Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты праз краты ад Вітольда Ашурка. «Сёньня час быць героямі прыйшоў для вас!»


Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Сёньня мы публікуем цытаты з турэмных лістоў актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які памёр пры нявысьветленых абставінах у шклоўскай калёніі 21 траўня.

Ідэя праекту Свабоды «Цытаты праз краты» з натхняльнымі словамі ад вязьняў нарадзілася менавіта дзякуючы лістам Вітольда Ашурка. Тыя, хто зь ім ліставаўся, прызнаваліся: словы Ашурка зь няволі моцна падтрымліваюць і дадаюць надзеі.

«Ён нам пісаў так, быццам гэта мы ў турме, а ён на волі», — казалі пра Вітольда ягоныя сябры.

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам БНФ, каардынатарм руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову.

Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.

Вітольд Ашурак памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой.

У яго засталася жонка, маці, брат. Вітольда Ашурка пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам, паводле ягонай волі.

«Час суму і роспачы прайшоў! Цяпер прыйшоў час думаць і клапаціцца аб тым, як мы будзем разам будаваць нашу Новую Беларусь!»

Ліст ад 1 сьнежня 2020 году.
Атрымальнік: Вікторыя Сапешка.

«Калі мы ў жніўні выйшлі на вуліцы нашых гарадоў, то мы былі сапраўды ўражаныя — колькі мы маем годных і прынцыповых людзей, якія не баяцца браць на сябе адказнасьць за лёс Айчыны!.. Мы пабаролі страх, які трымаў нас паасобку ў сваіх кватэрах».

Ліст ад 1 сьнежня 2020 году.
Атрымальнік: Вікторыя Сапешка.

«Сілы нам хопіць! У 2020 беларусы ўсяму сьвету паказалі, якія мы моцныя і нязломныя. А калі з намі Бог, то хто ж супраць такіх людзей выстаіць?!»

Ліст ад 17 сьнежня 2021 году.
Атрымальнік: чытач Свабоды.

«Нас няма зараз з вамі, тымі, хто застаўся на волі. Але мы не памерлі і не сышлі назаўжды! Мы вернемся. Мы абавязкова вернемся! Проста сёньня час быць героямі прыйшоў для вас! І я ўпэўнены, што вы — героі!»

Ліст ад 18 сьнежня 2020 году.
Атрымальнік: Вікторыя Сапешка.

«Я спакойна чакаю гэтага сакрэтнага суду — я быў разам зь людзьмі Лідчыны, калі яны выйшлі абараніць свой Гонар. Мне вініцца няма чаго! Наадварот! Я ганаруся, што ў самы складаны час я трымаў сьцяг Перамен!»

Ліст ад 18 сьнежня 2020 году.
Атрымальнік: Вікторыя Сапешка.

«Я добра ўсьведамляў, што той, хто запаліць агонь паўстаньня ў Лідзе, у лепшым выпадку сядзе надоўга. Бог адвёў ад мяне самае страшнае, і я проста ў турме. Але я і сам не чакаў, што полымя Паўстаньня будзе гарэць так доўга і так зырка! І, на мой погляд, яно ўжо ня згасьне, пакуль не абрынуцца муры спарахнелай мінуўшчыны».

Ліст ад 31 студзеня 2021 году.
Атрымальнік: Кацярына Талочка.

«Лісты падтрымкі ня менш важныя і для вас, патрыётаў, якія засталіся на волі! Ваша нязломнасьць супрацьстаяць цемры і пошасьці натхняе слабых і дае надзею стомленым! Перамагае той, хто не здаецца!»

Ліст ад 4 лютага 2021 году.
Атрымальнік: Ільля Міронаў.

«Я часьцяком прыгадваю лістапад 2019 году і перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго генэралаў. Гэта была фэерыя! Мы былі вельмі шчасьлівыя... Падзеі лета-восені 2020 — гэта для мяне працяг таго ланцужка падзей з 2019 году! Тады мы на свае вочы пабачылі свой беларускі патэнцыял!»

Ліст ад 20 лютага 2021 году.
Атрымальнік: Янак Дзяшук.

«Я часта чую, што, маўляў, усё залежыць ад таго, ці дамовяцца паміж сабою Пуцін, Байдэн, Мэркель і іншыя. Спадзяюся, што і ты разумееш, што гэта ня так! Усё залежыць ад Беларускага народу!.. І мы не павінны спыняцца!»

Ліст ад 20 лютага 2021 году.
Атрымальнік: Янак Дзяшук.

«Я заўжды верыў, што беларусы маюць вялікае сэрца! Але сёньня я ў захапленьні ад масавай салідарнасьці! Нават за кратамі я лічу сябе бадай што самым шчасьлівым чалавекам, бо я дажыў да той пары, калі зьдзейсьнілася мая мара — Беларусь ажыла і зазіхацела дыямэнтамі талентаў і высакароднасьці!»

Ліст ад 26 лютага 2021 году.
Атрымальнік: Алеся.

«Надзея — гэта першы крок да перамогі! Насамрэч, мы ўсе ўжо перамаглі! Мы здолелі выціснуць са свайго сэрца страх і паверылі ў свае сілы! Нашыя ворагі ведаюць гэта і адчуваюць нашую маральную перамогу. Нам застаецца толькі замацаваць сваю перавагу!»

Ліст ад 21 сакавіка 2021 году.
Атрымальнік: чытач Свабоды.

«Я цалкам упэўнены, што нашыя беларускія жанчыны і дзяўчаты самыя лепшыя ў сьвеце — самыя прыгожыя, самыя разумныя і крэатыўныя і самыя мужныя!!! Я ў захапленьні! Дасылаю вам гэтую паштоўку, бо мая мара — выпіць з вамі кубачак гарбаты і паслухаць ваш расповед пасьля Перамогі!»

Ліст ад 14 красавіка 2021 году.
Атрымальнік: Алеся.

Усе «Цытаты праз краты»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG