Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да Калесьнікавай падсаджваюць псыхічна хворую». Дасьледчыкі сабралі зьвесткі пра парадкі ў жаночай калёніі № 4


Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс ( прозьвішча зьмененае) з выставы «Турма звонку, а не ўнутры».
Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс ( прозьвішча зьмененае) з выставы «Турма звонку, а не ўнутры».

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі падрыхтаваў справаздачу «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4».

Прэзэнтацыя справаздачы адбылася ў беларускім «Прэс-клюбе», які пад пагрозай рэпрэсій перабраўся зь Менску ў Варшаву.

Гомельская жаночая калёнія № 4 — гэта тая калёнія, дзе трымаюць кіраўніцу выбарчага штабу Бабарыкі Марыю Калесьнікаву, журналістку Кацярыну Андрэеву, сацыёляга Валерыю Касьцюгову, праваабаронцаў Марфу Рабкову і Насту Лойку ды яшчэ дзясяткі палітзьняволеных беларускіх жанчын.

Справаздача падрыхтаваная на аснове інтэрвію з 20 былымі зьняволенымі, якія адбывалі пакараньне ў ПК-4 з траўня 2021 па люты 2024 году.

«Усе яны былі незаконна асуджаныя пасьля выбараў прэзыдэнта ў Беларусі ў 2020 годзе і прызнаныя палітычнымі зьняволенымі», — падкрэсьліваюць аўтары справаздачы. У дакумэнце 89 старонак, якія ўключаюць цытаваньні расповедаў былых зьняволеных і высновы дасьледчыкаў.

Вядомых палітзьняволеных трымаюць у прэс-атрадах

Паводле сьведчаньняў былых зьняволеных ПК-4, найбольш вядомых палітычных трымаюць у гэтак званых прэс-атрадах, дзе створаныя адмысловыя ўмовы для ціску.

«Яна трапіла ў прэс-атрад, 9-ы атрад, дзе вылівалі палітычным ваду на ложак, лёзы падкідалі... І гэта было не да ўсіх, толькі вось на каго ёсьць замова... Гэтая дзяўчынка таксама не прызнавала сваю віну і таксама атрымала праз гэта», — сьведчыць былая зьняволеная.

А вось яшчэ адно сьведчаньне пра той жа 9-ы атрад: «Гэта самы жорсткі атрад, калі вось можна трапіць у пекла, то гэта менавіта тое месца».

Іншая экс-палітзьняволеная назвала прэс-атрадам і 18-ы, дзе на асуджаных зь біркамі, якіх паставілі на прафіляктычны ўлік, дадатковы ціск аказваюць іншыя вязьні.

Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс (прозьвішча зьмененае)
Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс (прозьвішча зьмененае)

«Наколькі я ведаю, першапачаткова там 18-ы атрад лічыцца такім, ну, прэс-атрадам. Паводле ўказаньня супрацоўнікаў зьверху шмат асуджаных на замову падстаўляе нашых дзяўчатак», — засьведчыла для справаздачы маладая жанчына.

У 18-м атрадзе да 2023 году знаходзілася Марыя Калесьнікава. Вось што згадалі пра яе жанчыны, чые ўспаміны ўвайшлі ў справаздачу.

«Марыя Калесьнікава ўпершыню трапіла ў ШЫЗА за тое, што пазычыла гадзіньнік на час дзяжурства іншай дзяўчынцы. Ізноў жа, Маша Калесьнікава, яна адна ў атрадзе, то бок зь ёю палітычных ніякіх няма, забараняюць зь ёю наагул размаўляць».

«Калі ў цябе жоўтая бірка...»

Апроч дзьвюх праверак на дзень, для палітзьняволеных існуюць яшчэ дзьве дадатковыя праверкі, таму яны мусяць праводзіць шмат часу на вуліцы ў любое надвор’е, — так апісваюць парадкі ў ПК-4 аўтары справаздачы. Пры гэтым адміністрацыя забараняе зьняволеным зь біркамі размаўляць і адно з адным. Акрамя таго, у тых, хто стаіць на ўліку як «схільны да экстрэмізму», часьцей, чым у іншых зьняволеных, і ў больш грубай форме праводзяцца вобшукі.

«Са мной у атрадзе была адна палітычная, але нам забаранялі зь ёю камунікаваць, проста забаранялі пад страхам пакараньня», — сьведчыць былая зьняволеная.

Абмежаваньні адносна палітзьняволеных тычацца ня толькі праверак альбо працы, але і часу, адведзенага на адпачынак.

Адзначаецца, прыкладам, што зьняволеным, якія пастаўленыя на прафіляктычны ўлік як схільныя да экстрэмізму (на такі ўлік ставяць аўтаматам усіх палітычных) забаронена хадзіць у клюб, спартовую залю, царкву, каледж. Таксама ім абмяжоўваюць магчымасьць патэлефанаваць сваякам — гэта дазваляюць толькі раз на месяц і ў прысутнасьці начальніка атраду ці апэратыўнага супрацоўніка. Працяглыя спатканьні даюцца ня больш як на два дні без магчымасьці ўзяць у атрад ежу, якая засталася са спатканьня. Таксама палітычным максымальна абмяжоўваюць магчымасьць перапіскі, выдаючы лісты толькі ад самых блізкіх сваякоў.

«Плюс табе нельга, напрыклад, хадзіць у клюб, плюс ты ня можаш наведваць каледж, у спартзалю таксама нейкі час нельга было хадзіць», — згадвае былая асуджаная.

«На атрад 5 унітазаў, адзін адведзены пад начальніцу атраду»

Большасьць апытаных былых зьняволеных ПК-4 наракаюць на бытавыя ўмовы ў калёніі.

«У старым трухлявым будынку 15-га атраду, паводле словаў былых зьняволеных, напрыклад, няма душа. На ўвесь атрад чатыры ракавіны, адзін нагамыйнік. На першым паверсе пяць унітазаў, але адзін адведзены пад начальніцу атраду. То бок чатыры ўнітазы на ўвесь атрад і адно бідэ. Такім наборам выгодаў павінны абыходзіцца 80 жанчын. Пакой прыёму ежы таксама вельмі малы, і падчас прыёму ежы жанчыны туды не зьмяшчаюцца, ім даводзіцца прымаць ежу ў іншых дапаможных памяшканьнях, уключаючы памывачную. У памывачнай ёсьць дзьве пральныя машыны і тумбачка для гаспадарчых рэчаў», — адзначаецца ў справаздачы пра ПК-4.

Падобныя ўспаміны можна прачытаць і пра іншыя атрады.

«У 16-м атрадзе — вільгаць і цьвіль, вельмі халодна; у 14-м атрадзе, падобна, рамонту не было вельмі даўно — сьцены і падлога абадраныя, сантэхніка старая і ўбогая», — згадалі сьведкі.

«І там у прыбіральнях знаходзіліся ўнітазы і бідэ адно на 80 чалавек. Стаялі рукамыйнікі і нагамыйнікі, то бок цалкам памыцца не было магчымасьці».

«Праз паўтара месяца... мяне перавялі ў 14-ы атрад. Я была ў шоку, калі я прыйшла ў гэты атрад. Гэта быў нейкі бамжатнік проста. Мне падалося, што 15-ы атрад ня вельмі, але калі я ўбачыла 14-ы — гэта быў нейкі жах. Ты заходзіш, там абадраныя сьцены і падлога. Заходзіш у ракавіну — там адлегласьць паміж кранам і ракавінай... То бок галаву там памыць нерэальна. Там вельмі старыя ракавіны, якія ты не адмыеш. Там такі слой іржы і ўсялякай жэсьці, што можна было звар’яцець».

Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс (прозьвішча зьмененае)
Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4 Анжэлы Дэвіс (прозьвішча зьмененае)

«Было жахліва знаходзіцца побач з такім чалавекам»

Асобны разьдзел у дакумэнце дасьледчыкаў прысьвечаны псыхалягічнаму ціску, які аказвае на зьняволеных жанчын адміністрацыя і тыя, хто ёй дапамагае.

Апроч цяжкай працы, адсутнасьці вольнага часу, абмежаваных бытавых умоваў і бездапаможнасьці перад несправядлівым прысудам, палітычныя зьняволеныя ў калёніі ўвесь час знаходзяцца пад псыхалягічным ціскам, адзначаюць аўтары дасьледаваньня парадкаў у ПК-4. Паводле апытаных «сядзельцаў», там ствараецца атмасфэра падазронасьці, вязьням «заўсёды варта чакаць падвоху з боку іншых зьняволеных». Асобныя зьняволеныя, асуджаныя, як правіла, па цяжкіх гвалтоўных артыкулах, выкарыстоўваюцца адміністрацыяй для запалохваньня і дыскамфорту палітычных зьняволеных.

«Яе ўвесь час „падкладалі“ кудысьці да мяне, каб яна была дзесьці побач са мною і мяне даймала, і зьдзекавалася зь мяне ўсяляк. І з такім чалавекам побач рэальна страшна знаходзіцца проста. Псыхалягічна страшна. Калі чалавек дагэтуль ганарыцца тым, што яна гэта зрабіла [забойства], і я разумею выдатна, што яна можа мяне забіць і ёй шмат не дадуць, і яна можа на гэта пайсьці», — згадала палітзьняволеная пра суседку па атрадзе, якая была асуджаная за забойства.

Паводле Натальлі, юрыста Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), падобная практыка ў ПК-4 выкарыстоўваецца дзеля таго, каб максымальна пагоршыць для палітычных псыхалягічныя ўмовы адбыцьця пакараньня, а то і справакаваць іх на канфлікты.

«Так, такая інфармацыя да нас даходзіць, што гэта шырока выкарыстоўваюць супраць палітычных зьняволеных. У тым ліку каб чалавек трапіў у ШЫЗА ці ПКТ, а ўжо там падсаджваюць да іх такіх хворых і небясьпечных людзей, каб ствараць правакацыі», — мяркуе юрыст Натальля.

Марыя Калесьнікава ў ПКТ і ШЫЗА

Паводле былой зьняволенай ПК-4 мастачкі Анжэлы, да Марыі Калесьнікавай цяпер ужываюць менавіта такія мэтады ўзьдзеяньня — ствараюць ёй невыносныя ўмовы празь небясьпечнае суседзтва.

«Ад былых зьняволеных маю інфармацыю, што пасьля лютага 2023 году, пасьля апэрацыі, Марыю Калесьнікаву з 18-га атраду перавялі. Цяпер яе трымаюць у ПКТ, але часам адпраўляюць і ў ШЫЗА. І вось там, паводле маіх крыніцаў, да яе ў камэру рэгулярна падсаджваюць дзяўчыну, якую некаторыя лічаць псыхічна хворай. Лічу, што знаходзіцца з такім чалавекам у адной камэры — гэта дадатковае катаваньне, і гэта робіцца адмыслова», — расказала Свабодзе Анжэла. Таксама, паводле Анжэлы, Марыя Калесьнікава выглядае вельмі схуднелай.

«Нават гэтая дзяўчына неяк прагаварылася, што Марыя вельмі худая. І гэта зразумела, бо Марыі нельга есьці тое, што там даюць, а набыць дастаткова іншай ежы ў краме ў яе не хапае грошай, бо ёй абмежавалі грашовыя сродкі, якія можна патраціць у турэмнай краме», — таксама распавяла Анжэла карэспандэнту «Свабоды».

Інфармацыя з справаздачы «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4» пацьвердзіла зьвесткі пра тое, што супраць палітычных зьняволеных ужываюць адмысловыя правакацыі. Марыі Калесьнікавай аўтары справаздачы прысьвяцілі асобны разьдзел.

«З боку адміністрацыі Марыі аддаецца самая пільная ўвага і ствараюцца невыносныя ўмовы існаваньня. Мэтай адміністрацыі зьяўляецца зламаць яе волю і сілу, што не ўдаецца зрабіць да гэтага часу», — указваюць аўтары справаздачы. У дакумэнце прыводзіцца ўспамін пра тое, што адбывалася ў калёніі, калі Марыю Калесьнікаву з атраду забіралі на апэрацыю.

«У гэты дзень Машы Калесьнікавай было дрэнна, яе вывозілі на апэрацыю ў горад. Усе кантралёры былі занятыя вось гэтым — яе, ну, транспартаваньнем, аховай, перамяшчэньнем, і яны ў гэты дзень не адчынілі наагул на кантрольна-прапускным пункце вакно перадачаў. Гэта была першая субота сьнежня 2022 году», — згадвала адна з апытаных зьняволеных гомельскай жаночай калёніі пра Марыю Калесьнікаву.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG