Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся». Рэцэнзэнтка Зося Лугавая пра тэндэнцыі ў літаратуры


Беларускія кнігі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія кнігі. Ілюстрацыйнае фота

Літаратурная крытыка — жанр, які практычна зьнік зь беларускіх выданьняў. Вядомыя аўтары перасталі з розных прычынаў гэтым займацца, а новыя на іхным месцы не зьявіліся. Выключэньнем стала зьяўленьне летась на старонках «Нашай нівы» тэкстаў Зосі Лугавой.

Пагаварылі зь ёй пра любоў да беларускіх кніг і жаданьне заахвоціць да іх чытачоў, страту адчуваньня літаратурнага працэсу ўнутры Беларусі і шляхі кніжных навінак па абодва бакі мяжы, самацэнзуру літаратараў, а таксама пра фаварытаў мінулага году.

Пра любоў да беларускіх кніг

— У апавяданьні аднаго вядомага беларускага літаратара йдзецца пра краіну, у якой прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва і прафэсій было па адным, а некаторых дык і зусім ніводнага. Прыкладам, быў у ёй пісьменьнік, але не знайшлося ніводнага чытача. Дадамо ад сябе, што ў цяперашнім літаратурным працэсе рэальнай Беларусі чытачоў яшчэ крыху ёсьць, а вось каго ў ім апошнім часам фактычна няма, дык гэта крытыкаў. Летась гэтую вакансію занялі вы. Адкуль і як вы зьявіліся?

— Я схіляюся да таго, што тое, што раблю я, усё ж не літаратурная крытыка. Слова «крытыка» мяне ўвогуле крыху бянтэжыць. Яно занадта сур’ёзнае, акадэмічнае. І крытыка для мяне — гэта тэксты для адмыслоўцаў, для прафэсійнай супольнасьці, так ці інакш зьвязанай зь літаратурай. Таму я лічу, што мае тэксты — гэта ўдумлівыя водгукі на кнігі, якія я прачытала і да якіх не засталася абыякавай. Я дзялюся ўражаньнямі з такімі ж чытачамі, як сама. Розьніць нас хіба тое, што я, магчыма, больш часу выдаткоўваю на чытаньне, факусуюся менавіта на беларускіх выданьнях і заўсёды любіла расказваць пра кнігі тым, хто гатовы пра іх слухаць.

Што да вашага пытаньня, то я далёка ня першы год знаходжуся паблізу беларускай літаратурнай прасторы, адно што раней спрабавала спрыяць разьвіцьцю літаратурнага працэсу ў іншых фарматах і амплюа. Увесну 2024 году рэдакцыя «Нашай нівы» прапанавала мне паспрабаваць сябе ў якасьці аўтаркі, я згадзілася, і гэта стала важным і цікавым для мяне досьведам. Здаецца, што і рэдакцыя не шкадуе.

— Колькі беларускіх кніг вы прачыталі за мінулы год? Як яны траплялі ў поле вашага зацікаўленьня?

— Дакладна не скажу, але мяркую, што беларускіх было больш за 50, калі лічыць паэтычныя зборнікі і некалькі кніг, якія давялося перачытаць перад тым, як пра іх пісаць. Мая гадавая норма цягам апошніх 10 гадоў жыцьця — ад 50 да 100 кніг.

Я маю звычку сачыць за ўсім, што выходзіць па-беларуску, таму навінкі рана ці позна трапляюць у поле майго зроку. Вядома, чытаю ня ўсё, але амаль пра ўсё ведаю ці прынамсі чула. Хіба штосьці з выданьняў дзяржвыдавецтваў часам застаецца па-за маёй увагай. А кнігі для артыкулаў мы абмяркоўваем з рэдакцыяй: штосьці прапаноўваю я, штосьці яны. Ня ўсе прапановы яны ўхвалілі, але і да маёй думкі прыслухоўваюцца: калі я не лічу кнігу вартай, то пра яе не пішу.

Пра запавольваньне часу ў беларускай кніжнай прасторы

— Ці была ў вас магчымасьць чытаць навінкі кнігавыдавецтваў, якія працуюць цяпер па абодва бакі беларускай мяжы? Наколькі, з вашага досьведу, цяпер даходзяць кнігі ў Беларусь з замежжа і ў адваротным кірунку?

— За мяжой, як мне здаецца, я крыху страчваю адчуваньне таго, што адбываецца зь літаратурай у Беларусі. Але імкнуся сачыць за тым, што там выдаецца. Дзякуй за гэта сацыяльным сеткам выдавецтваў, парталу Bellit.info і самім пісьменьнікам і пісьменьніцам, перакладчыцам і перакладчыкам, якія расказваюць пра свае кнігі. І, вядома, беларускім кніганошам і проста добрым людзям, якія возяць кнігі ў абодва бакі.

Таму на сваім досьведзе магу сказаць, што кнігі даходзяць, але ня вельмі хутка. Гэта трэба ўлічваць, калі кажам пра водгукі на новыя кнігі. У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся: ты можаш ведаць пра кнігу, але ў рукі яна да цябе трапіць толькі празь некалькі месяцаў. І гэта тычыцца ня толькі кніг зь Беларусі. Нават у замежжы кнігі паміж краінамі перасоўваюцца няхутка. Асабліва калі ня хочаш пераплачваць за дастаўку. Таму я вельмі люблю кніжныя фэстывалі, на якія прыяжджаюць выдавецтвы і кніжныя гандляры.

Пра графаманію і права выдаўцоў на памылку

— А ці мае значэньне для вас, дзе і кім кніга выдадзеная? Бо цяпер, як вядома, калі маеш грошы, то можаш выпусьціць у сьвет пад выглядам літаратурнага твору любую пісаніну.

— Калі глядзець з гэтай пазыцыі, то, вядома ж, хочацца адказаць, што не, любую пісаніну я чытаць ня буду, бо проста ня маю на гэта часу. Але калі казаць пра новыя выдавецкія ініцыятывы, якія выдаюць новыя імёны ці правакатыўныя творы (як, напрыклад, выдавецтва «Лысы чэрап», якое зьявілася зусім нядаўна), то тут я, хочацца верыць, усё ж open-minded. Вэрдыкты буду выносіць толькі пасьля знаёмства з тэкстамі.

Але сказаць, што зусім не зважаю на тое, хто выдаў кнігу, не магу. Для мяне гэта зазвычай падказка, чаго можна чакаць ад кнігі, да чаго рыхтавацца. Напрыклад, ёсьць тыя, у каго можна чытаць амаль усё — выпадковых кніг там няма, няхай і ня ўсе мне напраўду спадабаюцца.

У беларускіх незалежных выдаўцоў увогуле амаль няма права на памылку, і замежжа, як мне падаецца, робіць іх яшчэ больш патрабавальнымі, чым раней, да таго, што і як яны выдаюць. Ува мне больш перадузятасьці да дзяржаўных выдавецтваў, якія з году ў год друкуюць і перадрукоўваюць састарэлыя, але бясьпечныя тэксты, а то і проста графаманію. Сярод іх кніг таксама трапляецца вартае ўвагі, але адшукаць тое вартае яшчэ трэба пастарацца.

Пра самацэнзуру і сьмеласьць аўтараў і выдаўцоў у Беларусі

— Як, з вашага чытацкага досьведу, ступень грамадзка-палітычнае свабоды ўплывае на свабоду творчасьці аўтара, ці, дакладней, ягоную самацэнзуру?

— Вядома, уплывае, але, каб адказаць на гэтае пытаньне, патрэбны ня столькі чытацкі, колькі агульначалавечы досьвед і, магчыма, мінімальнае веданьне гісторыі. Пра сябе скажу, што, пакуль я была ў Беларусі, то, пачынаючы з 2021 году, паступова стала выказвацца асьцярожней ці іншасказальна. Замежжа дае магчымасць прамаўляць больш вольна, але ўсё адно мы часта вымушаныя карыстацца псэўданімамі, бо маем сем’і і блізкіх, якія застаюцца ў Беларусі. Тым ня менш, як мне здаецца, беларускія аўтары і аўтаркі, якія цяпер стала знаходзяцца за мяжой, рэфлексуюць, пішуць і выказваюцца сьмела і адкрыта.

Аднак я лічу, што ня маю маральнага права ацэньваць творчую свабоду і самацэнзуру аўтараў, якія застаюцца ў Беларусі. Некаторыя зь іх, напрыклад, прыяжджаюць на літаратурныя імпрэзы, удзельнічаюць у літаратурных прэміях, выдаюць кнігі за мяжой, і для мяне гэта надзвычай сьмелыя ўчынкі. Ня ўпэўненая, што змагла б так.

Аб’ектыўна колькасьць сучасных твораў беларускіх аўтараў, якія выдаюцца ў Беларусі, скарацілася. Але зьвязваць гэта выключна зь пісьменьніцкай самацэнзурай наўрад ці будзе правільным. Пытаньне ў тым, хто цяпер выдае кнігі ў Беларусі. І гэта пераважна дзяржаўныя выдавецтвы. Ну а пра іх, як той казаў, самі ўсё разумееце.

Пры гэтым тыя некалькі незалежных выдаўцоў, якія працягваюць працаваць у Беларусі, нейкім цудам выдаюць і перавыдаюць выдатныя кнігі. Па сваіх фізычных якасьцях яны, магчыма, прайграюць беларускім кнігам за мяжой. Але тое, што людзі працягваюць працаваць, выклікае выключна захапленьне і павагу.

Пра выбар кніг для рэцэнзій і сяброўскую камплімэнтарнасьць

— На колькі з прачытаных кніг вы напісалі рэцэнзіі? Што ў кожным канкрэтным выпадку паўплывала на выбар?

— Прыкладна на палову беларускіх кніг, якія прачытала цягам году. Але ня ўсё, што я чытала па-беларуску, пасуе для артыкулаў, таму я б не рабіла тут ніякіх высноваў.

Штосьці я чытала спэцыяльна для таго, каб напісаць артыкул. Штосьці чытала для сябе і, упадабаўшы, прапаноўвала рэдактару. Пра штосьці прасіла сама рэдакцыя. А было і так, што ў іх ужо быў тэкст пра кнігу, якая мне спадабалася, таму я пра яе не пісала.

— Як вы ставіцеся да думкі, што крытык мусіць быць абсалютна дыстанцыяваным ад аўтара кнігі, якую рэцэнзуе? Ня тое што ня быць ягоным сябрам, а нават добра знаёмым, бо іначай ён будзе не аб’ектыўнай, а заангажаванай асобай, якая камплімэнтарнасьць выдасьць за прафэсійную ацэнку.

— Мяркую, што ў беларускай літаратуры гэта амаль немагчыма. Бо наша літаратурная прастора камэрная, і калі ты пэўны час у ёй знаходзісься — цікавісься, ходзіш на імрэзы, чытаеш, пішаш, то набліжаесься да тых, хто стварае ці перакладае кнігі. І гэта натуральны працэс, унікаць яго складана.

Ня думаю, што наша сытуацыя ўнікальная: любая невялікая літаратура (літаратура невялікай краіны) будзе такой. І выйсьце — для сябе — тут бачу ў тым, каб быць шчырай, карэктнай і пісаць з пазыцыі любові. Не да канкрэтнага аўтара, а агулам да літаратуры, кнігі, слова, як бы патасна гэта ні гучала.

Пра сябе магу сказаць, што ня маю задачы пісаць пра ўсё, што выходзіць па-беларуску. Таму пішу пра тое, што не пакінула абыякавай, уразіла, спадабалася. Да беспадстаўных камплімэнтаў, на шчасьце, ніхто і нішто мяне не змушае.

Пра фаварытаў мінулага году

— Але пры ўсім тым і ў крытыка ёсьць права на асабістыя прыхільнасьці. То спытаем адкрыта. Якія з прачытаных вамі летась кніг прынесьлі найбольшую асалоду? Назавіце, калі ласка, па адной у паэзіі, прозе і дакумэнталістыцы. І, па магчымасьці, абгрунтуйце свой выбар.

— Я дазволю сабе назваць па дзьве кнігі ў кожнай катэгорыі: адна будзе ўласна беларускай, другая — перакладам на беларускую мову. Лічу пераклады ня менш важнымі, бо яны ўзбагачаюць нашу літаратуру. Да таго ж прачытаць творы сусьветнай літаратуры ўпершыню па-беларуску і ў якасным перакладзе, а не праз расейскую, напрыклад, — гэта зусім іншы досьвед. Які, веру, ня можа не ўплываць на чалавека. Ад думкі, што сучасныя беларускія падлеткі цяпер могуць адкрываць для сябе сусьветы Толкіна па-беларуску ў выдатным перакладзе Ігара Кулікова (а не разьбірацца, які ж там з расейскамоўных перакладаў лепшы за іншыя), я заўсёды пачынаю ўсьміхацца.

Пра паэзію для «НН» я амаль не пішу, але намагаюся яе рэгулярна чытаць. Наймацней мяне ўразілі ў 2024 годзе зборнікі Аксаны Данільчык «Час зьнешняй адсутнасьці» і «Ніхто не чакае» Машы Калека ў перакладзе Ігара Крэбса.

Аксана Данільчык
Аксана Данільчык

Зборнік Данільчык — глыбокі, інтэлектуальны, складаны, пранізьлівы. Ён пра сусьветную культурную спадчыну і адначасова пра наша, уласна беларускае. Я ў ім знайшла вельмі шмат блізкага, што хутчэй адчуваеш, чым разумееш. І адначасова там такі інтэлектуальны падмурак, што табе і захапляльна, і крыху вусьцішна ад памераў гэтага айсбэрга.

Маша Калека — нямецкамоўная габрэйская паэтка, якая перажыла досьвед эміграцыі тройчы — у дзяцінстве, у маладосьці і ў сталым веку. Яна ўцякала ад фашыстаў, гадавала дзіця ў эміграцыі, доўгі час не магла вярнуцца на радзіму. Яе паэзію проста чытаць і разумець, яна вельмі адгукаецца нашаму цяперашняму досьведу. Гэтая паэзія сучасная і актуальная (пры тым, што стваралася ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя).

У мастацкай прозе назаву два творы, якія падарылі мне радасьць чытаньня, як у падлеткавыя часы, калі ад кнігі немагчыма адарвацца. Такое цяпер здараецца рэдка, і не таму, што кніжкі нецікавыя, а таму, што дарослае жыцьцё вымушае рабіць шмат усяго ў канкрэтны час і для чытаньня пакідаць толькі ўрыўкі паміж пільнейшымі справамі. Але былі кнігі, з якімі я дазваляла сабе крыху пасунуць справы.

Кніга «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча ў руках аўтара
Кніга «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча ў руках аўтара

Першая — гэта «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча. Гэта быццам і вядомы нам Бахарэвіч, у якога рэалістычнае спалучаецца з фантастычным, які ўмее ствараць сваю непаўторную атмасфэру і мае адметную аўтарскую інтанацыю. Але гэтым разам у Бахарэвіча атрымаліся неймаверна абаяльныя галоўныя героі, якім і спачуваеш, і захапляесься, а яшчэ — сюрпрызы на кожным павароце сюжэту. Аўтар ня хібіць, калі кажа, што гэтая кніга на любы ўзрост — так і ёсьць, я правярала. Мне цяпер вельмі хочацца, каб Бахарэвіч паспрабаваў сябе ў жанры прыгодніцкага раману хаця б яшчэ раз.

Бэстселэр Эндзі Ўіра «Марсіянін» у перакладзе на беларускую мову
Бэстселэр Эндзі Ўіра «Марсіянін» у перакладзе на беларускую мову

Другая кніга — гэта пераклад, які адбыўся дзякуючы Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы: «Марсіянін» Эндзі Ўіра. Я з тых, хто не глядзеў фільм і не чытаў кнігу раней. Так што для мяне гісторыя астранаўта Марка Ўотні адкрывалася менавіта па-беларуску. Захапляльны сюжэт, адметны гумар, аптымізм, які нам цяпер дакладна не зашкодзіць, і выдатны пераклад на беларускую — што яшчэ трэба? Я шчыра радуюся, калі сусьветныя бэстсэлеры якасна выдаюцца па-беларуску, бо гэта дакладна тое, што спрыяе папулярызацыі беларускай мовы.

Ганна Янкута
Ганна Янкута

Найважнейшны беларускі нон-фікшн для мяне ў 2024 годзе — «Час пустазельля» Ганны Янкуты. Гэта кніга шмат у чым пра мяне саму. І нават у тым, што не пра мяне, я, як мне здаецца, добра разумею аўтарку. Ціхі, цьвярозы, шчыры аўтафікшн пра звычайнага чалавека ў яшчэ няпэўнай эміграцыі. Позірк унутр сябе, спроба прыняць, асэнсаваць — без надрыву, але і без штучнага аптымізму. «Час пустазельля» стаў для мяне моцнай маральнай падтрымкай.

А ў канцы году выйшаў яшчэ адзін актуальны для беларусаў нон-фікшн, гэтым разам правераны часам: «...усё ж сказаць жыцьцю так» Віктара Франкля, псыхоляга, які здолеў выжыць у канцлагеры ў часы Другой сусьветнай вайны. Гэтай кнізе ўжо шмат гадоў, але яна пра агульначалавечае і заўжды актуальнае. Пра тое, як знаходзіць сэнс свайго існаваньня ў безвыходных, здавалася б, сытуацыях. Як не расчаравацца, ня страціць веру ў людзей і сьвет, дзе і як знайсьці сілы, каб ісьці далей. Балючая, але поўная любові да жыцьця кніга.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG