадзянін). У свабодным сьвеце сёньня словамі найвышэйшага гонару зьяўляюцца “Я – бэрлінец!”





Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Памылка Мэйлера
Кніга без ілюстрацыяў
Далсты
Освальд – чытач “Гісторыі Освальда”