Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Райкін стаў голасам Ашурка. 9 сьнежня прэзэнтавалі фільм Курэйчыка «Галасы новай Беларусі». ВІДЭА

абноўлена

Загінулы ў турме палітвязень Вітольд Ашурак — адзін з герояў дакумэнтальнага фільму «Галасы новай Беларусі»
Загінулы ў турме палітвязень Вітольд Ашурак — адзін з герояў дакумэнтальнага фільму «Галасы новай Беларусі»

9 сьнежня ў 20.30 на канале «Наш Дом ТВ» адбылася прэм’ера новага дакумэнтальнага фільму «Галасы новай Беларусі», зьнятага па сцэнары Андрэя Курэйчыка.

У фільме 16 галасоў беларусаў, якія трапілі ў жорны рэпрэсій падчас масавых пратэстаў 2020 году. У анатацыі аўтары напісалі:

«У фільме прадстаўлены зорны склад расейскіх і беларускіх актораў і палітыкаў, якія сабраліся разам, каб выказаць сваю салідарнасьць з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі, якіх зьбівае і забівае цяперашні нелегітымны рэжым, які прайграў прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе, але не адмовіўся ад улады».

Аўтар фільму Андрэй Курэйчык напісаў у сваёй прадмове:

«Упершыню я напісаў п’есу, у якой я цалкам адхіліў як любы аўтарскі тэкст, так і любую спробу стылізацыі або інтэрпрэтацыі фактаў, якія ляжаць у аснове тэксту. Часам ісьціна не патрабуе нічога іншага, як яе сказаць. Часам ніхто ня можа выказаць нешта лепш і дакладней, чым самі прататыпы, тыя, хто перажыў рэчы, якія не пад сілу ніякай фантазіі.

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Мой аўтарскі ўклад у гэты тэкст заключаецца толькі ў пошуку і прачытаньні многіх сотняў сьведчаньняў ахвяр палітычнага тэрору ў Беларусі, каб выбраць 16 галасоў, якія склалі б мазаіку, здольную даць адзіную цэласную карціну таго, што адбылося ў Беларусі.

Гэты тэкст зьяўляецца калектыўным прызнаньнем народу, які быў зьбіты, згвалтаваны, зьняважаны. Гэта галасы ахвяр гвалту, людзей, якія жудасна пацярпелі. У тэксьце — публічныя інтэрвію і лісты палітвязьняў, а таксама беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Усе імёны і прозьвішчы сапраўдныя. Іх гісторыі складаюць дакумэнт. Дакумэнт гістарычнага значэньня».

Фільм заснаваны на апублікаваных інтэрвію, сьведчаньнях і лістах беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій у Беларусі. Сярод іх — Марыя Калесьнікава, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Анатоль Кудласевіч, Андрэй Праскурын, Жанна Лагуціна, Марына Золатава, Сьцяпан Латыпаў, Вітольд Ашурак.


Грамадзкі і экалягічны актывіст Вітольд Ашурак трагічна загінуў у нечалавечых умовах утрыманьня ў карцары калёніі № 17 у Шклове. У фільме ягоным голасам стаў вядомы расейскі актор Канстанцін Райкін. Ён цытуе фрагмэнт ліста Вітольда Ашурка маці.

Па выніках леташніх пратэстаў суд пакараў актывіста з Горадзеншчыны 5 гадамі калёніі. Аднак празь некалькі месяцаў той пры загадкавых абставінах памёр у зьняволеньні. Цела Вітольда Ашурка перадалі родным з забінтаванай галавой. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сэрца. Блізкія і паплечнікі перакананыя, што актывіста забілі.

  • Рэжысэр фільму «Галасы новай Беларусі» — Аксана Мысіна.
  • Аўтар сцэнару — драматург Андрэй Курэйчык.
  • Кампазытар — Сяргей Кучменка.

Фрагмэнт фільму, прысьвечаны Марыі Калесьнікавай, выканала актрыса і журналістка Ганна Сіроціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG