Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстычныя, працоўныя, гуманітарныя. Візавы гід для беларусаў


Каляж
Каляж

Свабода сабрала самую важную інфармацыю пра візы заходніх краін для грамадзян Беларусі.

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну многія заходнія дзяржавы абмежавалі ці цалкам прыпынілі выдачу візаў расейскім і беларускім грамадзянам. Але магчымасьць атрымаць візу ў краіны Эўразьвязу, Вялікую Брытанію і ЗША ўсё ж застаецца.

Польшча

На гэты момант Польшча не выдае турыстычных візаў беларусам. Але можна атрымаць працоўную альбо гуманітарную візу. Як паведамляе кампанія VFS.Global, у Беларусі прыём дакумэнтаў ажыцьцяўляюць візавыя цэнтры ў Баранавічах, Берасьці, Гомлі, Горадні, Лідзе, Менску, Магілёве, Пінску.

З восені мінулага года пачаўся прыём заяў ад беларусаў на атрыманьне нацыянальнай (у тым ліку гуманітарнай) візы на тэрыторыі Польшчы. Зрабіць гэта можна па папярэднім запісе ў трох гарадах: Варшаве, Познані альбо Любліне. Распараджэньне аб выдачы нацыянальных візаў на тэрыторыі самой Польшчы, безь неабходнасьці выезду з краіны, тычыцца гуманітарных візаў для грамадзян Беларусі і працоўных візаў для беларускіх кіроўцаў-дальнабойнікаў.

Варта адзначыць, што з гэтага году грамадзянам Беларусі, якія маюць папярэднюю польскую візу з пазнакай «Poland. Business Harbour» можна падаць заяву на атрыманьне новай візы такога ж тыпу ў пунктах прыёму заяў на атрыманьне візы ў Варшаве, Любліне і Познані пасьля онлайн-рэгістрацыі ў разьдзеле «Uzyskanie terminu na złożenie wniosku». Калі ў заяўніка не было такой візы ў пашпарце, заява ня будзе прынятая.

Цяжкасьці атрыманьня польскай візы зьвязваюцца з бракам пэрсаналу. Беларускія ўлады цягам апошніх гадоў выслалі шэраг польскіх дыпляматаў. Апошні інцыдэнт быў ў лютым сёлета, калі з Горадні і Менску выслалі афіцэра сувязі польскай памежнай службы і двух консулаў.

З 1 студзеня 2023 года з грамадзян Беларусі, якія афармляюць нацыянальную польскую візу, спаганяюць консульскі збор у памеры 35 эўра. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Згодна з пастановай, консульскі збор за прыём і разгляд заявы на нацыянальную візу для грамадзян Беларусі зараз складзе 35 эўра.

Выключэньні ў выглядзе вызваленьня ад выплаты консульскага збору зроблены для наступных катэгорый грамадзян Беларусі, якія заявілі аб атрыманьні польскай нацыянальнай візы тыпу D:

  • асобы, якія прэтэндуюць на гуманітарную візу;
  • непаўналетнія 12-18 гадоў;
  • асобы, якія не дасягнулі 25 гадоў, наведваюць сэмінары, канфэрэнцыі, спартыўныя, культурныя або адукацыйныя мерапрыемствы, арганізаваныя некамэрцыйнымі арганізацыямі;
  • асобы, якія прэтэндуюць на візу на падставе «карты паляка».

Пры падачы ў візавы цэнтар таксама аплочваецца сэрвісны збор у памеры 11 эўра.

Пакуль рашэньне аб спагнаньні консульскага збору за прыём і разгляд заявы на нацыянальную візу для грамадзян Беларусі ў памеры 35 эўра прынята на год — да 31 сьнежня 2023 года, але затым яно можа быць перагледжана.

Літва

Літва перастала выдаваць турыстычныя візы беларусам і расейцам пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Яшчэ адзін закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка гэтага году. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.

14 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта. 20 красавіка Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб абмежаваньнях адносна беларускіх і расейскіх грамадзянаў, але некаторыя абмежаваньні захоўваюцца.

Паводле новага закону турыстычных візаў для беларусаў больш няма. Іх ужо даўно і не было. Але калі вы журналіст, калі едзеце па лініі абароны правоў чалавека, калі вас перасьледаваў рэжым, калі вы ІТ-спэцыяліст, то можна атрымліваць дазвол на жыхарства паводле спрошчанай працэдуры. Гэта застаецца.

Цяжкасьці атрыманьня літоўскай візы таксама зьвязваюцца з тым, што не стае консулаў. Па словах міністра замежных спраў Літвы Габрыелюса Ландсбергіса, у Менску застаўся толькі адзін літоўскі дыплямат.

Латвія

Латвія таксама перастала выдаваць турыстычныя візы беларусам мінулай вясной. У грамадзян Беларусі засталося некалькі іншых падставаў атрымаць візу ў краіну, гаворыцца на сайце латыскага консульства ў Віцебску:

  • атрыманьне нацыянальнай візы (катэгорыя D);
  • для чальцоў сям’і грамадзян Латвіі і іншых краін Эўразьвязу, якія пастаянна пражываюць у Латвіі (дзеці, муж і жонка, бацькі, унукі, бабкі, дзяды, браты, сёстры);
  • для міжнародных грузаперавозчыкаў, міжнародных пасажырскіх перавозчыкаў, маракоў;
  • сур’ёзная хвароба блізкага сваяка;
  • пахаваньне;
  • неадкладнае лячэньне (пры гэтым SPA-гатэлі і гасьцініцы ня лічацца мэдыцынскімі ўстановамі).

Заявы на візу прымаюцца толькі ў візавым цэнтры Pony Express у Віцебску. У самім консульстве можна атрымаць дазвол на мясцовы прымежны рух для наведваньня блізкіх сваякоў (пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць сваяцтва).

Эстонія

Пасольства Эстоніі ў Менску з 10 сакавіка мінулага года прыпыніла прыём заяў аб выдачы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў (віза С) і доўгатэрміновых эстонскіх візаў (віза D) ад грамадзян Беларусі і Расеі.

Гэта зьвязана зь незаконным уварваньнем расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. У выглядзе выключэньня аб выдачы візаў могуць хадайнічаць наступныя катэгорыі грамадзян:

  • Муж і жонка, дзеці, унукі, бацькі, прабацькі грамадзян Эстоніі, Фінляндыі, Швэцыі і асоб, якія маюць дазвол на жыхарства або права на жыхарства ў Эстоніі, Фінляндыі і Швэцыі.
  • Якія едуць на пахаваньне ці наведаць цяжка хворага сваяка.

Чэхія

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ўрад Чэхіі адмяніў выдачу візаў беларусам, акрамя як з гуманітарных меркаваньняў. Акрамя таго, пад абмежаваньне падпалі беларусы з пашпартамі іншых краін. Гэта азначае, што грамадзяне Расеі і Беларусі, якія адначасова маюць грамадзянства іншай краіны, ня змогуць атрымаць чэскую візу або ДНЖ, за выключэньнем гуманітарных і некаторых іншых выключных выпадкаў.

Візавая забарона будзе дзейнічаць да 31 сакавіка 2024 году. Выключэньне прадугледжана для паездак з гуманітарнай мэтай. Рашэньне не закранае і тых, хто ўжо мае ДНЖ (яго можна падоўжыць у вызначаным раней парадку). Акрамя таго, палажэньне не распаўсюджваецца на заяўкі на кароткатэрміновыя візы, калі заяўнік — член сямʼі грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны Эўразьвязу.

Вугоршчына

На сайце амбасады ў Менску зьявілася інфармацыя, што з 1 красавіка 2023 пасольства Вугоршчыны прыпыняе прыём асабістых заяў на атрыманьне турыстычных візаў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны ў консульскім аддзеле пасольства Вугоршчыны.

Прыём заяў на гэты тып візаў будзе ажыцьцяўляцца толькі празь візавыя цэнтры VFS Global. Запіс на ўсе астатнія мэты візаў тыпу «С» будзе рабіцца праз электронную пошту visa.msk@mfa.gov.hu з прымацаваным запрашэньнем і копіяй пашпарта заяўніка. Замежныя грамадзяне зь дзейным відам на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь могуць падаваць заявы на ўсе тыпы візаў у пасольстве па папярэднім узгадненьні з консульскім аддзелам. Запіс на візу тыпу «D» (дазвол на знаходжаньне) і іншыя консульскія паслугі ажыцьцяўляецца праз сыстэму онлайн-запісу https://konzinfobooking.mfa.gov.hu/. Паведамляецца, што ўсе запісы, зробленыя да 31.03.2023 на красавік месяц, застаюцца бязь зьмен.

Нямеччына

Нямеччына працягвае выдаваць турыстычныя, студэнцкія і працоўныя візы беларусам. Аформіць турыстычную візу ў Нямеччыну можна як самастойна, так і з дапамогай пасярэднікаў. Што тычыцца гуманітарных падставаў, то ў сьнежні 2021-га Бэрлін зьняў абмежаваньні на выдачу гуманітарных візаў для беларусаў, якія перасьледуюцца. Тым, каму ўхваляюць гуманітарны дазвол на жыхарства (спачатку часовы, потым пастаянны), нямецкі ўрад звычайна пакрывае выдаткі на жыльлё і мэдыцынскую страхоўку, аплачвае моўныя курсы, а таксама выплачвае 446 эўра штомесяц, пакуль чалавек не пачне працаваць.

Францыя

Францыя, як і Нямеччына, працягвае выдаваць беларусам турыстычныя, студэнцкія і працоўныя візы, але не дае гуманітарных. Запісацца на падачу дакумэнтаў на турыстычны шэнген прапануецца на сайце пасольства Францыі ў Менску.

Аднак, паводле водгукаў беларусаў, злавіць свабодную дату ў апошні час проста немагчыма. Акрамя таго, беларускія візавыя агенцтвы «часова не афармляюць» шэнгены ў Францыю. Тлумачаць гэта тым, што беларусы павінны зьвяртацца выключна ў консульства.

Італія

Для падачы заявы на атрыманьне візы ў Італію неабходна запісацца на прыём у пасольства Італіі ў Менску праз сыстэму онлайн-рэзэрваваньня Prenot@Mi.

Таксама для падачы заявы на атрыманьне кароткатэрміновай шэнгенскай візы можна запісацца на прыём у візавы цэнтар TLScontact. Пры падачы заявы спаганяецца сэрвісны збор у памеры 14 эўра, які заяўнік аплочвае дадаткова да візавага збору ў памеры 35 эўра. Усе беларускія грамадзяне, малодшыя за 12 гадоў, вызваляюцца ад аплаты візавага збору (35 эўра).

Заяўнікі могуць запісацца на падачу дакумэнтаў для атрыманьня кароткатэрміновай шэнгенскай візы праз сайт візавага цэнтру TLScontact альбо па тэлефоне +3757407409999, калі вы тэлефануеце з мабільнага, і 87407409999, калі вы звоніце са стацыянарнага тэлефона.

Падача дакумэнтаў на нацыянальную візу (91 і больш дзён знаходжаньня з наступным запрошваньнем дазволу на жыхарства) ажыцьцяўляецца выключна ў пасольстве па папярэднім запісе праз сыстэму онлайн-рэзэрваваньня Prenot@Mi.

Гішпанія

У красавіку 2022 году ў Менску закрыўся візавы цэнтар Гішпаніі. Аформіць турыстычны шэнген у гэтую краіну беларусам усё яшчэ можна, але для гэтага давядзецца зьезьдзіць у Маскву. Загадзя варта падумаць аб тым, што ў візавым цэнтры давядзецца пакінуць пашпарт, а вярнуцца ў Беларусь можна будзе з ID-картай або натарыяльна заверанай копіяй пашпарта. За афармленьне візы трэба заплаціць консульскі збор у памеры 35 эўра і 40 рублёў сэрвіснага збору.

Грэцыя

Заявы на турыстычны шэнген у Грэцыю прымае візавы цэнтар у Менску. Забраніраваць дату падачы дакумэнтаў можна онлайн. Трэба заплаціць 35 эўра за консульскі збор, а таксама 28 эўра за прыём дакумэнтаў у візавым цэнтры і адпраўку іх у Маскву. Аднак і тут ёсьць нюансы. Варыянт Грэцыі вельмі хуткі, там лёгкі запіс, але цяпер вельмі высокі працэнт адмоў. Па дадзеных visastat.online, з адмовай у выдачы турыстычнай візы ў Грэцыю на гэты момант сутыкнуліся 38% заяўнікаў.

Харватыя

Ад студзеня гэтага году Харватыя далучылася да шэнгенскай прасторы. На сайце візавага цэнтру краіны напісана, што запісацца на падачу дакумэнтаў можна, напісаўшы на электронную пошту. У заяўцы трэба ўказаць імя, прозьвішча, мэту паездкі, кантактны тэлефон і тып падачы. Важнае ўдакладненьне: харвацкімі візамі, атрыманымі да 1 студзеня 2023 году, нельга скарыстацца для падарожжаў па краінах шэнгенскай зоны.

Вялікая Брытанія

Падацца на візу ў Вялікую Брытанію можна празь яе амбасаду ў Менску. Гэтая краіна працягвае выдаваць беларусам турыстычныя, працоўныя, студэнцкія, візы на аб’яднаньне сям’і. Але, як паведамляюць заяўнікі, працэс можа зацягнуцца на некалькі месяцаў. Кошт паўгадавой турыстычнай візы — 100 фунтаў.

ЗША

Дзярждэпартамэнт ЗША 28 лютага 2022 года заявіў аб спыненьні працы сваёй амбасады ў Беларусі. Усе супрацоўнікі амэрыканскай амбасады ў Беларусі пакінулі рэспубліку. Таму і звычайныя, і экстраныя консульскія паслугі ў амбасадзе ЗША ў Менску прыпыненыя. Падацца на візу ў Злучаныя Штаты беларусы могуць толькі праз трэція краіны. Зварот па турыстычную, студэнцкую і бізнэс-візу каштуе 160 даляраў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG