Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыць, калі застаўся на радзіме? Беларусы расказваюць свае гісторыі ў адказ на фільм Юрыя Дудзя


Арышты на вуліцах Менска, лістапад 2020 году
Арышты на вуліцах Менска, лістапад 2020 году

Фільм Юрыя Дудзя пра беларусаў у выгнаньні атрымаў за суткі каля 3 мільёнаў праглядаў. Ён выклікаў спрэчкі ў сацыяльных сетках паміж тымі, хто зьехаў, і тымі, хто застаўся ў Беларусі. «Чаму пра нас ня зьняць фільм?» — пісалі беларусы, якія засталіся на радзіме.

Свабода паразмаўляла зь беларусамі, якія, нягледзячы на патэнцыйную небясьпеку затрыманьня, застаюцца ў Беларусі.

«Мы зьехалі — значыць, мы здаліся, нас перамаглі?»

Натальля (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) — дызайнэр. Раней жыла ў Менску. Цяпер хаваецца з прычыны перасьледу.

«Мяне «здала» — напісала на мяне заяву ў розныя органы — знаёмая. За маю актыўнасьць у 2020 годзе. Прычым яна жыве за мяжой! Што было матывам такіх яе дзеяньняў — я ня ведаю. Таму апошні год — гэта частыя пераезды, бег зь перашкодамі, жыцьцё ў такіх кватэрах, дзе даводзілася клеіць сьцены скотчам, каб не сьвістаў вецер. Мы жылі ў вёсцы, жылі на прыродзе. Выжываньне ў лесе — неперадавальны досьвед!

Чаму мы ня зьехалі? Хацела прывесьці прыклад — прыпавесьць, як уся вёска пайшла маліцца аб дажджы і толькі адзін хлопчык узяў парасон. Вера і надзея. Вельмі верылася, што гэта ўсё не расьцягнецца надоўга. Цяпер думка аб тым, што мы зьедзем — значыць, мы здаліся? Яны перамаглі, раз здолелі выкінуць нас з краіны? Лічыце нас блякаднікамі.

Мяне падтрымлівае муж. Ён як ніхто іншы можа аргумэнтавана мяне супакоіць. Людзі падтрымліваюць. Сказаць, што я чэрпаю сілы і пазытыў лыжкамі — канечне, не. Гэта ўсё дастаецца па крупінках і беражліва захоўваецца. Набыліся новыя звычкі: азірацца ўсюды, шарахацца ад любога шуму, уцягваць галаву нават у сьне... Працу мы стараемся шукаць дыстанцыйную. Пачалі вучыць ангельскую мову. Рыхтуемся да ўсяго, але спадзяёмся на лепшае.

«Дачцэ ў школе сказалі, што Ўкраіна — наш вораг»

Аляксей (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) жыве ў беларускім райцэнтры. Яго афіцыйна скарацілі, насамрэч — звольнілі зь неблагой пасады на дзяржаўнай працы за палітычныя погляды і перакананьні. Аляксей не падтрымліваў уладу. Кіраўніцтва праводзіла зь ім «прафіляктычныя гутаркі». Цяпер ён мае дыстанцыйную працу. Кажа, што ў дзяржаўныя структуры ня вернецца.

«Я казаў на працы, што не падтрымліваю ўладу. Пісаў лісты палітзьняволеным, дапамагаў мясцовым людзям, якія трапілі пад перасьлед. Начальства казала мне, каб я «выправіўся». Калі я адмовіўся — мяне скарацілі. Насамрэч я не агітаваў на працы, наадварот — стараўся, каб на працы не дзялілі людзей на левых і правых, не сутыкалі ілбом празь іхныя погляды.

Пасьля «скарачэньня» я асвойваю іншыя прафэсіі, дыстанцыйныя. Хоць у мяне няма «кляйма» ў працоўнай кніжцы, што я звольнены, але на дзяржаўную працу я не пайду.

У нашым райцэнтры сытуацыя напружаная і трывожная — калі гаварыць пра тых людзей, якія маюць свае погляды, адкрыта іх выказвалі. Такі прыклад. Званок у дамафон. Мужчынскі голас удакладняе мае дадзеныя, кажа, што ён з пошты. Я ўзгадваю, што пошту ў нас носіць жанчына. Таму ліхаманкава думаю — як хутчэй пачысьціць тэлефон, што выдаліць. Я не злачынца, але такія думкі адразу, і стрэс. Гэта праўда была пошта — экспрэс-дастаўка.

У маёй сям’і перад жніўнем 2020 году былі спрэчкі. Нехта быў за ўладу і горача яе адстойваў. Нехта супраць. Цяпер жа ўсе абсалютна ў сям’і супраць улады.

Што тычыцца нашага гораду, то людзі сталі больш баяцца і менш гаварыць. Бо тых, хто недзе «засьвяціўся», звальняюць. Іншыя — баяцца і маўчаць. Бо ў райцэнтры няма прыватных прадпрыемстваў, усе дзяржаўныя. У людзей жа дзеці, бацькі старыя... Ня кожны мае добрую адукацыю, каб недзе пасьля звальненьня ўладкавацца.

Бачу, як у райцэнтры абмяркоўвалі Канстытуцыю. Людзі сядзяць моўчкі, вочы ў падлогу... Ківаюць галавой толькі і апускаюць вочы.

Я не асуджаю тых, хто зьехаў. Лепш, каб людзі былі на свабодзе, чым у турме. Для сябе я паставіў тэрмін — год. Год яшчэ буду прыглядацца, куды ўсё павернецца. Потым, можа, і зьеду. Дзеля сваёй дачкі. Не хачу, каб яна расла ў такім асяродзьдзі. Яшчэ ўвосень яна прыйшла са школы і сказала, што настаўніца на інфармацыйнай гадзіне паведаміла дзецям, што Ўкраіна — гэта наш вораг. Чаму так? — спыталася дачка. Я кажу: памятаеш, мы ж былі ва Ўкраіне, на моры, да сваякоў езьдзілі — ты заўважыла, што да нас ставіліся як да ворагаў? Яна кажа, што не. Цяпер яшчэ пачнуць падручнікі па гісторыі перапісваць. Невядома што будзе.

Калі шмат працы, то часам і навіны не гляджу. Потым як гляну — напружанасьць значна вырастае. Гэта як глей на дне вадаёму. Трохі ўзбоўтнеш — і зноў усё падымаецца наверх. Глядзеў Дудзя — балюча, што людзі зьехалі, што такое ў нас адбываецца. Але я веру, што гісторыя цыклічная і такія рэчы маюць уласьцівасьць канчацца. Абы толькі гэта не зацягнулася».

«На нашым прыватным прадпрыемстве ніхто не падтрымлівае ўладу»

Эмілія (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) жыве ў абласным цэнтры, працуе на прыватным прадпрыемстве, ёй 45 гадоў.

«Я падтрымліваю любы выбар: зьехаць ці застацца. Але я сама ня зьеду — у мяне старыя бацькі, тут магілы маіх родных. Мая сястра зьехала. Мы дамовіліся, што бацькоў падтрымаю я. Я радуюся за людзей, якія цяпер у бясьпецы. Нікога не асуджаю, нават тых, хто дае сумнеўныя парады з-за мяжы — у іх свой досьвед, прытым абцяжараны нэгатывам.

Я ніколі не галасавала за Лукашэнку, ніколі яго не падтрымлівала. Яшчэ ў 1996 годзе я зразумела, што нешта ня так. На той час я заканчвала ўнівэрсытэт і бачыла, як выціскалі з працы выкладчыкаў-вальнадумцаў. У нашым калектыве на прыватным прадпрыемстве ніхто не падтрымлівае ўладу, таму працаваць камфортна, начальства не патрабуе ад нас «ідэялягічна правільных» думак.

Я падтрымліваю тых, хто застаўся. Не асуджаю, калі людзі радуюцца простым рэчам у такі цёмны час — ходзяць у кіно, тэатар. Нам усім трэба сябе берагчы. І сябе, і тых, хто побач. Трэба вучыцца жыць з рознымі поглядамі. Я маю надзею, што розум пераможа, бо гэтая ўлада нежыцьцяздольная. Калі мне вельмі цяжка — выходжу на вуліцу і бачу знакі, пішу лісты людзям у турму. Мне часам гэта больш патрэбна, чым ім.

Калі ў мяне пытаюцца: «Ня страшна пісаць у турму, ты ж пакідаеш свой адрас?» — я адказваю, што страшна аскацініцца, стаць рабом, здрадзіць сябру, які ў турме і якому важна бачыць мой адрас. Я сама ў нейкіх сьпісах, прыходзіў участковы, але пакуль без наступстваў.

Мае сваякі былі трапілі пад перасьлед пры савецкай уладзе, таму ў нашым родзе няма захапленьня ад смачнага марозіва ў СССР. Нашы з мужам старыя бацькі паставілі Telegram і сачылі за падзеямі. Яны рыдалі, калі 13–14 жніўня ўбачылі ў інтэрнэце першыя здымкі пабітых людзей. Ім вось страшна. Ад таго, што можна біць і далей, што дзеці і ўнукі зьяжджаюць, што кожны можа апынуцца ў турме. У жніўні 2020 году мне тэлефанавала маці і кантралявала, каб мы ўсе былі на плошчы. У яе высокі ціск, яна сама не пайшла.

Як я магу зьехаць, калі я магу тут прыйсьці да маці палітычнага зьняволенага? Падтрымаць яе, паразмаўляць зь ёю, суцешыць. Калі я магу некаму дапамагчы, прывезьці багажнік гародніны і садавіны зь лецішча, закрутак — для перадачы на «хімію»?

«У мяне ёсьць важкія сэнсы, якія дапамагаюць даваць рады гэтаму жаху»

Аляксандра (імя зьмененае дзеля бясьпекі) працуе псыхолягам. Аднойчы яна трапіла пад «хапун», цудам яе не затрымалі. Разам з калегамі зь першых дзён пратэстаў яна арганізавала псыхалягічную падтрымку пацярпелых. Дапамагалі людзям і онлайн, і офлайн, і ў групах. Аляксандра давала інтэрвію, у якіх старалася дапамагчы людзям — раіла, як усё гэта перажыць, як даваць рады сваім пачуцьцям.

«Татальнага страху ў мяне няма. На гэта ўплывае магчымасьць і здольнасьць пражываць гэты страх. Калі мы яго выціскаем, стараемся не дакранацца да яго — то ў нейкі момант проста накрывае. Я разумею, што я баюся, я даю гэтаму страху выйсьці, але фокус трымаю на тым, што мяне зараджае. Я па дозах чытаю навіны, стараюся не перагружаць нэрвовую сыстэму тым, чаго не магу кантраляваць. Калі я пастаянна буду чытаць навіны, то я не дапамагу сабе, пазбаўлю сябе магчымасьці жыць. Стараюся захоўваць балянс, радавацца таму, што ёсьць у маім жыцьці, у маіх дзяцей.

Чаму я ня зьехала? Я вельмі люблю Менск, нашых людзей, нашу краіну — не дзяржаву. У мяне ёсьць унутраная энэргія і запал рабіць нешта для людзей. У нас ёсьць праект, я ім гару, я хачу, каб наш напрамак разьвіваўся. Гэта дае мне сілы спраўляцца са страхам, як і тое, што я магу быць карыснай людзям тут. Гэта перавышае страх. Я ня ведаю, што будзе заўтра, пасьлязаўтра. Можа, мы зьбяром чамаданы. Да канца ні ў чым нельга быць упэўненым. Сытуацыя такая, што можна гаварыць толькі за гэты момант.

У мяне важкія сэнсы, якія дапамагаюць мне даваць рады гэтаму жаху, які тут адбываецца.

У мяне ў самой стабільная колькасьць кліентаў. Калегі кажуць, што попыт на псыхалягічную дапамогу вырас. Людзям цяжка самастойна даваць рады.

Сярод беларусаў ёсьць спрэчка — паміж тымі, хто «тут» і хто «там». Людзей, якія ў Беларусі, можа раздражняць, калі з-за мяжы пішуць павучальным тонам. Першая рэакцыя на такое: «Прыедзь і пакажы, як трэба». Гэта раздражняе людзей, бо высакамерны і павучальны тон заўжды раздражняе. Людзі павучаюць, можа, таму, што ў іх пачуцьцё прыкрасьці або непражытая сытуацыя вымушанай эміграцыі.

Бо эміграцыя пасьля 2020 году — гэта не свабодны выбар чалавека. Часьцей гэта вымушаная гісторыя, абцяжараная цяжкімі пачуцьцямі. У прынцыпе, эміграцыя заўсёды цягне за сабой дастаткова цяжкі пэрыяд адаптацыі. А калі гэта ня твой выбар, то могуць быць падсьвядомыя перажываньні і агрэсія на тых, хто застаўся. Маўляў, я вымушаны зьехаць, а ты застаўся дома. Агрэсія ёсьць з абодвух бакоў. Можа, яшчэ і таму, што цяпер агрэсіі ўвогуле шмат, шмат такой справядлівай злосьці. Людзей садзяць у турмы, а ты ня можаш гэта выказаць, выйсьці на вуліцу, напісаць пра гэта адкрыта, неяк пражыць гэта. Цяпер гэта ўсё мусіць захоўвацца глыбока ўнутры чалавека. І гэтая стрыманая злосьць прыводзіць да таго, што мы пачынаем зрывацца на тых, хто і так пацярпелы бок".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG