У рамках канфэрэнцыі АБСЭ «Катаваньні і іншыя сур’ёзныя парушэньні міжнароднага гуманітарнага права і грубыя парушэньні міжнароднага права правоў чалавека: Дадатковая нарада па чалавечым вымярэньні ІІ» прайшоў круглы стол «Беларусь. Сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека і наступны даклад Маскоўскага мэханізм». 24 красавіка на ім выступілі беларускія праваабаронцы.
Паводле інфармацыі «Вясны», за 2022 год затрымалі і рэпрэсавалі ў розных формах больш за 6000 чалавек. Гэта каля 15 чалавек штодня, і гэта значыць, што кожную гадзіну днём адзін чалавек затрымліваецца.
«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 катаваньні сталі ў Беларусі звычайнай справай», — зазначыла прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч.
Яна нагадала пра сытуацыю зь фігурантамі справы «Вясны» і ўзмацненьне перасьледу іншых палітвязьняў.
Прадстаўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Анастасія Дзюбанава адзначыла, што за апошнія два гады сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася:
«Згодна з нашай кааліцыйнай справаздачай, прадстаўленай у рамках Венскага мэханізму паўтара года таму, ніводная з 72 рэкамэндацый, адрасаваных беларускім уладам Дакладчыкам у рамках Маскоўскага мэханізму, ня выкананая», — сказала Дзюбанава.
Праваабаронца зьвярнула ўвагу на шэраг зьменаў, унесеных у заканадаўства Беларусі для застрашваньня, а таксама пакараньня тых, хто адкрыта і мірна выказаў сваю пазыцыю адносна дзеяньняў дзеючай улады:
«За апошні год беларускія ўлады двойчы ўносілі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, пашыраючы сфэру прымяненьня сьмяротнага пакараньня.
Акрамя таго, было прынята мноства іншых заканадаўчых зьмяненьняў, накіраваных на абмежаваньне свабоды слова і СМІ. Уведзена крымінальная адказнасьць за заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю Узброеных сілаў, адмаўленьне генацыду беларускага народу, удзел у экстрэмісцкім фармаваньні або дапамаганьне экстрэмісцкай дзейнасьці, публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня незаконных сходаў. І гэта далёка ня ўсе зьмены, якія ствараюць атмасфэру страху ў беларускім грамадзтве і цягнуць за сабой бясконцую колькасьць крымінальных спраў супраць людзей, якія проста хацелі свабоды, павагі чалавечай годнасьці і спыненьня гвалту».
Таму, адзначыла Анастасія Дзюбанава, важна не спыняць выказваньня салідарнасьці не толькі зь несправядліва асуджанымі, але і з тымі, хто знаходзіцца ўнутры краіны ў пастаяннай трывозе за сваю свабоду і бясьпеку.
Праваабаронца зьвярнула ўвагу і на становішча арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі (за апошнія два гады ліквідавана або знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за 800 арганізацый, больш за 400 вымушана прынялі рашэньне аб самаліквідацыі), а таксама перасьлед адвакатаў (на гэты момант 104 адвакаты пазбаўленыя ліцэнзій, а 10 адвакатаў знаходзяцца пад вартай у сувязі з выкананьнем сваіх прафэсійных абавязкаў). А дэнансаваўшы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь выйшла з працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў Камітэтам ААН па правах чалавека.
Арганізатарамі івэнту «Беларусь. Сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека і наступны даклад Маскоўскага мэханізму» выступілі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Фонд Дамоў правоў чалавека, Нідэрляндзкі Хэльсынскі камітэт, Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў, і іншыя.