Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама назваў візыт Сіндзо Абэ ў Пэрл-Гарбар гістарычным жэстам


Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт ЗША Барак Абама
Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт ЗША Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што візыт прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ на вайсковую базу Пэрл-Гарбар паказвае сілу прымірэньня.

«Гэты гістарычны жэст паказвае сілу прымірэньня і нагадвае, што нават самыя глыбокія раны, пакінутыя вайной, могуць вылечыцца сяброўствам і працяглым мірам», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Прэм’ер Японіі Сіндзо Абэ стаў першым кіраўніком японскага ўраду, які наведаў гэтую амэрыканскую базу, якая ў сьнежні 1941 году зазнала магутную атаку японскіх войскаў. Тады загінулі 2,3 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў.

Падчас памятнай цырымоніі Абэ выказаў спачуваньні ў сувязі з трагедыяй, якая адбылася 75 гадоў таму. «Мы не павінны дапусьціць паўтарэньня жахаў вайны — гэта ўрачыстае абяцаньне, якое далі жыхары Японіі», — сказаў Абэ.

Ён таксама падзякаваў ЗША за тыя намаганьні, якія прывялі да паляпшэньня адносінаў паміж дзьвюма краінамі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Па заканчэньні памятнай цырымоніі прэзыдэнт ЗША і прэм’ер-міністар Японіі ўсклалі вянкі да помніка загінулым.

Выбачэньняў не было

Тым ня менш, японскі прэм’ер так і не прамовіў словы выбачэньня ад імя Японіі за гэты напад, чаго чакалі ад яго многія прадстаўнікі амэрыканскага боку.

У траўні гэтага году прэзыдэнт ЗША Барак Абама зьдзейсьніў візыт у Хірасіму, стаўшы першым прэзыдэнтам ЗША, які наведаў гэты горад, які зазнаў амэрыканскія атамныя бамбардзіроўкі ў 1945 годзе. Выбачэньняў за амэрыканскія ядзерныя ўдары ён не прынёс.

7 сьнежня 1941 году аб’яднаная эскадра ВМС Японіі таемна падышла да Гавайскіх выспаў і сіламі сваёй палубнай авіяцыі нанесла зьнішчальны ўдар па Пэрл-Харбар.

У выніку нападу былі зьнішчаныя або пашкоджаныя 20 караблёў і амаль 190 амэрыканскіх самалётаў.

Японскія сілы страцілі тады 29 самалётаў і пяць малых падлодак.

На наступны дзень ЗША абвясьцілі вайну Японіі і ўступілі ў Другую сусьветную вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG