Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар загінулага Ашурка: «Камандзір, які пасылае непадрыхтаванае войска ў бой з прафэсійнымі жаўнерамі, — ваенны злачынца»


Сяргей Пантус (зьлева) і Вітольд Ашурак на пікеце каля скандальнага рэстарана ў Курапатах. 21 чэрвеня 2018
Сяргей Пантус (зьлева) і Вітольд Ашурак на пікеце каля скандальнага рэстарана ў Курапатах. 21 чэрвеня 2018

Расказваем гісторыю жыхара Бярозаўкі Сяргея Пантуса, які тэрмінова выехаў зь Беларусі. Ён расказаў, як іхны «самвыдат» накрыла міліцыя, калі гэта не было мэйнстрымам, і як яго зьмяніла страта найлепшага сябра Вітольда Ашурка.

Факты пра Сяргея Пантуса

  • Сяргею Пантусу 47 гадоў.
  • У грамадзка-палітычнай дзейнасьці ён больш за 20 гадоў, хоць «у Беларусі палітыкі няма».
  • Паходзіць з маленькай Бярозаўкі, што на Лідчыне. Вярнуўся туды пасьля жыцьця ў Менску і Лёндане. Вырабляў шкляны посуд, будаваў дамы, зьбіраў чарніцы, каб зарабіць на жыцьцё.
  • У школе меў «двойкі» за год па беларускай мове і гісторыі.
  • Размаўляе па-беларуску. Лічыць нацыянальную самасьвядомасьць падмуркам у пабудове Беларусі.
  • Ахоўваў у маладосьці аддзел КДБ.
  • За 2020-2021 гг. Сяргея тройчы судзілі, далі штрафаў больш як на $1000, правялі ператрус у межах крымінальнай справы.
  • Ягоны бацька сустракаўся зь Зянонам Пазьняком.
  • Сяргей — сябар Сойму Партыі БНФ, галоўны на Лідчыне ў БНФ; сябра руху «За свабоду» і Таварыства беларускай мовы.
  • Сёлета 15 сьнежня тэрмінова пакінуў Беларусь разам з Андрэем Ашуркам, бо ім перадалі: «Ня важна, за што, але вы мусіце сесьці надоўга». Цяпер яны ў Варшаве. Шукаюць працу на будоўлі.
Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус
Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус

— Мэдыя вас часта называюць найлепшым сябрам Вітольда Ашурка. Калі б Вітольда не было, як бы вас прадстаўлялі?

— Напэўна, па пасадзе. Палітыкам я сябе не адчуваю, у нашай краіне няма палітыкі. Хутчэй за ўсё, я грамадзкі актывіст. 25 гадоў таму я гэтым не хацеў займацца. Я прыйшоў з войска, хацеў ажаніцца, нармальна працаваць. Пачаў, напэўна, бо бацька цікавіўся палітыкай, таксама праз сваё «абвостранае пачуцьцё справядлівасьці».

«Двойкі» за год, ахова КДБ, газэта «Свабода» ў сквэры

У трэцяй клясе Сяргей зваліўся зь ледзяной горкі, выцяўся галавой і на тры месяцы трапіў у шпіталь. Тады і пачаў шмат чытаць. Сябры цяпер называюць яго «містэр Вікі». Жонка кажа, што ў ягонай галаве «столькі непатрэбных ведаў».

У 10-й клясе Пантус атрымаў чатыры «двойкі» за год: па гісторыі, расейскай мове і літаратуры і беларускай мове — праз асабісты бунт. На гісторыі настаўнік зьніжаў адзнаку за падказкі. Калі Пантусу падказвалі, ён наагул змаўкаў, каб не прыніжацца, хоць ведаў матэрыял. Яго садзілі з «двойкай».

Сяргей Пантус у Лідзе, 10 верасьня 2019 году
Сяргей Пантус у Лідзе, 10 верасьня 2019 году

Па расейскай мове ён атрымаў 3-/4 за самастойнае вялікае сачыненьне пра Раскольнікава. Аднаклясьнікам паставілі «пяцёркі» за сьпісаныя з кніжак тэксты. Больш твораў хлопец не пісаў. На знак пратэсту перастаў вучыць і літаратуру, хаця яе любіў. Так разьленаваўся, што «зьехаў» і па беларускай мове.

Яго пакінулі на другі год, а ён пайшоў у мясцовую вучэльню і стаў выдзімальнікам шкляных вырабаў. Гаворыць пра гэта з усьмешкай.

«Паводле закону Мэрфі, вышэй сваёй кампэтэнцыі ня скокнеш. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся, хутчэй са сьмехам... Справа не ў адукацыі, а ў падыходзе да справы», — мяркуе Сяргей.

Пасьля ПТВ трапіў у войска. Служыў у Горадні ў камэнданцкай роце. Пэўны час ахоўваў аддзел КДБ.

«Люблю гэтым „падколваць“ сяброў. Калі кажу, што служыў у КДБ, на пару сэкундаў людзі „завісаюць“», — усьміхаецца ён.

Сяргей Пантус у Лідзе каля помніка Гедыміну
Сяргей Пантус у Лідзе каля помніка Гедыміну

У войску Сяргей шмат чытаў. Вярнуўся, кажа, «цалкам нацыянальна сьвядомым», пачаў стала гаварыць па-беларуску. Зь сябрамі яны куплялі ў кіёску газэты «Свабода» і «Наша ніва», чыталі іх на лавачцы. Сяргей езьдзіў у Менск на сядзібы ТБМ і БНФ па беларускія кнігі і відэакасэты.

Тысяча асобнікаў «Бярозаўскіх навінаў» і «Жыве Беларусь» на танцах

У 1990-х у Бярозаўцы адбываўся рух, у датычнасьці да якога Пантус раней не прызнаваўся. Увосень 1996 году ў мястэчку ўпершыню зьявіліся «палітычныя», тады ўжо забароненыя графіці лідзкай алейнай фарбай — «Жыве Беларусь» на танцавальнай пляцоўцы.

У 1998 годзе выйшлі 6-7 нумароў газэты «Бярозаўскія навіны». Наклад сягаў тысячы, калі дазволена было ня больш за 300 асобнікаў, інакш пагражала адміністрацыйнае пакараньне. Газэты раскідвалі па паштовых скрынях. Урэшце выдаўцоў «накрыла» міліцыя, увесь наклад забралі.

Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак на Дні вышыванкі ў Баранавічах, 4 ліпеня 2019 году
Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак на Дні вышыванкі ў Баранавічах, 4 ліпеня 2019 году

Потым зьявіўся адзін нумар газэткі «Бярозаўка за свабоду»; амаль два гады Сяргей з паплечнікамі выдавалі газэту «Вольная Бярозаўка».

Перад новым 2010 годам Пантусу не працягнулі кантракт на бярозаўскім шклозаводзе, дзе ён рабіў 15 гадоў. Тады работнікаў пачалі адпраўляць у прымусовыя водпускі за свой кошт і хацелі скараціць удвая працоўны дзень. Сяргей разам з калегам сабралі звыш 1000 подпісаў супраць такіх захадаў. Урэшце загады на адпачынкі скасавалі задняй датай, а Пантуса звольнілі.

Брытанская паліцыя пыталася пра настрой, а лорд пісаў лісты ад рукі

Паўгода Сяргей жыў у Лёндане, куды прыехаў да каханай жанчыны. Там не працаваў, утрымліваў сябе за зьберажэньні, зрабіў рамонт у кватэры сваёй партнэркі. Пазьней у яго ўзьніклі праблемы па дакумэнтах са знаходжаньнем у краіне.

«Каханьне за 2800 кілямэтраў ня вытрымала выпрабаваньня», — падсумоўвае ён свой лёнданскі досьвед.

Сяргей Пантус у Бэльгіі, 31 ліпеня 2019 году
Сяргей Пантус у Бэльгіі, 31 ліпеня 2019 году

Аднак ёсьць рэчы, якія ён бы хацеў перанесьці з Брытаніі ў Беларусь. Яго ўразіла, што ягоная дзяўчына ліставалася ў міграцыйных пытаньнях з лордам парлямэнту. Той адказваў сам, пісаў лісты ад рукі.

Сяргей мяркуе, што брытанцы больш прыязныя, чым беларусы, і ўсьмешкі іхныя не фальшывыя. Ён пасябраваў з суседзямі, парай ва ўзросьце пад 90 гадоў. Дык тыя, калі бачылі здалёк, радасна махалі яму рукамі.

Жыхара Бярозаўкі ўразіла паліцыя і мэдыцына. Паліцыю ён бачыў толькі двойчы. Неяк паліцыянтка падышла да яго, каб запытацца, чаму ён такі сумны, ці не патрэбна яму дапамога. У лёнданскім шпіталі, куды ён трапіў, мэдыкі ахвотна дапамагалі разабрацца і за пару хвілін прыязнай гутаркі «зрабілі ўражаньне добрых прыяцеляў».

«Лепей я буду першым у вёсцы, чым другім у Рыме»

Пасьля жыцьця ў Лёндане і Менску Сяргей у 2017 годзе вярнуўся ў Бярозаўку і заняўся будаўніцтвам. Улетку, каб зарабіць грошы, тыднямі зьбіраў і прадаваў чарніцы.

— Чаму вы пасьля досьведу жыцьця за мяжой і ў Менску, зь веданьнем ангельскай мовы вярнуліся ў малое мястэчка?

— «Лепей я буду першым у вёсцы, чым другім у Рыме». Лепей я буду выдатным рабочым, чым сярэдняй рукі інжынэрам. Я разумеў, што ў Бярозаўцы зраблю больш і лепш, чым нешта ў Менску.

Вырашальны штуршок для пераезду даў Вітольд: «Сярога, вяртайся, будзем разам працаваць, будзе разам варушыць».

Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак на пікеце ў Дзятлаве перад парлямэнцкімі выбарамі, 5 кастрычніка 2019 году
Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак на пікеце ў Дзятлаве перад парлямэнцкімі выбарамі, 5 кастрычніка 2019 году

— Вітольд прыйшоў у палітыку на 10 гадоў пазьней за вас. Ён балятаваўся ў дэпутаты, а вы не. Яго пазнавалі лепей за вас. Вы зайздросьцілі яму?

— Ніколі. Мы былі сябрамі. Я адчуваў, што ў мяне прыкрыты тыл. У палітычных справах я быў больш дасьведчаным, але Вітольд у сваёй эрудыцыі быў на парадак вышэйшы. Мы дапаўнялі адзін аднога. Калі я і гаварыў раней, што зайздрошчу, то толькі па-добраму: таму, як ён хутка вучыўся, як прамаўляў. Гэта быў гонар за сябра.

— Вы на этапе экстранай эвакуацыі зь Беларусі перажывалі, ці здолееце даказаць, што вас перасьледуюць, бо раней вы часта былі «шэрым кардыналам», мала хто ведаў, што вы стаіце за пэўнымі справамі.

— Я шкадаваў, што з-за мяжы цяжэй будзе рабіць тое, што мы рабілі ў Беларусі: прыкладам, рэстаўрацыю крыжоў на месцы баёў паўстаньня Каліноўскага. Усе побытавыя пытаньні за мяжой вырашальныя. Мяне больш за ўсё прыгнятае няведаньне, калі мы зможам вярнуцца. Тое, што я «шэры кардынал», мяне менш хвалюе. Мне ня трэба славы, мне важней працаваць на вынік.

Лідзкія актывісты аднаўляюць крыжы на магілах паўстанцаў 1863 году, 8 кастрычніка 2017 году
Лідзкія актывісты аднаўляюць крыжы на магілах паўстанцаў 1863 году, 8 кастрычніка 2017 году

— Вы доўгі час не пакідалі Беларусі, нават пасьля ператрусаў і допытаў. Адной з прычынаў была салідарнасьць з пазыцыяй Вітольда: «Я нікуды не паеду, хай яны едуць». У вас ёсьць адчуваньне, што вы здрадзілі гэтаму?

— Няма. Я хачу працаваць на вынік. У турме ён будзе нулявы. Падтрымліваць у інфармацыйнай прасторы справу Вітольда можам толькі мы, родныя і сябры, з турмы гэта немагчыма. Тады цяжэй будзе пакараць тых, хто датычны да ягонай сьмерці. У нас былі жорсткія спрэчкі зь Вітольдам пра «ехаць або не». Ягоны выбар геройскі. Я зрабіў інакш.

Нашыя блізкія сказалі: «Едзьце. Лепей вы нам адтуль дашляце падарункі і мы да вас прыедзем у госьці, чым мы вам будзем насіць перадачы ў камэры з хлёркай». У мяне стары бацька, 82 гады, у Андрэя Ашурка старая маці. Яны бы проста гэтага не перажылі.

— Калі нічога ня зьменіцца, то пажыцьцёвая эміграцыя ці турма ў Беларусі?

— Паміж жыцьцём і сьмерцю заўсёды варта выбіраць жыцьцё. Турма — гэта сьмерць. Таму пажыцьцёвая эміграцыя.

«Беларусы — пэрлінка ў каралях сусьвету»

— У вас зь Вітольдам было рознае стаўленьне ня толькі да ад’езду, але і да падзеяў 2020 году. Вітольд рыхтаваўся да Рэвалюцыі і быў гатовы праліць сваю кроў. Як вы ставіліся да той выбарчай кампаніі?

— У нас ідзе вайна. Павінен быць плян А, плян В, плян С. Камандзір, які пасылае непадрыхтаванае войска ў бой з прафэсійнымі жаўнерамі, — ваенны злачынца. Калі мы не падрыхтаваліся, лепей сьціснуць зубы, пачаць падрыхтоўку і даць адзіны вырашальны бой.

— Як мусіць выглядаць падрыхтоўка і што значыць апошні бой?

— Апошні бой — гэта зьмена рэжыму. Падрыхтоўка — гэта доўгі шлях умацаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці. Яна ў беларусаў нізкая. Гэта сьвядомая праца зь людзьмі, ім трэба тлумачыць, іх трэба выхоўваць, як дзяцей.

Варта пачынаць зь сябе. Вывучыць найперш найноўшую палітычную гісторыю Беларусі, каб зразумець, чаму сталася так, як сталася. Усе ня могуць быць добрымі аратарамі, добрымі палітыкамі, але можна пайсьці ў бібліятэку і прачытаць падборку газэт 1993 году.

Сяргей Пантус у Баранавічах на Дні вышыванкі 4 ліпеня 2018 году
Сяргей Пантус у Баранавічах на Дні вышыванкі 4 ліпеня 2018 году

— Дык а ў чым нацыянальная ідэя беларусаў?

— Нацыянальная ідэя беларусаў — быць беларусамі. Сьвет прыгожы тым, што ён разнастайны. Беларусы — пэрлінка ў каралях сусьвету. Мы мусім сваю пэрлінку чысьціць, каб яна блішчэла. Інакш мы зьнікнем як народ, каралі стануць менш прыгожымі. Мы маем сваю дзяржаву, гісторыю, ня ўсім народам так пашанцавала.

— Чым беларуская пэрлінка адрозьніваецца ад іншых?

— Тым, што яна беларуская. Аснова — дзяржаўнасьць, мова, гісторыя, традыцыі.

Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак, перад Днём Волі 2018 году
Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак, перад Днём Волі 2018 году

«Нават я ня маю права выкарыстоўваць імя Вітольда ў сваіх мэтах»

— Прайшло 7 месяцаў са сьмерці Вітольда Ашурка. Для некаторых беларусаў ён стаў легендай, героем, яго ўшаноўваюць, даюць пасьмяротныя ўзнагароды. Вы ж страцілі свайго найлепшага сябра. Што з вамі адбывалася цягам гэтага часу?

— Ідзе пошук вінаватых, пачынаеш зь сябе. За гэты час я вінаваціў і Вітольда, і рэвалюцыю, і лідэраў рэвалюцыі, і ня-лідэраў, і так па коле. Гэта складана. Час... Ня ведаю, ці лечыць, але прытупляе боль. Я стаў больш жорсткім, кавалак мяне проста адваліўся. Я згубіў кавалачак сваёй чалавечнасьці. Цяжка, але як ёсьць. Адзінае, я б нікому не пажадаў страчваць блізкіх сяброў.

— Ці ёсьць нешта, што вам не падабаецца ў дзеяньнях вакол імя Вітольда?

— Мне не падабаецца, калі імя Вітольда пачынаюць выкарыстоўваць у сваіх мэтах, асабліва людзі, якія добра ня ведалі яго, ягонага стаўленьня. Нават я ня маю на гэта права. Цяпер варта годна ўшаноўваць ягоную памяць. Усё астатняе — гэта гульні вакол імя.

Вольга Быкоўская, Сяргей Пантус, Вітольд Ашурак на перапахаваньні Кастуся Каліноўскага і паплечнікаў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Вольга Быкоўская, Сяргей Пантус, Вітольд Ашурак на перапахаваньні Кастуся Каліноўскага і паплечнікаў у Вільні, 22 лістапада 2019 году

— Калі ў Бярозаўцы зьявіцца помнік Вітольду?

— Калі зьменіцца рэжым.

— Што вы добрага бачыце ў цяперашняй сытуацыі Беларусі і беларусаў?

— Ёсьць кітайскае пракляцьце: «Каб ты жыў у часы пераменаў». З аднаго боку, гэта цяжкія часы, з другога — у такія часы зьяўляюцца нацыянальна сьвядомыя людзі, якія будуць гэта пашыраць. Калі ўскалыхваецца нацыянальнае балота, ёсьць шанец, што дрыгва расступіцца і зьявіцца чыстая вада. Гэта вакно магчымасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG