Адмысловы пасланьнік ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі ў будучай адміністрацыі, адстаўны генэрал Кіт Келаг адклаў сваю азнаямленчую паездку ў Кіеў. Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы з атачэньня Трампа, абазнаных аб плянаваньні паездак, візыт Келага ў Кіеў, Рым і Парыж перанесеныя на час «пасьля інаўгурацыі» абранага прэзыдэнта.
Першапачаткова паездка Келага ў Кіеў для сустрэчы з украінскім кіраўніцтвам плянавалася на пачатак студзеня. Група Келага таксама плянавала сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ў Рыме і Парыжы.
Крыніцы агенцтва не назвалі прычыну адкладаньня паездкі ў Эўропу. Келаг, роўна як і прадстаўнікі пасольства Ўкраіны ў Вашынгтоне, адмовіліся ад камэнтароў.
Трамп неаднаразова заяўляў падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі, што мог бы знайсьці спосаб завяршыць вайну ва Ўкраіне на працягу 24 гадзін пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта. Пакуль, аднак, плёну гэтыя намаганьні ня маюць.
Форум