30 сьнежня гарадзенца Сяргея Чабоцьку, уласьніка і галоўнага рэдактара горадзенскага парталу s13.ru, прызналі палітвязьнем. За краты Чабоцька трапіў у канцы кастрычніка. Пра завядзеньне супраць яго крымінальнай справы стала вядома толькі нядаўна. Расказваем пра гэтага чалавека падрабязьней.
Уласьнік сайту, які чытала траціна гарадзенцаў
Сайт s13.ru працаваў з 2005 году. Тады Сяргей выпадкова выграў дамэн і хостынг на год. Спачатку ён ня ведаў, навошта яму старонка. Гарадзенцы падказалі яму зрабіць навіновы рэсурс. У кастрычніку 2024 году акаўнт парталу ў Instagram меў каля 100 тысяч падпісчыкаў, у Telegram — больш за 15 тысяч. Сайт працаваў найперш як агрэгатар навінаў, але таксама выпускаў уласныя публікацыі.
Сёлета 23 кастрычніка Сяргея Чабоцьку затрымалі. Тройчы яго асудзілі на 15 дзён арышту ў адміністрацыйных справах нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «парушэньне правілаў арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». 45 дзён арышту меліся скончыцца 7 сьнежня.
Пазьней стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім». Яго ўтрымліваюць у СІЗА горадзенскай турмы № 1. Сайт s13.ru КДБ 9 сьнежня прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Партал і ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках не абнаўляюцца з 23 кастрычніка. Ад іх масава адпісваліся людзі.
Адзін зь першых SEO-спэцыялістаў Беларусі
Сяргею Чабоцьку 41 год. Ён жыве ў Горадні. Жанаты, мае двое дзяцей школьнага ўзросту.
«Ён вельмі адкрыты, шчыры чалавек, які да ўсіх ставіўся з павагай. Чалавечны чалавек», — апісвае Сяргея ягоны знаёмы Віктар* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС).
Амаль 20 гадоў гарадзенец ствараў партал s13.ru.
«Гэта быў адзін зь любімых ягоных твораў. Ён укладваў туды вельмі шмат сіл, ведаў. Ён жа адукацыяй праграміст», — расказаў Свабодзе знаёмы Сяргея.
«Перад усім ён спэцыяліст у SEO (пошукавая аптымізацыя, анг. search engine optimization. — Рэд). Адзін зь першых у Беларусі. Ён яшчэ ў 2005 годзе разьбіраўся ў SEO. Ён быў выдатным спэцыялістам у прасоўваньні кантэнту», — расказвае яшчэ адзін знаёмы Сяргея Ільля.
Віктар мяркуе, што з часам у Чабоцькі выпрацаваўся добры журналісцкі нюх на навіны, якія будуць адгукацца ў чытачоў. На ягоную думку, s13 быў больш папулярным рэсурсам, чым іншыя гарадзкія навіновыя сайты або газэты.
«Службоўцы, я ўпэўнены, пачыналі свой дзень з прагляду навінаў на s13»
Віктар расказвае, што рэсурс s13 дапамагаў вырашаць сацыяльныя праблемы, пісаў пра зборы сродкаў для хворых дзяцей, міліцыянты прасілі разьмясьціць там інфармацыю пра пошук падазраваных у злачынствах або зьніклых людзей.
«Усе службоўцы, я ўпэўнены, пачыналі свой дзень з прагляду навін на s13. Гэта было вельмі зручна, бо гэта быў агрэгатар, дзе зьбіралася інфармацыя з усяго горада і вобласьці. На праблему хутка рэагавалі, бо нікому не хацелася засьвяціцца ў нэгатыўным сьвятле. Вельмі шмат людзей зьвярталіся да Сяргея як да апошняй інстанцыі, калі не маглі вырашыць пытаньне празь перапіскі, звароты да чыноўнікаў», — кажа Віктар.
Ільля пагаджаецца, што s13 быў уплывовым рэсурсам. Ён успомніў, як да нейкай даты ў Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы бюст беларускага клясыка перад вучэльняй выявіўся ўвесь загаджаны птушкамі. Пра гэта напісаў s13, і праз кароткі час помнік пачысьцілі.
«І вашым, і нашым»
Ільля думае, што Чабоцьку ня варта называць журналістам, бо большасьць інфармацыі s13 не ствараў сам, а зьбіраў зь іншых крыніц. На ягоную думку, рэсурс публікаваў «усё запар», у тым ліку дзяржаўную прапаганду. Аднак шмат гадоў s13 трымаў балянс паміж інфармацыяй незалежных і дзяржаўных крыніц.
«Пазыцыя s13 заўсёды была „і вашым, і нашым“», — перакананы Ільля.
Ён успамінае, што Сяргея Чабоцьку запрашалі на прэс-канфэрэнцыі, якія ладзілі гарадзкія ўлады. Абмяркоўвалі зь ім сумесныя гарадзкія праекты. Часам артыкулы, якія крытыкавалі кагосьці з чыноўнікаў, зьнікалі з сайту неўзабаве пасьля апублікаваньня.
Важнай часткай парталу s13 былі камэнтары. Некаторыя чытачы заходзілі туды чытаць не навіны. Паміж наведнікамі сайту разгараліся дыскусіі. Камэнтары, якія атрымалі найбольш падабаек, раней афарбоўваліся ў жоўты колер. Калі ў Беларусі ўвялі абавязковую аўтарызацыю камэнтатараў і зьнікла ананімнасьць, гэтая опцыя прыйшла ў заняпад.
«Мяне заўсёды раздражнялі іхныя камэнтары. Навошта людзі заходзілі на s13 вельмі часта? Многія чыталі загаловак — і адразу ў камэнты лезьлі. Там было 200 камэнтараў, напрыклад. Там дзікія сваркі былі. З аднаго боку, можа, нейкія ўрокі дэмакратыі, людзі маглі абмеркаваць, што хацелі», — разважае Ільля.
З другога боку, ён успамінае, што да камэнтароў не прымянялася ніякай мадэрацыі.
«Часам, на мой погляд, выключна дзеля большага хайпу, ахопаў, клікаў, там дазвалялі ў камэнтах абразы. Гэта была такая багна неадэкватнасьці і бруду», — успамінае суразмоўца.
Пасьпяховы рэклямны праект
Суразмоўцы сыходзяцца ў думцы, што Сяргей Чабоцька — пасьпяховы бізнэсовец, які ўмее кіраваць і зарабляць. Ён працаваў амаль без выходных.
«S13 — гэта вельмі паспяховы рэклямны праект. У яго супэрдарагая рэкляма была», — кажа Ільля.
Віктар мяркуе, што пры гэтым у Сяргея на першым месцы заставалася чалавечае.
«Ён чалавек вялікіх прынцыпаў. Ён ніколі ня будзе разьмяшчаць рэкляму пра тое, што супраць ягоных прынцыпаў», — кажа Віктар.
Затрыманьне ўласьніка парталу Віктар зьвязвае з «зачысткай» перад выбарамі. Успамінае, што прызнаньне s13 «экстрэмісцкім» было значнай падзеяй для горада, бо траціна гарадзенцаў чыталі гэты сайт, былі на яго падпісаныя.
«Гэта было вялікім шокам. Стала зразумела, што ў горадзе пачынаецца татальная зачыстка. І не застаецца месца для адносна незалежных СМІ, блогаў, сайтаў. Людзей гэта напалохала вельмі моцна», — кажа Віктар.
Адначасна людзей зьдзівіў такі статус сайту, бо апошнія два гады сайт быў апалітычным, адзначае Віктар.
«Там увесь парадак дня быў праўладнага характару. 99% кантэнту было з БелТА, прэс-службы УУС, МНС, Сьледчага камітэта, [дзяржаўны] тэлеканал „Гродна Плюс“ часта зьяўляўся», — кажа суразмоўца.
«Ніхто ня мог уцяміць, адкуль там экстрэмізм. Звычайны партал гарадзкіх навінаў. На яго было падпісана пад 90 тысяч чалавек. Кожнага трэцяга гарадзенца можна браць за „распаўсюд экстрэмізму“. Партал настолькі даўно і моцна ўвайшоў у жыцьцё, што нават у чыноўнікаў і на афіцыйных сайтах можна знайсьці спасылкі на блог. Вычысьціць гэта немагчыма. Прасьцей цалкам выдаліць свае сацсеткі», — кажа гарадзенец Зьміцер.
Ён мяркуе, што калі пасадзілі Чабоцьку, то да адказнасьці таксама варта прыцягнуць чыноўнікаў, якія супрацоўнічалі з рэсурсам s13.
«Пытаньне да службістаў: «Дзе вы, даражэнькія, былі 20 гадоў? Ва ўсіх на вачах ледзь не тэрарыстычная арганізацыя, зь якой супрацоўнічалі дзяржаўныя структуры шмат гадоў. За такі недагляд павінна паляцець вельмі шмат пагонаў і галоў з адміністрацый», — кажа Зьміцер.
Для Ільлі затрыманьне Чабоцькі стала нечаканасьцю.
«Гэта ідыятызм уладаў, бо s13 — самы карысны для ўладаў партал. Гэта тое самае, як закрыць БелТА ці АНТ. Чым займаўся s13 апошні год-два? Перадрукоўваньнем дзяржаўных мэдыя. Хто чытае газэту „Перспектива“ ці „Гродзенскую праўду“, міліцэйскія зводкі, хто каго абакраў? Дзякуючы s13 сотні чалавек атрымлівалі дзяржаўны кантэнт. Не разумею, навошта такога чалавека саджаць. Гэта бессэнсоўна», — кажа ён.
«Тэрмінова адпісвайцеся!»
Віктар прыгадвае, што чуткі тое, што s13 стаў «экстрэмісцкім», распаўсюджваліся яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня. Пасьля ўлады ініцыявалі масавую рассылку ў чатах розных установаў і арганізацый з папярэджаньнямі.
«Колькі ў нас выданьняў прызнаюць экстрэмісцкімі, ніколі такога не было. Недзе на сайце МУС зьяўлялася інфармацыя — і ўсё. А тут проста атакавалі ва ўсіх чатах, ва ўнівэрсытэтах, садках, школах, дзяржустановах, на прадпрыемствах, заводах. Зьяўлялася інфармацыя: „Тэрмінова адпісвайцеся!“. Такое адчуваньне, што гэта было не дзеля клопату пра людзей, а каб запалохаць», — мяркуе Віктар.
Форум