На сустрэчы выступіў юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка. Ён заявіў, што «грамадзянская супольнасьць Беларусі перанесла зьнішчальную атаку» і выжывае, аднаўляючы свой патэнцыял сёньня, выключна дзякуючы вонкавай падтрымцы:
«Як мінімум 50 000 ахвяраў адвольных затрыманьняў, ня менш за 2100 чалавек, якія перажылі пазбаўленьне волі з палітычных матываў, зь якіх амаль 1500 чалавек пазбаўлены волі проста цяпер, у тым ліку нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі; ня менш за 5000 ахвяраў катаваньняў і забароненага абыходжаньня — вось рэакцыя ўладаў Беларусі на імкненьне беларусаў і беларусак жыць у дэмакратычнай краіне, дзе паважаюцца правы чалавека».
Сапелка заявіў пра «фізычныя расправы зь іншадумцамі, удзельнікамі пратэстаў і актывістамі арганізацый грамадзянскай супольнасьці», і што суды пераўтварыліся з органаў правасудзьдзя ў інструмэнт расправы і сталі асобнай формай грубага парушэньня правоў чалавека, якая мае прыкметы злачынстваў.
«Адпаведна, суды страцілі сваю функцыю эфэктыўнага сродку прававой абароны, у блізкай пэрспэктыве — незваротна, паколькі ў перасьлед уцягнутыя ўсе суды і ня менш за палову судзьдзяў».
Сапелка заклікаў дэмакратычныя дзяржавы ствараць і ўдасканальваць наяўныя мэханізмы аднабаковага рэагаваньня на выпадкі грубага парушэньня міжнароднага права, ствараць умовы для прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у гэтых парушэньнях.
«Ім варта вывучыць даступныя мэханізмы прыцягненьня ўладаў адзначаных дзяржаў да адказнасьці за катаваньні, жорсткае абыходжаньне і іншыя парушэньні правоў праваабаронцаў, у тым ліку праз унівэрсальную юрысдыкцыю і міждзяржаўныя скаргі на падставе адпаведных дамоваў».