Сьцісла:
- У Беларусі 26 калёній для асуджаных. Жанчын трымаюць толькі ў дзьвюх зь іх.
- Гомельская калёнія № 4 — як асобнае мястэчка ў горадзе: там жыве да 2000 зьняволеных
- «Цукерка ў кішэні — ужо злачынства»
- На тэрыторыі жаночай калёніі разьмешчаная буйная швейная фабрыка з сучасным абсталяваньнем
- Ахова ў жаночай калёніі амаль выключна жаночая — ахоўніц называюць «дубачкамі»
- Паміж жанчынамі ў зьняволеньні ўзьнікае шмат канфліктаў. Але сур’ёзныя раненьні — рэдкасьць.
У Беларусі 26 калёній. Жанчын у асноўным трымаюць у калёніі № 4 у Гомлі на вуліцы Антошкіна. Недалёка ад абласнога цэнтру, у Рэчыцкім раёне, ёсьць яшчэ адна жаночая калёнія, дзе ўтрымліваюць асуджаных выключна строгага рэжыму. У Горацкім раёне і Віцебску існуюць жаночыя ЛПП, яшчэ адзін ЛПП пад Слуцкам нядаўна быў перапрафіляваны з мужчынскага ў жаночы (той самы, дзе пасьля 9 жніўня некалькі дзён існаваў лягер для затрыманых удзельнікаў пратэстаў. — РС).
Правілы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў не забараняюць трымаць жанчын у турмах, аднак на практыцы гэта здараецца вельмі рэдка. І ў гродзенскай, і ў магілёўскай турме жанчын амаль не трымаюць. У сьледчай турме Жодзіна іх утрымліваюць падчас сьледзтва, пасьля прысуду накіроўваюць у калёнію № 4 Гомля.
Вольга (імя зьмененае. — РС), якая была асуджаная ў 2012 годзе і вызвалілася ў 2019-м, правяла ў гомельскай жаночай калёніі сем гадоў. Яна пагадзілася расказаць пра ўмовы жыцьця жанчын за кратамі ананімна. Кажа, што пачала новае жыцьцё, і ня ўсе ў ім ведаюць пра ейнае мінулае. Яна пільна сочыць за падзеямі ў краіне і лічыць, што пасьля зьяўленьня ў Беларусі палітзьняволеных-жанчын жыцьцё адміністрацыі гомельскай «чацьвёркі» моцна ўскладніцца.
7 умывальнікаў на 150 чалавек
«Там трымаюць каля 2000 чалавек, — расказвае Вольга пра свой былы „дом“. — Мы неяк лічылі. Па сталовай можна было пралічыць, яшчэ іншымі спосабамі прыкладна. На 2017–2018 гады там было каля 1800 жанчын. Гэта такое цэлае мястэчка ў горадзе. Комплекс інтэрнатаў. Кожны асобна агароджаны. Пачынаючы з такіх дастаткова сьвежых, васьмігадовай даўнасьці пабудовы, і заканчваючы баракамі 60-ых гадоў. Асабіста я пражыла там сем гадоў у бараку, які быў пабудаваны ў 1968 годзе».
Вольга расказвае, што побытавыя ўмовы ў жаночай калёніі розьняцца ў залежнасьці ад таго, у якім з інтэрнатаў жывеш. Найгорш — тым жанчынам, якіх трымаюць у адным з трох старых баракаў. Па словах Вольгі, там «жахлівыя прыбіральні — подыюм зь дзіркамі». На 120–150 чалавек 5–7 умывальнікаў.
«На такую ж колькасьць людзей ёсьць так званая „нажная ванна“, я нават ня ведаю, як яе можна назваць, — узгадвае суразмоўца. — Такая неглыбокая штука, квадратная, ля сьцяны. Кран ёсьць. Памыцца там цалкам немагчыма. Мы скардзіліся пастаянна адміністрацыі на гэта. Агулам кажучы, умоваў, каб падтрымліваць уласную гігіену жанчыне, там няма. Я вам шчыра скажу, што за сем гадоў так і не даведалася, калі там можна мыцца. Распарадак дня ў нас быў, але там ня быў пазначаны час на асабістую гігіену. Толькі агульныя словы — падрыхтоўка да сну, 15 хвілін. За гэты час 150 чалавек на 5 умывальнікаў павінны ўсё зрабіць».
Вольга ўзгадвае, што асабліва цяжка было летам. Лазьня прадугледжаная раз на тыдзень. Кожнай са зьняволеных выдзяляюць на яе па 15 хвілін. Зімой за гэты час пэрыядычна даводзілася пасьпяваць апранацца і распранацца. Таксама раз на тыдзень на тэрыторыі так званага «атраду» дазваляецца памыць галаву. Не часьцей. Мыць галаву ў іншы дзень нельга — гэта злачынства, за якое могуць пасадзіць у ШЫЗА, кажа Вольга.
Цукерка ў кішэні — злачынства
«Новыя баракі лепшыя, там ёсьць памяшканьні для вопраткі, іншыя службовыя, — кажа Вольга пра жыцьцё жанчын за кратамі. — У старых гэтага нічога няма. Жанчыны жывуць па сэкцыях, 50 чалавек у кожнай. 2-3-ярусныя ложкі. У нас былі толькі 2-ярусныя, на 3-м ніхто ня спаў. Ложкі стаяць вельмі блізка адзін да аднаго. Паміж двума ложкамі на 4 чалавекі адна тумбачка. Часам дзьве тумбачкі, адна на адной. 40–50 сантымэтраў паміж ложкамі — гэта твая прастора. Але пасьцельную бялізну нам мянялі раз на тыдзень у дзень лазьні, тут нічога не магу сказаць. Вопратку таксама можна было здаць на праньне, гэта без праблемаў».
Пад’ём а 6 гадзіне раніцы, на сьняданак вязьні жаночай калёніі ідуць у 6.25. Да 7 гадзіны неабходна пасьнедаць і падрыхтавацца да выхаду на працу. Уся зона працуе па зьменах. Першая зьмена — з 8 да 15 гадзіны, другая — з 15 да 22. Усіх зьняволеных пастаянна кантралююць, лічаць і пералічваюць. Гэта адбываецца на ўваходзе ў сталоўку, на выхадзе зь яе, падчас пастраеньняў перад працай. Спазьняцца нікому нельга, заставацца ў «атрадзе» таксама нельга — за гэта адразу ШЫЗА. Усіх пералічваюць і правяраюць па 3–4 разы на дзень.
«Уваход на фабрыку праз КПП, надгляд з мэталадэтэктарамі праходзяць усе, — расказвае суразмоўца. — Строга забаронена праносіць туды прадукты харчаваньня. Цукерка ў кішэні — забаронена. Нельга нічога прыносіць і выносіць на фабрыку, акрамя лыжкі. Лыжка — гэта адзіная маёмасьць зьняволенай. Яе можна мець пры сабе заўсёды».
«Шылі хакейную форму, для яе купілі самае сучаснае абсталяваньне»
Вольга ўзгадвае, што фабрыка ў калёніі моцна адрозьніваецца ад усяго іншага. Гэта сучасная швейная вытворчасьць, вельмі добра абсталяваная. Ужо пасьля вызваленьня ёй давялося працаваць на швейнай вытворчасьці на волі, і яна адрозьнівалася ў горшы бок. Горшай была нават аплата.
«У нас у калёніі аплата была залежна ад таго, колькі ты зробіш. Ніхто не адбіраў таго, што мы зарабілі. Іншая справа, што ў людзей былі пазовы, штрафы, і заробленыя грошы ішлі на іх пагашэньне. У такім выпадку на рукі выдавалі толькі 10% ад заробленага. Усё іншае ішло на пагашэньне, на ўтрыманьне дзяцей. Тыя, хто ня мае пазыкаў, асабліва перад дзяржавай, на рукі атрымліваюць 25%. Рэшта ідзе на пакрыцьцё выдаткаў на ўтрыманьне ў калёніі».
Вольга ўзгадвае, што ў 2018 годзе яна аддавала дзяржаве за сваё ўтрыманьне ў гомельскай жаночай калёніі каля 200 рублёў. Туды ўваходзіла койкамесца (120 рублёў) і харчаваньне (80 рублёў). Акурат у той час у калёніі быў рамонт, і выдаткі на яго часткова разьмеркавалі сярод вязьняў.
Асноўная прадукцыя швейнай фабрыкі ў гомельскай жаночай калёніі № 4 — міліцэйская і вайсковая форма. Шыюць там таксама форму для МНС і нават для хакеістаў.
«Для хакейнай формы купілі вельмі добрае абсталяваньне, самае сучаснае, мы асвойвалі яго ў 2018 і 2019 годзе, — узгадвае Вольга. — Прычым шылі форму ня толькі для беларускіх хакейных камандаў, але і для замежных. Да нас толькі чуткі даходзілі, вядома. Але гаварылі, што прыяжджалі з Казахстану дамовы заключаць. Патрабаваньні да прадукцыі вельмі высокія, кантралёры працуюць. Гэта жанчыны з волі. Вельмі чапляюцца да якасьці. Вучаць шыць хутка, ідэальна і прыгожа».
Па словах суразмоўцы, навучаньне адбываецца проста ў калёніі. Вучаць у сярэднім 2 месяцы. За гэты час зьняволеная можа атрымаць трэці, а то і другі разрад. Вольга ўзгадвае, што збольшага зьняволеныя жанчыны авалодвалі новай прафэсіяй, непрыдатнымі да працы на фабрыцы аказваліся адзінкі. Для іх знаходзілася іншая праца на фабрыцы альбо ў самой калёніі — можна было прышываць гузікі, прасаваць гатовую вопратку ці працаваць прыбіральшчыцай.
«Ад працы можна адмовіцца, для гэтага неабходна напісаць заяву. Падаць нейкую прычыну. Але такая адмова — гэта аўтаматычна парушэньне і аўтаматычна пакараньне. Як правіла — ШЫЗА. Часам магчыма перавесьціся на іншую працу. Але працаваць павінны ўсе, акрамя пэнсіянэрак. Не працуюць толькі яны. У іх з пэнсіі вылічваюць грошы на ўтрыманьне, рэшту выдаюць на рукі. Пэнсіянэркам заставалася на рукі каля 70 рублёў. Гэта на месяц набыць сабе чагосьці ў краме, гарбаты, цукерак».
Кірзавыя чаравікі і кірзавыя туфлі
Вольга ўзгадвае, што самыя «сакавітыя» заробкі атрымлівала ў 2014–15 гадах, калі на фабрыцы выконвалі вялікую замову на новую форму для міліцыі і войска. Тады прыходзілася працаваць нават па начах. На рукі яна тады атрымлівала каля 3,5–4 мільёнаў. Рэшту грошай, што заставалася пасьля аплаты «камуналкі» і харчаваньня, Вользе залічвалі на асабісты рахунак. Патраціць усе гэтыя грошы яна па ўласным жаданьні не магла, бо «атаварыць» у краме калёніі можна толькі пэўную суму, якая зьмянялася з часам. Калі хто ня мае спагнаньняў ад адміністрацыі, то патраціць можна 5–7 «мінімалак», калі парушэньні ёсьць — 2.
Самыя спакойныя і ляяльныя да адміністрацыі калёніі вязьні маглі разьлічваць на 10 «мінімалак» у месяц на «атаварку». Вольга кажа, што набывалі абсалютна ўсё неабходнае, ад мыла да вопраткі, калі хто меў у ёй патрэбу. Асабліва важна ў калёніі мець добры абутак.
«Вопратка ва ўсіх аднолькавая, яны шыецца тамсама, у калёніі на фабрыцы, — расказвае былая зьняволеная. — Абутак таксама форменны, але яго шыюць у мужчынскіх калёніях. Ёсьць два варыянты — кірзавыя чаравікі з кардоннай падэшвай ці кірзавыя туфлі закрытыя, падобныя да галёшаў. Летам у іх ногі варыліся ўжывую. Дзякуй, што нам дазвалялі набываць свой абутак у краме».
Вольга расказвае, што вопратку выдавалі такую: форменную целагрэйку «цудоўнага васільковага колеру», форменную цёмную ваўняную хустку, дзьве паркалёвыя сукенкі і адзін баваўняны касьцюм — штаны, кашуля і пінжак. Кашуляў можа быць дзьве — з доўгім і кароткім рукавом. Форму адзеньня абвяшчаюць кожны дзень раніцай. Калі кіраўніцтву падаецца, што ўжо вясна і цёпла, то ўсе будуць апранаць тое, што загадаюць. Аднак усё адно жанчыны ў калёніі выглядаюць па-рознаму. Справа ў тым, што вопратку для зьняволеных шыюць з таннай тканіны, якая хутка выгарае. І па яе адценьні можна нават зразумець, хто як доўга ў калёніі.
«Ахоўніц мы называлі „дубачкамі“»
Па словах Вольгі, ёсьць у распарадку дня і вольны час. Як правіла, адміністрацыя старалася іх пастаянна нечым займаць. Жанчын альбо змушалі вывучаць правілы ўнутранага распарадку, альбо займацца так званай «генэральнай прыборкай». Ахова ў калёніі пераважна з жанчын. Мужчыны з адміністрацыі і аховы амаль не перасякаюцца са зьняволенымі жанчынамі. Гэта пераважна кіраўніцтва і афіцэрскі склад, ёсьць мужчыны і ў шпіталі. Часам у калёніі нейкія працы выконвалі мужчыны з волі, нанятыя адміністрацыяй.
«Ахоўніц называюць непрыгожа — „дубачкі“. Ім гэта вельмі не падабаецца. Назва пайшла ад таго, што яны ходзяць з дубінкамі. Напэўна, гэта такая аналёгія з „зэчкамі“. Такі „наш адказ Чэмбэрлену“. Адносіны ў іх са зьняволенымі розныя складаюцца. Я прыйшла да высновы, што лепш за ўсё, калі ў цябе зусім няма ніякіх адносінаў зь імі. Але нехта ледзьве не па-сяброўску зь імі стасуецца. Нехта наадварот — як сабака злы на ахоўніц глядзіць. Мянушкі розныя даюць ім. „Гюрза“, альбо штосьці такое».
Вольга кажа, што канфлікты ў калёніі бываюць ня толькі паміж зьняволенымі жанчынамі і аховай, але і паміж самімі жанчынамі. Сваркі рознага ўзроўню напружанасьці здараюцца вельмі часта.
«Я нават ня ведаю, якая ў іх асноўная прычына, — кажа Вольга. — Напэўна, гэта тое, што прыходзіцца жыць літаральна на галаве адна ў адной. Раніцай штурханіна, увечары штурханіна. Я шмат разоў бачыла бойкі ля ўмывальніка. Як правіла, гэта сканчаецца проста лаянкай. Раніцай дазваляюць варыць каву, але ёсьць 2–3 разэткі на 50 чалавек. Усе бягуць з кіпяцільнікамі. Былі моманты, калі і кіпнем хтосьці можа апарыць».
«За кратамі бачна ўсё, што ёсьць у чалавеку»
Вольга кажа, што шмат канфліктаў узьнікае і падчас працы на фабрыцы. Яны выкліканыя ў асноўным тым, што нехта мусіць працаваць за 10% ад заробленага, а нехта атрымлівае значна больш. У выніку стаўленьне да працы рознае. А колькасьць зробленага, як правіла, залежыць ад агульных намаганьняў. Адсюль канфлікты. Яны небясьпечныя тым, што на фабрыцы зьняволеныя жанчыны маюць «зброю».
«На працы выдаюць нажніцы, адкруткі, — расказвае Вольга. — Гэтыя прадметы жанчыны могуць выкарыстоўваць у бойках. За той час, што я была ў калёніі, сур’ёзных выпадкаў было некалькі. Памятаю, калі толькі заехала туды ў 2012 годзе, адной жанчыне разьбілі табурэтку на галаве, і яна засталася інвалідам з мэталічнай пласьцінай у чэрапе. Яшчэ быў выпадак, калі кіпнем аблілі жанчыне твар. Самы страшны выпадак адбыўся ў мяне на вачах. Адна вялікая баба сварылася зь іншай, зусім невялічкай жанчынай. Тарахцела на яе цэлы дзень. А тая працавала з прасам моўчкі. А потым узяла адкрутку і загнала яе вялікай жанчыне ў бок. Адзін раз, другі, потым трэці замахнулася. Выглядала гэта вельмі страшна. Але ў выніку раненьне было нязначнае».
Па словах Вольгі, такія выпадкі адміністрацыя стараецца замяць. Кагосьці тут жа накіроўваюць у ШЫЗА, некага пераводзяць у іншае месца. Агулам, кажа былая зьняволеная, у жаночай калёніі зьняволеныя ацэньваюць адна адну не па артыкуле, а па тым, хто як сябе паводзіць. Нават дробныя недахопы адразу становяцца ўсім бачныя.
«Калёнія ня робіць цябе іншай, — кажа Вольга. — Яна дастае зь цябе тое, што ўжо было ўнутры. Магчыма, на свабодзе гэта прасьцей схаваць. Але за кратамі ўжо не атрымаецца, там бачна ўсё, што ёсьць у чалавеку».