Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна «жэстачайшая зачыстка». Памнажаючы нянавісьць і страх, Лукашэнка набліжае свой фінал


Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Ленін, Іосіф Сталін, Мікалай Першы. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Ленін, Іосіф Сталін, Мікалай Першы. Каляж

Крывавыя жорны жорсткіх палітычных рэпрэсій у Беларусі працягваюць круціцца, і ўжо нават не зусім зразумела — ці сам Лукашэнка працягвае іх прысьпешваць, ці Масква і ягонае атачэньне не дазваляюць іх спыніць ці хоць бы замарудзіць.

Здавалася, за мінулыя два з паловай гады ўсё, што ў грамадзкім жыцьці хоць трохі праяўляла сваю нязгоду з рэжымам, зачышчана да бляску — празь няспынныя арышты, сталінскія турэмныя тэрміны, забароны, ліквідацыі, канфіскацыі і выгнаньні. І тут аказваецца: усё, што было дагэтуль, — толькі прэлюдыя. А ў Беларусі пачынаецца новая «жэстачайшая» зачыстка. Празь якую павінны прайсьці тыя «мясцовыя мярзотнікі», якія «схаваліся, сядзяць і чагосьці чакаюць». Найлепшае выйсьце для іх: «рукі ўгору — і здацца». А не здадуцца, няхай наракаюць на сябе. Па іх ужо ідуць, каб «вычысьціць з нашага грамадзтва».

Узятыя ў двукосьсі словы — з апошняга пагрозьлівага выступу Лукашэнкі 7-га сакавіка, прасякнутага нянавісьцю, страхам і помстай. Слухаць гэтыя пагрозы трывожна і страшна. Не пакідае ўстойлівае адчуваньне, што рэжым ня толькі не загойвае старых ранаў і не шукае шляхоў да паразуменьня, а наадварот, упарта і пасьлядоўна рухае краіну да яшчэ большай катастрофы. Да той небясьпечнай рысы, за якой грамадзянская вайна.

«Нас, „ябацек“, яны будуць вешаць на ліхтарах»

Пагаварыце з тымі, хто прайшоў праз катаваньні і турмы, хто перажыў прыніжэньні і гвалт, незаслужаныя і тым больш крыўдныя. Паглядзіце ім у вочы, схіліце да шчырай размовы. Вы пераканаецеся, што гэта выбухованебясьпечны матэрыял, сухі порах, гатовы выбухнуць ад самай малой іскры. Неспатоленая прага помсты — страшэнная сіла. Іх прыгнятае адчуваньне ўласнай бездапаможнасьці і безабароннасьці. І ўявіце сытуацыю, што ў іхных руках зьявілася зброя. Альбо яны памяняліся месцамі з тымі, хто іх прыніжаў, біў, несправядліва судзіў і гадамі трымаў у няволі.

«Каб «неверагодныя» перамаглі тады ці ў будучыні, яны нас, «ябацек», вешалі б (будуць вешаць) на ліхтарах», — патасна палохае аднадумцаў лукашэнкаўскі прапагандыст Мукавозчык у адным з сакавіцкіх нумароў «СБ. Беларусь сегодня».

Пратэст пэнсіянэраў у Менску, кастрычнік 2020
Пратэст пэнсіянэраў у Менску, кастрычнік 2020

У сярэдзіне 2020-га, падчас мірных пратэстаў, падобныя сьцьвярджэньні гучалі абсурдна, але сёньня, пасьля ўсяго, што перажыло беларускае грамадзтва за мінулыя амаль тры гады, шмат што памянялася. І страхі прапагандыста не выглядаюць надта перабольшанымі. Немагчыма чакаць, што яны (уладны бок), бескантрольна карыстаючыся манаполіяй на гвалт і прымус, будуць катаваць, кідаць у турмы, выносіць неправавыя несправядлівыя прысуды. А на другім баку ў адказ будуць толькі моўчкі схіляць галаву перад сякерай катаў ці паслухмяна працягваць рукі, каб на іх зашчоўкнулі кайданкі.

Сілавікі арыштоўваюць Ніну Багінскую падчас жаночага маршу. Менск, верасень 2020
Сілавікі арыштоўваюць Ніну Багінскую падчас жаночага маршу. Менск, верасень 2020

Гвалт і несправядлівасьць выклікаюць такую ж рэакцыю ў адказ. Памнажэньне нянавісьці, непрымірымасьці, адчаю стварае падмурак для супраціву. Чым больш раскручваецца сьпіраль гвалту, помсты і сьмяротных крыўдаў, тым больш расколатае грамадзтва набліжаецца да грамадзянскай вайны. Перасьцярогі пра яе рэальнасьць і небясьпеку, якія апошнім часам чуюцца з розных бакоў, ужо не выглядаюць чымсьці непраўдападобным і неверагодным.

Запраграмаваныя на помсту

Пры Лукашэнку і Пуціну пра гісторыю і ўрокі грамадзянскай вайны асабліва не прынята было згадваць. «Камісары ў пыльных шлемах», бравыя кавалерысты Будзённага, якія сякуць галовы «белякам», Чапаеў за станковым кулямётам «Максім» — усё гэта засталося пераважна ў выглядзе напаўзабытых прапагандысцкіх мітаў савецкай мінуўшчыны. А забываць досьвед той страшнай унутрырасейскай бойні ня варта было б — асабліва ім, сёньняшнім постсавецкім дыктатарам, якія спрабуюць захаваць сваю пажыцьцёвую ўладу гэтак жа, як гэта рабілі іхныя папярэднікі.

Расстрэл дэманстрацыі ў Петраградзе. Ліпень 1917
Расстрэл дэманстрацыі ў Петраградзе. Ліпень 1917

Царскі самадзяржаўны рэжым абараняў сваё непадзельнае панаваньне ў краіне тымі ж няхітрымі спосабамі, якімі робяць гэта сёньня Лукашэнка і Пуцін: жорсткія турэмныя прысуды, ссылкі, катарга, абмежаваньні ў правах, выцісканьне палітычных праціўнікаў за мяжу, у эміграцыю. Замест таго каб ісьці шляхам, шматкроць апрабаваным заходнімі суседзямі (праводзіць насьпелыя палітычныя рэформы, лібэралізаваць грамадзкае жыцьцё), да апошняй магчымасьці заціскаў гайкі, рабіў стаўку на рэпрэсіі. І тым сам множыў шэрагі ўласных ворагаў, рыхтаваў глебу для грамадзкага расколу і наступнай грамадзянскай вайны.

Плякат на мітынгу ў Петраградзе, 1918
Плякат на мітынгу ў Петраградзе, 1918

Ленін, Сталін, Троцкі, Сьвярдлоў, Дзяржынскі, Зіноўеў, Рыкаў, Каменеў і дзясяткі іншых вялікіх і малых бальшавіцкіх дзеячоў, якім суджана было перамагчы ў будучым збройным супрацьстаяньні са старым дзяржаўным ладам — усе яны прайшлі праз царскія турмы і ссылкі, праз вымушанае выгнаньне, праз прыніжэньні і зьдзекі. І ва ўсіх іх былі асабістыя рахункі да царызму і да ўсіх, хто ў іхных вачах увасабляў сабой самадзяржаўе.

Апошні перад кастрычніцкім пераваротам падпольны зьезд бальшавіцкай партыі адбыўся ў Петраградзе ў ліпені-жніўні 1917 году ва ўмовах глыбокай кансьпірацыі.

Каменеў, Ленін і Троцкі на мітынгу. Масква, 1919
Каменеў, Ленін і Троцкі на мітынгу. Масква, 1919

Адметны факт: са 171 дэлегата, якія перад зьездам запоўнілі анкеты, 110 раней прайшлі праз царскія турмы, адседзеўшы агулам 245 гадоў у няволі. 150 неаднаразова арыштоўваліся. На момант Лютаўскай рэвалюцыі на волі з гэтага складу заставаліся толькі 79 чалавек, дый тыя ў вымушанай эміграцыі, за мяжой. Па сутнасьці, гэта быў зьезд былых палітвязьняў. І менавіта ён, гэты зьезд, вызначыў курс на збройнае паўстаньне.

З 21 члена ЦК партыі, выбранага зьездам, турэмнага мінулага ня мела толькі адна Аляксандра Калантай. Усе астатнія — «палітзэкі» са стажам. У некаторых за плячыма былі дзесяцігодзьдзі царскіх турмаў і ссылак. Міне якія паўгода — і амаль усе яны зоймуць ключавыя дзяржаўныя пасады ў апараце кіраваньня маладой савецкай рэспублікі.

Сталін, Молатаў, Варашылаў і Яжоў галасуюць. 13 снежня 1937
Сталін, Молатаў, Варашылаў і Яжоў галасуюць. 13 снежня 1937

Гэтыя людзі былі запраграмаваныя на помсту і нянавісьць да тых, хто ў кожнага зь іх адабраў гады і дзесяцігодзьдзі свабоды і маладосьці. Стварэньне ВЧК, санкцыянаваньне пазасудовых расстрэлаў на месцы «клясава варожых элемэнтаў», канцэнтрацыйныя лягеры для «буржуяў», экспрапрыяцыя маёмасьці — гэта была іхная вялікая помста таму рэжыму, які зламаў іхныя асабістыя лёсы.

Ленін і Раманавы. «Мы пойдзем іншым шляхам»

Будучы правадыр бальшавіцкай рэвалюцыі Ўладзімір Ульянаў меў ня самы вялікі турэмны досьвед. Першы арышт перажыў увесну 1887-га ў Казані, пасьля чаго яго саслалі «пад галосны нагляд» паліцыі ў вёску Кукушкіна (40 вёрст ад Казані), дзе трымалі да восені 1888-га. Наступны арышт — у сьнежні 1895-га ў Санкт-Пецярбургу, у турме правёў 1 год і 2 месяцы. Потым была ссылка ў Сібір, у Шушанскае, на 3 гады, адкуль ён вярнуўся ў лютым 1900-га. Пасьля гэтага Ленін стаў палітэмігрантам: амаль 17 гадоў жыў у Эўропе, аж да вяртаньня ў заплямбаваным нямецкім вагоне ўвесну 1917-га. Праўда, на пачатку Першай сусьветнай адседзеў каля трох тыдняў у аўстрыйскай турме — але гэта была адседка хутчэй не за палітыку, а за расейскі пашпарт.

Карціна Пятра Белавусава (1951): Уладзімір Ульянаў з маці, якая аплаквае старэйшага сына Аляксандра
Карціна Пятра Белавусава (1951): Уладзімір Ульянаў з маці, якая аплаквае старэйшага сына Аляксандра

Зрэшты, у Леніна быў куды больш важкі асабісты матыў для помсты Раманавым. Тыя, хто вучыўся ў савецкай школе, добра памятаюць карціну мастака Белавусава «Мы пойдзем іншым шляхам» (рэпрадукцыя ў абавязковым парадку вісела ў кожнай школе ў СССР). На ёй юны 17-гадовы гімназіст Валодзя Ўльянаў абдымае апранутую ва ўсё чорнае маці, якая выцірае сьлёзы на твары. Момант, адлюстраваны на карціне, — травень 1887 году, калі сям’я атрымала паведамленьне пра тое, што паводле ўказу Аляксандра ІІІ павесілі старэйшага брата Ўладзіміра, нарадавольца Аляксандра Ўльянава.

Для юнага Ўладзіміра гэта было страшэнным ударам. Як страшнай была і ягоная помста дынастыі Раманавых. Калі 17 ліпеня 1918 году ў Екацерынбургу бальшавікі расстралялі ўсю сям’ю Мікалая ІІ уключна зь ягонымі непаўналетнімі дзецьмі, многія ўспомнілі пра падзеі 30-гадовай даўнасьці. І пра колішняе абяцаньне юнага Валодзі Ўльянава адпомсьціць за брата.

«Чырвоны тэрор», «белы тэрор»

З таго ж моманту — з расстрэлу царскай сям’і — сьпіраль тэрору ў Расеі з абодвух бакоў раскручваецца шпаркімі тэмпамі. 30 жніўня 1918 году — замах на Леніна (правадыр паранены, але застаецца жывы). Потым — забойства галоўнага піцерскага «чэкіста» Ўрыцкага. У адказ бальшавікі абвяшчаюць «чырвоны тэрор»: чэкісты масава бяруць закладнікаў зь ліку афіцэраў і дваран, расстрэльваюць без суду і сьледзтва «клясавых ворагаў». Для «буржуяў» і іншых «клясава чужых элемэнтаў» ствараюцца лягеры (на канец 1920 году іх ужо блізу сотні — каля 75 000 палітвязьняў, адзіная віна якіх, часьцей за ўсё, — клясавае паходжаньне).

Мапа лягераў ГУЛАГу
Мапа лягераў ГУЛАГу

У адказ на «чырвоны тэрор» натуральным чынам распачынаецца тэрор «белы». Многія камандзіры «белых» армій аддаюць загад у палон «чырвоных» ня браць: расстрэльваць на месцы. На адбітых у бальшавікоў тэрыторыях кіраўнікоў Саветаў і бальшавіцкіх актывістаў часта зьнішчаюць без суду і сьледзтва. Каток братазабойчай вайны трушчыць сотні тысяч чалавечых жыцьцяў і лёсаў.

Дакладную колькасьць ахвяраў грамадзянскай вайны ў Расеі гісторыкі дагэтуль не змаглі падлічыць: паводле розных ацэнак, загінулі ад 10 да 17 мільёнаў чалавек. Ад 2 да 3 мільёнаў падаліся ў вымушаную эміграцыю. Краіну захліснулі голад і разруха.

Бальшавікі ў выніку перамаглі — не ў апошнюю чаргу таму, што былі больш жорсткімі і бязьлітаснымі за сваіх ворагаў. Але што гэта была за перамога! Прага помсты, апантанасьць нянавісьцю і падазронасьцю не пакідалі пераможцаў нават тады, калі, здавалася, усе ворагі даўно зьнішчаныя. Іхная перамога нічога добрага тым людзям, якіх яны нібыта хацелі ашчасьлівіць, не прынесла. Яны так і працягвалі змагацца з ворагамі — найчасьцей ужо не з рэальнымі, а прыдуманымі — сваімі былымі паплечнікамі, колішнімі суседзямі па турэмных нарах у царскіх засьценках. Новае грамадзтва і новую краіну яны будавалі, абапіраючыся на ўласны досьвед. А досьвед той грунтаваўся галоўным чынам на памяці пра турмы, ссылкі, арышты і прыніжэньні: іншага ў іх проста не было.

«Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць...»

На працягу мінулых двух з паловай гадоў было некалькі эпізодаў, калі Лукашэнка, здавалася, гатовы быў адмовіцца ад рэпрэсіўных практык і перайсьці да заспакаеньня грамадзтва. Памятаеце, як прымірэнча прагучаў ягоны навагодні зварот 31 сьнежня 2020-га:

«Нам усім, хто бачыць сьвет па-рознаму, трэба ўсьвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасьць — лапік зямлі ў цэнтры Эўропы. Іншага ня дадзена. І ў імя захаваньня яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі».

Такім жа настроем былі прасякнутыя і некаторыя ягоныя пазьнейшыя заявы. Напрыклад, у верасьні 2022-га:

«Ёсьць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова... Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: усіх мачыць, саджаць і гэтак далей. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дабаўляла».

І яшчэ адзін міралюбівы жэст — 7 студзеня 2023-га:

«Мы нікога не выганялі зь Беларусі. Гэта такая ж іхная зямля, як і наша. Але яны шукалі лепшага жыцьця, з розных прычын уцяклі адсюль. Надышоў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады... павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія, ці то страціўшы розум, ці то на нейкі час згубіўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, напэўна, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім».

Аляксандар Лукашенка, 2022
Аляксандар Лукашенка, 2022

Але не было за гэтыя амаль тры гады ні «перагорнутых старонак», ні палітычнай амністыі, ні паўнацэннага «дазволу на вяртаньне» для вымушаных палітычных выгнаньнікаў. Відавочна, кожны раз знаходзіліся сілы, якія адгаворвалі Лукашэнку ад прымірэньня з палітычнымі апанэнтамі, пераконвалі яго ў небясьпецы такога кроку, запалохвалі рознымі пагрозамі (галоўная зь якіх — паўтарэньне 2020 году). Крывавыя жорны жорсткіх палітычных рэпрэсій у Беларусі працягваюць круціцца, і ўжо нават не зусім зразумела, ці сам Лукашэнка працягвае іх прысьпешваць, ці Масква і ягонае атачэньне не дазваляюць іх спыніць ці хоць бы замарудзіць.

Пры гэтым, што адметна, нават ў асяродзьдзі праўладных прапагандыстаў часам гучаць цьвярозыя галасы: ці не пара спыніць каток рэпрэсій, азірнуцца і адумацца? Але верх бяруць не яны, а тыя, хто патрабуе зьнішчыць усіх нязгодных, выцягнуць «з-пад плінтуса» тых, хто схаваўся і затаіўся. І тое, што гаварыў Лукашэнка 7 сакавіка — пра сваё распараджэньне распачаць у краіне чарговую «жэстачайшую зачыстку» — сьведчыць пра тое, што перамагаюць «ястрабы», прыхільнікі жорсткіх гвалтоўных мераў; тыя, хто разьлічвае не дамовіцца з апанэнтамі, а зьнішчыць іх.

Падвышаючы градус рэпрэсій, яны падвышаюць узровень нянавісьці і помсты з процілеглага боку і тым асуджаюць грамадзтва не на спакой і згоду, а на варажнечу і канфрантацыю. «Бо якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць; і якою мераю мераеце, такою і вам адмераюць». Эвангельская ісьціна даўно вядомая, але саманадзейныя валадары чамусьці часта лічаць, што стануць выключэньнем з гэтага агульнага правіла чалавечага суіснаваньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG