Kropka зачыняецца празь зьмяншэньне колькасьці беларусаў, якія жывуць у Грузіі (цяпер каля 12 тыс., што на 3 тыс. меней, чым два гады таму), прыняцьце закону «аб замежных агентах» і закону, які дыскрымінуе супольнасьць ЛГБТК+, паведамілі «Позірку» ў адміністрацыі прасторы.
Тэматычныя супольнасьці працягнуць дзейнасьць на іншых пляцоўках, іх анонсы па-ранейшаму будуць разьмяшчацца ў тэлеграм-канале Kropka.
За тры гады ў прасторы прайшлі каля 800 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел 8,5 тыс. чалавек. Амаль 90% мерапрыемстваў арганізавалі самі наведнікі прасторы.
Беларусы, якія зьехалі ў Грузію з-за пагрозы палітычнага перасьледу на радзіме, сутыкаюцца зь цяжкасьцямі пры абнуленьні тэрміну знаходжаньня ў Грузіі, т. зв. візаране (безь перапынку можна знаходзіцца 364 дні, затым выехаць на любы тэрмін і вярнуцца) — назад пускаюць ня ўсіх журналістаў і дзеячаў дыяспары. Такая сытуацыя, напрыклад, здарылася з журналістам Радыё Рацыя Андрэем Мялешкам.
У Грузіі немагчыма атрымаць міжнародную абарону, нягледзячы на наяўнасьць адпаведнага мэханізму, у амбасадах краін Шэнгенскай зоны — вялікія цяжкасьці з атрыманьнем кароткатэрміновых візаў. Раней праваабаронца Раман Кісьляк, які сам жыве ў Грузіі, гаварыў пра мноства судовых пазоўваў, якія падалі ў Грузіі беларусы ў спадзеве на атрыманьне прытулку.
Форум