Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык аб беларускіх уцекачах у ПАРЭ: «Рада Эўропы адрозьнівае рэжым ад народу Беларусі»


Прадстаўнік ПАРЭ Поль Галь, аўтар дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Страсбург 27 красавіка 2023
Прадстаўнік ПАРЭ Поль Галь, аўтар дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Страсбург 27 красавіка 2023

Палітык зь Люксэмбургу Поль Галь, аўтар дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні», расказаў Свабодзе пра дэталі свайго дакумэнту і рэкамэндацыі, якія ён зьбіраецца накіраваць урадам краін Эўразьвязу.

Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), ад 200 000 да 500 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

З гэтай нагоды Камітэт у справах міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў ПАРЭ зьвярнуўся да дэпутата парлямэнту Люксэмбургу Поля Галя з просьбай падрыхтаваць справаздачу аб канкрэтных праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні.

Палітык зь Люксэмбургу Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Страсбург, 27 красавіка 2023
Палітык зь Люксэмбургу Поль Галь падчас прэзэнтацыі дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Страсбург, 27 красавіка 2023

З кім сустракаўся дакладчык ПАРЭ

У сакавіку 2023 году прадстаўнік ПАРЭ наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць зь беларускімі ўцекачамі, а таксама ўладамі гэтых краін.

У прыватнасьці, аўтар дакладу сустракаўся з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), Асацыяцыі адвакатаў і іншых арганізацый. Таксама Галь меў магчымасьць абмяняцца думкамі з вучнямі і настаўнікамі віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны.

Спэцдакладчык таксама бачыўся зь беларусамі замежжа, чые сваякі — палітычныя зьняволеныя ў Беларусі.

Будынак Рады Эўропы, Страсбург. Архіўнае фота
Будынак Рады Эўропы, Страсбург. Архіўнае фота

Пра сваё ўражаньне ад гэтых сустрэч спадар Галь сказаў Свабодзе:

«Мяне найбольш уразілі крэатыўнасьць, мужнасьць і рашучасьць беларусаў у выгнаньні, якія змагаюцца за свае правы і дэмакратыю. Іх жаданьне дапамагчы і жыць у дэмакратычнай краіне вельмі моцнае, але таксама застаецца моцным і страх быць забытымі».

Пра якія праблемы казалі беларусы ў выгнаньні

27 красавіка прайшла прамежкавая прэзэнтацыя дакладу Поля Галя. Яго зацьверджаньне ў камітэце ПАРЭ заплянавалі на 11 траўня.

У сваім дакладзе Поль Галь зьвярнуў увагу на прыняты сёлета беларускімі ўладамі закон аб пазбаўленьні грамадзянства за «экстрэмізм». Як адзначыў палітык, гэты закон даказвае, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца:

«Гэты закон стаў яшчэ адной нагодай, каб зьвярнуць увагу дэмакратычных эўрапейскіх краін, у якія ўцякла большасьць беларусаў, на больш спрыяльныя ўмовы для іх легалізацыі», — сказаў Поль Галь.

Падчас размовы Поля Галя зь Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту згадвалася пытаньне заменьнікаў беларускага пашпарта. Гэта важна для беларусаў у выгнаньні, калі хто згубіў свой пашпарт, у яго скончыўся тэрмін дзеяньня ці больш няма свабодных старонак.

Цяпер абмяркоўваюцца ідэі, што можа замяніць беларускі пашпарт. Поль Галь кажа:

«Гэта вельмі складанае пытаньне, на якое на гэты момант няма канкрэтнага адказу. Спадзяюся, што мой даклад зможа дапамагчы знайсьці рашэньне ў гэтым кірунку».

Сярод галоўных праблемаў, якія хвалююць беларусаў у выгнаньні, дакладчык вылучыў атрыманьне візаў і замену пашпартоў. У прыватнасьці, складанасьць з заменай пашпартоў палягае ў тым, што празь небясьпеку перасьледу шмат хто зь беларусаў ня можа вярнуцца дадому, каб памяняць стары пашпарт на новы.

Яшчэ адно важнае пытаньне, на якое Поль Галь зьвярнуў увагу ў сваім дакладзе, — адкрыцьцё банкаўскіх рахункаў і мэдычнае страхаваньне беларусаў за мяжой. У справаздачы ён таксама адзначыў пытаньні інтэграцыі беларусаў замежжа, у прыватнасьці выкарыстаньне беларускай мовы і культуры.

Дакладчык аб праблемах беларускіх уцекачоў Поль Галь (у цэнтры) зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі Юрыем Губарэвічам і Яўгенам Вільскім. Страсбург, 27 красавіка 2023 г.
Дакладчык аб праблемах беларускіх уцекачоў Поль Галь (у цэнтры) зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі Юрыем Губарэвічам і Яўгенам Вільскім. Страсбург, 27 красавіка 2023 г.

Што будзе ў рэкамэндацыях

Пасьля зацьвярджэньня дакладу, як адзначыў палітык, будзе шмат рэкамэндацый, у прыватнасьці аб спрашчэньні працэдуры выдачы візаў і пашпартоў. У некаторых краінах такая практыка ўжо прымяняецца.

У якасьці прыкладу ён прывёў Польшчу і Літву, дзе ёсьць магчымасьці выдаваць беларусам «дакумэнт для падарожжаў».

Рэкамэндацыі таксама закрануць і выдачу шэнгенскіх візаў, каб беларусы маглі свабодна падарожнічаць па краінах Эўразьвязу. Даваліся таксама рэкамэндацыі аб спрошчанай працэдуры адкрыцьця банкаўскіх рахункаў за мяжой і паляпшэньні ўмоваў вядзеньня бізнэсу для беларусаў.

Паводле спадара Галя, што тычыцца практычнага складніку ягонага дакладу, ёсьць два шляхі яго ўзьдзеяньня:

«Першы — гэта кожная з краінаў-чальцоў Рады Эўропы мае свае амбасады і празь іх можа ажыцьцяўляць рэкамэндацыі гэтага дакладу.

Другі шлях — гэта калі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай і палітычнай супольнасьці за мяжой, маючы гэты дакумэнт пад рукой, могуць прыходзіць да палітыкаў і яшчэ раз падкрэсьліваць, што гэта важна, каб беларусы ў выгнаньні і палітыкі дэмакратычных краін працавалі разам».

Самая важная рэкамэндацыя, якая выцякае з спэцдакладу, — гэта правільнае ўспрыманьне беларусаў-уцекачоў за мяжой. Галь зьвярнуў увагу на тое, што некаторыя краіны — сябры Рады Эўропы ўсё яшчэ думаюць, што Беларусь — гэта бясьпечнае месца:

«Гэтая пазыцыя робіць жыцьцё беларусаў яшчэ больш складаным у гэтых краінах, таму што адсутнічае поўнае разуменьне іхных праблемаў», — сказаў прадстаўнік ПАРЭ.

Палітык згадаў пратэсты 2020 году пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады ўвага была сканцэнтраваная на беларусах. Але пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне аб праблемах беларусаў пачалі забываць:

«Найбольшы страх мноства беларусаў, што іхныя праблемы будуць забытыя», — адзначыў Поль Галь.

Прадстаўнік ПАРЭ сказаў, што ў Радзе Эўропы адрозьніваюць палітычны рэжым і народ Беларусі:

«Цяпер у Парлямэнцкай асамблеі разглядаецца шмат дакумэнтаў пра вайну ва Ўкраіне, дзе падкрэсьліваецца гэтая розьніца», — прызнаў прадстаўнік ПАРЭ.

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG