Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіны спосаб зносін зь дзецьмі». Чаму вязьні пішуць вершы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На волю стала прыходзіць шмат вершаў, якія пішуць палітвязьні. Таленты раскрываюцца нечакана нават для сваякоў. Расказваем, што пішуць за кратамі і навошта.

Для кагосьці гэта адзіны спосаб камунікацыі са сваімі малымі дзецьмі. Адзін вязень напісаў вершык, які дапамог малому сыну асвоіць гаршчок. Іншыя выказваюць гэтак сваю грамадзкую пазыцыю. Хтосьці праз творчасьць падтрымлівае і натхняе людзей на свабодзе. Нехта такім чынам трэнуе мозг. Вязьні нават бяруць сабе творчыя турэмныя псэўданімы.

«Гэта спосаб, каб твая душа заставалася на волі»

Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко раней пісаў вершы толькі ў студэнцтве, гадоў 25 таму. У яго была ўсяго нізка твораў. Потым ён зрабіў перапынак. Часам пісаў тэксты песень для гуртоў «Цмокі» і «Бэнд А». Потым нешта рыфмаваў для дзіцячых часопісаў «Дуда» і «Асьцярожна, дзеці!».

«З турмы ўсё палілося фантанам, нечакана для нас усіх», — гаворыць жонка Андрэя Паўліна Скурко.

Палітвязень Андрэй Скурко з жонкай Паўлінай і сынам Тамашам
Палітвязень Андрэй Скурко з жонкай Паўлінай і сынам Тамашам

З-за кратаў Андрэй шле невялікія вершыкі для малога сына Тамаша. Ужо напісаў каля сарака.

«Відавочна, што гэта разлука з намі, нашым малым на яго так паўзьдзейнічала. Яго забралі, калі малому было паўтара года. Паміж імі такая моцная сувязь! Вершы — гэта спосаб не перарываць яе. Гэта ад патрэбы далей выхоўваць Тамаша, хоць і дыстанцыйна», — тлумачыць Паўліна.

Жонка і іншыя людзі дасылаюць Андрэю паштоўкі, сюжэты на якіх дапамагаюць яму прыдумляць новыя вершыкі для сына.

Паштоўкі для Андрэя Скурко
Паштоўкі для Андрэя Скурко

Тамашу нядаўна споўнілася два гады. Ён ужо добра ведае, што тата шле яму вершыкі і байкі. Просіць маму чытаць яму і сам заўжды агучвае першы радок: «Прывітаньне, Тамашык!». Хлопчык ужо вывучыў, на якой паштоўцы які вершык. Часта раскладае іх па пакоі і прыносіць маме той, які хоча пачытаць цяпер. Многія словы ён ужо запомніў і дапамагае маці агучваць.

Любімымі істотамі для малога апошнім часам сталі матылькі, але вершаў пра іх яшчэ няма, таму сям’я перадала Андрэю запыт на новых пэрсанажаў твораў.

Youtube-канал «Бэйбус» агучыў вершы Скурко. Яны выходзяць часткамі. Цяпер працягваецца збор на выданьне папяровага зборніка. Тамаш любіць слухаць гэтыя аўдыятворы пра слана, пры мыш і мядзьведзя, сабаку Мурзу.

Дзьверы гнуцца, столь дрыжыць —
Слон прыйшоў да дзеда жыць
Зь лесу сьнежнага уранку —
Вось бывае нечаканка!

Малы Тамаш з татам
Малы Тамаш з татам
Паштоўка ад палітвязьня Андрэя Скурко зь вершыкам для сына Тамаша
Паштоўка ад палітвязьня Андрэя Скурко зь вершыкам для сына Тамаша

Хлопчык любіць булкі, якія спачатку называў «буля». Тата напісаў вершык і пра гэта.

Адгадай, бабуля,
Што такое «буля»?
Можа, гэта бэгемот?
Ці малінавы кампот?
Можа, бульба? Ці бульдог?
Можа, бык ці насарог?
Бурбалка ў ваньне?
Кіт у акіяне?
Гэта ж проста адгадаць!
Булі — вунь яны ляжаць:
Са сьмятанай і карыцай,
І з павідлам, і з клубніцай
У кавярні на вакзале,
Дзе бабулю мы чакалі.

Паўліна перакананая, што вершы Андрэя прыносяць ня толькі эстэтычную асалоду, але і маюць выхаваўчы эфэкт. Калі Тамаш толькі прывучаўся да гаршка і пратэставаў супраць яго, Андрэй напісаў такі вершык:

Сёньня ў мамы з татам шок —
Сеў Тамашык на гаршчок.
Не хаваўся і ня плакаў,
Проста сеў і сам пакакаў.

Празь некалькі месяцаў гэты слупок дапамог малому пагадзіцца з гаршком.

