Якуб Лапатка ў 2016 годзе стаў першым ляўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана — за поўны пераклад на беларускую мову фінскага эпасу «Калевала». Кніга выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа ў 2015 годзе. Таксама за гэты пераклад ён атрымаў фінскую прэмію «Эпас» і мэдаль.
Спэцыяльнасьць перакладчыка Якуб Лапатка атрымаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце замежных моваў (цяпер МДЛУ). Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам у Наваполацку. Склаў першы гішпанска-беларуска-расейскі слоўнік для школьнікаў.
У 1993 годзе на запрашэньне Саюзу перакладчыкаў Фінляндыі быў на стажыроўцы ў Хэльсынкі, дзе прайшоў курс фінскай мовы. Некалькі гадоў працаваў у Хэльсынкскім унівэрсытэце, выкладаў беларускую мову на факультэце славістыкі. Працаваў у бюро перакладчыкаў.
Агулам Якуб Лапатка пераклаў на беларускую мову дзясяткі кніг з фінскай, гішпанскай, францускай ды іншых моваў. Пераклаў паасобныя творы Мігеля дэ Сервантэса, Рафаэля Альбэрці, Мігеля Эрнандэса, Хуана Рамона Хімэнэса, Томаса Мура, Катры Вала і многіх іншх аўтараў. Таксама быў рэдактарам фінскай часткі Беларуска-лацінска-эўрапейскага слоўніка (Уроцлаў, Польшча, 2008).
Да самай сьмерці Якуб Лапатка працаваў над беларускім перакладам «Песні пра Сіда» з гішпанскай мовы.
Форум