Афіцыйна на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў канцы 2004 году было 26 кандыдатаў. У рэальнасьці змаганьне ішло паміж двума кандыдатамі.
Віктар Юшчанка нарадзіўся ў Сумскай вобласьці Ўкраінскай ССР у сям'і настаўнікаў. Ён пераехаў у Кіеў ў 1985 годзе, маючы ступень кандыдата эканамічных навук, і пачаў банкаўскую кар'еру. Падчас эканамічных складанасьцяў пасьля распаду СССР Юшчанка атрымаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага банку Ўкраіны. Ён быў ключавой фігурай, калі ўваодзілася ўкраінская грашовая адзінка, грыўня. З 1999 па 2001 год ён быў прэм'ер-міністрам падчас кіраваньня прэзыдэнта Леаніда Кучмы.
Юшчанка пайшоў на прэзыдэнцкія выбары з празаходняй плятформай, абяцаўшы крокі для інтэграцыі Ўкраіны ў Эўразьвяз і NATO.
Віктар Януковіч нарадзіўся ва ўсходняй Данецкай вобласьці Ўкраінскай ССР. Ягоная маці памерла, калі яму было два гады. Пазьней ён расказваў пра сваё дзяцінства: «Я паходжу зь вельмі беднай сям'і, і мая галоўная мара ў жыцьці была вырвацца з гэтай бедансьці». У юнацтве ён працаваў па розных спэцыяльнасьцях, у тым ліку мэханікам і аўтаэлектрыкам. Быў двойчы асуджаны, у тым ліку за рабаваньне. Пазьней стаў дырэктарам аўтабазы і кіраўніком шэрагу транспартных прадпрыемстваў. З 1997 па 2002 год Януковіч кіраваў адміністрацыяй Данецкай вобласьці, а ў лістападзе 2002 году ён быў прызначаны прэм'ер-міністрам Украіны.
Януковіч у сваёй перадвыбарчай праграме аддаваў перавагу інтэграцыі з Расеяй, а ягоную выбарчую кампанію адкрыта падтрымаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які некалькі разоў наведваў Украіну ў 2004 годзе.
28 кастрычніка 2004 году, на 60-ю гадавіну вызваленьня Ўкраіны ад нацыстаў, Пуцін стаяў побач зь Януковічам на трыбуне ў цэнтры Кіева, прымаючы вайсковы парад у савецкім стылі.
Урачысты настрой на трыбуне троху памяняўся, калі Януковіч прапанаваў сваім расейскім гасьцям цукеркі, дастаўшы іх з кішэняў. Пуцін адмовіўся, але Дзьмітры Мядзьведзеў, які ў той час быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, паласаваўся цукеркай.
У верасьні 2004 году Юшчанка прыйшоў на вячэру ў доме Ўладзіміра Сацюка, тагачаснага намесьніка кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны. Неўзабаве пасьля гэтага стан задроўя Юшчанкі моцна пагоршыўся.
Пазьней аналізы паказалі, што ён быў атручаны дыяксынам. Калі Юшчанку выпісалі са шпіталю, ягоны твар быў зьнявечаны атрутай. Украінская журналістка згадвала, што для яе было шокам пабачыць твар Юшчанкі – быццам гэта быў ужо іншы чалавек. Юшчанка казаў пра наўмыснае атручваньне і абвінаваціў Расею ў спробах перашкодзіць расьсьледаваньню.
Сацюк, чый удзел у атручваньні Юшчанкі ня быў даказаны, у 2007 годзе пераехаў у Расею, зрабіўшыся генэрал-маёрам расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі.
У той жа месяц, калі быў атручаны Юшчанка, Януковіч сустракаўся з студэнтамі ў Івана-Франкоўску на захадзе Ўкраіны. Калі ён сышоў з аўтобуса, у яго кінулі нейкі прадмет. Януковіч зваліўся, і ягоная ахова занесла яго ў машыну і адвезла ў найбліжэйшы шпіталь. Каманда палітыка заявіла пра напад «цьвёрдым аб'ектам» і апублікавала відэа, на якім Януковіч са шпітальнага ложка асуджаў напад. Пазьней зьявілася відэа, на якім відаць, што адзін са студэнтаў кінуў у Януковіча яйка, і менавіта ад гэтага палітык драматычна ўпаў.
Першы тур прэзыдэнцкіх выбараз ва Ўкраіне адбыўся 31 кастрычніка 2004 году. Паводле афіцыйных зьвестак, Юшчанка атрымаў 39.9% галасоў, а Януковіч — 39.2%. Паколькі ніводны з кандыдатаў не набраў неабходныя 50 працэнтаў, быў абвешчаны другі тур.
21 лістапада адбыўся другі тур выбараў. Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла, што пасьля падліку 33 працэнтаў галасоў, Віктар Януковіч быў наперадзе, маючы больш за 50 працэнтаў. Тым часам апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў паказвалі перавагу Віктара Юшчанкі. Замежныя назіральнікі паведамілі пра шматлікія парушэньні падчас падліку галасоў.
Празь дзень пасьля галасаваньня Цэнтральная выбарчая камісія апрацавала 97.67% галасоў, пасьля чаго праца нечакана спынілася. Больш за тыдзень краіна напружана чакала афіцыйных вынікаў. Кіраўнік камісіі Сяргей Ківалаў тлумачыў затрымку рознымі тэхнічнымі праблемамі, у тым ліку праблемамі з кампутанымі сэрвэрамі. Прыхільнікі Юшчанкі заяўлялі, што затрымку арганізавалі, каб даць камандзе Януковіча магчымасьць скрасьці выбары.
У ноч з 21 на 22 лістапада Юшчанка сустрэўся з Ківалавым. Пасьля сустрэчы за зачыненымі дзьвярыма, Юшчанка заявіў: «Мы не давяраем вынікам Цэнтральнай выбарчай камісіі». Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў «выйсьці на Майдан і абараніць нашую перамогу», маючы на ўвазе Плошчу незалежнасьці ў цэнтры Кіева, якая часта была важным месцам падчас пратэстаў ва Ўкраіне.
Раніцай 22 лістапада невялікая колькасьць пратэстоўцаў сабралася ў цэнтры Кіева пад аранжавымі сьцягамі кампаніі Юшчанкі. Зь цягам дня лібча пратэстоўцаў расла.
У сярэдзіне дня 22 лістапада, Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла, што падлічыла 99 працэнтаў галасоў. Паводле ЦВК, Януковіч меў 49.4%, а Юшчанка 46.7%. Януковіч атрымаў віншаваньні зь Беларусі і Расеі. Пуцін заявіў, што «ўкраінскі народ зрабіў свой выбар – выбар на карысьць стабільнасьці і ўзмацненьня дзяржаўнасьці».
Вашынгтон адмовіўся прызнаць афіцыйныя вынікі выбараўю Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл папярэдзіў пра неназваныя «наступствы» для ўкіраніскіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў «фальсыфікацыях» на выбарах.
Пратэсты пад аранжавымі сьцягамі кампаніі Юшчанкі працягваліся па ўсёй Украіне, і натоўпы атачылі дзяржаўныя будынкі ў Кіеве. У некаторыя дні на Плошчы незалежнасьці ў Кіеве зьбіралася да паўмільёна чалавек, нягледзячы на марознае надвор'е.
Прыхільнікі Юшчанкі зьвярталі ўвагу на вынікі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Паводле каманды Юшчанкі, там ні назіральнікаў, ні журналістаў не дапусьцілі да падліку галасоў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, і ў апошні момант там адбыўся рэзкі рост колькасьці галасоў за Януковіча.
3 сьнежня Вярхоўны суд Ўкраіны абвясьціў вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі. Ён прызначыў паўторны другі тур на 26 сьнежня 2004 году.
10 студзеня 2005 году Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны абвясьціла афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх большасьць галасоў атрымаў Віктар Юшчанка. 23 студзеня адбылася ягоная інаўгурацыя на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны.
Аднак у наступным годзе, у жніўні 2006 году Віктар Януковіч стаў прэм'ер-міністрам, а ў 2010 годзе яго абралі прэзыдэнтам.
Юшчанка на выбарах у 2010 годзе заняў пятае месца, набраўшы менш за 6 працэнтаў галасоў. Многія ўкраінцы лічылі, што падчас прэзыдэнцтва ў 2005-2010 годзе ён ня здолеў выканаць сваіх абяцаньняў і наблізіць краіну да інтэграцыі з Эўразьвязам і NATO.
У 2014 годзе Януковіча зрынулі з пасады пасьля пратэстаў «Эўрамайдану», якія цягнуліся некалькі месяцаў. Пратэсты пачаліся на Плошчы незалежнасьці ў Кіеве пасьля рашэньня Януковіча адмовіцца ад дамовы з Эўразьвязам і замест гэтага паглыбляць інтэграцыю з Расеяй. Таксама людзі называлі сярод прычынаў пратэсту карупцыю ў тагачасным кіраўніцтве Ўкраіны.