«Цябе саджалі, як нашаніўца, як журналіста, як рэдактара, але выйдзеш ты, можа быць, як дзіцячы паэт», — піша Андрэю Паўліна.

Жонка палітвязьня Андрэя Скурко Паўліна з сынам Тамашам
Жонка палітвязьня Андрэя Скурко Паўліна з сынам Тамашам

Яна кажа, што турма паказала, што па-сапраўднаму важна і на што варта выдаткоўваць час. Раней у Андрэя не было часу пісаць вершы для сына.

«Творчасьць у турме — гэта спосаб, каб твая душа заставалася на волі, спосаб не губляць сувязь са „сьветлым сьветам“. Важна мець прывычку да духоўнага жыцьця, каб у турме не разгубіцца, зьберагчы сябе», — мяркуе Паўліна.

Андрэй даслаў з турмы таксама пранізьлівае эсэ пра свайго прадзеда. «Паэзія ў прозе», — называе яго Паўліна. Сужэнцы ў лістах сышліся на тым, што на волі ён бы такога не напісаў.

«Дзьвесьце гадоў таму сядзеў Міцкевіч з паплечнікамі Чачотам і Занам, потым сядзелі наступныя хвалі інтэлігенцыі ў 1860-я гады. Пасьля мы мелі рэакцыю на расейскую рэвалюцыю ў пачатку ХХ стагодзьдзя — сядзелі Колас, Карусь Каганец. Але мне ня хочацца думаць, што гісторыя паўтараецца, што гэта новае кола. Мне хочацца думаць, што прагрэс ёсьць. Пра гэта пісаў і Андрэй у адным зь лістоў. Мне ня хочацца праводзіць прамыя паралелі з 1920-1930 гадамі ў нашай сытуацыі», — разважае Паўліна.

«Тата, я цябе люблю і чакаю дома!»

Блогер Сяргей Ціханоўскі пачаў пісаць вершы менавіта ў СІЗА. Ён даслаў з-за кратаў ужо некалькі твораў па-расейску пра актуальную беларускую сытуацыю. Апошні — пасьля свайго прысуду:

Поверь, нам тоже очень жаль...
А дальше в письмах — про погоду.
Зачем вы шлёте мне печаль?
Цензуре — лишнюю работу?
Пустые письма. И дела,
Судя по новостям, пустые.
Да, я другой. И счастлив я.
На кухнях пусть сидят иные.
Мне не понять, как можно ждать,
Как раб, свободы не имея,
Не смея что-то предпринять.
Простите, так я не умею.
Ау! Без дел вера мертва.
И это не мои слова.

Сяргей Ціханоўскі перад прысудам
Сяргей Ціханоўскі перад прысудам

Ягоная былая выкладчыца Натальля Суслава агучыла некаторыя вершы Сяргея.

Высьветлілася, што і стваральнік Symbal.by Павал Белавус піша дзіцячыя вершы для сваіх малых. Ён просіць выкладаць свае творы ў сеціва пад хэштэгам #вершыбелавуса. Гэты вершык, напісаны ад імя ягонай старэйшай дачкі Соф’і, ён прыслаў з «Валадаркі» 6 студзеня:

Я хаджу яшчэ ў садок, ў школу пакуль рана.
Але літары вучу плённа і старанна.
Першай вывучыла «М» — гэта значыць «мама»,
А яшчэ і «малако», яго робіць крама.
Ой, ня крама, а карова з чорна-белай сьпінкай.
Значыць, зараз будзе «С» — маё імя Сафійка.

Сустракаю літар «А» ў словах я багата,
Там, дзе мама, там, дзе баба і, канешне, тата!
Сярод літар ёсьць адна — круглы абаранак,
Гэта «О» і лічба «нуль» — сонца на сьвітанак.
Ў словы літары складу з марамі, вядома:
«Тата, я цябе люблю і чакаю дома!»

Павал Белавус
Павал Белавус

За кратамі ў «карагоднай справе» апынуўся паэт Мікола Папека, жыхар вёскі Лінова Пружанскага раёну і прафэсійны пчаляр. Вершы ён пісаў са школы. Зьяўляецца ляўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Сам заснаваў штогадовую літаратурную Мядовую прэмію. За кратамі ён піша на турэмную тэматыку.

Ноччу ў турэмны пакой
На сьвятло....
Заляцеў матыль...
Матыль экзатычны...
Прыгожы матыль!
Што шукаеш у турэмным пакоі?..
Сэрца паэта?..
Выпускаю матыля ў ноч...

Мікола Папека
Мікола Папека

З турмы дасылае новыя вершы і адвакат Максім Знак. Ён пісаў песьні яшчэ да затрыманьня.

Буслы клякочуць у ля-міноры:
(Як, зрэшты, ўсе мы) — до-ля-мі...
Праз Апэніны, прэч ад мора...
Такая доля, mon ami...
На крылах клёкат між аблокаў —
Найлепшай музыкай, бо свой.
Так соладка ад трыё нотаў,
Калі катуюць цішынёй.

Максім Знак перад прысудам
Максім Знак перад прысудам

«Што ў іх там ёсьць? Папера, асадка. І часу шмат, і сумна ім там»

Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык пісаў вершы зь дзяцінства, таксама ў раньняй маладосьці, для ўнівэрсытэцкай газэты. Вось ягоны верш са студэнцтва:

Калі нехта сярод ночы
Раптам у дзьверы загрукоча
І якісь спадар вусаты «Прывітаньне» скажа вам,
Чарку вы яму наліце, сесьці разам запрасіце
І тады ўжо пытайце, хто, адкуль і як імя.
Паглядзіць ён хітравата і адкажа:
«У гонар сьвята і пасады маёй рады
Вам паведаміць, сябры,
Што магу я сёньня ўночы
Выканаць, што толькі хочаш.
Што павылупілі вочы,
Бы тут Дэвід Капэрфільд?»
І, паслухаўшы жаданьні,
Зь меха ён свайго дастане
Відзік, цэнтар фірмы «Айва» і ключы ад «бээмвэ»,
Скрыню піва, тэлевізар, два білеты да Парыжу,
Курсавую ўраз напіша, трошку выдзеліць у. е.
«Вось усё, што вы жадалі. Праўда, цудаў не бывае,
І таму я забіраю гэта ўсё назад сабе.
Рэчы трэба ў гаспадарцы.
Ну давайце шчэ па чарцы.
Час ісьці, жадаю шчасьця.
І ўсьміхайцеся часьцей».

Андрэй Кузьнечык і ягоная будучая жонка Алеся Рак у студэнцкі час
Андрэй Кузьнечык і ягоная будучая жонка Алеся Рак у студэнцкі час

Да сваёй паэзіі ён ня ставіўся сур’ёзна, лічыў гэта спосабам пазабавіцца, тлумачыць жонка Андрэя Алеся Рак. У дарослым жыцьці, калі Андрэй пайшоў працаваць, стварыў сям’ю, то пісаць вершы перастаў.

Пасьля затрыманьня Андрэя аказалася, што цяпер яму складана камунікаваць з малымі дзецьмі: ім нельга патэлефанаваць, ім цяжка пісаць вялікія лісты. Тады на дапамогу прыйшлі вершы. Ён спачатку даслаў верш пра Сьнежнага ката, а ў падарунак на дзень народзінаў двухгадовага Мацьвея — пра жыта:

Сьпяць пад коўдраю палі,
І зярняткам у зямлі
Сьніцца, як калосься хваляй
Яны ў лета паплылі.

У калосься шмат гасьцей:
То мураш, то авадзень,
То багоўка сваіх дзетак
Пагайдацца прывядзе.

Малюнак Сьнежнага ката ад Яніны Кузьнечык, дачкі палітвязьня Андрэя Кузьнечыка, які яна намалявала па матывах вершу таты
Малюнак Сьнежнага ката ад Яніны Кузьнечык, дачкі палітвязьня Андрэя Кузьнечыка, які яна намалявала па матывах вершу таты

Праўда, малога пакуль не цікавіць паэзія. А вось старэйшая дачка Яніна, якой ужо 8 гадоў, любіць атрымліваць вершы ад таты. Яна ўжо намалявала «Сьнежнага ката» паводле ягонага іншага твора.

«Гэта было прыемна і міла. Гэта не навіна была для мяне. Да таго ж ён ведаў, што Андрэй Скурко піша вершы сыну. Што ў іх там ёсьць? Папера, асадка. І часу шмат, і сумна ім там. У іх няма гліны, каб ляпіць, або фарбаў, каб карціны маляваць. А на паперы можна напісаць твор», — кажа Алеся пра сваю рэакцыю на творчасьць мужа.

Яна шле Андрэю паштоўкі з рознымі сюжэтамі, якія дапамагаюць ствараць гісторыі.

«Уражаньне, што цэнзар на ягоным баку»

Мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў у апошнія гады перад затрыманьнем вершаў амаль не пісаў, прынамсі не рабіў іх публічнымі. Вядомая ягоная лірыка з раньняй маладосьці, калі выйшаў цэлы зборнік. Адзін з самых вядомых сваіх твораў «Пакіньце мне права застацца сабой», на які ўкраінскі гурт «Колір» стварыў песьню, Андрэй напісаў больш за 10 гадоў таму.

На «Валадарцы» журналіст зноў пачаў актыўна пісаць. Ён даслаў адтуль сябрам ужо каля 10 твораў. У яго нават зьявіўся творчы псэўданім — «Янка Валадарскі».

Я хацеў напісаць табе вершык,
Каб патрапіць хоць ў нейкі шорт-ліст;
Каб у вершыку сьцяг быў ды вершнік,
але гэта цяпер — экстрэмізм.
Экстрэмізм жа ня ўхваляць на пошце —
І шорт-ліст не сагрэе душу;
То ня ў вершыку я, а ў прозе
«Будзе добра ўсё!» — так напішу.

Гэта адзін зь першых вершаў, які Андрэй даслаў з турмы ў лісьце 23 траўня 2021 году.

Сяброўка Андрэя Аляксандрава Аліна Караткевіч, якая зь ім лістуецца і сама таксама часам піша вершы, расказала, як яна бачыць ролю паэзіі за кратамі.

«Гэта такі стан, калі чалавек ня можа не пісаць. Цябе расьпірае, і ты выліваеш гэта. Я дапускаю, што і ў Андрэя такі стан, калі ў цябе ёсьць пэўная ступень канцэнтрацыі, ты шмат чытаеш. Гэта як сублімацыя. У яго цяпер няма абавязку працаваць, ён ня можа сустрэцца са сваімі сябрамі, таму ёсьць патрэба пісаць вершы», — мяркуе яна.

Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў

Андрэй — футбольны заўзятар. За кратамі ён пераклаў аптымістычны гімн ФК «Лівэрпуль» You’ll Never Walk Alone на беларускую мову:

Калі пойдзеш праз шторм,
не схіляй галавы
і ня бойся ты цемры, сябрук!
Ведай: скончыцца шторм,
сьвежы неба блакіт
ахіне сваёй песьняй жаўрук.

Ідзі празь вятры
да сьвятла цераз нос,
не спыняй свайго сэрца, ідзі!
З надзеяй у душы
годна з мараю кроч —
Ты ніколі ня будзеш адзін!

Ніколі ня будзеш адзін.

Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Лівэрпуль» у Мюнхэне
Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Лівэрпуль» у Мюнхэне

Тое, што журналіст піша за кратамі, мае сэнс і для тых, хто на волі.

«Я разумею, што гэта паказчык ягонага псыхалягічнага стану. У яго вершы збольшага натхняльныя, нават калі сумныя. Я рада, што ён піша. Для мяне гэта клясна... Я не чакала, што ён будзе такім падтрымальным і аптымістычным з турмы», — прызнаецца Аліна.

На ейную думку, творчасьць Аляксандрава зьмянілася за кратамі. Раней больш лірычная, цяпер яна стала хутчэй грамадзкая, вострая.

Аліна думае, што Андрэй разумее: ягоныя вершы будуць публікаваць у сеціве. Адзін з самых цытаваных ягоных вершаў з «Валадаркі» пра хэштэг:

Калі на неба глядзіш праз краты,
Ня бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цьвільлю і стратай,
А заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман — гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг, як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

Ды справы няма да хэштэгаў небу,
Пра трэнды неба зусім ня ў курсе,
Яно пад нагамі ня чуе глебы,
Ня лічыць стагодзьдзяў і хлебных лустаў.

І неба цягне аблокаў вату
Над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама ня бачыць кратаў,
Калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

21 ліпеня 2021 г.

Сам Андрэй Аляксандраў таксама просіць слаць яму ў турму вершы іншых паэтаў, у тым ліку напісаныя, пакуль ён сядзіць.

«Цяпер многія вершы, якія хочацца даслаць, напісаныя ў сучасным беларускім кантэксьце. Іх разам з усім лістом, хутчэй за ўсё, не перададуць, таму даводзіцца выбіраць», — тлумачыць Аліна.

Яна дасылае Аляксандраву вершы Насты Кудасавай, Вольгі Гронскай, Крысьціны Бандурынай, Юліі Цімафеевай, Альгерда Бахарэвіча, клясыку.

«У мяне вершы — гэта патрэба. Гэта іншым чынам настройвае мозг, гэта іншая канцэнтрацыя, быццам у транс уваходзіш, калі чытаеш вершы пра сябе ці ўголас», — адказвае Аліна на пытаньне, навошта Андрэю можа быць патрэбна паэзія за кратамі.

Нядаўна «Колір» запісаў песьню на яшчэ адзін беларускі верш — «Чалавек» Рыгора Барадуліна. Аляксандраву напісалі пра гэта, і ён чакае, калі зможа паслухаць новы твор украінскага гурту.

«За кратамі пішуць ня толькі вершы. Хтосьці малюе, хтосьці піша казкі. Праяўляюцца таленты. Цяпер у Беларусі больш за 1000 палітвязьняў, гэта найлепшыя людзі, якія шмат зрабілі для Беларусі ў розных сфэрах. Гэта абсалютна нармальны вынік. Кожны знаходзіць сваю сьцяжыну і працуе ў гэтым», — разважае Аліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG