Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч у Рыё-дэ-Жанэйра. Юбілеі 2025 году


Акцыя пратэсту супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта Беларусі з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і вызваленьня палітвязняў. Менск, 16 жніўня 2020
Акцыя пратэсту супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта Беларусі з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і вызваленьня палітвязняў. Менск, 16 жніўня 2020

Якое імя ці якая гістарычная падзея прыцягнуць найбольшую грамадзкую ўвагу ў 2025-м і, магчыма, дадуць назву новаму году? Летась мы найчасьцей згадвалі Васіля Быкава, якому споўнілася 100 гадоў. Выходзілі ягоныя кнігі, успаміны пра яго, агляды жыцьця і творчасьці... А што ў 2025-м?

Сьцісла:

  • Падзеі 2020 году ўвайшлі ў беларускі гістарычны каляндар найперш чалавечымі ўчынкамі — прыкладамі годнасьці, салідарнасьці і дабрыні.
  • Мы ў Беларусі часта згадваем тых, хто нарадзіўся не ў юбілейны год, напрыклад прадстаўнікоў расстралянай у 1930-я інтэлігенцыі, бо доўгі час мусілі маўчаць пра іх забароненыя імёны, якія цяпер адгукаюцца нам з будучыні.
  • Шмат гістарычных датаў — пра наданьне беларускім гарадам і мястэчкам Магдэбурскага права. Для многіх тут хаваецца сапраўднае адкрыцьцё: у Сярэднявеччы Беларусь стагодзьдзямі жыла паводле эўрапейскіх законаў, у іншай і цалкам самастойнай дзяржаве.

Першая «круглая» дата — 5 гадоў. У 2025-м будуць часта ўспамінаць падзеі пяцігадовай даўнасьці. Рэдкую сям’ю ў Беларусі не закранулі падзеі 2020-га. Так бывае, калі краіна перажывае рэвалюцыю або вайну. Многія беларусы запішуць у свае біяграфіі даты, зьвязаныя з пандэміяй і наступнымі рэпрэсіямі — ператрусамі, арыштамі, судамі, эміграцыяй. Сотні недзяржаўных арганізацыяў дапоўняць сваю гісторыю днямі ліквідацыі. Некаторыя зь іх аднавілі працу за мяжой. Будучыня большасьці — пад пытаньнем.

Марш вызваленьня палітвязьняў, Менск, 4 кастрычніка 2020, надпіс на турме на завулку Акрэсьціна
Марш вызваленьня палітвязьняў, Менск, 4 кастрычніка 2020, надпіс на турме на завулку Акрэсьціна

Прычым лішняга ці бессэнсоўнага гісторыя сабе ня возьме. Прачуханкі Лукашэнкі дакладна туды ня трапяць. Ён, як і ягоныя прапагандысты, імкнуцца надаць значнасьці сваім словам, падвышаючы голас, ужываючы сварлівую лексыку, робячы пагрозьлівы выгляд. Але гісторыю не падманеш, яна выбірае сутнасьць. Яна, бесстароньняя, у закліках да забойства апанэнтаў, да замаху на іхных сваякоў і маёмасьць бачыць адну толькі помсту, ніякай аб’ектыўнай прычыны для якой няма. Што тут запішаш у каляндарную дату? Лукашэнка прыгразіў? Што гэта за падзея? Па выніку ад такой дзейнасьці мала што і застанецца.

Пяць гадоў таму (2020)

Мы, вядома, не забудзем пра каранавірус. Названая нават першая ахвяра пандэміі ў Беларусі — актор зь Віцебску Віктар Дашкевіч, які памёр 31 сакавіка. 17 траўня пайшоў з жыцьця Юры Зісер, быццам знарок у такі час, каб ня ўбачыць разгрому свайго дзецішча — парталу Tut.by. А ўжо 29 траўня ў Горадні адбылася міліцэйская правакацыя і быў схоплены блогер Сяргей Ціханоўскі. І пачалося...

23 чэрвеня масавы «хапун» адбыўся ў чарзе да крамы сувэніраў Symbal.by. Самы шматлюдны перадвыбарны пікет Сьвятланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор у Менску прайшоў 30 ліпеня (называюць лічбу да 70 тысяч чалавек). Дыджэі Кірыл Галанаў і Ўладзь Сакалоўскі ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на гарадзкім сьвяце каля кінатэатру «Кіеў» у Менску 6 жніўня. Падзея атрымалася настолькі знакавай, што дыджэяў дагэтуль малююць на графіці ў розных гарадах. Расстрэл Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня стаіць уваччу, нібы сюжэт клясычнага жывапісу пра Францускую рэвалюцыю. Забойствы берасьцейца Генадзя Шутава 11 жніўня, гамельчука Аляксандра Віхора 12 жніўня, Канстанціна Шышмакова з Ваўкавыску 18 жніўня, Мікіты Крыўцова з Маладэчна 22 жніўня, наадварот, схаваныя ад вачэй, як таямніца, але і яны ня зьнікнуць з гісторыі.

