У Паўночнай Карэі заявілі, што апошнім выпрабаваньнем зброі была новая гіпэргукавая ракета сярэдняй далёкасьці, прызначаная для нанясеньня удараў па аддаленых цэлях у Ціхім акіяне. Кіраўнік дзяржавы Кім Чэн Ын паабяцаў і далей пашыраць сваю калекцыю зброі, здольнай несьці ядзерныя зарады, для барацьбы з тымі, каго Пхэньян лічыць праціўнікамі, піша агенцтва AP.
Паведамленьне паўночнакарэйскіх дзяржаўных СМІ зьявілася на наступны дзень пасьля таго, як паўднёвакарэйскія вайскоўцы заявілі, што выявілі, што КНДР запусьціла ракету, якая праляцела 1100 км, перш чым прызямліцца ў водах паміж Карэйскім паўвостравам і Японіяй.
Летась Паўночная Карэя прадэманстравала некалькі сыстэмаў узбраеньня, якія могуць нацэльвацца на яе суседзяў і ЗША, у тым ліку цьвёрдапаліўныя міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, і ёсьць асьцярогі, што яе вайсковыя магчымасьці могуць прасунуцца далей за кошт перадачы тэхналёгій з Расеі. Дзьве гэтыя дзяржавы ўжо супрацоўнічаюць у вайне супраць Украіны, паўночнакарэйскія вайскоўцы бяруць удзел у баявых дзеяньнях.
У апошнія гады Паўночная Карэя правяла выпрабаваньні розных ракет сярэдняй далёкасьці, якія ў выпадку ўдасканаленьня могуць дасягнуць ціхаакіянскага вайсковага цэнтру ЗША на Гуаме. У апошнія месяцы Пхэньян выпрабоўваў спалучэньне гэтых ракет зь меркаванымі гіпэргукавымі боегалоўкамі для павышэньня іх жывучасьці.
Паўночная Карэя з 2021 году выпрабоўвае розную звышгукавую зброю, прызначаную для палёту з больш як у пяць разоў большай за гукавую хуткасьцю. Хуткасьць і манэўранасьць такой зброі дазваляюць супрацьстаяць рэгіянальным сыстэмам супрацьракетнай абароны. Аднак незразумела, ці пастаянна гэтыя ракеты ляцяць з той хуткасьцю, пра якую гаворыць паўночнакарэйская прапаганда.
Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі заявілі, што Кім асабіста кіраваў запускам і што зброя праляцела 1500 км, падчас якіх яна дасягнула двух розных пікаў у 99,8 км і 42,5 км і дасягнула хуткасьці, 12 у разоў вышэйшай за хуткасьць гуку, перш чым дакладна паразіць марскую цэль.
Лі Сон Джун, прэс-сакратар Аб’яднанага камітэту начальнікаў вайсковых штабоў Паўднёвай Карэі, заявіў, што паўднёвакарэйскія вайскоўцы лічаць, што Паўночная Карэя перабольшвае магчымасьці сваёй сыстэмы, заяўляючы, што ракета пакрыла меншую адлегласьць і што другога піку не было.
Форум