Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе»: Як і чаму ў Беларусі сьцерлі памяць пра амэрыканскую дапамогу


Фотакаляж: кніга «Прыгоды АРА ў Беларусі», здымкі з кнігі, аўтар кнігі Аляксандар Лукашук
Фотакаляж: кніга «Прыгоды АРА ў Беларусі», здымкі з кнігі, аўтар кнігі Аляксандар Лукашук

Сёлета ў чэрвені спаўняецца 100 гадоў адной малавядомай, амаль забытай, але важнай падзеі: Беларусь пакінулі 13 амэрыканскіх грамадзянаў, якія працавалі ў Менску, Гомлі і Віцебску.

«Прыгоды АРА ў Беларусі» — так называецца кніга пра самую вялікую гуманітарную дапамогу насельніцтву Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Чаму гэтая падзея важная? Чаму яна забытая? Што азначае памяць пра гістарычныя падзеі і якую ролю яна адыгрывае ў фармаваньні будучыні?

Пра гэта мы гаворым з аўтарам кнігі Аляксандрам Лукашуком, журналістам, дасьледчыкам гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя, да нядаўняга часу — дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода.

8:01 — чаму вайна ва Ўкраіне дапамагла Беларусі ня страціць сусьветную ўвагу.

9:27 — як Аляксандар Лукашук зацікавіўся Амэрыканскай адміністрацыяй дапамогі і яе дзейнасьцю ў Беларусі ў 1920-х гадах.

12:18 — ці было ў амэрыканскай адміністрацыі сто гадоў таму разуменьне, што яны працуюць менавіта ў Беларусі, а не ў Расеі.

15:53 — чаму гісторыя дзейнасьці АРА ў Беларусі была цалкам забытая.

20:48 — у чым спэцыфіка вайны ва Ўкраіне для Беларусі, за што насамрэч вядзецца вайна.

26:08 — як склаўся лёс супрацоўнікаў АРА, якія працавалі ў Беларусі.

28:06 — якой можа быць палітыка памяці ў будучай дэмакратычнай Беларусі.

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Лукашуком:

— У канцы сваёй кнігі вы напісалі як бы артыкул для будучай энцыкляпэдыі свабоднай Беларусі, дзе падсумавалі вынікі дапамогі, якую ў 1920-я гады аказала Беларусі Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА). Прыведзеныя там лічбы і факты ўражваюць. Я працытую невялікі фрагмэнт:

«У 1922–1923 у Беларусі (на адміністрацыйнай тэрыторыі БССР і РСФСР) працавалі тры акругі АРА. Усяго паступіла звыш 14 тысяч 440 тон амэрыканскай дапамогі (у т. л. Менская акруга разьмеркавала 6825, Віцебская — 4441, Гомельская — 3175 тон) на суму больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў. Дастаўлена больш за 10 тысяч 110 тон харчовых пасылак коштам 10 даляраў кожная на агульную суму 1 мільён 732 тысячы даляраў (18,5% усіх пасылак АРА). Бясплатна выдадзена 988 тон харчовых рацыёнаў дзецям, хворым у шпіталёх і ўцекачам. АРА апекавалася больш чым 300 дзіцячымі дамамі, апроч харчаваньня пастаўляла адзеньне, абутак, мэдычныя матэрыялы. Спрыяла рэпатрыяцыі ўцекачоў, якія пакінулі Беларусь падчас Першай усясьветнай вайны. Пастаўлена санітарнае абсталяваньне, арганізавана харчаваньне й мэдычная дапамога ў канцлягеры ўцекачоў Козырава (найбуйнейшы на той час у сьвеце). Праведзена вакцынацыя больш як 1 мільёна чалавек. Мэдыкамэнты, матэрыялы санітарыі й абсталяваньне агульнай вагой 484 тоны, кошт якіх перавысіў 470 тысяч даляраў, атрымалі больш за 300 мэдычных установаў. Мэдычная праца АРА засьцерагла ад эпідэміі тыфусу Беларусь і Польшчу».

— Чаму гэтая гісторыя была забытая?

— Яна не была забытая. Гэта клясычны вынік палітыкі памяці. Яна была не забытая, а сьцертая, забароненая. Гэта была мэтанакіраваная палітыка для таго, каб гэтая памяць не захавалася.

Напачатку савецкая ўлада ўсяляк дзякавала АРА. Існуюць падзякі ад кіраўнікоў савецкага ўраду з Масквы, якія ў 1920-я гады атрымлівалі Амэрыканская адміністрацыя дапамогі і асабіста Гербэрт Гувэр. Таксама і ўлады Беларусі дзякавалі АРА. У газэтах таго часу можна знайсьці афіцыйныя паведамленьні на гэтую тэму.

Але зь цягам часу, напрыклад, арыштоўваліся некаторыя кіраўнікі, якія падпісвалі тыя падзякі — напрыклад, Зіноўеў ці Бухарын — і, адпаведна, усё, што было зьвязана зь іх імёнамі, выкрэсьлівалася.

Але ня толькі. Справа ў тым, што ад самага пачатку, калі амэрыканцы толькі прыехалі і пачалі працаваць на тэрыторыі савецкай Расеі і савецкай Беларусі, за імі пільна сачылі і ўлады, і ЧК-ГПУ. Ленін аддаваў прамыя загады кантраляваць, не дапускаць. І ўлады ўвесь час даволі моцна перашкаджалі АРА працаваць.

Галоўная праблема была ў кантролі. Каму раздаваць гэтыя пасылкі? Улады хацелі, каб амэрыканцы дастаўлялі дапамогу, а разьмяркоўваць хацелі самі. Амэрыканцы на гэта не згаджаліся і да канца захавалі незалежнасьць у тым, хто будзе разьмяркоўваць дапамогу.

Яны выяжджалі ўвесь час з інспэкцыямі ў дзіцячыя дамы і ў іншыя месцы. Гэта такая жывая, драматычная эканамічная і часам крымінальная гісторыя.

Але калі паглядзець савецкія энцыкляпэдыі 1920-х, 1930-х і пасьляваенных гадоў, то можна пабачыць, як мяняліся артыкулы пра АРА. Спачатку яны былі прыхільныя, пасьля нэўтральныя, а потым адкрыта варожыя. У 1970-я гады ў выдавецтве «Политиздат» ужо выйшла кніжка «Диверсия под флагом помощи». Там ужо была ненавуковая фантастыка, такія ўжо штырліцы працавалі супраць АРА, што я прачытаў яе зь вялікай цікавасьцю. Яны паспрабавалі падаць гэтую гісторыю, цалкам выключыўшы любую пазытыўную агульначалавечую якасьць і значэньне гэтай дапамогі, якая ўратавала ў Расеі мільёны людзей, цалкам перакрэсьлілі ўсё сваёй няўдзячнасьцю.

— Вы займаецеся вывучэньнем палітыкі памяці — яе значэньне асабліва выразна бачна на прыкладзе барбарскай вайны Расеі супраць Украіны, якую называюць часам вайной за мінулае. У чым спэцыфіка гэтай вайны ў ХХІ стагодзьдзі ў цэлым і для Беларусі ў прыватнасьці ? За якія вышыні ці тэрыторыі ідуць найважнейшыя, на вашу думку, баі на гэтай вайне?

— Давайце паглядзім на суседзяў. Замена чужых назваў, помнікаў, вяртаньне сваіх імёнаў даўно адбылося ў краінах Балтыі, у Польшчы, завяршаецца ва Ўкраіне. На маю думку, гэта не перапісваньне гісторыі і нават не аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці — я называю гэта актам маральнай гігіены. Гэта санітарна-мэдычная апэрацыя: прамыць рану, выцягнуць стрэмку, іншароднае цела, праапэраваць катаракту, якая засьціць зрок.

У сваёй працы тут, у Вашынгтоне, я вызначыў два крытэры, якія дапамаглі мне выбраць тыя тэмы і падзеі гісторыі, якія, на маю думку, найбольш яскрава адпавядаюць тэматыцы палітыкі памяці. Першае, гэта нейкая гістарычная падзея ці памяць пра яе, якая цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў палітыцы — альбо ўладай, альбо апазыцыяй, альбо нейкай меншасьцю. Гэта значыць, што яна цяпер працуе, хоць адбылася даўно. Напрыклад, паўстаньне Каліноўскага ці Другая сусьветная вайна.

Другі крытэр выбару гэтай тэмы адваротны першаму. Калі ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі — ні ўлада, ні апазыцыя, ні нехта іншы, хаця трэба было б.

Гэтыя два прынцыпы дапамаглі мне вызначыць паўтара дзясятка, на маю думку, вельмі істотных гістарычных падзеяў, памяць пра якія надзвычай важная для захаваньня і разьвіцьця суб’ектнасьці Беларусі. Гэта ня толькі паўстаньне Каліноўскага ці падзеі 100-гадовай даўніны, рэпрэсіяў ці пасьляваеннага супраціву. Гэта і тое, што мы называем нават не найноўшай, а сучаснай гісторыяй — падзеі 2020 году, гэта галасы турмы, якія цяпер вельмі важна пачуць.

Цяпер на сайце Радыё Свабода публікуецца турэмная кніга Алега Грузьдзіловіча — на маю думку, адна з найлепшых з таго, што напісана ў Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі на тэму турмы. Я магу параўнаць яе толькі з працай Алеся Бяляцкага «Турэмныя сшыткі», якая мяне таксама вельмі ўразіла. І ўразіла ня жахамі — праз жахі там праходзяць усе, а менавіта сваім бачаньнем, адчуваньнем турэмнага жыцьця і яго перадачай.

Таксама беларуская нацыянальная памяць ствараецца сёньня ва Ўкраіне. Гэта і валянтэры, людзі, якія разам з украінцамі перажываюць гэтую барбарскую агрэсію, якія разам з блізкімі ці са сваімі дзецьмі пад сырэны спускаюцца ў бамбасховішчы.

Гэта і памяць, якая ствараецца цяпер беларусамі ў выгнаньні, якія працягваюць і вучыцца, і працаваць. Некаторыя зь іх захоўваюць сваю культурную ідэнтыфікацыю, некаторыя асымілююцца. Гэтыя працэсы, як мне падаецца, маюць гістарычнае значэньне. Іх варта занатаваць і захаваць.

Пра гэта я меў магчымасьць гаварыць са Сьвятланай Алексіевіч, якая адклала свае заплянаваныя кнігі пра каханьне і пра старасьць і піша цяпер працяг кнігі пра чырвонага чалавека. Бо ён, як аказалася, зусім ня скончыўся. Гаварыў я пра гэта і з дасьледчыцай савецкай і постсавецкай гісторыі Эн Эплбаўм. Для іх несумненнаю зьяўляецца важнасьць фіксацыі гэтага працэсу стварэньня новай памяці.

І ведаеце, ніякая дыктатура з гэтым працэсам фіксацыі памяці нічога ня зможа зрабіць. Гістарычныя ўрокі, якія мы ведаем, з палітыкай памяці, насамрэч, вельмі аптымістычныя. Гэта толькі справа часу, але не пытаньне таго, будзе ці ня будзе. Будзе. Пытаньне толькі — калі.

Аўдыёкніга Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі»

Кніга «Прыгоды АРА ў Беларусі», яе тэкст з мноствам ілюстрацый і гістарычных архіўных дакумэнтаў даступная на нашым сайце ў Бібліятэцы Свабоды:

Аляксандар Лукашук. Прыгоды АРА ў Беларусі. 2005 (PDF) (Soundcloud) Авантурная гісторыя самай забытай у ХХ стагодзьдзі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў 1920–1923 гг. Аўтар знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі і зрабіў любоўную рэканструкцыю эпохі. Не раўнуючы машына часу. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG