Дасьледаваньне зрабіла ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасьць» пры дапамозе журналістаў і навукоўцаў.
Паводле арганізатараў канфэрэнцыі, былі апытаныя і анкетаваныя 20 жанчын, якія адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калёніі № 4. На падставе іх сьведчаньняў і сабраных дакумэнтаў адмыслоўцы ацанілі тэрапэўтычную, эндакрыналягічную, гінэкалягічную, псыхалягічную ды іншыя віды мэдычнай дапамогі зьняволеным жанчынам, зрабілі высновы і сфармулявалі парады.
Прафэсійны псыхоляг, старшыня камісіі сацыяльнай палітыкі Каардынацыйнай рады Вольга Вялічка падрыхтавала да канфэрэнцыі дасьледаваньне аб узьдзеяньні бытавых умоваў на стан здароўя зьняволеных. На думку дасьледчыцы, жанчыны знаходзяцца ў значна больш уразьлівым становішчы, чым зьняволеныя мужчыны, а прычыны праблемы трэба шукаць глыбей, чым у падзеях 2020 году.
«Мы доўгі час чулі, што калёнія № 4 была як бы паказальная. Туды вазілі журналістаў, там нават быў свой тэатар, які гастраляваў па-за межамі калёніі. Пры калёніі ўрачыста адкрылі дом дзіцяці. У выніку ў грамадзтва склалася ўражаньне, што там нібыта жанчыны знаходзяцца ў нармальных, нават добрых умовах. Але здарыўся 2020 год, у калёнію трапілі палітычныя зьняволеныя, некаторыя зь іх ужо вызваліліся і расказалі, што там адбываецца насамрэч.
Прычым выявілася, што большасьць мэтадаў ціску на вязьняў, якія там дзейнічаюць, захаваліся з савецкіх часоў, а 2020-ы і наступныя гады прынесьлі толькі больш жорсткае стаўленьне мэтанакіравана да палітычных: іх таксама, але часьцей, караюць абмежаваньнямі гігіены, ім абсякаюць кантакты зь дзецьмі, іх за дробныя парушэньні кідаюць у штрафны ізалятар. Але глябальна сытуацыя такая самая: тая ж нявольніцкая праца, тая ж сыстэма псыхалягічнага ціску, нават на тэрыторыі тая ж клетка для пакараньня „парушальніц рэжыму“, пра якую ўпершыню расказалі яшчэ ў першым дзесяцігодзьдзі гэтага веку. Яна і цяпер дзейнічае», — адзначае Вольга Вялічка.
«Хочаш пазнаць краіну — пасядзі ў яе турме»
Паводле Вольгі Вялічкі, яе дасьледаваньне паказала, наколькі блізкай да праўды застаецца фраза «Хочаш пазнаць краіну — пасядзі ў яе турме». Гэты выраз адлюстроўвае і сытуацыю са здароўем беларусак на волі, але з той папраўкай, што праз пэўны час у няволі нават у маладога і здаровага арганізму ўзьнікаюць праблемы са здароўем, а ранейшыя хваробы абавязкова абвастраюцца, мяркуе псыхоляг.
«Таму вельмі важна, каб зьняволены мог атрымаць неабходную дапамогу і быў ва ўмовах, якія не спрыяюць захворваньню. Але з гэтым вялікая праблема, асабліва ў жанчын», — кажа экспэртка і пералічвае прычыны.
«Калі гаворка пра асабістую гігіену, дык жанчыны ў параўнаньні з мужчынамі знаходзяцца ў непараўнальна горшых умовах. Санітарныя нормы, якія існуюць у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме, прыйшлі з савецкага часу і фактычна захаваліся. Яны ніяк не адпавядаюць сацыяльным стандартам, якія цяпер існуюць. Прыкладам, што гэта такое — лазьневы дзень раз на тыдзень? Гэтая норма яўна ня ўлічвае жаночай фізіялёгіі, паводле якой прыблізна раз на месяц у жанчыны здараецца мэнструальны цыкль.
І тут трэба выконваць правілы гігіены ня толькі з пункту гледжаньня фізычнага здароўя, але і з пункту гледжаньня псыхічнага стану. Бо калі няма магчымасьці выканаць правілы гігіены, якіх жанчына прывыкла прытрымлівацца на волі, дык яна перажывае сапраўдны стрэс. Пра тое, што жанчына ўспрымае гэта як пакараньне, казалі ўсе апытаныя намі былыя зьняволеныя», — расказала псыхоляг Вольга Вялічка.
Другі істотны момант у яе дасьледаваньні — прасачыць, наколькі жанчыны у зьняволеньні былі забясьпечаныя сродкамі гігіены. Высьветлілася, і тут фактычна ўсе апытаныя сутыкаліся зь вялікімі праблемамі. Паводле апытаных жанчын, яны ня мелі доступу да якасных сродкаў гігіены, а часта не хапала і самых звычайных.
«Усе, з кім пагаварылі, сказалі, што ў іх у вязьніцы зьбіваўся мэнструальны цыкль. Затрымкі былі ад 2 да нават 6 месяцаў. Вось уявіце, як жанчына мусіць хадзіць з пракладкамі шмат дзён, а месячныя ніяк не прыходзяць, а пракладкі канчаюцца. Колькі ёй спатрэбіцца патраціць пракладак? Між тым у калёніях увялі новае правіла, якое забараняе перадаваць сродкі гігіены. Жанчына нэрвуецца, што ёй ня хопіць гэтых сродкаў, яна зноў перажывае моцны стрэс, які амаль гарантавана адбіваецца на здароўі. Нам расказвалі выпадкі, калі падчас прыбіраньня сьнегу на тэрыторыі жаночай калёніі, а гэта там робяць толькі зьняволеныя жанчыны, на сьнег пралівалася кроў. Такая сытуацыя — вельмі прыніжальны момант для любой жанчыны. І дадайце сюды тое, што мыць адзеньне ў любы дзень забараняюць, толькі ў вызначаны час. Як гэта перажыць?!»
Паводле сьведчаньняў жанчын, зь якімі размаўляла Вольга Вялічка, у калёніі № 4 дагэтуль практыкуюць такое пакараньне, як забарона на душ.
«„Усё, сёньня ў душ не ідзеш“. Гэтыя словы наглядчыц успаміналі мае суразмоўцы. У такім выпадку жанчынам заставалася адно выйсьце: рызыкуючы апынуцца ў ШЫЗА, мыцца ў так званым „нагамыйніку“, дзе мыць цела забаронена».
Падобна да ўспамінаў Ларысы Геніюш пра ГУЛАГ
Для дасьледаваньня здымалі відэа размоваў з былымі асуджанымі жанчынамі. Вольга Вялічка расказала, што яе закранула найбольш з пачутага ад 20 суразмоўніц.
«Мы маем больш за 15 гадзінаў унікальнага відэа ўспамінаў жанчын. Шакуючых момантаў было шмат. Напрыклад, з расповедаў я зразумела, што ў 4-й калёніі ад палітычных зьняволеных не адчапляюцца ані на хвіліну. Адно заданьне, потым новае, яшчэ новае, і гэтак бясконца.
Або такое назіраньне: калі ў мужчынскай калёніі, мяркуючы па расповедах, застаецца нейкая прастора для сяброўства, для кантактаў, дык у жаночай калёніі нібы выкарчоўваюць усё чалавечае. Там усё робяць, каб падпарадкаваць жанчыну, пазбавіць яе думак і нават мараў пра нармальнае жыцьцё. Дзеля гэтага наўмысна разбураюць вакол жанчыны нармальныя стасункі, нават пазбаўляюць кантактаў зь дзецьмі, зь сяброўкамі», — расказала Вольга Вялічка.
Аўтарка дасьледаваньня кажа, што пачутыя расказы беларускіх палітзьняволеных жанчын пэрыяду пасьля 2020 году вельмі нагадалі ёй тое, што яна чытала ва ўспамінах Ларысы Геніюш пра сталінскі ГУЛАГ.
«Нашы жанчыны таксама расказваюць пра прыніжэньні, пра пагрозы дзецьмі — пра тое, што нармальныя людзі ня будуць нават закранаць. Аказалася, у нас і гэтыя чырвоныя лініі ўжо перойдзеныя. Цяперашняя ўлада напоўніцу выкарыстоўвае тое, што жанчыны створаныя вельмі ўразьлівымі. Асэнсаваць гэта было для мяне найбольшым шокам», — кажа Вольга Вялічка.
Каго з кім варта памяняць ролямі
На думку дасьледчыцы, каб выправіць становішча, якое склалася ў жаночых вязьніцах, найперш трэба перагледзець санітарна-гігіенічныя нормы з улікам асаблівасьцяў жанчын.
«Нормы павінны быць розныя. Кажу ня толькі пра норму „адна памыўка на тыдзень“, але і шмат пра што іншае. Другое вельмі важнае — нармальны доступ да гінэкалягічнай дапамогі, пачынаючы зь СІЗА. І абавязкова трэба перагледзець нормы што да сустрэч зь сям’ёй, зь дзецьмі, і ня толькі сустрэч, а і простага ліставаньня. Нават тут дагэтуль шмат перашкодаў, якія наўпрост адбіваюцца на жаночым і псыхічным здароўі», — мяркуе псыхоляг Вялічка.
Вольга Вялічка настойвае на перадачы турэмнай мэдыцыны ў падпарадкаваньне Міністэрству аховы здароўя.
«Мінздароўя трэба паглядзець, якім чынам выконваюцца пратаколы лячэньня, як адбываецца прафіляктыка захворваньняў у жанчын, у першую чаргу гінэкалягічных. Паводле сьведчаньняў, якія мы маем, наогул адсутнічае прафіляктыка захворваньняў малочных залоз, а гэта самае неабходнае, што не цярпіць адкладаньня. І, вядома ж, трэба спыніць катаваньні жанчын зьмяшчэньнем іх у карцары, ШЫЗА і ПКТ. Гэта базавыя рэчы».
Паводле Вольгі Вялічкі, псыхалягічная дапамога зьняволеным жанчынам павінна прытрымлівацца прынцыпу добраахвотнасьці, і пры гэтым павінна захоўвацца таямніца аказаньня такой дапамогі.
«Калі ж казаць агулам, што тычыцца і мужчын, дык трэба, каб памяняліся ролямі псыхоляга-пэдагагічная служба і апэратыўная. Каб вядучая роля ў выпраўленьні асуджанага перайшла да сацыяльных працаўнікоў, псыхолягаў і пэдагогаў, а апэратыўныя супрацоўнікі выконвалі толькі сваю працу ў падтрыманьні бясьпекі, не былі ў складаным працэсе выпраўленьня чалавека галоўнымі, як цяпер. Прыкладам, апэратыўныя супрацоўнікі цяпер загадваюць дактарам, выдаваць зьняволенай бальнічны ці не выдаваць. Так не павінна быць ніколі», — мяркуе Вольга Вялічка.
Відэа з расповедамі былых зьняволеных жанчын калёніі № 4 можна паглядзець тут.
Форум