— Што адбудзецца з прыхільнікамі Лукашэнкі пасьля яго сыходу?
— Думаю, у Лукашэнкі няма прыхільнікаў у пазытыўным сэнсе слова. Людзі прагматычна адпрацоўваюць грошы. Бо цяжка ўявіць сабе шчырага прыхільніка яго асобы або палітыкі. Каму можа падабацца хлусьня і некампэтэнтнасьць, скандалы і заняпад? Таму пасьля ягонага сыходу мы проста не пабачым у заўважнай колькасьці ягоных пасьлядоўнікаў.
— У чым падабенства сытуацыі ў Сырыі і ў Беларусі?
— Галоўнае, што мы бачым у рэпартажах з Сырыі, што ніякага дыктатарскага рэжыму няма. Асад уцёк, а ўсё ягонае атачэньне імгненна «пераабулася». Гэта значыць, усе гэтыя дзесяцігодзьдзі ўся гэтая дыктатура трымалася на ягонай пэрсоне і больш ні на чым. Нават у тых мясьцінах, адкуль паходзіць Асад, скідаюць помнікі ягонаму бацьку і радуюцца, што ў краіны нарэшце зьявіліся шанцы на будучыню. У гэтым, па-мойму, галоўнае падабенства Асада і Лукашэнкі і іхных дыктатарскіх рэжымаў, якія панаваць могуць доўга, а зьнікаюць за колькі дзён.
— Лукашэнка прызначыў новага народнага паэта Беларусі, пра якога мала што вядома, навошта?
— Народным паэта называе народ — калі паэт выказвае агульныя спадзяваньні. Так было ў ХІХ — пачатку ХХ ст., калі і зьявіліся ў нас першыя народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. У савецкія часы народных паэтаў прызначала ўлада, тады «народны паэт» стала ганаровым званьнем, а не народным прызнаньнем. І вось Лукашэнка вярнуўся да савецкай практыкі. Прычым канчаткова згубіліся крытэрыі — ён прызначае ня тых, хто чагосьці дасягнуў у літаратуры, а тых, хто побач зь ім. То бок народным цяпер называецца прыдворны паэт правіцеля.
— Чаму ЛГБТ ці чайлдфры, ці трансгендэраў называюць пагрозай нацыянальнай бясьпецы, большай за вайну?
— Бо гэтыя людзі самі кіруюць сваім лёсам і жывуць ня ў статку. Задайце сабе пытаньне: ці адчуваў я калі-небудзь пагрозу ад такіх людзей? І вы адчуеце абсурднасьць самога пытаньня. Нават калі вы ўвогуле ведаеце такіх людзей, яны, думаю, нічым не настрашылі вас. Дык у чым праблема? Жыві, які ты ёсьць, і не замінай жыць іншым — народная этыка. Не рабі іншым таго, чаго не хацеў бы каб рабілі табе — хрысьціянская этыка.
— Ці дастаткова ў Беларусі ведаць адну расейскую мову?
— Гледзячы зь Беларусі сёньня, быццам бы так. Насамрэч гэта ілюзія. Анамальная сытуацыя ня можа быць «назаўсёды», бо трымаецца ўрэшце на адным анамальным чалавеку — Лукашэнку. Тымчасам вакол Беларусі і ў шырокім сьвеце імкліва звужаецца абшар ужываньня расейскай мовы. Гэтаму спрыяе і натуральная цяга нацыяў да свайго, і агрэсіўная палітыка Расеі, зь якой ніхто ня хоча сябе асацыяваць. Тым часам беларуская мова — гэта проста наша мова, якая не заплямленая канатацыямі бесчалавечнасьці і хлусьні.
— Чаму ўлады кажуць пра беларусаў як пра насельніцтва, а не пра нацыю?
— Гэта наўмыснае прыніжэньне статусу. Лукашэнка і Пуцін — «русские люди». То бок ніякіх беларусаў ці ўкраінцаў як нацыяў не існуе, яны «младшие братья». Яны ня могуць і не павінны быць суб’ектамі жыцьця, нацыяй, а толькі насельніцтвам, якое Лукашэнка яшчэ абразьліва называе «народцем», а Пуцін і ўвогуле забівае ўкраінцаў. Тое, што беларусы і ўкраінцы — старыя эўрапейскія нацыі са сваімі асобнымі мовамі, самабытнай культурай і сваім гістарычным лёсам, пад увагу не бярэцца, бо ўлады «так бачаць».
— Што значыць гэты флэшмоб, калі ў тэлевізары нейкія людзі крычаць «надо»?
— Для імітацыі прэзыдэнцкіх выбараў нават праграму кандыдату прыдумаць паленаваліся ці проста не змаглі. Вось і засталося адно слова «надо», якое мае адзіны сэнс: «мне надо власть!» І больш нічога, ні аднаго кірунку ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай сфэры... Уся прэзыдэнцкая праграма. Бо насамрэч праграма Лукашэнкі — ў Расеі, таму і «надо», па-расейску. Маўляў, мы ж адзін «русский мир». Калі б было па-беларуску «трэба» — трэба было б канкрэтна задумацца, як шмат усяго ўсім нам трэба зрабіць для нармальнага жыцьця, а не для імітацыі.
— Чаму сёлета прэмію «За духоўнае адраджэньне» Лукашэнка ўручыў не канкрэтным людзям, а «калектывам»?
— Сапраўды, канкрэтных асобаў-ляўрэатаў менш, чым пальцаў на адной руцэ. Відавочна, прычына ў тым, што ўшанаваныя людзі часам аказваліся пасьля асобамі «з другога боку барыкад». А таму можна сказаць, што сьледам за выбарамі ў Беларусі цяпер і прэмія «за адраджэньне» вырадзілася, цяпер і яна ня будзе адчувальнай падтрымкай для крэатыўных людзей, а ператворыцца ў імітацыю.
— Чаму ў Беларусі ідзе «пяцігодка якасьці», але ніякага паляпшэньня ні ў чым не відаць?
— Пасьля 2020 году ў кадравай палітыцы рэжыму паміж дасьведчанасьцю і ляяльнасьцю стаўка робіцца выключна на ляяльнасьць. І пачынаецца заняпад ва ўсіх галінах дзейнасьці. У турмах сядзяць найлепшыя спэцыялісты, на волі — росквіт карупцыі, а ў прэзыдэнта-аграрыя многімі тысячамі дохнуць каровы і бульба не ўрадзіла. Тым часам 2025-ы абвешчаны годам добраўпарадкаваньня, то бок годам «прыборкі ў хаце», што звычайна мусіць рабіцца штодня і не выстаўляцца як нейкае выключна важнае мерапрыемства.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
Форум