Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар дакладу аб беларускіх уцекачах расказаў, як краіны Рады Эўропы будуць выконваць рэкамэндацыі


Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу ў Страсбургу. 20 чэрвеня 2023
Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу ў Страсбургу. 20 чэрвеня 2023

«Галоўная задача — захаваць увагу на дэмакратычнай барацьбе беларусаў», — заявіў Радыё Свабода дакладчык ПАРЭ Поль Галь пасьля ўхваленьня ягонага дакладу і рэкамэндацый урадам краін – сяброў Рады Эўропы.

20 чэрвеня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу прайшло галасаваньне аб рэзалюцыі дэпутата парлямэнту Люксэмбургу Поля Галя «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Дакумэнт быў ухвалены аднагалосна.

Ягоны аўтар, палітык зь Люксэмбургу Поль Галь, які ў сакавіку 2023 году наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць зь беларускімі ўцекачамі, а таксама ўладамі гэтых краін, на наступны дзень пасьля дэбатаў расказаў, як будуць выконвацца рэкамэндацыі і што ён будзе рабіць далей.

Якія рэкамэндацыі краінам – чальцам Рады Эўропы ўхвалілі

У дакладзе заяўлена, што беларусы, якія пакінулі сваю краіну пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, былі вымушаныя рабіць гэта, баючыся перасьледу.

Пасьля прымусовай эміграцыі некаторыя сталі ахвярамі парушэньняў правоў чалавека ў краінах, дзе яны знайшлі прытулак; часам гэта было наступствам санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

Даклад рэкамэндуе зьліквідаваць юрыдычныя, адміністрацыйныя і практычныя перашкоды, зь якімі яны сутыкаюцца. Падтрымка беларусаў на эміграцыі павінна быць прыярытэтам для краінаў Рады Эўропы, таму што дэмакратычная і бясьпечная Беларусь — частка вырашэньня праблемы бясьпекі ў Эўропе, адзначана ў дакумэнце.

Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу. Страсбург, 20 чэрвеня 2023
Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу. Страсбург, 20 чэрвеня 2023

У дакладзе згадваецца, што дэмакратычныя сілы імкнуцца стварыць «новую Беларусь» у выгнаньні і што варта падтрымаць іх намаганьні аблягчыць праблемы, зь якімі сутыкаюцца суайчыньнікі.

Інтэграцыя беларусаў на эміграцыі ў краінах, якія іх прымаюць, застаецца важным фактарам, каб пазьбегнуць гетаізацыі і псыхалягічнага адчужэньня.

Аўтар дакладу лічыць, што ўсе 46 дзяржаваў – сяброў Рады Эўропы павінны забясьпечваць эквівалентны, калі не ўніфікаваны, узровень абароны беларусаў у выгнаньні, дазваляючы ім інтэгравацца, захоўваючы і ўмацоўваючы пры гэтым іх нацыянальную ідэнтычнасьць.

Як рэалізоўваюцца рэкамэндацыі. Тры кірункі

Поль Галь прызнае, што рэзалюцыя носіць больш рэкамэндацыйны, чым абавязковы характар. Ён вызначыў тры магчымыя кірункі, з дапамогай якіх можна ператварыць дакумэнт з так званага «мяккага закону» ў больш «жорсткі», альбо абавязковы:

Першае, усе дэлегаты ПАРЭ з розных краін Рады Эўропы могуць прасоўваць гэты дакумэнт у сваіх парлямэнтах.

Другі шлях пралягае праз амбасадараў краін – сяброў Рады Эўропы, якія могуць зьвяртацца ў выканаўчыя ўлады сваіх дзяржаў.

Трэці, калі беларусы-ўцекачы, якія знаходзяцца за мяжой, самі скарыстаюцца гэтым дакумэнтам, на які змогуць спасылацца ў складаных сытуацыях.

Што аўтар лічыць самым балючым для беларусаў у замежжы

Аўтар дакладу самымі складанымі лічыць праблемы легалізацыі рэпрэсаваных беларусаў — найперш за ўсё пытаньні, зьвязаныя зь візамі, новымі пашпартамі, дазволамі на жыхарства.

Ён таксама зьвяртае ўвагу на праблемы з адкрыцьцём бізнэсу, банкаўскіх рахункаў, з працаўладкаваньнем.

Асаблівае месца, на ягоную думку, займаюць пытаньні захаваньня беларускай мовы і культуры, якія падчас паседжаньня Асамблеі былі ўзьнятыя дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.

Гэтая тэма, на думку спадара Галя, важная ва ўмовах, калі расейская мова і культура навязваюцца беларусам замест роднай.

Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь (чацьвёрты зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская (другая зьлева) у Страсбургу. 20 чэрвеня 2023
Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь (чацьвёрты зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская (другая зьлева) у Страсбургу. 20 чэрвеня 2023

Хто можа дапамагчы ў рэалізацыі рэкамэндацый

Спадар Галь згадвае, што некаторыя парлямэнты краін – сяброў Рады Эўропы ўжо арганізавалі ў сябе групы сувязі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Сярод такіх краін і Люксэмбург, адкуль паходзіць дакладчык. Палітык упэўнены, што неўзабаве зьявіцца шэраг іншых такіх прыкладаў.

Пасьля таго як дакумэнт быў ухвалены, адказнасьць за яго імплемэнтацыю ляжыць на краінах – сябрах Рады Эўропы. Але дакладчык мае права ўдакладняць і тлумачыць рэкамэндацыі, якія выцякаюць з дакумэнту.

Поль Галь зазначыў, што найбольш лібэральныя краіны для беларусаў-уцекачоў – гэта суседзі, Польшча і Літва. Яны маюць больш спрыяльнае заканадаўства, а чым далей ад беларускіх межаў, тым менш разуменьня беларускіх праблемаў.

На пленарным паседжаньні ПАРЭ перад дэбатамі па Беларусі выступіў «Вольны хор»
На пленарным паседжаньні ПАРЭ перад дэбатамі па Беларусі выступіў «Вольны хор»

Чаму важна трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі ў Эўропе

Першай з прычынаў увагі да падзей у Беларусі Поль Галь назваў тое, што ў краіне пануе жахлівае беззаконьне. А па-другое, многія рэпрэсаваныя беларусы скардзяцца на ўмовы, зь якімі яны сутыкаюцца ў іншых краінах. На думку Галя, цяпер, ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны, важна захаваць увагу і на дэмакратычнай барацьбе беларусаў.

Поль Галь зазначыў, што яго асабліва ўразіў падчас пасяджэньня ПАРЭ выступ беларускага «Вольнага хору». Ён таксама сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай.

Поль Галь быў прызначаны дакладчыкам на адзін год, але, па яго словах, пасьля заканчэньня мандату ён можа па жаданьні яго падоўжыць. Палітык зь Люксэмбургу мае намер і далей працаваць з тэмай беларускіх уцекачоў у выгнаньні.

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG