Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ заклікала павялічыць ціск на рэжым Лукашэнкі


Саміт АБСЭ ў Лодзі, Польшча. 1 сьнежня 2022
Саміт АБСЭ ў Лодзі, Польшча. 1 сьнежня 2022

Выступаючы на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі 1 сьнежня, Сьвятлана Ціханоўская гаварыла аб пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека і ў Беларусі і заклікала АБСЭ працягваць і павялічваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з мэтай вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

«Кожнаму чалавеку, які супрацьстаіць тыраніі ў Беларусі, асабліва важна быць прынамсі бачным і пачутым. Важна, каб АБСЭ адсочвала сытуацыю ў Беларусі, не здымала яе з парадку дня і дэманстравала салідарнасьць з барацьбой нашага народу, — сказала Ціханоўская ў пачатку свайго выступу. — Я ўпэўненая, што АБСЭ мае інструмэнты ўплыву на сытуацыю. І я вас прашу: не чакайце чарговай ахвяры, не чакайце чарговай сьмерці, трэба дзейнічаць зараз».

Гаворачы пра палітвязьняў у Беларусі, Ціханоўская згадала па імені Марыю Калесьнікаву, Алеся Бяляцкага.

Наконт пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі дэмакратычная лідэрка Беларусі адзначыла:

«Рэжым Лукашэнкі адчуў сваю беспакаранасьць і пайшоў далей са сваім тэрорам. Першым сьведчаньнем гэтага стаў згон самалёта кампаніі Ryanair. Другім — маштабны міграцыйны крызіс, які ўчыніў Лукашэнка на мяжы з Эўропай.

Наступным крокам тырана стаў яго ўдзел у злачыннай вайне супраць Украіны. Чарговы раз парушаючы Канстытуцыю Беларусі і ўсе існыя нормы, чарговы раз здрадзіўшы нацыянальным інтарэсам беларусаў, Лукашэнка заключыў дамову з д’яблам.

Ён сам запрасіў у нашу краіну акупацыйныя войскі і прадаў беларускі сувэрэнітэт за магчымасьць яшчэ трохі пасядзець на сваім троне. Цяпер ён тэрарызуе ня толькі беларусаў, але і ўсю эўрапейскую грамадзкасьць».

Гаворачы пра тое, што АБСЭ можа зрабіць у цяперашняй сытуацыі, Ціханоўская сказала:

«Я ўпэўненая, што кожны з нас можа зрабіць больш, каб спыніць гэты крызіс і з гэтай дапамогай спыніць вайну. Я ўпэўненая, што АБСЭ можа зрабіць значна больш.

Я заклікаю вас зноў запусьціць Маскоўскі мэханізм разгляду злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.

Я заклікаю вас падтрымаць беларускіх праваабаронцаў і незалежных журналістаў.

Заклікаю прасіць і настойваць на наведваньні палітвязьняў у месцах іх зьняволеньня. Ці адмовіў бы рэжым Лукашэнкі ў просьбе наведаць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага? Ці ляўрэата прэміі Сахарава Марыю Калесьнікаву? Ці паступалі такія запыты?

Заклікаю працягваць і павялічваць ціск на нелегітымны рэжым. Мы не павінны прасіць яго абмяркоўваць і весьці перамовы. Трэба прымусіць яго безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі. Мы патрабуем рэабілітацыі ўсіх, хто пацярпеў ад незаконных затрыманьняў.

Я заклікаю запатрабаваць неадкладнага і безумоўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Заклікаю вас арганізаваць слуханьні аб гуманітарным крызісе ў Беларусі і аб удзеле рэжыму ў вайне супраць волі беларусаў. Запрасіць на гэтыя слуханьні прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі, у тым ліку і Абʼяднаны пераходны кабінэт. Гэта будзе першы крок у эфэктыўным супрацьстаяньні тыраніі і пагрозам эўрапейскай бясьпецы».

Афіцыйны Менск на саміце АБСЭ ў Лодзі прадстаўляе Андрэй Дапкюнас, пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ. Раней на саміт запрашалі міністра замежных справаў Уладзімера Макея, але ён памёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG