У дакумэнце пад назвай «Справаздача для АБСЭ аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэньню ў Беларусі з 5 лістапада 2020 году» яе аўтар, прафэсар Сарбонскага ўнівэрсытэту ў Парыжы Эрвэ Асэнсьё, падрабязна расказвае пра рэпрэсіўныя зьмены ў заканадаўства Беларусі і практыку іх прымяненьня, пра стан беларускай грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод унутры краіны.
Дакумэнт падрыхтаваны ў рамках так званага Маскоўскага мэханізму АБСЭ ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Яго прэзэнтуюць 11 траўня на чарговай сэсіі АБСЭ ў Вене.
23 сакавіка 2023 году 38 краін – удзельніц АБСЭ прынялі рашэньне ўвесьці ў дачыненьні да Беларусі так званы Маскоўскі мэханізм. Гэта адмысловы мэтад працы арганізацыі ў краінах, дзе адбываюцца грубыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека. Акцэнт у даручэньні быў зроблены на апошніх зьменах у беларускім крымінальным праве і іншых абставінах, такіх як вайна ва Ўкраіне.
Нягледзячы на просьбу аўтара дакладу аб супрацоўніцтве, беларускія ўлады адмовілі яму ў кантакце. Дакладчык скарыстаўся тэхнічнай дапамогай Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ), грунтаваў сваю працу на дакумэнтах, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе або атрыманыя з надзейных крыніц, у тым ліку папярэдніх справаздач міжнародных арганізацый, а таксама меў асабістыя інтэрвію зь беларусамі ў Варшаве і Вільні.
Публікуем найважнейшыя вытрымкі з дакладу
Зьмены ў заканадаўстве
Паводле дакладу, пасьля масавых рэпрэсій 2020 году беларускія ўлады правялі заканадаўчыя рэформы. Гэтыя папраўкі ўводзяць новыя крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэньні, узмацняюць адказнасьць за недакладна акрэсьленыя дзеяньні, пашыраюць прымяненьне сьмяротнай кары, абмяжоўваюць доступ да палітычных правоў беларусам у эміграцыі, абмежаваньне свабоды сходаў і асацыяцый.
«Цяпер беларускі ўрад мае поўны арсэнал заканадаўства, закліканага перашкаджаць любой форме апазыцыі», — гаворыцца ў справаздачы.
Узмацненьне рэпрэсій пасьля пачатку вайны
Рэалізаваныя рэформы ўтвараюць цэлае, якое можна назваць «палітычна матываваныя рэпрэсіі». Адно з галоўных іх наступстваў — вялікая колькасьць палітвязьняў. Пасьля пачатку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, якая была часткова распачатая з тэрыторыі Беларусі, рэпрэсіі былі асабліва накіраваныя на тых, хто выказвае сваю апазыцыю вайне або падтрымку ўкраінскаму народу.
Паводле аўтара дакладу, у Беларусі праводзіцца шырокая палітыка адвольных арыштаў і затрыманьняў, несумяшчальных зь міжнароднымі стандартамі. Гэта практыка масавых арыштаў людзей у дамах, выкарыстаньне гвалту, каб атрымаць доступ да пэрсанальных зьвестак, якія пазьней будуць выкарыстоўвацца супраць асоб. Назіраецца непрапарцыйнасьць паміж пакараньнем і меркаваным парушэньнем.
Катаваньні ў турмах
Паводле аўтара дакладу, катаваньні і бесчалавечнае або зьневажальнае абыходжаньне рэгулярна і арганізавана адбываюцца ў месцах зьняволеньня і асабліва накіраваныя на тых, каго лічаць палітычнымі апанэнтамі.
Шмат якія палітвязьні зазнаюць катаваньні, ёсьць сьведчаньні выпадкаў фізычнага або сэксуальнага гвалту. Палітвязьні ва ўсіх турмах сутыкаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі у атрыманьні базавай мэдыцынскай дапамогі.
Што рэкамэндаваў аўтар дакладу уладам Беларусі
Дакладчык дае шэраг рэкамэндацый, як гэта прадугледжана яго мандатам.
Пра палітвязьняў
- Неадкладна вызваліць палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў.
Пра заканадаўчыя рэформы
- Правесьці маштабную рэформу дзейнага заканадаўства ў Беларусі для прывядзеньня нацыянальнага заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях у поўную адпаведнасьць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.
- Увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Пра беларусаў у эміграцыі
- Арганізаваць аднаўленьне пашпартоў беларусаў, якія пражываюць за мяжой.
- Устрымацца ад любой дыскрымінацыі беларусаў у эміграцыі.
Пра грамадзянскую супольнасьць
- Адмяніць законы і пастановы, якія абмяжоўваюць стварэньне і дзейнасьць незалежных арганізацый, у тым ліку асацыяцый, прафэсійных саюзаў, палітычных партый і іншых.
- Забясьпечыць, каб журналісты і іншыя прадстаўнікі СМІ маглі працаваць свабодна і незалежна бяз страху цэнзуры або перасьледу.
Што рэкамэндаваў аўтар дакладу краінам АБСЭ і міжнароднай супольнасьці
- Арганізаваць наведваньне ізалятараў і судовых паседжаньняў для забеспячэньня празрыстасьці і павагі да правоў чалавека.
- Прапанаваць беларусам міжнародную абарону, а таксама дазволы на жыхарства і працу ў эміграцыі, а таксама садзейнічаць іх інтэграцыі праз адпаведныя праграмы.
- Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на інфармаваньне і дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
- Падтрымліваць ініцыятывы салідарнасьці з ахвярамі беларускіх рэпрэсій.
- Дапамагаць беларускім арганізацыям, праваабаронцам і журналістам у выгнаньні існаваць і дзейнічаць за мяжой.
- Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на захаваньне беларускай мовы і культуры за мяжой.
Рэакцыя Менску на запуск Маскоўскага мэханізму
Пятага красавіка 2023 году дакладчык накіраваў ліст прадстаўніку Беларусі ў АБСЭ з просьбай аб супрацоўніцтве. У прыватнасьці, ён прасіў дазволіць яму наведаць краіну і атрымаць інфармацыю аб рэалізацыі канкрэтных заканадаўчых палажэньняў. У лісце прадстаўніка Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2023 году на запуск мэханізму быў такі адказ:
«Урад асуджае тактыку, накіраваную на аказаньне ціску на Беларусь і прымус яе народу падзяляць маральныя каштоўнасьці, адрозныя ад іхных уласных».
Прадстаўнік уладаў Беларусі ў АБСЭ 23 сакавіка ў Вене на Пастаяннай радзе АБСЭ па тэматыцы «Маскоўскага мэханізму» назваў яго запуск «палітычным шоў краін Захаду, адзіным вынікам якога зьяўляюцца 15 хвілін таннай „славы“» і падкрэсьліў, што ў Менску «не дапускаюць» таго, што дэлегацыі краін – ініцыятараў яго запуску «сур’ёзна разьлічваюць на атрыманьне якога-небудзь іншага выніку, чым таго, якім заканчваліся ўсе ранейшыя разборы», паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Што такое «Маскоўскі мэханізм»
- Маскоўскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, зацьверджаны ў 1991 годзе 38 дзяржавамі – сябрамі арганізацыі на нарадзе ў Маскве. Ён прадугледжвае магчымасьць накіраваньня экспэртных камісій для аказаньня дзяржавам-удзельніцам дапамогі ў вырашэньні канкрэтных пытаньняў або праблем, зьвязаных з чалавечым вымярэньнем.
- Папярэдні раз мэханізм у дачыненьні да Беларусі запускалі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў выніковым дакладзе місіі зьмяшчаўся шэраг рэкамэндацый Беларусі: аб прызначэньні новых прэзыдэнцкіх выбараў на аснове міжнародных стандартаў, спыненьні гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягненьні да адказнасьці вінаватых, вызваленьні несправядліва затрыманых, дыялёгу з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, стварэньні назіральнай місіі БДІПЧ/ АБСЭ. Рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі.
- У лютым 2023 году Сьвятлана Ціханоўская заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм адносна Беларусі.
Хто аўтар дакладу
Эрвэ Асэнсьё — з 2005 года прафэсар права юрыдычнага факультэта Сарбонскага ўнівэрсытэту ў Парыжы;
вядзе курсы па агульным міжнародным праве, міжнародным эканамічным праве, міжнародным інвэстыцыйным праве, міжнародным крымінальным і гуманітарным праве.
Раней: прафэсар права ў іншых унівэрсытэтах Парыжу і Марсэля,
рэфэрэнт упраўленьня прававых спраў Міністэрства замежных спраў Францыі (1997-1998).