«Ланцугі салідарнасьці» і масавыя маршы апаноўваюць Беларусь. 14 жніўня ствараецца арганізацыя дапамогі BySol, якая да сёньня застаецца найбольш дзейснай структурай апазыцыі. 15 жніўня пратэстуюць сотні супрацоўнікаў БТ на мітынгу калі будынку тэлевізіі, яны заявілі, што гатовыя пачаць страйк. Купалаўскі тэатар на знак пратэсту пакідае свой будынак.

Пратэст супрацоўнікаў «Купалаўскага тэатру» 17 жніўня 2020 года
Пратэст супрацоўнікаў «Купалаўскага тэатру» 17 жніўня 2020 года

16 жніўня адбываецца самы масавы мірны марш у гісторыі Беларусі. Выйшлі ўсе гарады і вёскі. 17 жніўня паўсотні супрацоўнікаў дзяржаўнай газэты «Звязда» патрабуюць спыніць цэнзуру і абяцаюць пачаць страйк. А 8 верасьня на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя Калесьнікава рве свой пашпарт, каб ня быць выштурхнутай зь Беларусі. У Берасьці 13 верасьня людзі становяцца ў карагод, сьпяваюць і танчаць — і за гэта іх вялікімі групамі садзяць у турмы дагэтуль. Пасьля кожнага масавага выхаду многія сотні людзей трапляюць пад міліцэйскую аблаву.

11 лістапада Раман Бандарэнка выйшаў на «плошчу Перамен», каб спыніць вандалаў, — і загінуў. На тым гісторыя ня скончылася. 15 лістапада тамсама былі схопленыя і асуджаныя на зьняволеньне журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. У справе пра «нуль праміле» 19 лістапада арыштавалі журналістку Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна, які пацьвердзіў, што Бандарэнка быў цьвярозы, пасьля таго, як Лукашэнка сказаў, што той быў п’яны. 20 лістапада адбылося шматтысячнае разьвітаньне з Раманам каля Ўваскрасенскай царквы на вуліцы Гамарніка ў Менску.

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і дастаўлены ў міліцыю. Менск, 2020
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і дастаўлены ў міліцыю. Менск, 2020

Усе гэтыя сюжэты застануцца ў беларускай гісторыі, папоўніўшы каляндар памятных датаў цэлай гронкай найважнейшых падзей. А яшчэ...

15 лістапада на нядзельным маршы каля станцыі мэтро Пушкінская выкладчыца ангельскай мовы Вольга Калацкая дала поўху прапагандысту Азаронку. Яшчэ адзін учынак, праява чалавечае годнасьці.

Апошні марш адбыўся 6 сьнежня, міліцыянты тады схапілі больш за 300 чалавек.

25 гадоў таму (2000)

Між тым клясычны юбілей адрозьніваецца ад «круглай» даты крокам у 25 гадоў (25, 50, 75, 100, 125 і гэтак далей). Што там з найважнейшага мы адзначым у 2025-м? Людзі і падзеі, якія «на слыху» або меліся б быць у цэнтры ўвагі...

Прынята адзначаць даты нараджэньня і сьмерці выбітнай асобы, хоць яны звычайна мала што гавораць пра самога чалавека, ягоныя ўчынкі або ягоны даробак. Калі толькі за нараджэньнем або сьмерцю не стаіць сваёй адметнай гісторыі. Напрыклад, 5 сакавіка споўніцца 25 гадоў, як быў зьбіты машынай і памёр гісторык Мікола Ермаловіч, заўзяты шукальнік летапіснай Літвы. Падзея асаблівая, бо Ермаловіч, як вядома, быў амаль зусім сьляпым чалавекам.

7 ліпеня быў выкрадзены і зьнік Зьміцер Завадзкі, журналіст і тэлеапэратар. Яшчэ адна сьмерць са сваёй гісторыяй: усім вядомы злачынца, але афіцыйна гэта пакуль таямніца.

Зьміцер Завадзкі. Партрэт у былой сядзібе БНФ у Менску
Зьміцер Завадзкі. Партрэт у былой сядзібе БНФ у Менску

14 верасьня ў Парыжы памёр Ежы Гедройць, палітык, эсэіст, мэмуарыст, стваральнік часопіса Kultura. Яго імя ў беларускім культурным кантэксьце робіцца з году ў год усё больш актуальным, бо Гедройць стаў патронам найбольш значнай літаратурнай прэміі незалежнага беларускага грамадзтва.

А яшчэ 25 гадоў таму пачалося вяшчаньне радыёстанцыі «Балтыйскія хвалі» зь Вільні, а ў Беластоку была заснаваная інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org. І калі «Хвалі» даўно адышлі ў гісторыю, дык «Камунікат» толькі расьце ўвышкі і ўшыркі, ён ужо і кніжнае выдавецтва, і вытворца аўдыёкніг, і кнігарня...

Забягаючы наперад, скажу, што імя юбіляра, якое можа насіць новы год, патроху акрэсьліваецца — Кніга. Год кнігі. Акурат людзьмі папярэдняга, 2024 году, Свабода назвала незалежных выдаўцоў. Лягічна, што сьледам надыдзе год іхнага прадукту.

50 гадоў таму (1975)

Нібы ў пацьверджаньне гэтай тэзы і наступны юбілей. 31 студзеня 50 гадоў таму ў Менску нарадзіўся Альгерд Бахарэвіч, «папяровы голем», як ён сябе называе, найбольш кнігавіты з сучасных беларускіх пісьменьнікаў, адзін з прамотараў у справе пашырэньня беларускай літаратуры ў сьвеце.

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Некаму ён запомніўся сваім эсэ пра Янку Купалу, дзе востра выявіў трагічную сытуацыю паэта ў сталінскія часы. Між іншым, у 2025-м споўніцца 100 гадоў, калі Янку Купалу прысудзілі званьне народнага паэта Беларусі (10 чэрвеня). Хоць трэба разумець, што народным назваць паэта можа толькі народ, а гэта адбылося задоўга да таго, як савецкая ўлада ўсталявалася ў Беларусі і ўганаравала гэтым званьнем Купалу.

75 гадоў таму (1950)

6 студзеня па-беларуску з Рыму загаварыла «Радыё Ватыкан», а 20 верасьня ў Нью-Ёрку выйшаў першы нумар газэты «Беларус». Пасьляваенная эміграцыя разгортвала сваю дзейнасьць на карысьць беларушчыны, тым часам у Беларусі патрыёты маглі дзейнічаць толькі ў падпольлі. Асабліва шырока гэты рух ахапіў беларускую моладзь. Расейская (савецкая) улада бязьлітасна карала беларусаў.

Алесь Пушкін наведаў Вярхоўны суд з партрэтам Расьціслава Лапіцкага. Менск, 2012
Алесь Пушкін наведаў Вярхоўны суд з партрэтам Расьціслава Лапіцкага. Менск, 2012

У ноч на 28 кастрычніка ва ўрочышчы Красны Беражок (Вялейскі раён) савецкія функцыянэры расстралялі Расьціслава Лапіцкага, арганізатара і кіраўніка антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948–1950 гадах.

100 гадоў таму (1925)

Юбілейныя даты прыпадаюць пісьменьнікам Івану Навуменку (16 лютага) і Кастусю Акулу (16 лістапада), Віктару Шведу, беларускаму паэту на Падляшшы (23 сакавіка), журналісту і стваральніку беларускіх праграм Гішпанскага радыё Янку Сурвілу (20 чэрвеня), мастаку-графіку Сямёну Герусу (21 лістапада), кампазытару Юрыю Семяняку (26 лістапада).

22 сакавіка ў авіякатастрофе каля Тбілісі загінуў Аляксандар Мясьнікоў (Мясьнік’ян), адзін зь лідэраў расейскага бальшавізму ў Беларусі, які не лічыў беларусаў нацыяй і выступаў супраць беларускай дзяржаўнасьці.

24 чэрвеня ў Вільні заснаваная Беларуская сялянска-работніцкая грамада, найбольш масавая грамадзкая арганізацыя ў гісторыі Беларусі, якая налічвала больш за 120 тысяч сяброў.

Магіла прэзыдэнта Рады БНР Пётры Крэчэўскага, Альшанскія могілкі, Прага
Магіла прэзыдэнта Рады БНР Пётры Крэчэўскага, Альшанскія могілкі, Прага

12 кастрычніка ў Бэрліне пачалася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў спыніць барацьбу з бальшавікамі. Паўнамоцтвы ўраду БНР нібыта былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі. У выніку тыя, хто паверыў у адраджэньне пад саветамі, былі зьнішчаныя, а Рада БНР дагэтуль існуе ў эміграцыі.

7 лістапада выйшаў першы нумар газэты «Акцябр». Выданьне на ідыш друкавалася штодня да самага пачатку вайны. 15 лістапада пачало вяшчаньня радыё ў БССР.

120 гадоў таму (1905). Выключэньне з правіла

Гэта не клясычны юбілей, а «круглая» дата. Прычым у Беларусі яна асаблівая. Мы цяпер часта згадваем тых, хто нарадзіўся не ў юбілейны год (напрыклад, прадстаўнікоў расстралянай у 1930-я інтэлігенцыі), бо доўгі час мусілі маўчаць пра іх забароненыя імёны і творы, якія цяпер адгукаюцца нам з будучыні. Мала, што іх забілі, але яшчэ й надоўга забаранілі друкаваць іх творы і нават згадваць імёны.

3 студзеня нарадзіўся паэт Уладзімер Хадыка, які загінуў у сталінскіх лягерах. Усе ягоныя кнігі было загадана спаліць. Пісьменьнік Алесь Пальчэўскі нарадзіўся 16 студзеня, яму пашчасьціла вярнуцца з ГУЛАГу пасьля сьмерці Сталіна. Такі ж лёс выпаў і Юрку Гаўруку (6 траўня), перакладчыку твораў Шэксьпіра і паэту, які больш за 20 гадоў «адпрацаваў» у Карэліі, Усходнім Сібіры, Комі АССР. Пісьменьніка Юрку Віцьбіча (15 траўня) ад сталінскіх рэпрэсіяў уратавала эміграцыя.

Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева, Аляксей Анішчык-Чэмер. Менск, 1944
Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева, Аляксей Анішчык-Чэмер. Менск, 1944

16 лістапада прыйшоў на сьвет пісьменьнік і вязень ГУЛАГу Ян Скрыган.

125 гадоў таму (1900)

Вяртаемся да «законных» юбілеяў і адзначаем, што 6 студзеня нарадзіўся Аляксандар Адамовіч, дзяржаўны дзяяч БССР, нацыянал-камуніст, расстраляны ў 1937-м, а 15-га — Павал Горын, гісторык, прэзыдэнт Акадэміі Навук Беларусі, расстраляны ў Маскве ў 1938-м. 26 студзеня прыйшоў у сьвет паэт Аркадзь Моркаўка, 29 сакавіка — кінарэжысэр і актор Уладзімер Корш-Саблiн, заснавальнік беларускага кіно. 10 красавіка нарадзіўся геоляг і акадэмік Гаўрыла Гарэцкі, таксама вязень ГУЛАГу, а 22 траўня — Мікалай Касьпяровіч, краязнавец, этнограф, мовазнаўца й дасьледнік літаратуры, расстраляны ў 1937-м. 27 траўня — паэт Уладзімер Жылка, які памёр у сібірскай ссылцы. Юбілейныя згадкі прагучаць таксама 14 чэрвеня пра сьпевака Міхала Забэйду-Суміцкага, 24 чэрвеня пра пісьменьніка Кузьму Чорнага, 10 ліпеня — пра мастака Пётру Сергіевіча, 15 ліпеня — пра рэпрэсаванага паэта Ўладзімера Дубоўку, 1 верасьня — пра загінулага на Калыме пісьменьніка Сымона Баранавых, а 1 кастрычніка — пра расстралянага мастака Рамана Семашкевіча.

Міхась Забэйда-Суміцкі. Прага, 1972
Міхась Забэйда-Суміцкі. Прага, 1972

Самыя страшныя для новай беларускай эліты часы сталінізму ня маюць аналягаў ні да, ні пасьля 1930-х. У нашым часе трагедыя сапраўды паўтараецца як фарс, якому ніхто, у тым ліку выканаўцы, ня можа даць хоць бы мінімальнага рацыянальнага з гледзішча здаровага розуму тлумачэньня.

150 гадоў таму (1875)

1 лютага — нарадзіўся Марцін Кухта, выдавец беларускай пэрыёдыкі і кніг у Вільні, таксама важная пэрсона, якую трэба ўспомніць у «кніжны год». Кухта друкаваў «Нашу ніву» і кнігі, якія рыхтавала рэдакцыя легендарнай газэты. Між іншым, і «Вянок» Максіма Багдановіча, пра які паэт напісаў свае апошнія радкі:

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

з друкарні пана Марціна Кухты.

25 лютага нарадзіўся Рыгор Міранскі, службовец пажарнай аховы, адзін зь першых фотарэпартэраў Менску і піянэраў беларускай мастацкай фатаграфіі.

16 чэрвеня ў Вільні нарадзіўся Канстанцін Галкоўскі, кампазытар. Сёньня тут на будынку побач з Рэфармацкай царквой, дзе жыў Галкоўскі, ёсьць памятная шыльда музыку, якая нагадвае беларусам пра тое, што яны ў гэтым горадзе не чужыя.

14 жніўня нарадзіўся Мсьціслаў Дабужынскі, мастак, першы дырэктар Віцебскай народнай мастацкай вучэльні (1918).

22 верасьня нарадзіўся Мікалоюс Чурлёніс, літоўскі кампазытар і мастак.

25 верасьня нарадзіўся Сяргей Паўловіч, асьветнік, багаслоў, пэдагог, аўтар лемантара «Першыя зерняткі».

175 гадоў таму (1850)

15 студзеня нарадзілася Соф’я Кавалеўская, матэматык, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар, зь беларускай сям’і Корвін-Крукоўскіх.

9 жніўня нарадзіўся Рудольф Абіхт, нямецкі філёляг-славіст, адзін зь першых дасьледнікаў і папу­ля­ры­за­­тараў беларускай культуры ў Нямеччыне.

31 жніўня нарадзіўся Аляксандар Шыманоўскі, этнограф і фальклярыст, ахвяра бальшавізму.

200 гадоў таму (1825)

11 лютага камісія прыняла Менскі турэмны замак (Пішчалаўскі, «Валадарку»), з гэтага дня пачалася яго гісторыя. Летась турму адсялілі, а што будзе з будынкам далей, невядома.

Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка»). Былое СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. 2020
Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка»). Былое СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. 2020

Між тым гэты, ад пачатку турэмны замак таксама можна назваць «кніжным», столькі тут сядзела літаратараў. А колькі тут чыталася кніг! З адных сьпісаў і пераказаў прачытанага, якія сядзельцы дасылалі на волю, можна было б скласьці важкі том, а можа быць, і не адзін.

Магдэбурскае права

Шмат гістарычных датаў — пра наданьне беларускім гарадам і мястэчкам Магдэбурскага права. Для многіх сучасьнікаў тут схаванае сапраўднае адкрыцьцё: Беларусь стагодзьдзямі жыла паводле эўрапейскіх законаў, у іншай і цалкам самастойнай дзяржаве. Калі казаць крыху больш дакладна, такое права надавалася ў XIV–XVIII стагодзьдзях, да захопу Беларусі Расеяй. За гэты час паселішчы краіны набылі эўрапейскі выгляд, дзе цэнтрам была плошча зь нязьменнай ратушай на ёй.

Магдэбурскае права мелі 60 гарадоў і мястэчак Беларусі, ня ўлічваючы тых, якія ў выніку войнаў то адыходзілі да Масковіі, дзе такога права не было, то вярталіся ў Беларусь. Як, напрыклад, горад Старадуб, які цяпер у межах Расеі. У 1625-м (400 гадоў таму) вялікі князь Жыгімонт Ваза даў Старадубу Магдэбурскае права і герб. А ў 1500-м (525 гадоў таму) вялікі князь Аляксандар у часе знаходжаньня ў Браславе даў гораду прывілей на Магдэбурскае права.

Дошка ў гонар Магдэбурскага права ў Берасьці. 2010
Дошка ў гонар Магдэбурскага права ў Берасьці. 2010

Для многіх гарадоў і мястэчак такое права было прызнаньнем і, магчыма, найважнейшай падзеяй у іхнай гісторыі — чым могуць законна ганарыцца сучасныя жыхары паселішча і думаць пра аднаўленьне колішняга эўрапейскага аблічча сваіх гарадоў.

P.S. Скажаце, пры чым тут Рыё-дэ-Жанэйра? А пры тым, што ў 2025 годзе гэты бразыльскі горад абвешчаны сусьветнай Сталіцай кнігі, і можна цалкам дапусьціць, што туды наведаецца і самы кнігавіты беларускі пісьменьнік сучаснасьці Альгерд Бахарэвіч. А можа быць, і ня толькі ён.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG