Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы заклікалі адрозьніваць рэжым Лукашэнкі ад народу Беларусі


Дакладчык аб праблемах беларускіх уцекачоў Поль Галь (у цэнтры) зь беларускімі апазыцыйнымі паліытыкамі Юрыем Губарэвічам і Яўгенам Вільскім. Страсбург, 27 красавіка 2023 г.
Дакладчык аб праблемах беларускіх уцекачоў Поль Галь (у цэнтры) зь беларускімі апазыцыйнымі паліытыкамі Юрыем Губарэвічам і Яўгенам Вільскім. Страсбург, 27 красавіка 2023 г.

У Страсбургу абмяркоўвалі цяжкасьці атрыманьня візаў, дазволаў на жыхарства, доступу да адукацыі, працы і іншыя праблемы беларусаў у выгнаньні.

27 красавіка ў Страсбургу прэзентавалі даклад аб беларускіх уцекачах «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні».

Дакладчыкам выступіў прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь, які ў сакавіку наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць з уладамі і зь беларускімі ўцекачамі аб іх праблемах.

У Вільні ён сярод іншага сустракаўся з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай. Падчас той сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць таго, што такая інстытуцыя, як Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, занялася «істотным, але забытым» пытаньнем становішча беларусаў у выгнаньні.

У Вільні Галь яшчэ сустракаўся з прадстаўнікамі міністэрстваў унутраных і замежных спраў Літвы, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці.

Дакладчык меў магчымасьць абмяняцца думкамі з вучнямі і настаўнікамі гімназіі імя Францішка Скарыны, адзінай за межамі Беларусі дзесяцікляснай школы з навучаньнем на беларускай мове, з студэнтамі і выкладчыкамі Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

У Варшаве Поль Галь сустракаўся зь сябрамі Беларускага моладзевага хабу і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, а таксама з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і Ўпраўленьня ў справах іншаземцаў Польшчы, дэпутатамі Сэйму.

27 красавіка на паседжаньні Камітэту міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў Поль Галь прэзэнтаваў свой даклад «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні».

27 красавіка прайшла прамежкавая прэзэнтацыя дакладу. Яго зацьверджаньне заплянавалі на 11 траўня.

Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, які браў удзел у абмеркаваньні, падзяліўся са Свабодай ўражаньнямі ад паседжаньня.

Паводле Губарэвіча, найперш Поль Галь падкрэсьліў неабходнасьць адрозьніваць рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі. Галь заявіў, што беларусам, вымушаным пакінуць сваю краіну, перш за ўсё неабходная падтрымка і што ў краінах, якія мяжуюць зь Беларусьсю, найлепш разумеюць праблемы беларусаў-уцекачоў.

Дакладчык падкрэсьліў, што застаўся толькі адзін дзейны пункт пропуску паміж Беларусьсю і Польшчай і гэта ўскладняе лягістычныя праблемы беларусаў, якія вырашылі ўцячы ад перасьледу.

Што тычыцца Літвы, Поль Галь згадаў закон пра абмежавальныя мерах для грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка сёлета. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на візы ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі заява падаецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.

Сярод іншых праблем, якія падымаліся ў Страсбургу, — цяжкасьці пры адкрыцьці рахункаў, допуску беларускіх кампаній на эўрапейскія рынкі, іншыя праблемы легалізацыі беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG