Лінкі ўнівэрсальнага доступу

38 краінаў АБСЭ перазапусьцілі Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

23 сакавіка 38 краін-удзельніц АБСЭ выступілі з сумеснай заявай, у якой абвясьцілі пра паўторны зварот да Маскоўскага мэханізму ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.

У заяве гаворыцца, што краіны, якія падпісалі зварот, занепакоеныя «жудасным і пастаянным пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», задакумэнтаваным у дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, які быў прадстаўлены 22 сакавіка 2023 году.

Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі ўжо запускалі ў 2020 годзе, рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі, адзначаецца ў заяве.

«Больш за тое, беларускія ўлады распачалі далейшыя дзеяньні, якія пагаршаюць і пашыраюць нашу заклапочанасьць з нагоды выкананьня Беларусьсю абавязаньняў у галіне чалавечага вымярэньня ў рамках АБСЭ, у тым ліку за кошт садзейнічаньня агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.

У заяве пералічваюцца парушэньні, на якія працягвае зьвяртаць увагу АБСЭ:

  • затрыманьне амаль 1500 палітвязьняў, і іх колькасьць працягвае расьці;
  • запалохваньне, перасьлед, незаконныя арышты, затрыманьне і пазбаўленьне волі праваабаронцаў, сябраў апазыцыі, прадстаўнікоў СМІ, адвакатаў, прафсаюзных актывістаў і інш.;
  • абвяшчэньне тысяч грамадзян і арганізацый «экстрэмісцкімі» і закрыцьцё амаль усіх незалежных няўрадавых арганізацый;
  • недастатковы доступ да юрыдычнай і мэдыцынскай дапамогі для арыштаваных і/ці затрыманых;
  • адсутнасьць належнай прававой працэдуры і захаваньня права на справядлівы судовы разбор;
  • катаваньні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня і пакараньня асобаў пад вартай, уключаючы сэксуальны і гендэрны гвалт;
  • празьмернае прымяненьне сілы супраць мірных дэманстрантаў, якія ў тым ліку пратэстуюць супраць падтрымкі Беларусьсю вайны Расеі супраць Украіны;
  • выкараненьне незалежных прафсаюзаў;
  • ціск на незалежныя СМІ,
  • сыстэматычнае ўзмацненьне жорсткасьці заканадаўства, якое абмяжоўвае палітычныя свабоды; вынясеньне прысудаў, якія супярэчаць нормам вяршэнства права;
  • беспакаранасьць за вышэйапісаныя парушэньні правоў чалавека і злоўжываньні.

«Вышэйзгаданая палітыка і дзеяньні беларускіх уладаў працягваюць ствараць асабліва сур’ёзную пагрозу для выкананьня абавязаньняў АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, у тым ліку ў дачыненьні да выкананьня дзяржавамі-ўдзельніцамі сваіх абавязаньняў па міжнародным праве», — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым вырашана зноў запусьціць Маскоўскі мэханізм, які дазволіць стварыць місію экспэртаў, устанавіць факты парушэньняў, а таксама паведаміць Беларусі, АБСЭ і міжнароднай супольнасьці пра магчымыя рашэньні пастаўленых пытаньняў. У заяве заклікаюць рэжым Лукашэнкі «ў поўнай меры садзейнічаць працы місіі экспэртаў».

У Беларусі назвалі запуск «Маскоўскага мэханізму» «палітычным шоў»

Прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі 23 сакавіка ў Вене на Пастаяннай радзе АБСЭ па тэматыцы «Маскоўскага мэханізму» назваў яго запуск «палітычным шоў краін Захаду, адзіным вынікам якога зьяўляюцца 15 хвілін таннай „славы“», і падкрэсьліў, што ў Менску «не дапускаюць» таго, што дэлегацыі краін — ініцыятараў яго запуску «сур’ёзна разьлічваюць на атрыманьне якога-небудзь іншага выніку, чым таго, якім заканчваліся ўсе ранейшыя разборы», паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Таксама прадстаўнік заявіў, што «беларускія ўлады могуць і гатовыя абмяркоўваць пытаньні і пажаданьні, якія ёсьць у асобных краін, але пры адной умове: у фармаце раўнапраўнага і паважлівага міждзяржаўнага дыялёгу».

  • «Маскоўскі мэханізм» АБСЭ — мэтад працы АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, зацьверджаны ў 1991 годзе. Ён прадугледжвае магчымасьць накіраваньня экспэртных камісій для наданьня дзяржавам-удзельніцам дапамогі ў вырашэньні канкрэтных пытаньняў або праблем, зьвязаных з чалавечым вымярэньнем.
  • Папярэдні раз мэханізм у дачыненьні да Беларусі запускалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў выніковым дакладзе місіі зьмяшчаўся шэраг рэкамэндацый Беларусі: аб прызначэньні новых прэзыдэнцкіх выбараў на аснове міжнародных стандартаў,

    спыненьні гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягненьні да адказнасьці вінаватых, вызваленьні несправядліва затрыманых, дыялёгу з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, стварэньні назіральнай місіі БДІПЧ/ АБСЭ. Рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі.

  • У лютым 2023 году Сьвятлана Ціханоўская заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG