Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам вярнуць адчуваньне перамогі, — стваральнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер


Павал Лібэр, каляж
Павал Лібэр, каляж

Каго аб’ядноўвае ІТ-плятформа «Новая Беларусь»? Ці магчыма паўтарыць посьпех 2020 году тэлеграм-канала Nexta і плятформы «Голас»? Ці магчымая «другая Беларусь у замежжы»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ІТ-адмысловец, стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павал Лібер.

— Плятформу «Новая Беларусь» запусьцілі ў сьнежні 2022 году. Колькі людзей у ёй удзельнічае цяпер, і колькі зь іх зь Беларусі?

— Плятформа «Новая Беларусь» — гэта экасыстэма, парасон, пад якім — цэлы набор прадуктаў, якія ствараюцца з 2020 году. Тое, што мы выпускалі летась у сьнежні, — гэта сацыякультурны хаб, мабільная налада, пры дапамозе якой можна мець доступ да ўсяго. Але элемэнты сыстэмы распрацоўваліся са жніўня 2020 году.

Туды ўваходзяць мэдычная і юрыдычная плятформы, бізнэс-хаб, плятформа ўзаемадапамогі. Гэта ўсё асобныя прадукты пад адным парасонам.

Калі мы гаворым пра ўсю экасыстэму, то там каля 50 тысячаў актыўных карыстальнікаў. Калі гаварыць пра сацыякультурны хаб, які мы запусьцілі ў сьнежні летась, там 25–26 тысяч чалавек.

53% актыўных карыстальнікаў гэтай экасыстэмы — унутры Беларусі.

Некаторыя плятформы працуюць толькі для беларусаў у Беларусі, — скажам, юрыдычная кансультуе па заканадаўстве Беларусі. Дыяспарам туды няма сэнсу прыходзіць. Таксама шмат карыстальнікаў зь Беларусі ў мэдычнай плятформы.

— На лаціне res publica — гэта агульная справа. Якая можа быць агульная справа ў эмігрантаў і жыхароў Беларусі? Што яны могуць рабіць разам?

— Зразумела, такая справа можа быць. Гэта адна з задачаў плятформы «Новая Беларусь». Чаму мы да існых плятформаў пачалі дабудоўваць новы ўзровень? Таму што лякальных, атамарных рашэньняў, якія дапамагаюць людзям вырашаць свае будзённыя задачы, недастаткова.

Сёньня беларусы і беларускі, як у краіне, гэтак і за яе межамі, — у тупіковай сытуацыі. Нас раскідала па ўсім сьвеце, разарвалася безьліч гарызантальных сувязяў. Нейкія базавыя патрэбы мы можам задавальняць, але пры гэтым ня дзейнічаем як сыстэмная грамадзянская супольнасьць. Мэта плятформы «Новая Беларусь» — прыйсьці ў той пункт, калі людзі змогуць сумесна вырашаць свае праблемы нацыянальнага ўзроўню.

Для гэтага трэба сабраць людзей. Але пры гэтым мы разумеем, што ў любым грамадзтве людзі, гатовыя ў нешта ангажавацца і нешта рабіць, складаюць невялікую долю.

Таму пачынаем са зразумелых, простых рэчаў, такіх, як культура і мэдыцына.

Але потым пераходзім на больш высокі ўзровень. Скажам, ёсьць праблема: беларускіх студэнтаў пачынаюць адлічваць з унівэрсытэтаў у ЭЗ. Адна з прычынаў — тое, што ў сьвеце няма ніякага беларускага лобі. У ЭЗ ёсьць 15 тысячаў лабістаў, зь іх інтарэсы беларусаў адстойваюць — нуль.

Мы кажам: у нас ёсьць праблема нацыянальнага ўзроўню. Калі мы хочам, каб на міжнародным узроўні нашы інтарэсы адстойвалі на прафэсійным узроўні, — давайце створым міжнароднае лобі інтарэсаў беларусаў і беларусак. У такую праграму павінна быць ангажавана дастаткова шмат людзей. І вось гэта тое, што можна зрабіць у лічбавай прасторы, каб абʼяднаць людзей, дзе б яны ні знаходзіліся.

Мы на плятформе сьвядома ня дзелім людзей на тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся. Мы лічым, што Беларусь — там, дзе беларусы і беларускі.

Літаральна ўчора ў нас запусьціўся падатковы праект. У межах яго пілётнай праверкі людзі ў выглядзе ахвяраваньняў сабралі ў Польшчы і Літве каля 7 тысяч эўра. Мы вучымся супольна прымаць рашэньні аб тым, на што выдаткаваць віртуальныя падаткі. Людзі ў Беларусі былі ад гэтага адсунутыя шмат гадоў.

Мы не зьбіраемся заставацца культурным ці сацыяльным хабам. Мы такім чынам фармуем аўдыторыю, якую зможам ангажаваць у сумеснае прыняцьце рашэньняў.

— Праект NEXTA быў ці ня першым у гісторыі, калі эмігранты рэальна ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці мэтраполіі, прычым ня толькі інфармацыйна, ідэйна, але нават арганізацыйна. Ён і цяпер застаецца папулярным тэлеграм-каналам. Але на піку яго аўдыторыя налічвала некалькі мільёнаў. Не ў папрок вам, але для параўнаньня: не 25–50 тысяч, як на плятформе «Новая Беларусь».

Нейкі флягманскі праект, калі ён узьнікне, — што гэта будзе? Новы тэлеграм-канал, новы youtube- альбо tiktok-канал, ці нейкі прадукт, заснаваны на модным цяпер штучным інтэлекце?

— Тут справа не ў тэхналёгіі, тут справа ў гатоўнасьці людзей ангажавацца ў нешта. У жніўні 2020 году людзі былі гатовыя ангажавацца, ім было ўсё роўна, праз што — праз тэлеграм, праз Viber, праз Google Docs. Тут галоўнае — гэтая гатоўнасьць людзей, вера ў тое, што іх дзеяньні да нечага прывядуць.

Як толькі ў нас ізноў будзе момант, калі людзі павераць, што ад іх дзеяньняў залежыць нешта рэальнае, паверце: і NEXTA, і плятформа «Новая Беларусь», і Вайбэр напоўняцца ахвотнымі нешта рабіць. Праблема заўсёды не ў інструмэнтах, а ў матывацыях.

— А стварыць гэтыя матывацыі, інсьпіраваць, прыдумаць новы грамадзкі падʼём магчыма?

— Я ня думаю, што гэта можна прыдумаць. Але думаю, што яго можна вярнуць. Пасьля жніўня-верасьня 2020 году ў нас не было відавочных перамог. Быў шэраг расчараваньняў. Спачатку ўсе верылі, што Лукашэнка не перажыве зіму, потым — што ён пасадзіў самалёт і будзе раздушаны санкцыямі, потым — што ён уступіць у вайну і будзе раздушаны сусьветнай супольнасьцю. Нічога з гэтага ня здарылася. І людзі расчараваліся, стаміліся, нельга тры гады заставацца рэвалюцыянэрамі.

Што можа зьмяніць сытуацыю? Гэта можа быць яскравая падзея, якой ніхто не чакае. Яе складана прадказаць, да яе складана падрыхтавацца.

Што можна рабіць — дык гэта вяртаць грамадзтву адчуваньне маленькіх перамог. Вось мы запусьцілі пілётны праект па падатках, у ім удзельнічае 200 чалавек.

Магчыма, у наступную праграму прыйдзе тысяча. Калі ў іх атрымаецца, у наступную прыйдуць тысячы, дзясяткі тысячаў. Гэта ня вельмі хуткі працэс, але гэта шлях, якім зараз мы ідзем.

Цікава назіраць за хвалямі абмеркаваньня: Лукашэнка хворы, ён вось-вось памрэ. І тады будзе нацыянальнае сьвята. Потым ён ачуняў, зьявіўся на тэлеэкранах — і нацыянальная трагедыя: як шкада, што не памёр.

Мы ня хочам гойдацца на гэтых хвалях. Мы выбудоўваем сыстэму, а яна важная ў любой сытуацыі — і калі Лукашэнка ёсьць, і калі яго няма.

— Вы адзін са стваральнікаў плятформы «Голас». Невядома, як падзеі ў 2020 годзе разгортваліся б, калі ня дадзеныя «Голасу» пра сапраўдныя вынікі выбараў. За які час да тых выбараў вы прыдумалі і распрацавалі «Голас»?

— Гэта заняло два-тры тыдні да 9 жніўня 2020 году. Над праектам працавала больш за 40 чалавек, якія знаходзіліся ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі. І за кошт стараннай працы атрымалася за кароткі тэрмін зрабіць такі прадукт. Ён вельмі дакладна трапіў у нэрву грамадзтва, адказаў на ясны і выразны запыт. Цяпер посьпех «Голасу» паўтарыць немагчыма. Цяпер у грамадзтва няма яснага запыту і жаданьня ў нешта ангажавацца.

2020 год дэманстраваў тэорыю маленькіх перамог, пра якую я казаў. Падчас пандэміі людзі спачатку падтрымлівалі адзін аднаго, потым — мэдыкаў, потым сталі ладзіць акцыі салідарнасьці, потым ішлі ставіць подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты. Дзяржава тады ў гэта ня надта ўплішчвалася, а ў людзей нешта супольнае стала атрымлівацца.

— Які напрамак дзейнасьці ўнутры дыяспары вам падаецца найбольш плённым?

  • «Другая дзяржава Беларусь» — пашпарты, падаткі, прадстаўніцтва;
  • Агульная справа з мэтраполіяй;
  • Адаптацыя, паляпшэньне жыцьця на новым месцы (паблікі «Беларусы Варшавы», «Беларусы Вільні» і г.д.)?

— Я абсалютна ня веру ў тое, што можна стварыць розныя Беларусі. Для мяне проста нехта знаходзіцца ўнутры краіны, хтосьці — за яе межамі. Для мяне знаходжаньне звонку — гэта абсалютна вымушаная гісторыя. Як толькі я змагу вярнуцца назад, я адразу вярнуся.

І калі мне тут, у Літве, прапаноўваюць удзельнічаць у акцыях дыяспары, я адказваю, што я тут на «ператрымцы», я не дыяспара, я — часова выехаўшы. Такіх людзей — мінімум 45% сярод тых, хто выехаў на працягу апошніх трох гадоў. Беларусь для нас адна, проста людзі жывуць у розных месцах. Таму наша задача — дапаўняць лічбавай прасторай гэтую адзіную Беларусь.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG