Факты пра Наваполацкую калёнію, адкуль быў дастаўлены ў шпіталь экс-кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка, сабрала «Zerkalo». Калёнія разьлічаная на 1500 зьняволеных. Акрамя палітычных вязьняў, там адбываюць пакараньне асуджаныя за цяжкія злачынствы — разбой, наўмысныя забойствы, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.
Вакол калёніі — нафтаперапрацоўчыя і хімічныя прадпрыемствы, што стварае надзвычай цяжкую экалягічную сытуацыю.
«Zerkalo» цытуе словы маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які ў 2011 годзе быў асуджаны на 8 гадоў і адбываў у Наваполацкай калёніі (цяпер Аліневіч ізноў за кратамі нібыта за падпал аўтамабіляў сілавікоў):
«Сама калёнія, у якой ён сядзіць, — гэта хімічная лябараторыя ўсёй Беларусі, — казала Валянціна Аліневіч. — Яна знаходзіцца паміж заводамі „Палімір“ і „Нафтан“, там няма травы і дрэваў. Людзі выходзяць на пэнсію раней і атрымліваюць надбаўку за шкоднасьць, там экалягічна шкодная зона. Па сутнасьці, трэба забараніць утрымліваць там людзей. Іх пазбавілі волі, але яны не павінны тамака паміраць. Там жорсткае паветра, і тыя, хто прыходзіць на спатканьне, пачынаюць кашляць, а ўявіце сабе, як там знаходзіцца на працягу многіх гадоў».
Харчаваньне ў калёніі Валянціна Аліневіч ацэньвае як генацыд:
«З прычыны адсутнасьці нармальнай ежы ў людзей недахоп вітамінаў і кальцыю, у іх выпадаюць зубы. Кормяць горш, чым сабак. Пры гэтым ім забараняюць купляць прадукты, каб неяк падтрымаць здароўе. Гэта плянамерны, выдасканалены генацыд».
Паводле вязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Наваполацкай калёніі, зьняволеныя працуюць па тры дні на тыдзень, з 8 да 17 гадзіны, а асуджаныя па «палітычных» артыкулах — штодня, акрамя нядзелі. Палітвязьняў могуць прыцягнуць да працаў нават у сьвяточныя дні, калі ва ўсіх астатніх выходны.
Асуджаныя маюць права тэлефанаваць блізкім чатыры разы на месяц, але палітвязьні — удвая радзей, і звычайна толькі па 5 хвілін. Лісты часта не даходзяць.
За найменшыя правіннасьці накшталт няголенасьці, хвіліннага спазьненьня або незашпіленага гузіка зьняволены можа быць пакараны накіраваньнем у штрафны ізалятар (ШЫЗА) са значна больш жорсткім рэжымам утрыманьня. Пры гэтым палітвязень за такое нязначнае парушэньне можа адседзець 50 сутак запар (непалітычны зьняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, нават за ўдзел у бойцы можа быць пакараны толькі на 10 сутак).
Былыя вязьні калёніі сьведчаць пра шматлікія катаваньні, якія супрацоўнікі калёніі ўжываюць да накіраваных у ШЫЗА. Кожную раніцу ў памяшканьне «для дэзынфэкцыі» льюць раствор хлёркі. Вокны ў штрафным ізалятары не зачыняюць круглы год, нават калі на вуліцы −30°С. Зьняволеныя мусяць завешваць вокны ручнікамі ці анучамі — але за гэта іх таксама могуць пакараць дадатковым тэрмінам.
У студзені 2019 году на YouTube зьявілася відэа, запісанае ад імя былога зьняволенага Наваполацкай калёніі, які назваўся Ўладзімерам Лабусавым. Паводле яго словаў, начальнік калёніі Андрэй Пальчык асабіста катаваў зьняволеных у ШЫЗА і ПКТ (нядаўна Пальчык пераведзены на іншае месца службы). Для гэтага ён выкарыстоўваў тыя самыя расьцяжкі, «пры якіх рвуцца мышцы ног, зьвязкі і каленныя суставы». Таксама, па словах аўтара відэа, у катаваньнях, празь якія прайшоў і ён сам, па камандзе Пальчыка браў удзел кантралёр прапаршчык Станіслаў Баркоўскі. Лабусаў расказвае пра зьняволенага, які з прычыны неаднаразовых катаваньняў тройчы ўскрываў сабе вены алюмініевай лыжкай.
У сакавіку 2023 году ў наваполацкай калёніі парэзаў сабе лязом руку і шыю палітвязень Ігар Лосік. Верагодна, гэта стала рэакцыяй на прымус да ўборкі прыбіральні, што, па турэмных уяўленьнях, пераводзіць чалавека ў самы нізкі «сацыяльны статус».