Восень-зіма 2020/2021 былі пікам актыўнасьці дваровых і раённых чатаў. Людзі зьбіраліся спачатку на чаяваньні, затым праводзілі «партызанскія» акцыі. Цяпер у гарадах рэдка ўбачыш налепку «па схеме БЧБ». Што ж адбываецца з «партызанамі», якія засталіся ў Беларусі, і з журналістамі, даведалася Свабода.
«Цяпер яны палохаюць абываталяў, якія ні ў чым не ўдзельнічалі, каб і ў будучыні сядзелі ціха»
Жыхарка аднаго з абласных цэнтраў Ганна (імя зьмянілі ў мэтах бясьпекі — РС) была актывісткай раённага чату ў 2020-2021 годзе. Яна ўдзельнічала ў «партызанскіх» акцыях, клеіла налепкі, фатаграфавалася ў кампаніях зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Яе шмат разоў затрымлівалі. Ганна зазнала ператрусы і «суткі», звальненьне з працы і немагчымасьць уладкавацца на іншую. Яе сябар цяпер сядзіць у турме за «масавыя беспарадкі».
«Што цяпер? З нашага чату практычна нікога не засталося. Бо палова сядзіць, палова зьехалі. Засталіся адзінкі. Час вулічных акцый прайшоў у Беларусі. Цяпер гэта зусім не актуальна. Людзям гэта нецікава. Раней мы здымаліся са сьцягамі, каб матываваць іншых людзей, падняць іх дух. Цяпер гэта, каб і было, не спрацавала б — людзі надта стомленыя і запалоханыя», — разважае Ганна.
Яна мяркуе, назіраючы за затрыманьнямі ў родным горадзе, што цяпер міліцыя хапае не актывістаў, а абываталяў. За падпіскі на «дэструктыўныя каналы», за камэнтары.
«На актывістаў, відаць, няма заказу. Бяруць абываталяў, каб запісаць „пакаяньне“ на відэа, каб запалохаць гэтым іншых. Тых, якія ні ў чым ня ўдзельнічалі, але каб і ў будучыні ня ўздумалі некуды лезьці. Каб нават і думкі такой не дапускалі ў галаве. Новыя людзі ў нас не зьяўляюцца. „Старыя“, як я і сказала, ці выехалі, ці сядзяць. Чаты існуюць з 2020 году. Але там нуль карыснай інфармацыі. Людзі ці шукаюць вінаватых паміж сабой, ці проста балбочуць. Там і пісаць нешта ня надта добра, бо ў адкрытых чатах міліцыя сядзіць і цяпер», — кажа Ганна.
Яна з кампаніяй аднадумцаў займаецца цяпер дапамогай палітвязьням і іхным родным.
«Увесь вольны і ня вельмі час знаходжуся пад СІЗА, каб перадаць харчы і рэчы, заняць людзям зь іншых гарадоў чаргу на спатканьне, дапамагчы добрым словам ці парадай. Чэргі ў СІЗА шалёныя. Займаць іх трэба з ночы. Яшчэ зьбіраемся, пішам лісты і паштоўкі „палітычным“, назіраем часам за судовымі працэсамі над „нашымі“. Хоць нават і гэта цяпер стала небясьпечна. То бок наша дзейнасьць цалкам законная, але нас усё роўна ганяюць», — зазначае яна.
Вельмі рэдка Ганна бачыць у горадзе візуальную прысутнасьць пратэстаў.
«Па-першае, людзі баяцца, бо тых камэр наставілі столькі па горадзе, што не схавацца. Па-другое — надвор’е не такое, каб нешта клеіць на сьцены (яно проста не прыклеіцца), і маляваць не намалюеш, бо сьнег і адліга. Восень-вясна — спрыяльныя поры году для „партызанінгу“. Асабіста ў нас нават няма часу на гэта, таму што то ў суд, то ў СІЗА. А яшчэ купіць прадукты для перадачы, спакаваць, лісты напісаць», — дзеліцца яна.
Размоў пра палітыку ў публічнай прасторы, грамадзкім транспарце яна ня чуе.
«Цяпер людзі стараюцца неяк выжыць. Цэны скачуць, камунальныя растуць, людзей звальняюць і скарачаюць. Людзі толькі думаюць, дзе што купіць танна, як выжыць. Частка людзей, як я бачу, проста выжываюць і нічым не цікавяцца. Але, вядома, у курсе ўсіх спраў тыя, чые блізкія селі „за палітыку“ ў турму. На СІЗА такіх вельмі шмат у чэргах. Папраўдзе, таго чалавека, якога прозьвішча я не хачу называць, усе ня любяць. Нават тыя „ябацькі“, якія ў 2020 годзе былі за яго гарой, цяпер кладуць зубы на паліцу. Размовы ў асноўным ідуць на кухнях. У грамадзкіх месцах стараюцца людзі не гаварыць. Усе страшна стаміліся», — кажа Ганна.
Зьмяніліся і правілы паводзінаў у актывістаў.
«Я ў свой двор так проста ня сунуся. Гляджу на абстаноўку. Калі стаяць незнаёмыя аўтамабілі ці міліцэйскія, пайду ў суседні двор і адтуль буду назіраць, што далей. Як цяпер ідзе натуральная „бітва за тэлефоны“ паміж людзьмі і міліцыяй, то чышчу ўсе перапіскі, мець пажадана два тэлефоны», — дзеліцца яна.
Ёй цяжка псыхалягічна, бо сваякі ня хочуць ані чуць пра палітвязьняў, ані «нічога такога».
«Ім проста нецікава гэта. Не, яны не за ўладу, але ніхто ня будзе дзеля нечага ахвяраваць сваім жыцьцём», — кажа Ганна.
Як яна ўсё вытрымлівае? «Проста бяру сябе ў рукі і іду рабіць сваю справу. У мяне цяпер тактыка маленькіх крокаў. Сёньня я раблю гэта, заўтра тое. Плянаў на будучыню няма.
Зразумела, непрыемна, што чакаеш — вось за табой прыйдуць. Але калі мне шмат працы за дзень зь перадачамі, судамі, лістамі, то бяру сябе ў рукі і пайшла. Людзі, бачу, выдыхаюцца. Прасьвету не відаць. Але, як ні дзіўна, спадзяюся на вясну. Што пройдзе той рэфэрэндум і нешта зьменіцца. Надзея і вера — гэта вялікая сіла! Мы, хто засталіся, робім тое, што можам. Але калі мы зьедзем, хто будзе дапамагаць, насіць перадачы, пісаць лісты?» — пытаецца Ганна.
«Цяпер галоўнае — перачакаць, ня трапіць пад кулі ці рыкашэт»
Мацьвей (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі — РС) працуе і дагэтуль незалежным журналістам. У 2020 годзе ён трапляў некалькі разоў на «суткі». У 2021-м меў некалькі ператрусаў і «ветлівых прапаноў» ад міліцыі зьехаць. Але застаўся ў родным горадзе.
«Як цяпер выглядае наш горад? Вельмі шэры, па шчырасьці, завешаны паўсюдна сьцягамі чырвона-зялёнымі. Такое адчуваньне, што ўлада нібыта гуляе ў кампутарную гульню — пазначылі сваю тэрыторыю сьцягамі. У грамадзкім жыцьці гораду атмасфэра досыць дэпрэсіўная. Бо ўсе баяцца нешта рабіць. Няма таго, як раней — падзеі, івэнты. Нават традыцыйныя прыбіраньні могілак вернікі яшчэ думаюць — талакой правесьці ці не, каб ніхто не падумаў, што гэта нешта такое...», — кажа Мацьвей.
Ён часам бачыць візуальную прысутнасьць «духу пратэсту — 2020» — налепкі, надпісы «БТ» на сьмецьцевых баках. Але рэдка. «Людзі перастрахоўваюцца. Камэры ж па ўсім горадзе. Няма такой нават нэўтральнай актыўнасьці, як раней, скажам, фэст двара. Мне атмасфэра цяперашняя нагадвае ГДР у апошні час існаваньня. Я шмат ведаю па гісторыі, сам там быў — там менавіта такі дух быў», — кажа журналіст.
Ён заўважыў, што ўжо няма ў публічнай прасторы «ябацек», якія ў 2020 годзе зь пенай ля рота абараняць Лукашэнку. «Бо рэальна хваліцца няма чым. Раней маглі сказаць — але ж у нас IT-краіна! Але цяпер праграмісты — ворагі. Не пахваліш іх», — кажа Мацьвей.
Істотна зьмянілася ягоная праца.
«Мая праца пераўтварылася ў тое, каб выкрываць фэйкі ад дзяржаўнай прапаганды, спраўджваць інфармацыю. Ну і кароткія „партызанскія“ вылазкі, калі я іду здымаць фота ці відэа. Цяпер я не раблю ані публічных апытаньняў, ані жывых камэнтароў на відэа ад людзей. Бо я не магу іх падстаўляць. Тыя выданьні, на якія я працую, „экстрэмісцкія“. Цяпер нават нейкія пляны — заводу, гораду — зьняць праблематычна. Нядаўна мяне ледзь не затрымалі. Здымаў будоўлю, а мяне пазналі рабацягі і пазвалі прараба, а той міліцыю хацеў выклікаць. Ледзьве пазьбег гэтага. Вядома, непрыемна», — дзеліцца журналіст.
На кожную «вылазку» ён рыхтуецца, як на апошнюю перад затрыманьнем. Дома стаіць «трывожная торба» яшчэ з 2020 году. Сваякі і сябры маюць інструкцыі, што рабіць пасьля затрыманьня, як зьмяніць паролі, якія дзеяньні рабіць з кватэрай, калі пасадзяць.
Як ён дае рады?
«Я ня ведаю, ці даю я рады. Бачыў людзей у горшым псыхалягічным стане. Я ратуюся вандроўкамі ў лес, зносінамі зь сябрамі ды з псыхатэрапэўтам. Гэта жыцьцё пад акупацыяй. Мне бабуля і дзядуля пра акупацыю апавядалі. Я думаў, ну як тады людзі жылі? Цяпер я маю татальную няўпэўненасьць ва ўсім. Гэта Беларусь. Тут можа здарыцца што заўгодна, калі заўгодна і як заўгодна. Гэта ўсё адбіваецца на матывацыі. Калі ня хочаш нечага рабіць, калі хобі не прыносіць задавальненьня, калі ўсё траціць прывабнасьць. Я раней быў даволі актыўны ў сацыяльных сетках. Цяпер думаю — пісаць ці не? Ставіць фоткі ці не? Ці ня будзе гэта расцэнена як зьнявага гістарычнай памяці, абраза ўлады? Самацэнзура і зацісканьне. І няма магчымасьці паскардзіцца публічна. Бо думаеш: людзям у турме нашмат горш», — разважае Мацьвей.
Ён мог бы выехаць. Гэта яму прапаноўваюць сябры і калегі.
«Але я не магу. Тут такое ў мяне, што калі я зьеду — значыць, здаўся. Не хачу, каб нашы мясцовыя міліцыянты мелі радасьць ад гэтага. Бо яны мне проста казалі ў вочы: „Чаму ты тут, калі табе не падабаецца? Едзь адсюль!“. І я думаю, што маё знаходжаньне тут падтрымлівае іншых людзей. Яшчэ прычына — калі ўсе паедуць, то хто тут застанецца? Трэцяя прычына — я думаю, што свабоду трэба выпакутаваць. Яна проста так не даецца. Ну сядзеў гадамі Севярынец, Статкевіч. Але за двух чалавек усяму народу не належыць свабода. Мне таксама страшна. Але я раблю сваю справу „на аўтамаце“. Як агент 007. Я ўжо стаміўся баяцца і, у прынцыпе, прызвычаіўся да страху. Галоўнае пакуль — выжыць, ня трапіць пад кулі ці рыкашэт», — кажа журналіст.
Веру ў перамены падтрымлівае гістарычная адукацыя.
«Я бачу, што ўсё ідзе да свайго лягічнага канца. Я захапляюся беларусамі, якія паказалі сябе ў 2020 годзе. Яны мяне „пазытыўна расчаравалі“, бо я ня думаў пра такі ўздым у 2020-м. Грамадзтва зьмянілася, і гэта не адкруціць назад. Колькасьць „нашых“ павялічылася. Хоць цяпер яны ўдаюць зь сябе „шэрых мышак“ перад катом», — заўважае Мацьвей.
«Я надта ўдзячная гэтаму часу, які паказаў мяне і людзей»
Марына (імя зьмянілі ў мэтах бясьпекі) была актывісткай дваровага чату ў 2020/2021 годзе. Кампанія жыхароў кварталу выходзіла з бел-чырвона-белымі сьцягамі, ладзілі іншыя акцыі, ушаноўвалі памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Уцякалі ад міліцыі і АМАП.
«У нашым чаце былі чалавек дваццаць. А засталося... амаль нікога. Людзі ў Расеі цяпер ці Польшчы. Уцяклі ад рэпрэсій. Чаты і цяпер існуюць, я там таксама. Але цяпер іншыя мэты ў нас — збор грошай на дапамогу „нашым“, лісты „палітычным“, перадачы, абмен інфармацыяй. На працы ў нас няма „ябацек“. Можа, таму, што гэта прыватнае прадпрыемства. Тое, што я бачу ў людзей цяпер, — гэта злосьць, гнеў на такую сытуацыю. Больш, вядома, на эканамічную сытуацыю, калі цэны і камунальныя растуць. Мы, тыя, хто быў актыўны ў 2020-м, не перагарнулі старонкі і не перагорнем. Я ня ведаю ніводнага чалавеку з актывістаў, хто зьмірыўся. Так, людзі ў прыгнечаным стане, гэта факт. Але ўсе мы чакаем той момант, калі зможам сябе праявіць», — кажа Марына.
Яна заўважае візуальную прысутнасьць «партызанаў». «Літаральна ўчора бачыла раскіданыя па ходніку паперкі з надпісам „3%“. Мне гэта грэе душу. Я сама ўдзячная 2020 году, удзячная гэтаму часу, які паказаў мне мяне і іншых людзей. Я ні пра што не шкадую, бо займела столькі сяброў! У якіх я ўпэўненая на 100%. Гэта вельмі важны, бадай, самы важны досьвед майго жыцьця», — кажа Марына.
Цяпер яна піша лісты палітвязьням. «Яны так нас падтрымліваюць! Ня мы іх, а наадварот. У іхных лістах ніякіх нараканьняў, толькі сьвятло і вера. Гэта неймаверныя людзі. І мы ўсе не здадзімся», — абяцае яна.
«Як так адбылося, што мы пераўтварыліся ў краіну людажэраў?»
Аксана (імя зьмянілі для бясьпекі — РС) мае перадпэнсійны ўзрост. У 2020-2021 гадах яна ўдзельнічала ў дваровым чаце, была валянтэркай, хадзіла на суды да «палітычных». Да 2020 году Аксану палітыка не цікавіла.
«Цяпер на вуліцы ўбачыць налепку зь бел-чырвона-белым сьцягам — гэта рэдкасьць. Што гаварыць, калі мяне міліцыя абяцала пасадзіць, калі на ператрусе знайшлі значак з Пагоняй? Я цяпер сачу за тэндэнцыямі.... Праглядаю сьпісы „экстрэмістаў“ і тады адпісваюся ад іх. Раней наш раённы чат быў даволі актыўны. Цяпер у ім ніхто нічога ня піша, толькі часам спасылкі кідаюць. Я адпісалася, бо нічога там няма. Тым больш за мной сачылі, таму я вырашыла выдаліць розныя чаты. Я не баюся за сябе. Проста калі мяне затрымаюць і завалодаюць тэлефонам, я падстаўлю іншых людзей. Таму цяпер надта дбаю пра бясьпеку. Чышчу ўсе перапіскі перад тым, як выйсьці з дому», — кажа Аксана.
Яна размаўляе з суседзямі, сваякамі і мае ўражаньне, што ўлада ня мае падтрымкі.
«Цяпер, праўда, дурасьць — выйсьці са сьцягам і трапіць на турму за гэта. Каб зь цябе там у ІЧУ зьдзекаваліся. Але мы ня сьпім, робім што можам. Пішам лісты, зьбіраемся кампаніяй. Нас мала, але мы ёсьць. Ходзім на „палітычныя“ суды, хоць часам там на нас нападаюць ябацькі, і гэта надта непрыемна. 2020 год паказаў, што проста сказаць праўду вельмі дорага каштуе», — кажа Аксана.
Да яе нядаўна прыходзіў участковы — «пазнаёміцца». Усьлед прыехаў ГУБАЗіК — «правесьці агляд памяшканьня».
«Дайшло да таго, што мы, не злачынцы, баімося, калі нехта пазвоніць у дамафон! Бо мы ведаем — што захочуць, тое і прыпішуць нам. Чалавек цяпер цалкам не абаронены. Як так сталася? Краіна ў цэнтры Эўропы! Як мы пераўтварыліся ў краіну людажэраў, дзе людзей катуюць у турмах, выбіваюць „прызнаньні і пакаяньні“ на відэа? Мяне агортвае вялікі сум ад таго, што ў нашай роднай краіне пануе хлусьня, ілжэсьведчаньне, злосьць, нянавісьць і агрэсія. Я пакуль жыву не ў турме, але пад каўпаком. І гэта надта непрыемна», — дадала Аксана.