Залез на дуб
Аляксандар Дзямчук, Палесьсе, 15 дзён арышту
Калі на Палесьсі пачалі сьпілоўваць 300-гадовыя дубы, палешукі сталі бараніць дрэвы сваімі целамі. Некалькі мясцовых бабуляў сьпінамі закрылі старажытныя дубы.
Малады дырэктар Дому культуры ў аграгарадку Ахова на Піншчыне Аляксандар Дзямчук залез на дуб, спадзеючыся так яго ўратаваць. Дубы ўрэшце сьпілавалі. Дзямчук атрымаў 15 содняў арышту за «непадпарадкаваньне міліцыянтам».
Прынёс жалобныя вянкі пад дамы судзьдзі і міліцыянта
Андрэй Рунцо, Стаўпецкі раён, 3 гады калёніі
40-гадовы жыхар Стаўпецкага раёну Андрэй Рунцо прынёс пад дамы міліцыянта Калкоўскага і судзьдзі (прозьвішча невядомае) рытуальныя кошыкі з цыдулкамі, у якіх нібыта былі пагрозы. Суд палічыў гэта «пагрозай гвалту» судзьдзю і міліцыянту.
Рунцо 14 сьнежня далі 3 гады калёніі, таксама ён мусіць заплаціць 1,5 тысячы рублёў пацярпеламу міліцыянту. Кошыкі суд пастанавіў зьнішчыць.
Андрэй Рунцо — грузчык, бацька дваіх дзяцей. Мае інваліднасьць трэцяй групы. У апошнім слове ён папрасіў прабачэньня ў пацярпелых, суду і прысутных у залі людзей.
Вешаў пудзілы-міліцыянтаў
Віктар Царыкевіч, Масты, 1 год калёніі
Лялькі ў форме міліцыянтаў зьявіліся ў Мастоўскім раёне год таму. Некаторыя віселі на прыпынках прыгарадных аўтобусаў, яшчэ адна ляжала ў труне, у полі нехта стварыў імправізаваныя могілкі, дзе пахаваў беларускую Канстытуцыю, суд, эканоміку, сумленныя выбары.
За гэта асудзілі жыхара Мастоў Віктара Царыкевіча. Ён атрымаў год калёніі агульнага рэжыму. Мужчына ўжо адбыў тэрмін і выйшаў на волю сёлета ў жніўні.
Віктару 39 гадоў, у яго трое малых дзяцей, ён будаўнік.
Намаляваў карціну
Алесь Пушкін, вёска Бобр Крупскага раёну, 9 месяцаў у СІЗА
Мастак Алесь Пушкін сядзіць за сваю карціну — партрэт антысавецкага падпольніка Яўгена Жыхара. Яе паказвалі на выставе ў Горадні сёлета ў сакавіку. Пушкіна абвінавацілі ў «наўмысных дзеяньнях, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».
Пазьней сьледчых зацікавілі іншыя творы Пушкіна: партрэты яшчэ двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі, а таксама ягоны імаверны ўдзел у фільме «Праклятыя і забытыя».
Пафарбаваў хату
Анатоль Каханчык, Полаччына, 25 дзён арышту
Цяпер адзін з самых вядомых у Беларусі дамоў — гэта бел-чырвона-белая хата ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну. Ейны гаспадар Анатоль Каханчык атрымаў 25 содняў арышту за тое, што адмовіўся перафарбоўваць фасад. Суд 20 сьнежня вырашыў, што ён так «незаконна пікетаваў».
Мужчына абвясьціў сухую галадоўку. Празь некалькі дзён у яго значна пагоршыўся стан здароўя, пачаліся сутаргі, ціск падскочыў да 220. Каханчыка паклалі ў шпіталь. Спачатку яму сказалі, што зь яго зьнялі арышт, але пазьней высьветлілася, што яго ў кожны момант могуць ізноў затрымаць.
Гралі музыку
Аляксей Санчук, Менск, 6 гадоў калёніі
Надзея і Ўладзімер Калачы, Менск, па 2 гады калёніі
Пятро Марчанка, Юлія Юніцкая, Антон Шніп, Менск, па 1,5 года калёніі
Шэраг музыкаў зьняволілі за музыку на маршах пратэсту ў Менску. Так, стала папулярным відэа, дзе песьню «Перамен» Цоя граюць на беларускіх дудах.
Выканаўцам Надзеі і Ўладзімеру Калачам, лідэрам фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath, далі па 2 гады калёніі за «музычнае суправаджэньне» пратэстаў.
Яшчэ траім паплечнікам Калачоў — Пятру Марчанку, ягонай жонцы Юліі Юніцкай, іхняму сябру Антону Шніпу — прысудзілі 1,5 года калёніі. Марчанка і Шніп — былыя ўдзельнікі гурту Irdorath, Пятро граў на струнных, Антон быў бубначом. Юлія — сьпявачка і ў нядаўнім мінулым кіраўніца дзіцячага хору, удзельнічала ў выступах Irdorath як бэк-вакалістка. Іх затрымалі адначасова з Калачамі сёлета 2 жніўня.
Мянчуку Аляксею Санчуку далі 6 гадоў калёніі, бо прысутнічаў на рэпэтыцыі каманды бубначоў «Патрабуем разысьціся», якія гралі на вулічных шэсьцях і ў дварах Менску. Аляксей сядзіць ужо больш за год. Яму 31 год, у яго ёсьць маленькая дачка.
Выступіла на выпускным вечары
Кацярына Віньнікава, Менск, 15 дзён арышту
Выдатніца журфаку БДУ Кацярына Віньнікава праславілася, калі выступіла з прамовай на выпускным вечары. Яна падзякавала сваім выкладчыкам, у тым ліку палітвязьню Максіму Знаку.
На наступны дзень яе затрымалі і асудзілі на 15 содняў арышту. Прамову студэнткі суд палічыў «пікетаваньнем шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».
Правёў урок
Андрэй Пятроўскі, Смаргоні, 1,5 года калёніі
Настаўніка гімназіі са Смаргоняў Андрэя Пятроўскага пасадзілі за ўрок. Перад Днём Канстытуцыі ён паказваў 11-й клясе відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю» зь лягатыпам, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Да таго ж настаўнік расказваў пра бел-чырвона-белы сьцяг, бо дзеці задавалі пра яго пытаньні.
Яго «здаў» вучань, сын чыноўніцы. За «паклёп на Лукашэнку» Пятроўскага асудзілі на паўтара году калёніі.
Чытала Васіля Быкава ў электрычцы
Галіна Гулянкова, Менск, 20 дзён арышту
Восем жанчын чыталі ў электрычцы беларускую літаратуру: Янку Купалу, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, Уладзімера Караткевіча. На выхадзе з электрычкі іх затрымалі «людзі ў адзеньні рыбакоў». Сямі жанчынам далі штрафы, а адной зь іх — Галіне Гулянковай, якая чытала Быкава, — 20 содняў арышту. Чытаньне суд палічыў «несанкцыянаванай акцыяй».
Вадзілі карагод
Больш за сто фігурантаў, Берасьце
«Карагодная справа» у Берасьці стала адной з самых масавых палітычных справаў сучаснай Беларусі. У ёй праходзяць больш за сто фігурантаў. Іх судзяць партыямі. Ужо асудзілі 114 чалавек у 11 групах. Многія ў гэтай справе атрымліваюць «хімію» або «хатнюю хімію», аднак, ёсьць і асуджаныя на калёнію.
Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру сьвята». Іх разагналі вадамётам.
Станцаваў перад міліцыянтам
Ігар Банцэр, Горадня, 1,5 году «хіміі»
Летась у верасьні рок-музыкант Ігар Банцэр станцаваў ноччу перад машынай міліцыі, пры гэтым сьцягнуў зь сябе шорты. Ён сьцьвярджаў, што заставаўся пры гэтым у стрынгах. Суд палічыў ягоны ўчынак «хуліганствам» і даў мужчыну паўтара году «хіміі». Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Банцэр ужо адбыў пакараньне і сёлета ў сьнежні выйшаў на волю. Ён стаў вядомы тым, што двойчы за гэты час трымаў працяглыя галадоўкі за кратамі.