Далсты

  • Аляксандар Лукашук

Кенэдзі перад замахам

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Гісторыі Освальда пасьля вяртаньня з СССР Мэйлер прысьвяціў другую, большую палову кнігі, і па тых сьцежках мы не хадзілі.

Мякка кажучы, жыцьцё ў Амэрыцы для Освальда не было прагулянкай. Прэса ім не цікавіцца, але цікавіцца ФБР, мяняюцца працы, гарады, грошай не хапае, пачынаюцца скандалы з Марынай, якая ў выніку зьяжджае з дачкой жыць да новай знаёмай у гарадку Ірвінг, няўдалая спроба прапанаваць свае паслугі савецкай амбасадзе ў Мэксыцы, ня надта плённая дзейнасьць у камітэце ў падтрымку Кубы, спроба ўгаварыць зноў цяжарную жонку разам угнаць самалёт і паляцець у Гавану, няўдалы абстрэл дому правага палітыка генэрала Ўолкера, нязьдзейсьнены намер забіць Рычарда Ніксана, няўцямнае кантактаваньне зь мясцовай філіяй кампартыі, зварот па візу на вяртаньне ў СССР – усё гэта ня менскія маршруты, хаця ў Амэрыцы Освальд і аформіў падпіску на газэту зь Менску – “Советскую Белоруссию”.

У матэрыялах Камісіі Ўорэна захоўваецца заключэньне доктара Гаварда Роўма, які аналізаваў менскі дзёньнік і рукапісы Освальда з пункту гледжаньня дысьлексіі:

Я лічу, што гэты дэфэкт і яго наступствы... маюць значэньне, бо ўзмацняюць уражаньні многіх іншых крыніцаў пра прыроду адчужанасьці Освальда ад людзей, яго няўпэўненасьць і агрэсіўнасьць, прычыны яго праблемаў у школе, неабгрунтаваную ацэнку сваіх літаратурных магчымасьцяў. Такія рысы – зусім ня рэдкае наступства жыцьцёвага досьведу, які пазначаны рэгулярнымі няўдачамі амаль у любой сфэры прадпрынятай дзейнасьці. Для здольнага чалавека мець фізычнае абмежаваньне ў карыстаньні мовай зьяўляецца асабліва прыніжальным. Мне падаецца, што ў выпадку з Освальдам гэтая фрустрацыя дала дадатковы штуршок яго патрэбе давесьці ўсяму сьвету, што ён зьяўляецца непрызнаным “вялікім чалавекам”.

Толькі пасьля паўтысячы старонак, прысьвечаных паўтара гадам Освальда ў Амэрыцы, Мэйлер прапануе адказ на пытаньне – чаму Освальд выбраў за мішэнь Кенэдзі?
Карабін Освальда

Адказ сьведчыць пра наша разуменьне Освальда: гэта быў найбольшы шанец, які ён калі-небудзь меў. Забойства прэзыдэнта было б землятрусам. Для амэрыканцаў яго рэха будзе гучаць да канца стагодзьдзя і нават больш. Гэта таксама будзе карай для расейцаў і кубінцаў. Але ён, ён быў вышэйшы за капіталізм і вышэйшы за камунізм. Вышэйшы за абодва! У яго было, як ён лічыў, вышэйшае пакліканьне і патэнцыял, як у Леніна. Освальд падзяляў яго веру ў тое, што выдатная мэта апраўдвае любыя сродкі.

Пасьля прыніжэньня ў Мэхіка і адсутнасьці сацыяльнага статусу ў мястэчку Ірвінг, куды пераехала Марына, выглядае, што палітычная ідэалёгія Освальда нарэшце спынілася на цэнтральным нэрве нігілізму – справы павінны значна пагоршыцца перад тым, як выправяцца. Можна працытаваць яго запіс, зроблены на цеплаходзе падчас вяртаньня ў Амэрыку:

Цікава, што было б, каб нехта ўстаў і сказаў, што ён супраць ня толькі ўладаў, але супраць народу, усёй краіны і ўсяго падмурку грамадзтва.

У гэтым сказе – уся матывацыя стрэлу ў Кенэдзі.

Освальд адмаўляе сваю віну

Гэтая рэканструкцыя настолькі нагадвае герояў “Бесаў” Фёдара Дастаеўскага і іх галоўнага пратаганіста Сяргея Нячаева зь яго людажэрным катэхізысам рэвалюцыянэра, што ўсьлед за Марынай хочацца ўсклікнуць: не Талсты!

Dalsty.

Мэйлер піша, што Кенэдзі меў здольнасьць усяляць аптымізм і даваць надзею, і ў гэтым сэнсе ён быў добрым прэзыдэнтам, і Освальд ніколі нічога дрэннага пра яго не казаў – але, з пункту гледжаньня Освальда, ён быў занадта добрым прэзыдэнтам і мог затармазіць разьвіцьцё сацыяльнага крызісу і радыкальныя перамены і таму аб’ектыўна перашкаджаў стварэньню лепшага сьвету. Лепш, як звычайна, чым горш.

Маршрут Кенэдзі быў надрукаваны ў тэхаскіх газэтах, і рабочыя ў кніжным складзе тыдзень абмяркоўвалі навіну, што прэзыдэнт будзе праяжджаць пад іх вокнамі. Як Освальд пісаў брату Робэрту:

Заўсёды лепш скарыстаць магчымасьць, калі яна табе надарылася.

Надарылася 22.11.1963.

У 12:30 скарыстаў.

Магчымасьці, як матылькі, могуць зьявіцца ня толькі нечакана, але й зь нечаканага боку: праз два дні, 24.11.1963, калі Освальда пераводзілі з паліцэйскага ўчастку ў турму, у натоўпе рэпарцёраў з кольтам у руках чакаў мясцовы жыхар Джэк Рубі, які вырашыў забіць Освальда, бо надарыўся такі момант.

У 11:21 магчымасьць была скарыстаная.

Мэйлер хацеў назваць кнігу “Амэрыканская трагедыя” – калі б ня Драйзэр, які зрабіў гэта на 70 гадоў раней. Загаловак “Амэрыканская мара” Мэйлер скарыстаў для свайго чацьвёртага раману.

Дастаеўскі вучыў, што “чалавек ёсьць таямніца”. Чым было шматстаронкавае дасьледаваньне Мэйлера, як не разгадваньнем, пошукам адказу, спробай вытлумачыць абсурднасьць, якая раптам так дыспрапарцыйна перакуліла час? І “Гісторыя Освальда” атрымала падзагаловак: “Амэрыканская таямніца”.

Прыметнікі “савецкая”, “расейская”, “беларуская” ці “менская” сапраўды не пасавалі.

Амаль не пасавалі.
Пахаваньне Кенэдзі


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Памылка Мэйлера
Кніга без ілюстрацыяў