Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт не дапусьціць, каб пралілася кроў». Што Качанава казала на сустрэчы з актывістамі ў Лідзе


Натальля Качанава, архіўнае фота
Натальля Качанава, архіўнае фота

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава сустрэлася з актывістамі Лідзкага раёну 22 чэрвеня. Яна выказалася пра каранавірус, выбары, заклікі на плошчу і заявіла, што кіраўнік дзяржавы цэніць кожнае жыцьцё.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як сказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў, актывіст Сяргей Пантус, усяго на сустрэчу прыйшлі каля 20 чалавек. Апрача Качанавай, прысутнічалі памочнік прэзыдэнта Беларусі ў Горадзенскай вобласьці Іван Лаўрыновіч, старшыня Лідзкага райвыканкаму Сяргей Ложачнік. Вядома, што ўдзельнікаў запрашалі асабіста праз тэлефон, сярод іх былі прадстаўнікі ініцыятыўных групаў Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы. Сустрэча ішла прыкладна паўтары гадзіны ў форме пытаньняў-адказаў.

Удзельнікі сустрэчы зь ведама Натальлі Качанавай вялі дыктафонны запіс размовы і пазьней перадалі яго Свабодзе.

Як напачатку зазначыла Качанава, яна прыехала ў рэгіён, каб выслухаць незадаволенасьць лідзян жыцьцём у сваёй краіне або ў сваім горадзе.

Пра каранавірус. «Вірус прыходзіць і сыходзіць»

На пытаньне, ці ёсьць каранавірус у Беларусі, Качанава прызнала, што ёсьць ува ўсіх рэгіёнах краіны.

«Камусьці магло падацца, што ўлады ня робяць нічога. Гэта абсалютна памылкова, бо дакладна выбудаваная аналітычная праца праведзена», — заявіла Качанава.

Зь ейных словаў, рыхтуючыся да барацьбы з каранавірусам, улады ўлічвалі досьвед Кітаю і Заходняй Эўропы.

«Рабіць захады, якія закрываюць прадпрыемствы, абсалютна няправільна. Вірус прыходзіць і сыходзіць, а эканоміка павінна быць... Не было такой неабходнасьці закрываць. Калі трэба было б, адразу было б прынятае рашэньне аб закрыцьці межаў, прадпрыемстваў... У нас хапала мэдыкаў, хапала месцаў. А краіны прынялі рашэньне і закрыліся ад нас. Закрыліся — значыць, закрыліся», — разважала Качанава.

Яна таксама прызнала, што быў пэрыяд, калі не хапала сродкаў індывідуальнай засьцярогі. «У нас у аптэках маскі зьніклі».

Паводле Качанавай, эпідэмія каранавірусу ідзе на спад у Менскай і Віцебскай абласьцях, пачынаюць працаваць у звычайным рэжыме ўстановы, раней перапрафіляваныя пад прыём ковідных пацыентаў. На Берасьцейшчыне яшчэ ідзе рост каранавіруснай інфэкцыі. Горадзенская, Магілёўская і Берасьцейская вобласьці, з словаў Качанавай, увайшлі ў эпідэмію пазьней. У Лідзе на стацыянарным лячэньні больш за 200 чалавек.

«Прыйшла яна да нас, гэтая зараза. Я заўжды кажу, зь ёй трэба не сварыцца, зь ёй трэба сябраваць. Чаму правільна было зроблена, не закрылі? Эканоміка. Я Euronews уключаю кожны ранак, а 6-й ранку, і слухаю. То яны казалі: „Так-так, трэба жыцьці людзей ратаваць“. Інтэрнатныя ўстановы, прытулкі для старых мы ўзялі пад жорсткі кантроль. У нас там таксама былі выяўленыя некаторыя захворваньні. Мы іх адразу лякалізавалі. Таму мы паступілі правільна, не абвалілі эканоміку. Я была на буйных прадпрыемствах апошнім часам: БелАЗ, „Нафтан“, „Пінскдрэў“, дзе працуюць 9–10 тысяч. Там да 100 чалавек хворых», — расказала Качанава.

Пра мэдыкаў. «Я перад лекарамі схіляюся»

Яна выказалася таксама пра важнасьць мэдыкаў.

«Кім бы мы ні працавалі, лекараў мы не заменім ніколі... І калі нехта напісаў мінулым разам, што Качанава сказала: „Вы ведалі, куды прыйшлі“, то я вам так скажу: я перад лекарамі ўвогуле схіляюся і штодня кажу ім словы ўдзячнасьці. Кім заўгодна можна пайсьці працаваць: дворнікам, гайкі круціць, а лекара ты не заменіш», — выказалася яна.

Пра дзяржаву. «У нас людзі павінны жыць не па паняцьцях, а па законах»

Падпалкоўнік міліцыі запасу Аляксандар Генадзевіч з ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі выступіў з доўгай прамовай пра розныя сфэры жыцьця. Ён выказаўся, што ня можа зразумець сёньняшніх дзеяньняў улады.

«Навошта вы цяпер дзеліце нас на часткі?.. Адна частка — нібыта гэта ўлада і тыя, хто яе падтрымлівае, і ёсьць мы. Мы ўсе хочам дабра, можа, рознымі шляхамі... Навошта вы абуджаеце да сябе нянавісьць?.. Калі будзе 51% за ўмоўнага Цапкалу, Бабарыку, вы, улада, прымеце гэтае рашэньне?» — пытаўся Аляксандар.

Качанава адказала яму, што ніхто нікога не дзяліў.

«Ёсьць Беларусь, ёсьць народ, да якога мы ставімся зь вялікай павагай. Бо я не аддзяляю сябе ні ад вас, ні ад кога іншага. Так, як і прэзыдэнт не аддзяляе сябе ні ад кога іншага. Але ў нас праўная дзяржава, дзе людзі павінны жыць па законах. Не па паняцьцях, а па законах», — адзначыла яна.

Яна дадала, што ненавідзіць хлусьню і ніколі ня хлусіць, гэтаксама, на ейную думку, ненавідзіць хлусьню кіраўнік дзяржавы.

Пра выбарчую кампанію. «Прэзыдэнт — гэта недатыкальна»

Яна адрэагавала і на выказваньне людзьмі сваёй думкі падчас сёлетняй выбарчай кампаніі.

«Сабрацца і выйсьці на мітынгі са зьнявагаю дзейнай улады. Ці ж гэта слушна? Слухайце, каму дазволена ўвогуле? У нашай краіне сымбалі — гімн, сьцяг, герб, прэзыдэнт. Гэта сымбалі нашай краіны, гэта недатыкальна. У нас выходзяць на мітынгі і панесьлі: такі, сякі. Ці ж гэта слушна? Гэта беззаконьне. І я першая, каб вы ведалі, як жанчына супраць гэтага. Нельга так рабіць, нельга. Зьбірайце подпісы. Зьбераце 100 тысяч подпісаў — і будзеце ўдзельнічаць у выбарах. Але не пераўтварайце гэта ў мітынгі для збору пад свае сьцягі не задаволеных чымсьці людзей», — сказала Качанава.

Чарга, каб паставіць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую 30 траўня ў Лідзе
Чарга, каб паставіць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую 30 траўня ў Лідзе

На ейную думку, заклікаць людзей на плошчы нельга.

«Ня дзеля таго 75 гадоў таму нашае старэйшае пакаленьне адстаяла свабоду і незалежнасьць краіны, каб мы сёньня заклікалі некага на плошчы. Слухайце, ды мы з вамі родныя па духу. Навошта?» — абурылася Качанава.

Пра падтрымку беларускае мовы дзяржаваю. «Гэта справа кожнага»

Сяргей Пантус адзначыў, што цяпер дзяржава падтрымлівае беларускую мову менш, чым пры СССР. Таварыства беларускай мовы распрацавала законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, аднак яго двойчы адмаўляліся разглядаць у Палаце прадстаўнікоў.

«Што датычыць беларускай мовы, гэта справа кожнага. Мы беларускую мову падтрымліваем, шэраг законаў прынялі на беларускай мове... У нас жа сёньня двумоўе. Сёньня ніхто не забараняе дзяцей вучыць на беларускай мове», — заўважыла Качанава.

Пра вулічныя акцыі. «Ці можна абражаць людзей незаконна?»

Старшыня Савету Рэспублікі расказала, як яна ставіцца да вулічных акцыяў.

«Ёсьць закон. Кожны горад, кожны раён — ёсьць выканаўчая ўлада. Вызначаная ў нас вэртыкаль. Яны сапраўды нясуць адказнасьць за злачынствы і пакараньні, за мор рыбы і неабкошаныя тэрыторыі... Калі чалавек разумее, што гэта маё і я за гэта нясу адказнасьць, ён будзе рабіць усё зыходзячы з таго, што кажуць людзі, што трэба ў горадзе. У кожным выканкаме абраныя месцы, дзе дазволена правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Калі ты хочаш правесьці масавае мерапрыемства, я папярэджваю выканкам.

Але ня так, што я захацеў на Кастрычніцкай плошчы, захацеў там, выйшаў і, значыць, я такі цар і бог. Так нельга! Ёсьць моладзь, ёсьць дзеці, ёсьць парадак. А колькі людзей абуралі гэтыя абуральныя паводзіны, калі людзі проста па-хамску сябе паводзілі?.. Ці можна абражаць людзей незаконна? Усё павінна быць у межах закону. Беззаконьне рабіць нельга. Я як жанчына, і маці, і бабуля буду настойваць на гэтым заўсёды, бо інакш гэта пераўтвараецца ў хаос», — заявіла Качанава.

Пра настроі ў грамадзтве. «Чаму ў іх сёньня такія настроі, незразумела чаму»

Вітольд Ашурак заўважыў Качанавай, што раней ніколі грамадзянскую супольнасьць не запрашалі на сустрэчу з чыноўнікам такога высокага ўзроўню, як Качанава. На ягоную думку, сустрэча мела палітычны характар, каб падтрымаць сваім прыездам мясцовую ўладу і дасьледаваць настроі ў рэгіёнах. Ашурак мяркуе, што цяперашняя ўлада зразумела, што ўжо страціла падтрымку Менску і абласных гарадоў.

Вітольд Ашурак, архіўнае фота
Вітольд Ашурак, архіўнае фота

«Каб мы былі не патрэбныя вам, вы б да нас не паехалі. Ваш бос паводзіць сябе як Сэбастыян Пэрэйра з кіно „Пятнаццацігадовы капітан“. Ён узяў закладнікаў і адпраўляе вас весьці перамовы», — выказаў меркаваньне Вітольд.

Апошняе Качанава аспрэчыла.

«Гэтае супрацьстаяньне накладае на нас адказнасьць. У Лідзе ніхто не павінен пацярпець. У Лідзе ніхто не павінен загінуць», — зьвярнуўся да галавы раёну Ложачніка Ашурак.

Качанава пацьвердзіла, што ёй заўсёды было цікава сустракацца зь людзьмі, якія маюць іншую думку. Яна заявіла, што ў яе ёсьць інфармацыя пра іншыя настроі ў грамадзтве.

«Давайце мы ня будзем абагульняць сваё меркаваньне і сваё бачаньне таго, што адбываецца, ад імя ўсіх лідзян... Так, сапраўды мне прэзыдэнт сказаў сустрэцца з вамі. Сказаў: „Сустрэнься зь людзьмі і паслухай, што яны будуць казаць. Чаму ў іх сёньня такія настроі, незразумела чаму“. Мне таксама незразумела. Пакуль вы мяне не пераканалі», — заўважыла чыноўніца.

Ланцуг салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі. Менск, 19 чэрвеня 2020 году
Ланцуг салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі. Менск, 19 чэрвеня 2020 году

Яна сказала, што ніколі ня чула, каб кіраўнік дзяржавы казаў пра расстрэлы людзей, калі ёй прывялі цытату пра расстрэлы дэманстрантаў у Андыжане.

«Я магу вас запэўніць на тысячу адсоткаў: ніколі прэзыдэнт не дапусьціць таго, каб пралілася нечая кроў. Ніколі! Гэта ня той чалавек. Ён заўсёды цэніць кожнае чалавечае жыцьцё, кожнае. Сёньня, калі здарылася гэтая пандэмія, ён днямі і начамі адсочвае, каб ратавалі кожнага чалавека», — сказала Качанава.

На пытаньне, ці ачоліць Натальля Качанава апазыцыю, калі 9 жніўня выбары выйграе не Аляксандар Лукашэнка, яна адказала: «Я з прэзыдэнтам буду да канца сваіх дзён».

Пра беларускую прадукцыю і БелАЭС. «На мне ўсё беларускае»

Натальля Качанава сказала, што ўсё на ёй беларускага вырабу, ад сумачкі да спадніцы. Да таго ж дома ў Полацку ў яе тэлевізар «Віцязь».

«Беларусь сёньня касьмічная краіна. Атамная станцыя некаму падабаецца, не падабаецца — гэта правільна. Францыя, усе іншыя краіны будуюць атамныя станцыі, бяз гэтага нікуды, бо гэта трэба мець сваё. Мы ж ня можам кожны раз спадзявацца, што нам дадуць сёньня газ па такой цане або заўтра нафту па такой. Мы павінны разумець, што мы павінны разьлічваць на сябе».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG