Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі слабее імпэрыя. Як уцячы і не вярнуцца ў назойлівыя абдымкі Масквы


Урха Калева Кеканэн, Уладзімір Пуцін, Сяргей Лаўроў. Каляж
Урха Калева Кеканэн, Уладзімір Пуцін, Сяргей Лаўроў. Каляж

На працягу некалькіх мінулых тыдняў уражаны сьвет са зьдзіўленьнем назіраў за тым, як Сырыя імкліва перастае быць сфэрай улыву Масквы — бяз колькі-небудзь прыкметнага супраціву з боку апошняй.

І міжволі ўзьнікла пытаньне: а ці ёсьць у сёньняшняй РФ сілы і магчымасьці, каб трымаць у падпарадкаваньні тыя сумежныя краіны і тэрыторыі, якія яна лічыць зонай сваіх імпэрскіх інтарэсаў?

Сьцісла:

  • Імпэрыі Пуціна не хапае сілаў, каб кантраляваць усе свае разьлеглыя межы і забясьпечваць «сфэры ўплыву». Бездапаможнасьць расейскай вайсковай машыны ў Сырыі гэта пераканаўча пацьвердзіла.
  • Былым імпэрскім ускраінам Расеі, якія зь непакоем і трывогай услухоўваюцца ў пагрозьлівыя вокрыкі Крамля і прыглядаюцца да падзеяў ва Ўкраіне, варта назіраць за тым, як паводзіць сябе маленькая Фінляндыя.
  • Фінляндыя на крутых паваротах гісторыі нейкім неймаверным чынам кожны раз угадвала найбольш зручны і аптымальны момант, калі можна было калі не парваць з імпэрыяй цалкам, то хаця б зрабіць суіснаваньне зь ёй максымальна прымальным для сябе.
  • Беларускі і фінскі народы, жывучы пад пастаянным ціскам суседняй імпэрыі, увесь час сутыкаліся зь вельмі падобнымі выклікамі і вырашалі адну і тую ж задачу: ацалець, захаваць сваю нацыянальную адметнасьць і па магчымасьці аслабіць празьмерную залежнасьць ад Масквы. Але спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выбіралі найчасьцей розныя.

Першы раз такое падазрэньне ўзьнікла два гады таму, улетку 2022-га, калі Фінляндыя і Швэцыя — краіны, якія на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў лічыліся сымбалямі нэўтралітэту і асьцярожна-абачлівага стаўленьня да геапалітычных прэтэнзій Масквы — нечакана распачалі працэс імклівага далучэньня да NATO. Асабліва яскравым гэты крок выглядаў з боку Фінляндыі, якая больш як стагодзьдзе была ўскраінай Расейскай імпэрыі, а пазьней ня раз вымушаная была рознымі спосабамі абараняцца ад назойлівай апекі магутнага суседа.

Крыўды Пуціна

Сыход Фінляндыі ў лягер быў настолькі імклівым, што, выглядае, засьпеў Маскву зьнянацку. Тая спачатку нават адрэагавала нейкім няўцямна-разгубленым чынам. У чэрвені 2022-га ў Ашгабаце, адказваючы на адпаведнае пытаньне журналістаў, Пуцін казаў:

«У Расеі няма праблемаў са Швэцыяй і Фінляндыяй, і таму пашырэньне NATO за кошт гэтых краін не стварае непасрэднай пагрозы... Калі Швэцыя і Фінляндыя хочуць, яны могуць уступіць у NATO».

Праўда, неўзабаве рыторыка прыкметна зьмянілася. Ужо ў сьнежні 2023-га ў інтэрвію Пуціна расейскаму журналісту Зарубіну гучалі ноты раздражненьня і крыўды:

«Вось узялі, зацягнулі ў NATO Фінляндыю. У нас што, былі зь Фінляндыяй нейкія спрэчкі? Усе спрэчкі, у тым ліку і тэрытарыяльнага характару, у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя даўно вырашаны. У нас самыя добрыя, самыя сардэчныя былі адносіны».

Валянтэры Нацыянальнай асацыяцыі падрыхтоўкі абаронцаў Фінляндыі на трэніроўцы да магчымага канфлікту з Расеяй. Хэльсінкі, травень 2022
Валянтэры Нацыянальнай асацыяцыі падрыхтоўкі абаронцаў Фінляндыі на трэніроўцы да магчымага канфлікту з Расеяй. Хэльсінкі, травень 2022

Нарэшце, кепска схаваныя крыўды і папрокі ў адрас Хэльсынкі выразна прагучалі ў інтэрвію міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова амэрыканскаму журналісту Карлсану сёлета 6 сьнежня:

«У нас былі сяброўскія адносіны зь Фінляндыяй. І за адну ноч фіны вярнуліся да раньніх гадоў падрыхтоўкі да Другой сусьветнай вайны, калі яны былі найлепшымі саюзьнікамі Гітлера. Усё сяброўства, сумесныя паходы ў саўну, гульні ў хакей — усё імгненна зьнікла. Можа быць, гэта „сядзела“ глыбока ў іхных сэрцах, а нэўтралітэт і дружалюбнасьць прыгняталі іх. Ня ведаю».

На што журналіст Карлсан коратка нагадаў міністру, што штурхнула Фінляндыю ў 1939-1940 гадах у абдымкі Гітлера: «Магчыма, яны страчваюць розум празь Зімовую вайну». Але далей у гістарычныя нетры суразмоўцы не паглыбляліся.

«Дзе раз узьняты расейскі сьцяг, ён ужо спускацца не павінен»

У Пуціна асаблівае стаўленьне да тых тэрыторый і краін, якія нейкі час уваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі.

«Дзе раз узьняты расейскі сьцяг, ён ужо спускацца не павінен», — гэта выказваньне расейскага цара Мікалая І датычыла далёкаўсходніх заваёўніцкіх паходаў сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, але яно надзвычай папулярнае ў сёньняшняй Расеі.

У эпоху найбольшай магутнасьці імпэрыі Раманавых — у другой палове ХІХ стагодзьдзя — расейскія межы ў Эўропе сягалі Батнічнай затокі на поўначы і даходзілі ледзь не да Одры на захадзе. Хэльсынкі (тагачасны Гэльсынгфорс) і Варшава былі правінцыйнымі расейскімі гарадамі.

Польшча і Фінляндыя — дзьве найбольшыя эўрапейскія правінцыі імпэрыі, далучаныя да яе сілай зброі на пачатку ХІХ стагодзьдзя — ужо ў той час выглядалі чужароднымі на тле паўфэадальнай Расеі. І абедзьве імкнуліся да большай самастойнасьці і незалежнасьці. Але кожная па-свойму.

Тое, што, каб вызваліцца з імпэрскіх абдымкаў, неабходна дачакацца зручнага гістарычнага моманту, калі імпэрыя слабее, палітыкі і рэвалюцыянэры ў паняволеных краінах разумелі ўжо тады. Але разьлікі не заўсёды былі правільнымі. Царскі рэжым жорстка задушыў два нацыянальна-вызвольныя паўстаньні на землях колішняй Рэчы Паспалітай (спачатку ў 1830-м, потым — у 1863-1964 гадах).

Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа на ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году. У другім шэрагу ў цэнтры Сьвятлана Ціханоўская. Вільня 21 студзеня 2024
Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа на ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году. У другім шэрагу ў цэнтры Сьвятлана Ціханоўская. Вільня 21 студзеня 2024

Паўстанцы спадзяваліся на дапамогу звонку, але надзеі гэтыя былі марныя. Цана паразаў у абодвух выпадках была надзвычай высокая. Ужо пасьля першага паўстаньня Польшча страціла ўсе асноўныя інстытуты сваёй ранейшай шырокай аўтаноміі — уласныя Сэйм, войска, урад. Потым дайшла чарга і да адукацыі, і да чыноўніцтва, і да культуры. А ў дадатак да ўсяго гэтага — ваеннае становішча тэрмінам на 27 гадоў, палітычныя рэпрэсіі, шыбеніцы, турмы, высылка ў Сібір соцень тысяч паўстанцаў, расьцярушаная па сьвеце ў выніку эміграцыі інтэлектуальная эліта. І ва ўсім краі — татальная русыфікацыя.

Упарты супраціў ці імітацыя пакоры і паслухмянасьці

Абачлівыя і асьцярожныя фіны, назіраючы за прыкладам Польшчы, выбралі іншую стратэгію: цярпліва чакаць зручнага моманту. І ў значнай ступені засталіся ў выйгрышы. Бо ўсе тыя абавязковыя атрыбуты сувэрэнітэту, якія царызм у палякаў адбіраў у якасьці помсты, фіны працягвалі мець ажно да канца стагодзьдзя. А тое стагодзьдзе было для іх надзвычай важным: працягвалася фармаваньне фінскай нацыі, разьвіваліся мова і культура, гадаваліся пакаленьні культурнай і навуковай эліты. Усё тое, што Польшча страчвала ў сваім упартым, самаахвярным (але і бясплённым) змаганьні з імпэрыяй, Фінляндыя паступова назапашвала, рыхтуючыся да рэальнай незалежнасьці.

Увогуле, Фінляндыя на крутых паваротах гісторыі нейкім неймаверным чынам кожны раз угадвала найбольш зручны і аптымальны момант, калі можна было калі не парваць зь імпэрыяй цалкам, то хаця б зрабіць суіснаваньне зь ёй максымальна прымальным для сябе.

Так было ў канцы 1917-га, калі фінскі ўрад першым сярод нацыянальных ускраін былой імпэрыі дамогся згоды Леніна і бальшавікоў на незалежнасьць (камуністы толькі-толькі захапілі ўладу ў Расеі і яшчэ не былі апантаныя імпэрскімі комплексамі).

Фінскія салдаты на мяжы з СССР ў 1939
Фінскія салдаты на мяжы з СССР ў 1939

Так здарылася ў 1939-1940-м, падчас Зімовай вайны, у той крытычны момант, калі, здавалася, у маленькай Фінляндыі не было ніякіх шанцаў супрацьстаяць вялізнай сталінскай арміі. Але выявілася, што ваенная магутнасьць СССР была многімі перабольшана, а мелі рацыю менавіта ўлады тагачаснай Фінляндыі, якая, адрозна ад краін Балтыі, аказала ўпарты супраціў агрэсару і такім чынам захавала незалежнасьць.

Так, урэшце, адбылося і пасьля Другой сусьветнай вайны. У той час здавалася неверагодным, каб якаясьці з эўрапейскіх краін, якая мяжуе з СССР, ня трапіла ў «сацыялістычны лягер», пазьбегла саветызацыі. Туды гвалтам былі загнаныя ўсе — ад Баўгарыі на поўдні да Польшчы на поўначы. А Фінляндыя — не. Хоць адным росчыркам пяра Сталіна магла стаць ня толькі Сацыялістычнай Рэспублікай Фінляндыяй, але нават і Фінскай ССР: істотных перашкодаў для гэтага ў Масквы не было.

Тым ня менш тагачаснаму кіраўніцтву Фінляндыі ўдалося ўратавацца ад камунізму. Часткова гэта тлумачылася жаданьнем Масквы прадэманстраваць пэўную паблажлівасьць да пераможаных, паслаць дружалюбны знак у адрас Захаду: краіна на поўначы кантынэнту для гэтай мэты пасавала болей, чым стратэгічна важныя дзяржавы ў Цэнтральнай Эўропе, якімі СССР не хацеў паступацца. З другога боку, Фінляндыя заплаціла за гэта высокую цану: канчаткова адмовілася ад сваіх правоў на Карэлію, перадала Савецкаму Саюзу раён Пэтсама (Печанга), пазбавіўшыся такім чынам выхаду да Баранцава мора; заплаціла значныя рэпарацыі (300 мільёнаў даляраў, немалую па тым часе суму). І акрамя таго, падпісала з СССР дамову, у адпаведнасьці зь якой абавязвалася захоўваць нэўтралітэт і прызнаваць «асаблівыя стратэгічныя інтарэсы СССР».

Савецкія ваенапалонныя ў Фінляндыі. 1942
Савецкія ваенапалонныя ў Фінляндыі. 1942

Ці забылі і даравалі гэта фіны расейскім імпэрцам? Калі ў «застойныя» дзесяцігодзьдзі высокапастаўленыя маскоўскія функцыянэры натоўпамі выпраўляліся ў заможную і дружалюбную Фінляндыю, дзе іх гасьцінна прымалі, парылі ў саўнах, гулялі зь імі ў хакей і адорвалі дарагімі прэзэнтамі, ім, відавочна, здавалася, што ўсё мінулае забыта, што запанавалі, кажучы словамі Пуціна, «самыя добрыя сардэчныя адносіны».

Гэта была палітыка хітрага і мудрага прэзыдэнта Урха Калева Кеканэна, які на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў выстройваў з Масквой надзвычай выгадныя для Хэльсынкі стасункі: атрымліваючы з СССР танную сыравіну і разьвіваючы ў сябе сучасную прамысловасьць на аснове заходніх тэхналёгій.

Урха Кеканэн і савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў. Масква
Урха Кеканэн і савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў. Масква

Але ні пра старыя крыўды, ні пра прыніжальную палітычную залежнасьць ад Масквы і сваю моцна абрэзаную свабоду фіны ніколі не забывалі. Цяперашнія здагадкі Лаўрова («Можа быць, гэта сядзела глыбока ў іхных сэрцах»), як выявілася, цалкам слушныя. Проста, як і раней у сваёй гісторыі, фіны ў адносінах з агрэсіўным суседам выбіралі самы аптымальны для сябе шлях.

Фінскія ўрокі для суседзяў агрэсіўнай імпэрыі

Адлегласьць ад Санкт-Пецярбургу да фінскай мяжы — 148 кілямэтраў; ад Масквы да ўкраінскай мяжы — 850 кілямэтраў. Адны толькі намеры Кіева ў нейкай аддаленай пэрспэктыве далучыцца да NATO выклікалі маштабную агрэсію РФ, якая працягваецца дагэтуль. А рэальнае і паўнавартаснае далучэньне да Альянсу Фінляндыі Масква моўчкі праглынула. Чаму так здарылася? Разьлік фінаў, як і шмат разоў раней на працягу двух мінулых стагодзьдзяў, аказаўся правільным: пакуль імпэрыя ўсе высілкі кінула на ня надта пасьпяховую захопніцкую вайну, стала магчымым выкарыстаць гэты момант, каб канчаткова аддаліцца ад імпэрыі. Манэўр выглядаў небясьпечным, але, як выявілася, фіны лепш за іншых адчувалі абмежаваныя ваенныя магчымасьці РФ — нягледзячы на браваду і блеф Пуціна. Імпэрыі не хапае сілаў, каб кантраляваць усе свае разьлеглыя межы і забясьпечваць «сфэры ўплыву». Бездапаможнасьць расейскай вайсковай машыны ў Сырыі гэта пераканаўча пацьвердзіла. (Як крыху раней гэта ж прадэманстравала і няздольнасьць Расеі ўплываць на армяна-азэрбайджанскі канфлікт і выратаваць свайго саюзьніка па АДКБ ад поўнай паразы).

Сырыйцы сьвяткуюць падзеньне рэжыму Башара Асада. Дамаск, 17 сьнежня 2024
Сырыйцы сьвяткуюць падзеньне рэжыму Башара Асада. Дамаск, 17 сьнежня 2024

Былым імпэрскім ускраінам Расеі, якія зь непакоем і трывогай услухоўваюцца ў пагрозьлівыя вокрыкі Крамля і прыглядаюцца да падзеяў ва Ўкраіне, варта назіраць за тым, як паводзіць сябе сёньня маленькая Фінляндыя. А яна цяпер зусім ня тая рахманая і паслухмяная Маскве краіна, якой была да распаду СССР. Наважыўся Крэмль распачаць супраць яе мігранцкія атакі (на беларускі ўзор) — імгненна закрыла ўсе памежныя пераходы з Расеяй і пачала вяртаць мігрантаў туды, адкуль яны прыйшлі. Аднавіла Масква на яе межах Ленінградзкую вайсковую акругу — Фінляндыя пачала рэзка нарошчваць выдаткі на абарону. Яны сёлета перавысяць 2,4% ВУП, што значна вышэй, чым у сярэднім у краінах NATO, з тэндэнцыяй далейшага росту.

Фінляндыя ніколі не адмяняла абавязковую службу па прызыве і таму мае адну з найбольшых армій на кантынэнце. З прыкладна 900 тысяч рэзэрвістаў (пры агульнай колькасьці насельніцтва 5,6 мільёна чалавек) у выпадку неабходнасьці траціна можа стаць пад ружжо імгненна. Паводле сацыяльных апытанняў, 80% фінаў гатовыя са зброяй у руках абараняць сваю краіну, калі яна сутыкнецца з вонкавай агрэсіяй.

Як, назіраючы такое і не пазнаючы колішнюю нібыта рахманую і паслухмяную Маскве Фінляндыю, не паддацца падазрэньню: напэўна, гэтыя фіны нешта ведаюць... Хоць відавочна, што яны проста надта добра вывучылі на ўласным досьведзе, чаго варта чакаць ад суседняй імпэрыі і як сябе зь ёй паводзіць у розных гістарычных абставінах, каб заўсёды заставацца ў выйгрышы.

У сёньняшніх умовах фінскі досьвед для Беларусі выглядае чымсьці далёкім і чужым. Хоць у сваёй гісторыі два народы, жывучы пад пастаянным ціскам суседняй імпэрыі, увесь час сутыкаліся зь вельмі падобнымі выклікамі і вырашалі адну і тую ж задачу: ацалець, захаваць сваю нацыянальную адметнасьць і па магчымасьці аслабіць празьмерную залежнасьць ад Масквы. Але спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выбіралі найчасьцей розныя. Відавочна, таму і жыцьцёвыя рэаліі ў дзьвюх краінах выглядаюць сёньня такімі не падобнымі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG