Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў Эўразьвязе


Каляж
Каляж

Юрыст-міжнароднік Алесь Міхалевіч адказаў на найбольш частыя пытаньні беларусаў, якія эмігравалі са сваёй краіны ў дзяржавы Эўразьвязу.

Пытаньні Свабода сабрала ў чатах і суполках беларускай дыяспары ў розных краінах.

1. Я за мяжой і ў мяне канчаецца пашпарт. У беларускую амбасаду ісьці баюся. Што мне рабіць?

Калі ў вас ёсьць дазвол на жыхарства, як, напрыклад у Польшчы, атрыманы на гуманітарных падставах, то вы можаце зьвярнуцца па так званы «дакумэнт для падарожжаў». Але калі вы знаходзіцеся па звычайнай візе, то вам гэты трэвэл-дакумэнт проста ня выдадуць. Але калі вы ў Польшчы атрымалі трохгадовы гуманітарны дазвол на жыхарства, то можаце зьвярнуцца па трэвэл-дакумэнт. І зь ім сама меней па тэрыторыі Шэнгенскай зоны вы зможаце свабодна езьдзіць, а іншыя краіны маюць права вам паставіць свае візы ў такі трэвэл-дакумэнт. Але ёсьць нюанс: па гэты дакумэнт можна зьвярнуцца толькі тады, калі ў вас скончыўся пашпарт і вы даказалі, што ня можаце зрабіць новы беларускі.

Юрыст-міжнароднік Алесь Міхалевіч
Юрыст-міжнароднік Алесь Міхалевіч

2. Я ў Польшчы, ў мяне канчаецца віза, ці можна яе падоўжыць тут, не вяртаючыся ў Беларусь?

Толькі гуманітарная віза можа быць працягнута, калі ў вас раней ужо была польская гуманітарная віза. Яе можна атрымаць на тэрыторыі Польшчы праз візавы цэнтар, не вяртаючыся ў Беларусь. Калі ў вас была звычайная турыстычная віза ці іншая віза і дазвол на жыхарства іншай краіны, то на тэрыторыі Польшчы вы яе падоўжыць ня зможаце.

3. Якія тыпы візаў можна атрымаць беларусу, знаходзячыся ў Польшчы і Літве?

Знаходзячыся ў Польшчы ці Літве, акрамя выпадкаў, калі ў Польшчы вы ўжо мелі папярэднюю гуманітарную візу, вельмі складана атрымаць візу на месцы. Таму большасьці беларусаў, у якіх заканчваецца віза, застаецца толькі падавацца на міжнародную абарону. Гэта складанае рашэньне, бо яно зьвязана з маральным прыняцьцем таго, што вы за мяжой надоўга. Калі вы атрымаеце статус уцекача, вам будзе забаронена вяртацца ў Беларусь як у краіну, дзе вас перасьледуюць. Маючы гуманітарныя візы ці гуманітарны дазвол на жыхарства ў Беларусь вяртацца можна. Таксама можна езьдзіць у Беларусь і зь літоўскай гуманітарнай візай. Што тычыцца Польшчы, гэта ідэальны варыянт, бо вы можаце жыць і працаваць тут і адначасова прыяжджаць у Беларусь.

4. Я ва Ўкраіне. Як мне легальна трапіць у Эўразьвяз?

Самы просты варыянт — атрымаць польскую гуманітарную візу альбо, калі ў вас ёсьць магчымасьць, нейкую іншую візу шэнгенскай краіны ў беларускі пашпарт. На тэрыторыі Ўкраіны працуюць практычна ўсе амбасады, якія працавалі да пачатку ваеннай агрэсіі Расеі, можна зьвярнуцца па дапамогу да іх. Але найбольш рэалістычны варыянт для беларуса — гэта польская гуманітарная віза.

5. За ўдзел у пратэстах 2020-га на мяне завялі крымінальную справу. Як атрымаць статус уцекача ў Эўразьвязе?

Ёсьць унівэрсальнае правіла, калі можна зьвярнуцца да першага дзяржаўнага супрацоўніка: першага паліцыянта, першага памежніка. У Польшчы працуе спэцыяльная ўстанова — гэта частка Офісу ў справах іншаземцаў. У Чэхіі для гэтых мэтаў адвялі спэцыяльны лягер, у які можна адразу непасрэдна зьвяртацца, але гэта не абавязкова. Можна проста зьвярнуцца да першага дзяржсупрацоўніка — памежніка ці паліцэйскага. Гэты мэханізм дзейнічае ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Статус уцекача, у адрозьненьне ад гуманітарнага дазволу на жыхарства, абараняе больш. Таму для людзей публічных — журналістаў, палітычных дзеячоў — лепей прасіць статус уцекача, бо ён бароніць лепш у пытаньнях экстрадыцыі і зь ім будзе лягчэй даказаць, што ваша справа палітычна матываваная.

6. Хачу выехаць зь Беларусі. Якія зь эўрапейскіх краін маюць найбольш спрыяльныя ўмовы для беларусаў-уцекачоў?

Польшча — гэта краіна з найлепшымі ўмовамі для легалізацыі беларусаў-уцекачоў. У Польшчы практычна ўсе беларусы, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону, у большасьці выпадкаў атрымліваюць як мінімум дадатковую абарону. Гэты статус дазваляе жыць, працаваць, прычым працаваць без дазволу на працу. Зь іншых краінаў — гэта і Літва, і Латвія. Сёньня практычна любая краіна Эўразьвязу ведае і разумее беларускую сытуацыю, але найбольш спрыяльна ставіцца Польшча.

7. Я ў вышуку ў Беларусі, дзе мне лепей прасіць абароны, каб мяне ня экстрадавалі?

Любая краіна Эўразьвяз зь вялікай доляй пэўнасьці ў Беларусь вас ня выдасьць. Таму што ў Беларусі прымяняюцца катаваньні ў турмах і ёсьць вялікая рызыка таго, што чалавек нават калі і крымінальнік, зазнае катаваньні. Лепей выбіраць краіны з высокім узроўнем прававой культуры і тыя, якія добра праінфармаваныя пра беларускую сытуацыю — гэта Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Нямеччына, Швэцыя, Францыя, Галяндыя, Вялікая Брытанія, Бэльгія. Практычна ўсе краіны з высокім узроўнем прававой сыстэмы будуць адмаўляцца экстрадаваць у Беларусь. Гэта датычыцца і цывілізаваных краінаў з высокім узроўнем прававой сыстэмы па-за межамі Эўропы — ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя.

8. Куды беларусам лепш ня ехаць, каб не апынуцца пад пагрозай высылкі ў Беларусь?

Перш за ўсё ў Расею і яе краіны-саюзьніцы — Армэнію, Азэрбайджан, Казахстан, Кіргізстан. Ва ўсю без выключэньня Сярэднюю Азію. Таксама саюзьнік Расеі ў Эўропе — Сэрбія. Таксама я б не рэкамэндаваў Босьнію і Турэччыну.

9. Як можна хутка атрымаць грамадзянства Эўразьвязу?

Законных спосабаў вельмі мала. З хуткіх і легальных — па этнічнай лініі. Калі чалавек мае «карту паляка», яму будзе значна прасьцей атрымаць грамадзянства Польшчы. Аб’явы ў інтэрнэце кшталту «хуткае грамадзянства Румыніі» у 90% выпадкаў — гэта падробка дакумэнтаў аб этнічным паходжаньні. Апроч этнічнай лініі, паскораных працэдураў хуткага атрыманьня грамадзянства Эўразьвязу практычна няма. Ёсьць таксама права прэзыдэнтаў пэўных краін у асобных выпадках даваць грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры для людзей з выданымі заслугамі. Быў яшчэ адзін шлях — «грамадзянства за інвэстыцыі», так званыя «залатыя» пашпарты і візы. Але цяпер большасьць эўрапейскіх краінаў, такія як Кіпр, Мальта, Партугалія, гэты закон адмянілі. Атрымаць грамадзянства за грошы цяпер вельмі складана.

10. Як мне атрымаць «блакітны пашпарт» ААН?

Для таго, каб атрымаць пашпарт АНН, трэба найперш атрымаць статус уцекача. Падавацца на «блакітны пашпарт» можна толькі ў той краіне, якая дала вам статус уцекача. Калі яго выдасьць адна з краін Эўразьвязу, то гэта магчымасьць свабодна падарожнічаць па ўсёй шэнгенскай зоне і трохі шырэй — зь ім пускаюць і ў некаторыя нешэнгенскія краіны. Але калі вы атрымаеце яго, напрыклад, ва Ўкраіне ці Малдове, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, вам усё роўна давядзецца адкрываць візу, каб наведаць краіны Эўразьвязу і іншыя краіны. Трэба адзначыць, што ў звычайны беларускі пашпарт паставіць візу значна лягчэй, чым у гэты трэвэл-дакумэнт. Супрацоўнікі візавых цэнтраў і кансулятаў зь вялікай перасьцярогай ставяцца да трэвэл-дакумэнтаў уцекача.

Што вядома пра экспэрта

Алесь Міхалевіч скончыў юрыдычны факультэт БДУ ў 1997 годзе. Ва ўнівэрсытэцкія гады быў старшынём Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Быў адным з кіраўнікоў Партыі БНФ. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Былы палітвязень і палітэмігрант. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі ў 2011 годзе. Доктар сацыяльных навук (Польская акадэмія навук). Адвакат, сябра Чэскай палаты адвакатаў. Кіраўнік адвакацкага бюро, якое спэцыялізуецца на пытаньнях экстрадыцыі, Інтэрполу і міжнароднай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG