Адбітак калектыўнай віны міжволі кладзецца на ўсіх, хто ў той ці іншай сытуацыі карыстаецца пашпартам, выдадзеным дзяржавай-агрэсарам.
Да ўладальнікаў такіх пашпартоў часта ставяцца з падазронасьцю і недаверам, нават калі яны апанэнты рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, а іхныя ўцёкі на Захад былі адзіным спосабам пазьбегнуць турмы ў сябе на радзіме. Чым гэта выклікана і ці абгрунтаваныя крыўды тых, хто з гэтым вымушаны мець справу?
З праявамі недаверу і перасьцярогі беларускія грамадзяне, жывучы за мяжой, могуць цяпер сутыкнуцца шмат дзе: на памежным пераходзе, у аэрапорце, у дзяржаўнай установе (асабліва ў міграцыйнай службе), у страхавой кампаніі, у шпіталі, у паліцыі... У многіх заходніх банках, убачыўшы расейскі ці беларускі пашпарт, яго ўладальніку адмовяць у адкрыцьці банкаўскага рахунку.
Ці, у лепшым выпадку, наладзяць папярэднюю праверку, якая можа цягнуцца шмат тыдняў і нават месяцаў. Ніхто проста ня скажа пра дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, але амаль усюды будуць спасылацца на нейкія ўнутраныя правілы, рэглямэнты і абмежаваньні. І амаль паўсюль надзелены ўладай суразмоўца, ківаючы на «ня той» пашпарт, абыякава ці са спачуваньнем у голасе ў той ці іншай форме прамовіць нешта накшталт такога звыклага для беларусаў: «Ну вы самі ўсё разумееце...».
Тое, што некалькі дзён таму ПАРЭ падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнаньні, толькі падкрэсьлівае значнасьць і маштаб гэтай праблемы. А сама па сабе рэзалюцыя, дарэчы, зусім не азначае, што ўсе краіны, якія ўваходзяць у ПАРЭ, тут жа паслухмяна выканаюць рэкамэндацыю.
Цана вайны
Высокапастаўленыя асоба на Захадзе рэдка адкрыта разважаюць на гэту тэму. Ці не адзінае выключэньне — нядаўняе інтэрвію новага чэскага прэзыдэнта Пэтра Павэла Радыё Свабода, у якім ён заявіў, што грамадзяне Расеі, якія жывуць у краінах Захаду, ва ўмовах вайны, якую пуцінскі рэжым вядзе ва Ўкраіне, павінны быць «пад пільнай увагай спэцслужбаў».
Размова пра гэта зайшла пасьля таго, як прэзыдэнту задалі пытаньне пра тых расейскіх грамадзянаў, якія жывуць у Эўропе і не падтрымліваюць пазыцыю Крамля. Ці будуць ім працягваць візы і дазволы на жыхарства? Ці павінны быць дадзеныя студэнтам з Расеі магчымасьці для атрыманьня адукацыі і пабудовы кар’еры або бізнэсу ў Эўрапейскім зьвязе? Пэтр Павэл на гэта адказаў:
«Я лічу, што, як і ў выпадку з шэрагам сусьветных канфліктаў у мінулым, падчас вайны меры бясьпекі ў дачыненьні да расейскіх грамадзян павінны быць больш строгімі, чым у звычайны час. Так што за ўсімі грамадзянамі Расеі, якія жывуць у заходніх краінах, трэба сачыць значна больш пільна, чым раней, таму што яны грамадзяне нацыі, якая вядзе агрэсіўную вайну. Мне можа быць шкада гэтых людзей, але ў той жа час, калі мы азірнёмся назад, у часы, калі пачалася Другая сусьветная вайна, — тады ўсё японскае насельніцтва, якое жыло ў Злучаных Штатах, таксама знаходзілася пад строгім рэжымам назіраньня. Гэта проста цана вайны».
Гэтае інтэрвію Пэтра Павэла працытавалі многія сусьветныя СМІ. Яго ж актыўна пачала выкарыстоўваць расейская прапаганда. Кіраўнік камітэта міжнародных справаў Дзярждумы РФ Леанід Слуцкі назваў заявы чэскага прэзыдэнта «нэанацызмам у чыстым выглядзе». А сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін напісаў, нібыта чэскі прэзыдэнт «прапанаваў грамадзянаў Расеі, якія жывуць за мяжой, накіроўваць у канцлягеры». Ён жа абвінаваціў Захад у «русафобскай палітыцы» і ў тым, што на Захадзе ставяцца да расейцаў «як да людзей другога гатунку»:
«Калі зьяжджалі, думалі, што здолеюць ціха-спакойна адседзецца. Сталася ня так. Працы не даюць. Дзяцей цкуюць у школах. Банкруцяць прадпрыемствы»...
І выснова, якую робіць сьпікер Дзярждумы:
«Улічваючы тое, што адбываецца, правільна нарэшце ўключыць галаву: сёньня ёсьць магчымасьць вярнуцца; заўтра — пры той гістэрыі, якая нагнятаецца ў Заходняй Эўропе, — можа яе ўжо ня быць».
Розгалас заяў Пэтра Павэла быў настолькі вялікім, што ў дадатковым тлумачэньні прэсавая сакратарка прэзыдэнта Чэхіі асобна падкрэсьліла, што «прэзыдэнт ніякім чынам ня меў на ўвазе інтэрнаваньне або які-небудзь перасьлед», а спасылка на японскіх грамадзян у Злучаных Штатах падчас Другой сусьветнай вайны, паводле яе слоў, «была зроблена Пэтрам Павэлам у кантэксьце таго, што абмежавальныя меры ў адносінах да грамадзян варожых краін не зьяўляюцца чымсьці новым і прымяняліся ў мінулым, хоць і больш жорстка».
Рэха Пэрл-Гарбара
Што ж адбылося зь японскімі эмігрантамі ў ЗША ў 1942 годзе? Тут важна ўлічваць гістарычны кантэкст, грамадзкую атмасфэру, якая панавала ў той час і ў Злучаных Штатах, і ў астатнім сьвеце.
7 сьнежня 1941 года адбыліся драматычныя падзеі — маштабны налёт японскай авіяцыі на амэрыканскую вайскова-марскую базу Пэрл-Гарбар на Гаваях, у выніку якога флёт ЗША пацярпеў цяжкія страты. Злучаныя Штаты ўступілі ў вайну, амэрыканцы з трывогай чакалі, што Японія можа ажыцьцявіць узброенае ўварваньне на ціхаакіянскае ўзьбярэжжа Амэрыкі, перш за ўсё ў Каліфорніі. Там жыло шмат этнічных японцаў. У грамадзтве, у прэсе, сярод амэрыканскіх вайскоўцаў назіралася яўная заклапочанасьць: наколькі японцы-эмігранты ляяльныя да новай радзімы? Ці не пяройдуць яны ў крытычны момант на бок ворага?
Вось на такім тле і зьявіўся надзвычайны ўказ прэзыдэнта Рузвэльта ад 19 лютага 1942 года, які дазволіў вайсковым уладам вызначыць «зоны высяленьня» і перамяшчаць туды любых асобаў. Пад інтэрнаваньне з заходняга ўзьбярэжжа трапілі галоўным чынам японцы — агулам каля 120 тысяч, многія зь якіх былі грамадзянамі ЗША. Жыцьцё ў лягерах для інтэрнаваных, зразумела, было далёка не камфортным, хоць і не параўнальным з тым, якім яно было, напрыклад, у савецкім ГУЛАГу. Да таго ж з часам рэжым зьмякчаўся, японцы маглі ў многіх выпадках пакідаць агароджаную тэрыторыю, хадзіць на працу і на вучобу.
Ужо ў студзені 1945-га законы аб прымусовым высяленьні былі адмененыя. У 1948-м інтэрнаваным японцам выплацілі частковыя кампэнсацыі за страчаную ўласнасьць. А пазьней, у 70-80-я, правялі маштабнае расьсьледаваньне гісторыі з інтэрнаваньнем. Справа скончылася тым, што ў 1988 годзе прэзыдэнт Рональд Рэйган падпісаў Закон аб грамадзянскіх свабодах, у якім ад імя ўраду ЗША прыносіліся прабачэньні за інтэрнаваньне, выкліканае «расавымі забабонамі, ваеннай гістэрыяй і памылкамі палітычнага кіраўніцтва».
Згодна з законам, кожнаму інтэрнаванаму дзяржава павінна была выплаціць кампэнсацыю 20 000 даляраў (46 000 даляраў у пераліку на цэны 2021 года).
«Немцы Паволжа хаваюць у сваім асяродзьдзі ворагаў савецкага народу»
Практыка прымусовага перасяленьня прадстаўнікоў «падазроных» нацыянальнасьцяў падчас Другой сусьветнай вайны была шырока распаўсюджанай. Напрыклад, кіруючыся тымі ж інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі, немцаў і аўстрыйцаў дэпартавалі зь Вялікай Брытаніі (на востраў Мэн, у Канаду і Аўстралію — каля 30 000 чалавек). У Канадзе ўзялі прыклад з ЗША і інтэрнавалі з заходняга ўзьбярэжжа японцаў (усяго больш як 22 000 чалавек).
Але несувымерна большымі маштабамі і наступствамі прымусовых перасяленьняў вызначыўся сталінскі Савецкі Саюз. Да вайны ў СССР існавала цэлая аўтаномная рэспубліка — Немцы Паволжа, у якой жылі больш за 600 тысяч нашчадкаў нямецкіх каляністаў, запрошаных сюды Кацярынай ІІ у XVIII стагодзьдзі. 28 жніўня 1941 года гэтая рэспубліка перастала існаваць, а ўсё яе насельніцтва ў прымусовым парадку было вывезена ў Казахстан, на Алтай і ў Сібір.
Ва ўказе Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР, падпісаным у той дзень Міхаілам Калініным, савецкія немцы абвінавачваліся ў масавай здрадзе і шпіянажы:
«Паводле дакладных зьвестак, атрыманых вайсковымі ўладамі, сярод нямецкага насельніцтва ў раёнах Паволжа ёсьць тысячы і дзясяткі тысяч дывэрсантаў і шпіёнаў, якія па сыгнале, дадзеным зь Нямеччыны, павінны правесьці выбухі ў раёнах, заселеных немцамі Паволжа. Пра наяўнасьць такой вялікай колькасьці дывэрсантаў і шпіёнаў ніхто зь немцаў, якія жывуць у раёнах Паволжа, савецкім уладам не паведамляў, значыць, нямецкае насельніцтва Паволжа хавае ў сваім асяродзьдзі ворагаў савецкага народу і савецкай улады».
Дэпартацыя была татальнай. Ажыцьцяўлялі яе загадзя ўведзеныя войскі НКВД. На зборы сем’ям адводзілася 24 гадзіны. Узяць з сабой у выгнаньне дазвалялася абмежаваную колькасьць маёмасьці. Усяго пад прымусовую дэпартацыю тады трапілі, паводле некаторых падлікаў, больш як мільён савецкіх немцаў. Большасьць зь іх ніколі не вярнуліся ў родныя дамы, на Волгу.
Дэпартавалі тады, дарэчы, ня толькі немцаў, але і іншыя народы, да якіх з тых ці іншых прычынаў таталітарны рэжым меў недавер: палякаў, карэйцаў, фінаў, крымскіх татараў, чачэнцаў, калмыкаў... Прычым многія зь іх назаўсёды пазбавіліся сваіх нацыянальных аўтаномій і ніколі не былі канчаткова рэабілітаваныя. Ня кажучы ўжо пра такія дэталі, як прабачэньні ад імя ўраду, вяртаньне адабраных земляў і маёмасьці ці выплата кампэнсацый.
Як Ленін быў «расейскім шпіёнам»
У ХХ стагодзьдзі войны часта суправаджаліся паляваньнем на шпіёнаў ды іншых падазроных асобаў зь ліку грамадзянаў варожай краіны, якія з розных прычынаў апынуліся на тэрыторыі праціўніка. Гісторыя, якая здарылася з Уладзімірам Леніным у жніўні 1914 года, цікавая найперш сваімі гістарычнымі паралелямі з сучаснасьцю. Жорсткі перасьлед апазыцыянэраў у Расеі, масавая палітычная эміграцыя на Захад, пачатак маштабнай вайны — многія абставіны таго часу надзвычай нагадваюць сёньняшнія рэаліі. Няма сумневу, што падобных гісторый у той час здаралася нямала і з мноствам іншых палітэмігрантаў, але па зразумелых прычынах далёка ня ўсе яны былі так дэталёва дасьледаваныя і задакумэнтаваныя, як гісторыя палітэмігранта Ўльянава.
Пачатак Першай сусьветнай вайны засьпеў Леніна на поўдні Польшчы, у той частцы польскай Галіцыі, якая тады належала Аўстра-Вугоршчыне. Будучы правадыр расейскай рэвалюцыі перабраўся туды разам з жонкай і цешчай з Парыжа яшчэ ў 1912 годзе. Прывабілі яго ў гэта месца ня столькі маляўнічыя Татры, колькі блізкасьць тагачаснай аўстрыйска-расейскай мяжы. Нейкіх дзесяць вёрст ад Кракава — і пачыналася тэрыторыя Расейскай імпэрыі. Газэты і лісты зь Піцера даходзілі сюды за два-тры дні. Паплечнікі-рэвалюцыянэры дабіраліся прамым цягніком яшчэ хутчэй. Ільліч разгарнуў тут бурную рэвалюцыйную дзейнасьць і адчуваў сябе, як вядомы барацьбіт з царскім рэжымам, у поўнай бясьпецы.
Пачатак вайны, аднак, усё зьмяніў. Адначасова з мабілізацыяй вайсковыя ўлады распачалі актыўны пошук варожых шпіёнаў і дывэрсантаў. Гэтая гістэрыя ахапіла і мясцовае насельніцтва. Ленін, заклапочаны выключна лёсам расейскай рэвалюцыі, гэты момант легкадумна прагледзеў. А дарэмна. Зьвесткі пра падазронага расейца, які «вандруе па навакольных гарах і робіць здымкі дарог», пільныя суседзі тут жа перадалі паліцыі. Жандарскі вахмістар, які прыйшоў зь ператрусам, сярод мноства ленінскіх рукапісаў зьвярнуў увагу на падазроныя табліцы зь лічбамі. Ленін даводзіў, што гэта ўсяго толькі статыстычныя зьвесткі для будучага артыкула на тэму аграрных праблемаў. Але тут у дадатак да гэтых лічбаў, якія палічылі «шпіёнскімі шыфрамі», у ленінскіх рэчах знайшлі яшчэ і браўнінг, пра існаваньне якога, як прызнаваўся пазьней лідэр бальшавікоў, ён даўно забыў.
Вынік — турэмная камэра ў Новым Таргу і крымінальная справа аб шпіянажы на карысьць Расеі. Пры афармленьні новага вязьня турэмны пісарчук пацьвельваў Ільліча. Маўляў, гэта табе яшчэ пашанцавала: некаторых злоўленых шпіёнаў ужо і павесілі — без суду і сьледзтва.
Леніну сапраўды пашанцавала: у турме ён прасядзеў толькі 12 дзён. За яго на просьбу Крупскай заступіліся дэпутаты аўстрыйскага парлямэнту — сацыял-дэмакраты Адлер і Дыяманд, якія засьведчылі перад паліцыяй, што «гер Ульянаў — рашучы праціўнік царызму, прысьвяціў сваё жыцьцё барацьбе супраць расейскіх уладаў і, калі б ён зьявіўся ў Расеі, яго б, пэўна, нават пакаралі сьмерцю». Што было чыстай праўдай.
У аўстрыйскай турме Ільліч асабліва не пакутаваў. Нават даў інтэрвію кракаўскай сацыял-дэмакратычнай газэце Naprzód («Наперад») пра непазьбежнасьць хуткай рэвалюцыі ў Расеі. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што менавіта ў турэмнай камэры ў Новым Сончы правадыр канчаткова выкрышталізаваў сваю формулу пра «ператварэньне імпэрыялістычнай вайны ў вайну грамадзянскую». Маўляў, на першым этапе ў шавіністычным чадзе вайна прыдушыла рэвалюцыю, але настане момант — і рэвалюцыя прыкончыць вайну. Тады, у 1914-м, у гэта мала хто верыў. Але прадбачаньні Леніна спраўдзіліся цалкам.
Сёньня, калі праз імглу імпэрыялістычнай вайны, разьвязанай у 2022 годзе Пуціным супраць Украіны, усё больш выразна вымалёўваюцца абрысы будучай расейскай паразы, тыя даўнія ленінскія прагнозы адносна перарастаньня вайны імпэрыялістычнай у грамадзянскую выглядаюць асабліва пагрозьліва.
А тады, у жніўні 1914-га, пасьля 12-дзённай адседкі ў аўстрыйскай турме Ленін разам з жонкай і цешчай хутка спакавалі валізкі і выехалі далей ад вайны, у нэўтральную Швайцарыю. Міне тры гады, і чалавек, якога адны лічылі «расейскім шпіёнам», другія — «нямецкім шпіёнам», а трэція — «вялікім летуценьнікам», вернецца ў аплямбаваным вагоне ў ахопленую хаосам і смутай Расею, каб на доўгія дзесяцігодзьдзі перакуліць яе.
Лёгіка вайны
Эпоха зьмянілася. Сёньня цяжка ўявіць, каб у Эўропе адбывалася нешта падобнае на масавыя высылкі соцень тысяч ці мільёнаў людзей па нацыянальнай прыкмеце, як гэта назіралася ў ХХ стагодзьдзі. Хоць лёгіка вайны застаецца той жа. І псыхалёгія, паводзіны людзей у надзвычайных абставінах падобныя. Фобіі, народжаныя вайной, агульная атмасфэра недаверу, падазронасьці і страху ўласьцівыя сёньняшнім пакаленьням ва ўмовах варожай агрэсіі гэтак жа, як і іхным папярэднікам. Ці беспадстаўныя гэтыя перасьцярогі, перастрахоўкі? Многія падзеі і зьявы сьведчаць: не. І падставы, і прычыны ёсьць.
У Чэхіі дагэтуль памятаюць пра выбух на складзе боепрыпасаў у горадзе Вэрбеціцы ў 2014 годзе, у выніку чаго загінулі некалькі грамадзян Чэхіі. Выявілася, што да выбуху мелі дачыненьне агенты расейскіх спэцслужбаў (у тым ліку тыя, што стала жылі ў Чэхіі).
У Польшчы толькі што перадалі ў суд справу двух беларускіх грамадзянаў, якіх падазраюць у шпіянажы на карысьць беларускай вайсковай выведкі. Беларусы прыехалі ў Польшчу пад выглядам працоўных мігрантаў.
У Эстоніі ўлады задумалі зьмяніць законы так, каб пазбавіць беларусаў і расейцаў, якія маюць дазволы на пастаяннае жыхарства, права галасаваць на мясцовых выбарах...
За апошнія некалькі гадоў сотні тысяч палітуцекачоў і палітэмігрантаў прыехалі і працягваюць выпраўляцца з Расеі і Беларусі на Захад. Зразумела, ня ўсе яны ахвяры дыктатарскіх рэжымаў і ня ўсе ўцякаюць ад перасьледу. Нават тыя, хто прайшлі праз засьценкі ФСБ і КДБ. Практыкі савецкіх спэцслужбаў добра вядомыя і з часоў Андропава зьмяніліся ня так істотна. Даходзіць нямала зьвестак пра тое, што ўмовай вызваленьня многіх затрыманых у 2020-м і наступных гадах палітактывістаў ды іншых праціўнікаў рэжыму была згода на тайнае супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Так, многія з гэтых людзей, апынуўшыся на Захадзе, прызналіся ў гэтым і выракліся ад атрыманай пад ціскам «згоды». А колькі не прызналіся і ня выракліся? Апроч таго, беларускія і расейскія спэцслужбы вэрбуюць і засылаюць сваіх агентаў у краіны, якія лічаць варожымі, і іншымі спосабамі і шляхамі.
Ці варта дакараць тыя краіны, якія прытулілі сотні тысяч расейскіх і беларускіх грамадзян, у тым, што яны асьцерагаюцца за ўласную бясьпеку і пільна прыглядаюцца да ўсіх, каму даюць прытулак? Як гэтыя людзі павядуць сябе, калі раптам паміж Захадам і Расеяй распачнецца сапраўдная, рэальная вайна? Гэтыя пытаньні для заходніх грамадзтваў не выглядаюць сёньня чымсьці далёкім і абстрактным.
А заставацца «пад пільнай увагай спэцслужбаў» — гэта ўсё ж ня самая высокая цана, якую, застаючыся грамадзянінам краіны-агрэсара, даводзіцца плаціць за права жыць у свабодным сьвеце.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.